Адбыўся 8—12.12.1925 у Мінску. Прысутнічала 247 дэлегатаў з рашаючым і 161 з дарадчым голасам ад 15 075 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (А.І.Крыніцкі), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч), ЦКККП(б)Б (В.П.Грузель); даклады ЦК РКП(б) (І.І.Скварцоў-Сцяпанаў), ЦКК РКП(б) (А.А.Сольц); аб гасп. будаўніцтве (І.А.Адамовіч); аб рабоце прафсаюзаў (М.Е.Ендакоў); аб рабоце сярод моладзі (М.М.Галадзед); аб Чырв. Арміі (С.М.Кажэўнікаў); парт.-арганізац. пытанне; выбары. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК, ЦКК і рашэнні XIV канферэнцыі РКП(б), паліт. лінію і арганізац. работу ЦККП(б)Б, тэзісы Палітбюро ЦК РКП(б) па гасп. будаўніцтве. У рашэннях з’езда па пытаннях сацыяліст. індустрыялізацыі прасочвалася паступовае наступленне на нэп. Адобрыў тэзісы ЦК РКП(б) да XIV з’езда ВКП(б) і намеціў меры па іх выкананні. Абмеркаваў праект Статута РКП(б) і прапанаваў унесці ў яго асобныя змены і дадаткі. Ухваліў новы адм.-тэр. падзел рэспублікі. Усе канферэнцыі, пачынаючы з VI Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РКП(б), якая аб’явіла сябе Першым з’ездам КП(б)Б, рашыў лічыць з’ездамі КП(б)Б. Выбраў ЦККП(б)Б з 43 чл. і 20 канд. у чл., ЦКККП(б)Б з 18 чл. і 7 канд. у чл., дэлегатаў на XIV з’езд ВКП(б).
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн. 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,
від вуснай нар. паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш стараж. від нар. вусна-паэт. творчасці, якая ўвабрала шматвяковы пед. і паэт. вопыт народа. Творы Дз. ф. падзяляюць на 3 групы: паэзія пеставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некат. загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл). Дз. ф. ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай.
Пазнавальна-выхаваўчы характар Дз. ф. вызначае маст. форму, рытміку. вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў, Для яго характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэт. мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў Дз.ф. таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам).
У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафес. мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. На Беларусі Дз. ф. збіралі і вывучалі Я.Чачот, А.Рыпінскі, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі, А.А.Грыневіч, Р.Р.Шырма, Г.І.Цітовіч і інш.
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972;
Гульні, забавы, ігрышчы. Мн., 1996.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 172—178;
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Аникин В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор. М., 1957;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯ́ДЗЬКА АНТО́Н»,
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з польск. агітацыйнай брашуры «Бацька Шыман», якая з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыстычнай брашуры А.Іванова (В.Варзара) «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Выдадзена ў 1892 М.Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...». Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнац. студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В.Вароўскі, Н.Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на ф-ках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!» Ранейшым варыянтам «Дз.А.» з’яўляецца «Старая прысказка», выдадзеная К.Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр.гіст. архіве Украіны ў Львове). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (перавыд. ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А.Гурыновічу.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Пачаў дзейнасць у Мінску ў 1930 як Бел.дзярж. ансамбль нар. інструментаў (створаны на аснове ансамбля нар. інструментаў Бел.муз. тэхнікума, 1928). Першы маст. кіраўнік Дз.Захар (1930—35), з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Жыновіч, з 1975 — М.Хазінец. У 1937 ператвораны ў Аркестр бел.нар. інструментаў у складзе Бел. філармоніі, з 1948 наз.Дзярж.нар. аркестр БССР, імя І.Жыновіча з 1974, акадэмічны з 1987. Аркестр унікальны па складзе інструментаў і па гучанні. Асн. месца належыць бел. цымбалам, уключае таксама дудкі і ліры, баяны, флейты, габоі, кларнеты, групу ўдарных. У рэпертуары больш за 1000 арыгінальных твораў і пералажэнняў бел. кампазітараў, у т. л. У.Алоўнікава, А.Багатырова, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, Жыновіча, Э.Зарыцкага, В.Іванова, С.Картэса, У.Кур’яна, А.Мдывані, В.Помазава, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Р.Суруса, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., кампазітараў-класікаў, сучасных замежных аўтараў. З аркестрам выступалі майстры бел. сцэны Л.Александроўская, Л.Аляксеева, З.Бабій, І.Балоцін, М.Ворвулеў, С.Данілюк, М.Дзянісаў, С.Друкер, В.Малькова, Р.Млодак, Т.Ніжнікава, І.Пятроў, І.Сарокін, Н.Ткачэнка, а таксама спевакі Расіі, Украіны, Зах. Еўропы і інш. Калектыў гастраліруе за мяжой, удзельнік шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У розны час у аркестры працавалі цымбалісты А.Астрамецкі, В.Бурковіч, С.Навіцкі, Х.Шмелькін, М.Шмелькін і інш.; працуюць (1997) салісты А.Курмакін, С.Лясун, А.Рудкоўскі.
