БЫЧКО́ЎСКІ (Ціт) (1799, г.п. Лагойск Мінскай вобл. — 1843),
бел. жывапісец. З прыгонных графа Тышкевіча. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. У 1827 з дапамогай Тышкевіча пасланы ў Германію, дзе займаўся капіраваннем экспанатаў Дрэздэнскай галерэі. У 1836—42 у Мюнхенскай АМ. У 1843 паехаў у Венецыю, дзе раптоўна скончыў самагубствам. Аўтар карцін: «Касец, што менціць касу», «Дзяўчынка з разбітым збанам», «Музыкант настройвае віяланчэль», «Варажбітка прадказвае лёс», «Святая Вікторыя збірае сродкі для беднякоў», партрэтаў Ю.Славацкага (1831), К.Князевіча, генерала Вайчынскага (1836, музей А.Міцкевіча ў Варшаве) і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. М., 1974. С. 100—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯ́ЛА-ПАДЛЯ́СКА (Biała Podliaska),
горад на У Польшчы, на р. Кшна. Адм. ц.Бельскападляскага ваяводства. 55,6 тыс.ж. (1993). Прам-сць: шарсцяная, швейная, мэблевая, трансп. машынабудаванне, электратэхн., харч., буд. матэрыялаў. Гандл. цэнтр (міжнар. кірмашы «Усход—Захад» і інш.). Вузел дарог на чыгунцы і аўтатрасе Варшава—Брэст. Турызм. Філіял Варшаўскай акадэміі фіз. выхавання. Акруговы музей. Помнікі архітэктуры: касцёлы 16—18 ст., рэшткі палаца Радзівілаў (1622), сістэма абарончых бастыёнаў (17 ст.) і інш.
Упершыню ўпамінаецца як горад у 1522, уласнасць Радзівілаў. З 1628 у Бяла-Падлясцы філіял Кракаўскай акадэміі. Адзін з цэнтраў паўстання 1863—64. У 2-ю сусв. вайну ў Бяла-Падлясцы гета (1941—42), лагер сав. ваеннапалонных (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛДЭ ((Velde) Хенры) (Анры) Клеменс ван дэ (3.4.1863, г. Антверпен, Бельгія — 25.10.1957),
бельгійскі архітэктар і майстар дэкар. мастацтва. Вучыўся ў АМ у Антверпене (1881—83) і ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў ням.Веркбунда (1907). Кіраваў маст.-прамысл. школай у Веймары (1902—14), Нац. вышэйшай школай дэкар. мастацтваў у Бруселі (з 1926). Ініцыятар стылю мадэрн, пазней тэарэтык і лідэр функцыяналізму. Сярод яго твораў інтэр’еры Фолькванг-музея ў Хагене (1901—02), дом Эшэ ў Хемніцы (1902—03), тэатр Веркбунда ў Кёльне (1914; усе ў Германіі); музей Кролер-Мюлер у Отэрла (Галандыя, 1926—37), бібліятэка ун-та ў Генце (Бельгія, 1935—40).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́ЧКА (Wieliczka),
горад і бальнеалагічны курорт у Польшчы, у Кракаўскім ваяв. Вядомы з 11 ст., гар. правы з 1290. На Пд ад Кракава, у перадгор’ях Карпат. Мяккі клімат, мінер. воды і аэразольнае паветра саляных падземных вырабатак спрыяльныя для лячэння хвароб органаў руху і апоры, бранхіяльнай астмы і інш. хвароб лёгкіх. Алергалагічны санаторый. Буйны цэнтр адпачынку і міжнар. турызму. Захаваліся сярэдневяковыя касцёлы (у т. л. драўляны 16 ст.), руіны замка караля Казіміра Вялікага (каля 1350, 18 ст., разбураны ў 1945). Саляная шахта (13 ст.) з падземнымі капліцамі (17 ст.), у стараж. частцы якой адзіны ў свеце такога роду Музей кракаўскіх капальняў солі. Саляная шахта ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫЯ́НАВА (Настасся Фамінічна) (10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),
маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну; малодшаму з іх П.І.Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫЗЫ́Л,
горад, сталіца Рэспублікі Тыва ў Рас. Федэрацыі, каля сутокаў рэк Вял. Енісей і М. Енісей, якія даюць пачатак Верхняму Енісею (р. Улуг-Хем). Канцавы пункт Усінскага тракту. Засн. ў 1914, да 1918 наз. Белацарск, да 1926 — Хем-Белдыр. 95,4 тыс.ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. З-д аўтаспецабсталявання, прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. У раёне К. здабыча вугалю. Тывінскі НДІ мовы, гісторыі мовы і л-ры. Філіял Сіб. аддзялення Рас.АН. Пед.ін-т, філіялы краснаярскіх агр. ун-та і політэхн. ін-та. Муз.-драм. т-р. Філармонія. Краязнаўчы музей. У К. — геагр. цэнтр Азіі, на беразе р. Улуг-Хем — манумент «Цэнтр Азіі» (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРЭ́ВІЧ-ШАПЯЛЕВІЧ (Шапялевіч) Леў Юльянавіч
(13.10.1863, г. Віцебск — 10.2.1909),
бел. археолаг, гісторык літаратуры. Магістр усеагульнай л-ры (1892), д-р філалогіі (1896), праф.
