КАТХІЯВА́Р,

паўвостраў на З Індыі, паміж залівамі Камбейскім і Кач Аравійскага м. На Пн прымыкае да Качскага Рана. Пл. больш за 40 тыс. км². Удаецца ў мора на 200—250 км. У цэнтры — базальтавыя і гнейсавыя плато і горы (выш. да 1117 м), па ўскраінах пояс алювіяльных нізін (шыр. да 100 км). Ападкаў каля 500 мм за год. Апустыненыя саванны і рэдкалессі. На Пд водзіцца азіяцкі леў (адзінае месца ў Азіі). Нац. парк Гірскі Лес.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЧСКІ РАН Вялікі і Малы,

саланчакі на З Індыі і ў Пакістане, на ПдУ ад дэльты р. Інд. Пл. больш за 20 тыс. км². Даўж. з У на З больш за 300 км, шыр. 40—80 км. Плоская нізінная паверхня (выш. да 200 м), укрытая чорным глеем з плямамі солей, з асобнымі ўзвышшамі (выш. да 465 м) і пясчанымі ўзгоркамі. У час летняга мусону саланчакі заліваюцца водамі мора і рэк Банас і Луні.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НАЙ (Kenai),

паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТА́ЎСКІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбуйнейшых у свеце, у Джамбульскай і Паўд.-Казахстанскай абласцях Казахстана. Выцягнуты паласой даўж. 120 км пры шыр. ад 15 да 30 км уздоўж усх. схілу хр. Каратау. Пл. 2,5 тыс. км². Уключае 45 радовішчаў. Агульныя запасы і прагнозныя рэсурсы фасфарытаў 15 млрд. т руды, колькасць фосфарнага ангідрыду P2O5 21—27%. Фасфарыты прымеркаваны да чулактаускай світы ніжняга кембрыю. Распрацоўка з 1946. Здабыча вядзецца адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Жанатас.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЛІН-ВАЛУ́Н»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1990), у в. Арляны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун шаравата-ружовага граніту рапаківі (выбаргіт) з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,8 м, шыр. 1,5 м, выш. 4,2 м, у абводзе 11,2 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Мае выразную клінападобную форму, якая ўтварылася пры знаходжанні ў актыўнай зоне лёду. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНАДСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Корнадзь. Створана ў 1978. Пл. 2,4 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,8 м, аб’ём вады 6,21 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4 км. Напаўняецца вадой р. Ясельда па падвадным канале пры дапамозе помпавай станцыі. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 2 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 94,5 млн м³. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, арашэння зямель і гасп.-быт. патрэб.

Г.​С.​Жукоўская.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНУАЛ (Cornwall),

паўвостраў на ПдЗ Вялікабрытаніі. Даўж. каля 150 км, шыр. 80 км. Абмываецца прал. Ла-Манш і Брыстольскім залівам. Берагі пераважна скалістыя, невысокія, моцна парэзаныя неглыбокімі залівамі. Пераважаюць пласкагор’і выш. да 621 м (Дартмур) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. Радовішчы волава і медзі. Клімат умераны, акіянічны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк. Шыракалістыя лясы (дуб, бук), верасоўнікі, тарфянікі. Жывёлагадоўля. Агародніцтва, кветкаводства. Зімовыя курорты. Порт Плімут.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 27 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,18 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 2,23 км. Пл. вадазбору 2,7 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пад хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі супадаюць са схіламі, на Пн і Пд месцамі нізкія, забалочаныя. Дно пясчанае, глыбей за 3—3,5 м глеістае. Зарастае.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРГЕНІ́,

узвышша на ПдУ еўрапейскай ч. Расіі, у Валгаградскай, Растоўскай абласцях і Калмыкіі. Распасціраецца ад Волгі (у раёне г. Валгаград) да даліны р. Усх. Маныч. Даўж. каля 350 км, шыр. 20—50 км, выш. 160—221 м. Складзена з глін, вапнякоў і пясчанікаў. Усх. схіл стромка (да 70—80 м) абрываецца да Прыкаспійскай нізіны, расчлянёны густой сеткай яроў. Каля падножжа прэснаводныя Сарпінскія азёры. Зах. схіл спадзісты, паступова паніжаецца да даліны р. Дон. Пераважае паўпустынная расліннасць.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРУ́ЖАННЕ, Ружына,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 20 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,37 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 9,44 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м (на У да 2 м), пад хмызняком, на Пн, ПнЗ і У разараныя. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя. Злучана ручаём з воз. Несіна. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)