Літ.:
Жинович И.И. Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958;
Ракова Е.Я. Государственный народный оркестр БССР имени И.И.Жиновича. Мн., 1978.
А.Я.Ракава.
Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь.
Створаны ў 1928 у Мінску пры Бел. радыёцэнтры на аснове аркестраў Бел.муз. тэхнікума і БДТ-1. З 1930 у штаце радыёцэнтра, з 1937 у складзе Бел. філармоніі. З 1961 Дзярж.сімф. аркестр БССР, з 1980 акадэмічны. Гал. дырыжор М.Кац (з 1997). У рэпертуары творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, сучасных кампазітараў, сімф. і вак.-сімф. творы бел. аўтараў, у т. л. Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, С.Бельцюкова, У.Будніка, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дарохіна, В.Капыцько, С.Картэса, В.Кузняцова, А.Мдывані, П.Падкавырава, Я.Паплаўскага, Р.Пукста, Дз.Смольскага, А.Хадоскі, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. Сярод аркестрантаў (1997): Р.Ігнацьеў (кларнет), В.Ціхевіч (флейта).
У розны час у аркестры працавалі дырыжоры А.Бяссмертны, І.Гітгарц, М.Міхайлаў, І.Мусін, Т.Каламійцава, М.Шнейдэрман, В.Афанасьеў, В.Дуброўскі, В.Катаеў, Ю.Яфімаў, П.Д.Панэл; канцэртмайстар Ю.Гершовіч. салісты-інструменталісты С.Асновіч і Г.Клачко (скрыпка), В.Волкаў (труба), Г.Забара (кларнет), П.Кірыльчанка (альт), Б.Скабло (віяланчэль), С.Сяргеенка (флейта), В.Фралоў (габой), Ч.Юшкевіч (валторна). З аркестрам выступалі вядомыя рас. і зах.-еўрап. дырыжоры А.Гаўк, Дз.Кітаенка, Я.Мравінскі, Н.Рахлін, Ю.Сіманаў, У.Федасееў, Ю.Цемірканаў, К.Зандэрлінг. К.Мазур, К.Эстэррайхер, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, К.Ігумнаў, Г. і С.Нейгаўзы, С.Рыхтэр, П.Серабракоў, Я.Фліер, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, Дж.Огдан, Д.Полак, Г.Чэрны-Стэфаньская; скрыпачы І.Бязродны, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.Палякін, М.Эрдэнка, І.Менухін, І.Стэрн і інш.
Літ.:
Журавлев Д.Н. Государственный симфонический оркестр Белорусской ССР. Мн., 1961;
Загородний ГН Белорусская государственная филармония. Мн., 1981;
Капилов А.Л. Государственный симфонический // Неман. 1981. № 5.
А.Л.Капілаў.
