ВАРАО́З (Varroosis),

вараатоз (Varroatosis), эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял. эканам. страт.

Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,

хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.

Папярочны разрэз ствала клёна, пашкоджанага вертыцылёзам.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФА́РКТ МІЯКА́РДА,

сардэчна-сасудзістая хвароба з утварэннем ачага амярцвення — некрозу ў сардэчнай мышцы; найб. цяжкае ўскладненне ішэмічнай хваробы сэрца. Адна з найважн. сац.-мед. праблем сучаснасці. Найчасцей узнікае на фоне стэнакардыі, атэрасклерозу каранарных артэрый. Развіццю І.м. садзейнічаюць неадпаведныя фіз. нагрузкі, гіпертанічныя крызы, хваляванні, парушэнні рытмаў сэрца і інш. Бывае буйна- і дробнаачаговы; у залежнасці ад лакалізацыі некрозу І.м. левага жалудачка (іншы раз правага) — пярэдні, задні ці ніжні задні. Прыкметы: моцны боль за грудзінай, пры атыповай форме — у вобласці жывата, левым плячы, сківіцы, рэзкі ўпадак сіл, дыхавіца, парушэнне дзейнасці сэрца. Ускладненні: калапс, анеўрызма сэрца, сардэчная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае, пасцельны рэжым, дыета.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́НКЕ АЦЁК, Квінке хвароба, крапіўніца гіганцкая, крапіўніца Мілтана,

абмежаваны ацёк скуры і падскурнай клятчаткі ці слізістай абалонкі, што ўзнікае востра, раптоўна. Вывучыў і апісаў ням. ўрач Г.​Квінке (1882). Найчасцей бывае ў жанчын. Да рэдкай лакалізацыі паталаг. працэсу адносіцца ацёк шаравых абалонак, слізістай абалонкі маткі і мачавога пузыра.

К.а. — рэакцыя арганізма на алерген (гл. Алергія). Значная роля ў развіцці хваробы належыць спадчынным і нервова-рэфлекторным фактарам. Праяўляецца абмежаваным ацёкам на тканках губ, павек, шчок, іншы раз высыпкамі на месцы ацёку, без болю і свербу. Найб. небяспечны ацёк гартані (20—25% выпадкаў). Лячэнне: спецыфічная і неспецыфічная дэсенсібілізацыя; сродкі, што зніжаюць пранікальнасць сасудаў.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛА́,

хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб. пашырана на кіслых глебах.

Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.

У.​П.​Пярэднеў.

Кіла капусты.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КЛЮШ (ад франц. coqueluche кашаль),

вострая інфекц. хвароба з прыступамі спазматычнага кашлю. Найчасцей хварэюць дзеці. Узбуджальнік — палачка Бардэ-Жангу (апісаны ў 1906 бельг. бактэрыёлагам Ж.​Бардэ і франц. О.​Жангу). Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Пасля хваробы развіваецца імунітэт.

Інкубацыйны перыяд 2—15 дзён. Нетыповы «назойлівы» кашаль праз 2—3 тыдні пераходзіць у прыступападобны з глыбокім свістам пасля 2—3 кашлевых штуршкоў (рэпрызы). Прыступ канчаецца выдзяленнем вязкай празрыстай макроты з ірвотай. Твар хворага робіцца адутлаватым, павекі ацёчнымі, бывае кровазліццё ў скуру. кан’юнктыву вачэй, тоўшчу павекаў. Ускладненні: пашкоджанне лёгкіх (пнеўманія, эмфізема, пнеўматоракс), нерв. сістэмы (да кровазліцця ў мозг) і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т. л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАПАТЫ́Я (ад грэч. mastos грудзі, сасок + pathos пакута, хвароба),

паталагічны стан малочнай залозы ў жанчын; шэраг гіперпластычных змен у тканках малочнай залозы пад уплывам гарманальных парушэнняў; перадракавы працэс. Найчасцей узнікае ва ўзросце 40—50 гадоў (у 30—40%), асабліва ў жанчын з парушэннямі функцый яечнікаў, хваробамі шчытападобнай залозы і інш. хваробамі. Адрозніваюць дыфузную і вузлавую формы. Дыфузная пашкоджвае частку ці ўсю залозу, або абедзве залозы. Сімптомы: балючасць, парушэнне і зацвярдзенне тканак, асабліва перад менструацыяй. Вузлавая форма лакальнага характару ў выглядзе адзінкавых ці некалькіх вузлоў з выразнымі контурамі, пры прашчупванні вузлоў балючасць. Лячэнне тэрапеўт., пры прагрэсіраванні аператыўнае (асабліва вузлавых форм).

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫТ,

інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮЛЕРЫЁЗ,

інвазійная хвароба авечак, коз і некат. дзікіх жвачных жывёл (ласі, казулі, алені, лані, муфлоны, сарны і інш.), якая выклікаецца воласападобнай нематодай Мюлера, што паразітуе ў лёгкіх. Сустракаецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі, часцей у летне-асенні перыяд. Жывёлы заражаюцца пры заглынанні з травой інвазійных лічынак нематоды (разам з малюскамі — прамежкавымі гаспадарамі або пасля выхаду з іх), якія з цёкам лімфы і крыві заносяцца ў лёгкія, выспяваюць і адкладваюць яйцы. З яец выходзяць лічынкі, заглынаюцца з макротай і выдаляюцца з фекаліямі. Цячэнне часцей хранічнае. Развіваюцца бранхіты, бронхапнеўманія (часам з ацёкам), схудненне, маладняк адстае ў росце і развіцці. Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)