пасклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скласці ўсё, многае. Пасля скінулі з Міхалавага воза асіну, паскладалі на воз свае мяшкі з сенам і аброчныя торбы і на іх паклалі Міхала. Чорны. Мы насцягвалі ў лаўжы рознага ламачча, .. і паскладалі яго так, каб яно было відно з паветра. Сабаленка.

2. і без дап. Складаць некаторы час. — Я палезу капаць, — сказаў я, спыніўшы яго [бацьку]. — Ты паскладай. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслане́ц, ‑нца, м.

Той, хто пасланы куды‑н. для выканання якіх‑н. даручэнняў. У штаб часта заходзілі пасланцы ад партызанскіх брыгад і атрадаў. Шчарбатаў. У тую ж ноч прыйшоў пасланец з пушчы, і .. [Алімпа] пайшла з ім. Сабаленка. / у перан. ужыв. Я ўбачыў.. [Стасю], і мне здалося, што яна — пасланец лёсу. Я ж яе ведаў... Навуменка. Не чайкі — галубы, Пасланцы міру, Ляцяць над нашым мірным караблём. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., чым і з дадан. сказам.

Разм. Хваліцца, выхваляцца. — З нашага калодзежа вада заўсёды смачная, — пахваляўся ў сваю чаргу бацька. Сабаленка. Атуленыя садамі і таполямі, дамы стаялі абапал шашы, як бы пахваляліся сваёй прыгажосцю, запрашалі да хатняй цеплыні. Лупсякоў. Заўтра ён, Барашкін, прыйдзе на працу ў гэты цэх, і зноў убачыць сваіх сяброў, і будзе зноў пахваляцца, якая ў яго слаўная дачка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіло́, ‑а, н.

1. Прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін. Паслухайце толькі, да чаго дадумаўся.. [Вася]: зрабіў вялікае сіло, налавіў поўную клетку птушак. Пальчэўскі. Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца. Якімовіч.

2. перан. Тое, што пазбаўляе волі; пастка. Толькі ўвосень Агата зразумела, што трапіла ў сіло, пастаўленае гэтым сваім чалавекам. Сабаленка. Балот гнілых сіло нам болей пагражаць не стане. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сне́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Невялікі тугі камяк, злеплены з снегу. Юрка і Юзік весела марозілі рукі, стараючыся з падмерзлага снегу ляпіць снежкі. Чорны.

2. толькі мн. (сне́жкі, ‑жак). Гульня, пры якой стараюцца закідаць адзін аднаго снежнымі камякамі. Узімку, выходзячы са школы, мы заядла рэзаліся ў снежкі. Скрыган. На сэрцы адлегла, і я крыкнуў: — Хлопцы, давайце ў снежкі згуляем... Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сычэ́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Утвараць гукі, падобныя да гука «с». [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў. Сабаленка. Сычэлі нябачныя ў траве конікі. Сачанка. На двары Галя спыняецца. У руках у яе кацялок, у ім ззяе і сычыць вуголле. Карпюк.

2. Разм. Выказваць нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). — Гэй, гэй, бабулька, не сычы! Юнацтва двойчы не прыходзіць. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сядзець (у 1–5 знач.).

2. Месца, прадмет, на якім сядзяць, на які садзяцца. Сяргею чамусьці не сядзелася, нібы ў сядзенні таго крэсла, на якім ён круціўся, быў востры цвік. Сабаленка. Вёў матацыкл Цімка, сын жа сядзеў на заднім сядзенні. Карпаў. Воз [маці і Саша] рыхтуюць звечара. Мажуць дзёгцем калёсы, мосцяць канюшынай (пакарміць Сіўку) сядзенне, кладуць для нечага дошкі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак.

1. што. Зрабіць каламутным; замуціць (ваду, вадкасць). Першыя купальшчыкі так ускаламуцяць ваду, што ніхто не захоча больш лезці. Пальчэўскі.

2. перан.; каго-што. Вывесці са стану спакою, усхваляваць. Гэты чалавек не толькі нечым кінуўся.. [Галі] ў вочы. Сваім праніклівым позіркам, здавалася, ён зірнуў ёй у душу і там усё ўскаламуціў, узрушыў. Сабаленка. Страшна.. [Антанюку] парушыць свой пенсіянерскі спакой, ускаламуціць абывацельскую самазадаволенасць жонкі, дачок. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

услу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Уважліва прыслухацца, стараючыся пачуць, зразумець што‑н. Насцярожанымі вачыма акінуў.. [Паніковіч] сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. Быкаў. Генадзь услухаўся ў мелодыю, у словы песні і далучыўся да ўсяго спеўнага гурту. Сабаленка. Тады.. [Ірка] ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Пташнікаў. Стаўшы пасярэдзіне гумна, яшчэ раз прагна ўслухалася [Аксіння] ў начную цемень, сілячыся ўлавіць, учуць след жывога чалавечага дыхання. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Выклікаць у каго‑н. пачуццё задаволенасці, радасці. Павышэнне, якое Паўлу неўзабаве прапанавалі, не вельмі ўсцешыла яго. Брыль. Як нямнога трэба, каб усцешыць жанчыну. Пару збітых, банальных фраз і трошкі цеплыні ў голасе. Навуменка. // Супакоіць. Чыгуначнік доўга стаяў у роздуме, а потым сказаў няўпэўнена, мо толькі для таго, каб усцешыць няшчасную жанчыну, каб зараніць у яе душу хоць маленькую надзею. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)