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.Ленскі); паліт. справаздача ЦККПЗБ і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.С.Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш.Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦККПЗБ: чл. Лагіновіч, С.А.Мертэнс, М.А.Блінчыкаў, Арэхва, Е.І.Шоламаў, М.П.Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.Брун, Л.М.Янкоўская, І.Ф.Сяменнікаў, Х.Р.Гелер, А.Раф; канд. ў чл. С.М.Малько, М.М.Дворнікаў, Ф.Б.Пірышка, Э.К.Аболіна, М.С.Майскі.
Літ.:
В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛЬНЯЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае мадэлі канфліктных сітуацый (калі сутыкаюцца інтарэсы двух ці больш бакоў) і распрацоўвае метады аптымальных паводзін у такіх сітуацыях. Як навука сфарміравалася ў 1940-я г. пераважна на аснове работ амер. матэматыкаў Дж.Неймана і О.Моргенштэрна па развіцці матэм. падыходу да з’яў канкурэнтнай эканомікі. Асн. праблематыка: матэм. мадэлі канфліктаў, існаванне і прынцыпы аптымальных рашэнняў, метады іх пошуку. Выкарыстоўваецца ў сац.-эканам. даследаваннях, ваен. справе, матэм. статыстыцы, метадах аптымізацыі паводзін ва ўмовах неакрэсленасці і інш.
Матэм. мадэль канфлікту (гульня) апісвае ўдзельнікаў канфлікту (гульцоў), магчымыя дзеянні бакоў (стратэгія), вынікі гульні, зацікаўленыя бакі і іх перавагі на мностве вынікаў (перавагі часта выражаюцца лікавымі функцыямі выйгрышу). Класіфікацыя гульняў вызначаецца ўласцівасцямі мадэлі. Прыняцце рашэння ў гульнях тэорыі складаецца з дэтэрмінаванага (або выпадковага) выбару стратэгіі кожным з гульцоў; як правіла, ніводзін з бакоў не ведае загадзя, якія будуць дзеянні праціўніка. У многіх выпадках стратэгія кожнага гульца раскрываецца толькі ў працэсе пакрокавага (як у шахматах) прыняцця рашэнняў. Фармальным выражэннем інтуітыўнага паняцця найлепшага рашэння з’яўляецца прынцып аптымальнасці, выводзіцца з папярэдне прынятых аксіём (распрацавана некалькі такіх прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных класах гульняў) і грунтуецца ў большасці выпадкаў на спалучэнні ідэй экстрэмальнасці і ўстойлівасці рашэнняў. Прынцып ажыццявімасці мэты прыводзіць да стратэгій, індывідуальныя адхіленні ад якіх не павялічваюць выйгрыш; асобны выпадак — прынцып максіміну, адлюстроўвае імкненне максімізаваць мінімальна магчымы выйгрыш. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.
Літ.:
Нейман Дж., Моргенштерн О. Теория игр и экономическое поведение: Пер. с англ.М., 1970;
Вилкас Э.И. Оптимальность в играх и решениях. М., 1990;
Воробьев Н.Н. Основы теории игр: Бескоалиционные игры. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАЎНЯ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
метадалагічны прынцып, прапанаваны Н.Борам (1927) у сувязі з неабходнасцю стварэння лагічна несупярэчлівай фіз. інтэрпрэтацыі квантавай механікі; метадалагічнае абагульненне неазначальнасцей суадносін.
