ПАЛЕААНТРАПАЛО́ГІЯ (ад палеа... + антрапалогія),

раздзел антрапалогіі, які вывучае змены фіз. тыпу чалавека ад першапачатковых стадый яго існавання (архантрапы) да канчатковага сфарміравання вял. рас сучаснага чалавецтва (неаантрапы). П. цесна звязана з палеанталогіяй, палеабатанікай, археалогіяй, геалогіяй антрапагену. Звесткі П. выкарыстоўваюць пры вывучэнні суадносін антрапа- і сацыягенезу, гісторыі фарміравання, рассялення, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву расавых тыпаў і ў сувязі з некат. пытаннямі антрапагенезу і этнагенезу.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),

прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮТА́НТЫ,

рэчывы або злучэнні, якія выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя пры дасягненні пэўнай колькасці і канцэнтрацыі. Паводле характару паходжання бываюць фіз. (энергія, радыяцыя, шум і інш.), хім. (злучэнні азоту, серы, ртуці, металаў і рэчывы — гербіцыды, пестыцыды і інш.), біял. (патагенныя мікраарганізмы); паводле аб’ектаў забруджвання — атмасферныя, водныя, глебавыя, ландшафтныя. Адрозніваюць П. першасныя (прыродныя) і другасныя (антрапагенныя), якія ўтвараюцца ў выніку быт., с.-г., прамысл. дзейнасці.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭ́ХСКІ ЗА́МАК,

старажытная цытадэль і рэзідэнцыя груз. цароў. Пабудаваны ў 5 ст. ў Тбілісі, на левым беразе р. Кура. Неаднаразова быў разбураны і перабудаваны. У пач. 19 ст. старыя ўмацаванні разабраны і на іх месцы пабудаваны астрог для паліт. вязняў. У 1934—42 у М.з. размяшчаўся Дзярж. музей мастацтваў Груз. ССР. У 1959 пры добраўпарадкаванні Тбілісі знішчаны. Захаваўся Метэхскі храм 13 ст.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА (МГП; International Chamber of Commerce),

няўрадавая міжнар. арг-цыя. Засн. ў 1919. Аб’ядноўвае гандл. палаты каля 100 краін. Месцазнаходжанне — Парыж. Садзейнічае паляпшэнню эканам. адносін паміж краінамі, устанаўленню дзелавых кантактаў і ўзаемаразумення, забяспечвае аднастайнае тлумачэнне асн. правіл міжнар. гандлю. Пры МГП дзейнічаюць Міжнар. арбітражны суд і Бюро сувязі з ААН і яе спецыялізаванымі ўстановамі. Рашэнні МГП носяць рэкамендацыйны характар.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПА АСТРАНА́ЎТЫЦЫ,

(МФА; International Astronautical Federation), навуковая арганізацыя, якая займаецца праблемамі даследавання і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах, уключаючы пытанні ракетнай тэхнікі і касм. права. Засн. ў 1950. Аб’ядноўвае навук. арг-цыі больш як 40 краін, у т. л. Расіі, Украіны, Казахстана. Мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА і Міжнар. саюзе электрасувязі. Штаб-кватэра і Сакратарыят у Парыжы.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЙ МЕРИДИА́Н»,

штотыднёвая гарадская грамадска-інфарм. газета. Выходзіць з ліп. 1991 у Мінску на рус. мове. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культ. жыцця бел. сталіцы і Кастрычніцкага р-на г. Мінска. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «За словам — справа!», «На скрыжаванні», «Зорны праспект», «Культурная хроніка», «Маленькая краіна», «Урач дае параду» і інш. Пры рэдакцыі створаны клуб «Чарадзей і К°».

М.​І.​Барысенка.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАЛЕ́НКА (Якаў Раманавіч) (2.3.1922, в. Вял. Аўцюкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 18.3.1966),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мазырскае педвучылішча (1940). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942—43 у 2-й Калінкавіцкай партыз. брыгадзе, з чэрв. 1944 на фронце. Радавы М. вызначыўся ў чэрв. 1944 у час дэсантнай аперацыі пры вызваленні Пінска. Пасля вайны на прафсаюзнай рабоце.

Я.Р.Маскаленка.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 1.3.1947, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч. Ген.-лейт. (1999). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1970), Ін-т КДБ пры СМ СССР (1978). З 1970 працаваў на нафтаперапрацоўчым з-дзе ў г. Мазыр, з 1973 на камсамольскай рабоце на Гомельшчыне. З 1976 у органах КДБ Беларусі. З 1995 старшыня КДБ Беларусі.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛА́НЖ (ад франц. mélange сумесь),

1) у хіміі сумесь канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот пры іх суадносінах па аб’ёме прыблізна 9:1. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты вежавым спосабам.

2) Замарожаная сумесь яечных жаўткоў і бялкоў (яечны М.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў.

3) Змяшэнне ў пражы валокнаў, афарбаваных у розныя колеры, а таксама тканіна, вырабленая з такой пражы.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)