Харкаўскага ун-та. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэса) і Харкаўскім ун-тах (1882—87). Аўтар даследаванняў па зах.-еўрап. л-ры: «Дантаўская трылогія» (1892), «Нарысы з гісторыі сярэдневяковай літаратуры і культуры» (1900), «Жыццё Сервантэса» (1901) і інш. Пад уплывам М.Ф.Кусцінскага і А.П.Сапунова пачаў вывучаць матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі, займаўся праблемай крывічоў. З 1900 вёў раскопкі курганоў у Гарадоцкім, Невельскім і Себежскім паветах Віцебскай губ. Каштоўныя знаходкі з крывіцкіх курганоў перадаваў у Пецярбургскі Эрмітаж, Маскоўскі і Харкаўскі гіст. музеі, музей Віцебскага стат. к-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗЕ́НКІ (Łazienki),
палацава-паркавы комплекс 17—19 ст. у Варшаве; помнік ранняга класіцызму з рысамі барока. Былая каралеўская рэзідэнцыя. Пабудовы комплексу адметныя строгімі формамі і камернымі маштабамі архітэктуры, гарманічнай сувяззю з пейзажным паркам. На сажалцы выспа з каралеўскім палацам (напачатку купальня кн. Любамірскіх, 1683—90, арх. Тыльман Гамерскі; перабудавана ў 1784—95, арх. Д.Мерліні, інтэр’еры яго ж і Я.Камзетцэра). У парку: «Белы домік» (1774—77, размалёўкі Я.Б.Плерша, Я.Сціслы), палац «Мысьлевіцы» (1775—79, абодвух арх. Мерліні; размалёўкі Плерша, А.Герлічкі), павільёны, каланады, скульптура А.Лебрэна і Я.Манальдзі, помнік Ф.Шапэну (1907—26, скульпт. В.Шыманоўскі). Пашкоджаны ў 1945, адноўлены ў 1964. Цяпер музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ГУА (Managua),
горад, сталіца Нікарагуа, на паўд. беразе воз.Манагуа, за 45 км ад Ціхага ак. Утварае самастойную адм. адзінку — нац. акругу Манагуа. 682 тыс.ж. (1997). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Гандл. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая; вытв-сць тавараў шырокага ўжытку; цэментны і нафтаперапр. з-ды. Ун-т, мед. акадэмія, акадэмія геаграфіі і гісторыі Нікарагуа. Нац.музей Нікарагуа. Нац. тэатр.
Засн. іспанцамі ў 16 ст. на месцы індзейскага паселішча. У 1846 атрымала гар. правы. З 1858 сталіца рэспублікі Нікарагуа. У 1912—25 і 1926—33 акупіравана войскамі ЗША Неаднаразова разбуралася, у т. л. ў выніку паводкі (1876), пажараў (1885), землетрасенняў (у 1972 амаль цалкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр.Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцей Чырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.