«ВЕ́СТКІ З СССР»,

газета ЦК КПЗБ. Выдавалася ў студз. 1933 — студз. 1936 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Першы нумар выйшаў у Зах. Беларусі. Асвятляла розныя бакі жыцця ў СССР і БССР. Друкавала артыкулы пра калектывізацыю, жыццё калгасаў і саўгасаў, буд-ва прамысл. прадпрыемстваў, культ. устаноў, дзейнасць сярэдняй і вышэйшай школы ў БССР і інш. Перадрукоўвала матэрыялы з перыяд. выданняў БССР і СССР. Нелегальна перапраўлялася ў Зах. Беларусь. Выйшла 17 нумароў.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,

персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.​К.​Андэрсен, І.​В.​Гётэ, Э.​Сю, П.​Б.​Шэлі, В.​А.​Жукоўскі і інш.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРХА́НАЎ (Шукур) (5.12.1910, Ташкент — 1987),

узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). З 1927 у т-ры імя Хамзы (Ташкент). Ствараў яркія, тэмпераментныя, псіхалагічна складаныя характары: Гафур («Бай і батрак» Хамзы), Фархад («Легенда пра каханне» Назыма Хікмета), Гамлет, Брут («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Тахір і Зухра», «Зорка Улугбека», «Гібель чорнага консула» і інш. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НСКАЕ СТОЎПАТВАРЭ́ННЕ,

біблейскі міф пра спробу людзей пабудаваць пасля сусветнага патопу ў зямлі Сенаар (Месапатамія) горад і вежу да нябёс (гл. Вавілон, Вавілонская вежа). Разгневаны дзёрзкасцю людзей, Бог, паводле Бібліі, «змяшаў іх мовы» так, што тыя перасталі разумець адзін аднаго, і «рассеяў іх па ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад». Недабудаваны горад назвалі Вавілон. У пераносным значэнні Вавілонскае стоўпатварэнне — мітусня, поўны беспарадак.

Да арт. Вавілонскае стоўпатварэнне. Вавілонская вежа. Мастак П.​Брэйгель Старэйшы. 1563.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,

адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЮТХА́Я, Аютыя (афіц. Пра-Накхон-Сі-Аютхая),

горад у Тайландзе, у дэльце р. Менам-Чао-Прая, на востраве, перасечаным каналамі. Адм. ц. правінцыі Аютхая. Засн. ў 1350. 59 тыс. ж. (1985). Гандл.-трансп. цэнтр с.-г. раёна (рыс, кукуруза, тытунь). Харч. прам-сць. Шынны з-д. Цэнтр маст. рамёстваў: вырабы з серабра, разьба па дрэве і інш. Турызм. Да 1767 сталіца тайскай дзяржавы Аютыя. Музей. Руіны палацаў, будыйскіх храмаў 14—18 ст.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Фёдар Андрэевіч) (1879, Вільня — 9.12.1952),

патафізіёлаг і клініцыст. Засл. дз. нав. РСФСР. Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). Вучань рус. патолага А.Б.Фохта. Працаваў у мед. ін-тах Масквы, Свярдлоўска. У 1934—38 заг. кафедры ў Мінскім мед. ін-це. У 1913 распрацаваў новы метад ажыўлення арганізма артэрыяльным нагнятаннем крыві. Навук. працы па вывучэнні ролі ЦНС у патагенезе захворванняў унутр. органаў, патафізіялогіі і фізіялогіі сэрца, лёгкіх, аліментарнай дыстрафіі, пра ролю канстытуцыі чалавека ў развіцці паталаг. працэсу.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСІ́МАЎ (Георгій Паўлавіч) (н. 3.6.1922, ст. Ладажская Краснадарскага краю),

рускі рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1986). У 1953—64, 1980—90 і з 1995 рэжысёр Вял. т-ра Расіі. У 1964—75 маст. кіраўнік і гал. рэж. Маскоўскага т-ра аперэты. З 1972 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод пастановак: «Утаймаванне свавольніцы» В.​Шабаліна (1957), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» С.​Пракоф’ева (1960). Паставіў «Вайну і мір» Пракоф’ева ў Празе (1970). Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́ВІЧ ((Antoniewicz) Уладзімеж) (15.7.1893, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 1968),

польскі археолаг. Праф. (1920), правадз. чл. Польскай АН (з 1952). У 1925—33 выкладаў у Віленскім ун-це, у 1936—39 рэктар Варшаўскага ун-та і кіраўнік кафедры археалогіі. Вывучаў помнікі мезаліту на тэр. Зах. Беларусі. У 1934 удзельнічаў у навук. канферэнцыі ў Мінску. Аўтар прац па археалогіі, нар. мастацтве, музейнай справе, у т. л. даследавання пра залатыя рымскія соліды З—4 ст. Браслаўскага скарбу.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́СКАЯ У́НІЯ 1579,

пагадненне пра аб’яднанне валонскіх правінцый на Пд Нідэрландаў (Эно, Артуа, Дуэ), заключанае па ініцыятыве рэакц. каталіцкага дваранства. У выніку на пэўных умовах аднаўлялася ісп. панаванне над правінцыямі. Накіравана фактычна супраць нац.-выз. вайны з Іспаніяй у ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У адказ сем рэв. правінцый на Пн Нідэрландаў заключылі Утрэхцкую унію. Аформлена 6 студз. ў Арасе (прав. Артуа); пазней да Аранскай уніі далучыліся прав. Ліль, Аршы і інш.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)