орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.
Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв.кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (ідэаграмы) найчасцей абазначаюць не гукі і склады, а паняцці. Асн. сістэмы І.п.: егіпецкае пісьмо, месапатамскі клінапіс, мая пісьмо, кітайскае пісьмо, часткова японскае пісьмо і інш.
І.п. ўзнікла на аснове піктаграфічнага пісьма Ператварэнне малюнка ў ідэаграму (і далей — у іерогліф) адбывалася на працягу доўгага часу. кожны піктаграфічны знак (малюнак) у выніку яго рэгулярнага і аднастайнага ўжывання ў свядомасці чалавека пачаў звязвацца з пэўным словам і яго абазначаць. Гэтая ўстойлівая сувязь прыводзіла да замацавання пэўнага стандарту ў выяве графічнага знака, да захавання яго абрысу, схемы і выпрацоўкі такой жа паслядоўнасці іх на пісьме, і слоў у жывым маўленні, што прадвызначыла развіццё ўласцівага пісьмоваму маўленню парадку слоў. У працэсе страты сваёй першапачатковай малюнкавай нагляднасці піктаграмы пачалі набываць уласную графічную каштоўнасць: той, хто пісаў, мог выбіраць графемы-ідэаграмы, якія ўжо замацаваліся ў грамадскай свядомасці. Паступова адзін і той жа малюнак-схема пачаў ужывацца ў прамым і пераносным, адцягненым значэнні (напр., малюнак вока — «вока» і «зрок»; вока і сляза — «гора»; нага — «нага», «стаяць», «ісці», «прыносіць» і інш.), а потым набыў цалкам характар ідэаграмы. У працэсе станаўлення І.п. ўзніклі спецыялізаваныя ідэаграмы для абазначэння інш. (акрамя кораня) значымых частак слова: напр., шумерскае 𒀸𒀸𒐕 [dingir] — «бог, святло»; 𒀸𒀸𒐕𒀸𒐕 [dingir-an] — «бога» (вінавальны склон адз. ліку). Гэта сведчыла пра пераход на больш высокую ступень абстрагавання ў станаўленні графічнай сістэмы.
У сучасных сістэмах пісьма і інш. семіятычных сістэмах часткова выкарыстоўваюцца ідэаграмы, што перадаюць значэнне слова, выразу або цэлага сказа (напр., лічбы, хім. сімвалы, дарожныя знакі, картаграфічныя абазначэнні і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,
«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.
Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял.кн.ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.
Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».
Публ.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.
Літ.:
История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,
лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.
Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар.эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).
У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».
Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,
штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст.бібліягр. дапаможнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЫ (швед. ås літар. хрыбет, гара),
адносна вузкія, валападобныя, слабахвалістыя грады або ланцугі ўзгоркаў і валоў. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да 7—10 км, шыр. каля падэшвы ад 20—30 да 150—200 м, адносныя вышыні ад 5—15 да 35—40 м, зрэдку да 80—90 м, стромкасць схілаў ад 5 да 30—45°. Грабяні пераважна вузкія, роўныя, зрэдку з няроўнай паверхняй, ускладненай купалападобнымі ўзвышшамі, тэрмакарставымі варонкамі і невял. катлавінамі.
Утварыліся ў час плейстацэнавых зледзяненняў ад намнажэння абломкавага матэрыялу ў рэчышчах і дэльтах водных патокаў, што цяклі на паверхні, у шчылінах ледавіка і пад ім. Паходжанне асобных О., складзеных з гліністых парод, звязана з выцісканнем парод знізу ў ледавіковыя поласці. Прымеркаваны да краявых утварэнняў, днішчаў і схілаў лагчын, былых зон «мёртвага» лёду. Арыентаваны прыблізна перпендыкулярна да краявых частакстараж. ледавікоў (радыяльныя О.) або цягнуцца паралельна ім (маргінальныя О.). Нярэдка перасякаюць азёры, утвараючы на іх выцягнутыя ланцугі астравоў і перашыйкаў, часам пераходзяць у камы. Складзены з пясчанага, жвірова-пясчанага матэрыялу з галькай і валунамі. У папярочным сячэнні тыповымі з’яўляюцца косая і перакрыжаваная слаістасці ў выглядзе кароткіх (да 3—8 м) слаёў, пачак і лінзаў магутнасцю да 1,5—3 м, у падоўжным — слаі і лінзы моцна выцягнутыя (да 10—20 м), слаістасць амаль гарызантальная. Адзначаюцца скіды і прасадкі слаістых серый, абумоўленыя нераўнамерным раставаннем пахаванага лёду, саліфлюкцыйнымі працэсамі і апоўзнямі О. могуць перакрывацца чахлом марэны. Пашыраны ў Канадзе, Германіі, Польшчы, на Скандынаўскім п-ве, у Прыбалтыцы, Карэліі (Расія) і інш.
На тэр. Беларусі каля 150 озавых град, найбольш на Беларускім Паазер’і, радзей у межах Беларускай грады. З О. нярэдка звязаны радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭРархітэктурны,
пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст. эпохі (у архітэктуры Стараж. Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж. Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж. Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,
электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.
Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн. паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.
Б.І.Фірага.
Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.