Мікраскапічныя аб’екты (электроны, фатоны і інш.) у розных эксперым. умовах могуць паводзіць сябе як строга лакалізаваныя часціцы ці як хвалі. Аднак уяўленне пра суіснаванне карпускулярных і хвалевых уласцівасцей у адным і тым жа аб’екце звязана з неабходнасцю аб’яднання несумяшчальных паняццяў (напр., паняцце даўжыні хвалі ў пэўным пункце прасторы не мае сэнсу). У адпаведнасці з Д.п. пры тэарэт. апісанні мікраскапічных з’яў неабходна ўжываць 2 сістэмы макраскапічных паняццяў, бо выкарыстанне адной з іх выключае магчымасць адначасовага выкарыстання другой; абедзве ж яны аднолькава неабходныя для поўнага апісання квантава-мех. сістэм і з’яўляюцца нібыта ўзаемна дапаўняльнымі бакамі такога апісання. Бор прадэманстраваў таксама справядлівасць Д.п. ў дачыненні да апісання біял., псіхал. і сац. з’яў. З дапамогай Д.п. ўстанаўліваецца эквівалентнасць (раўназначнасць) паміж двума класамі паняццяў, што апісваюць супярэчлівыя сітуацыі ў розных сферах пазнання. У вузкім сэнсе Д.п. супадае з прынцыпам ням. фізіка В.Гайзенберга, які адзначаў, што пры пэўнасці каардынаты мікрачасціцы мае месца нявызначанасць імпульсу і наадварот. Часам Д.п. ацэньваецца як метадалогія, толькі знешне падобная на дыялектычную, або наогул як метафізічны падыход (мех. злучэнне процілегласцей). Фізікі капенгагенскай школы (П.Іордан, Дж.Франк) лічылі Д.п. чыста суб’ектыўным, цалкам абумоўленым слабасцямі пазнання, звязанымі з адсутнасцю спец. сродкаў адлюстравання цэласнасцей, вымушанасцю пазнання па частках.
Літ.:
Крымский С.Б., Кузнецов В.И. Мировоззренческие категории в современном естествознании. Киев, 1983;
Дополнительность и методология научного познания // Нильс Бор и наука XX в.: Сб. науч. тр. Киев, 1988;
Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ТАР (ад гідра... + лакатар),
гідралакацыйная станцыя, комплекс прылад і прыстасаванняў для пошуку падводных аб’ектаў, вымярэння іх прасторавых каардынат і параметраў руху, а таксама вызначэння іх прыроды шляхам аналізу адбітых акустычных сігналаў (рэхасігналаў); сродак актыўнай гідралакацыі. Выкарыстоўваюцца ў мараплаўстве (для вызначэння падводных перашкод), у ваен. справе (пошук цэлей, забеспячэнне дзеяння зброі), для картаграфавання дна і адшуквання затанулых аб’ектаў (гідралакатар бакавога агляду і рэхалоты), пры выратавальных работах, у рыбапрамысл. разведцы і інш.
Гідралакатар мае: генератар эл. сігналаў зададзенага віду (імпульсных, неперарыўных, простых, складаных, з рознымі мадуляцыямі); перадавальную і прыёмную акустычныя антэны, якія апускаюцца ў ваду (уяўляюць сабой электраакустычныя пераўтваральнікі эл. сігналаў у акустычныя і наадварот; можа выкарыстоўвацца адна антэна з пераключальнікам «перадача-прыём»); прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў, якія прымаюцца на фоне перашкод (шумы мора і суднаходства); прыстасаванні адвображання інфармацыі пра аб’екты, якая ўтрымліваецца ў рэхасігналах. Існуе мноства разнавіднасцей гідраклакатараў, якія ўстанаўліваюцца на суднах, самалётах і верталётах, на дне акіяна, а таксама дрэйфуюць, пераносяцца вадалазамі і г.д. У большасці выпадкаў гідралакатары працуюць на частотах ад адзінак да 100 кГц і маюць далёкасць дзеяння да дзесяткаў кіламетраў.
Літ.:
Митько В.Б., Евтютов А.П., Гущин С.Е. Гидроакустические средства связи и наблюдения. Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.
Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУЗах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.М.Амбодзік-Максімовіч, А.Я.Красоўскі, Г.М.Савельева, В.А.Бадзяжына, У.І.Кулакоў і інш.
На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел.НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт. агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).
Літ.:
Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;
Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.