падатрад птушак атр. стрыжападобных. 1 сям., 319 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Пд Аляскі і Лабрадора да Вогненнай Зямлі). Жывуць у розных ландшафтах, пераважна аселыя.
Самыя дробныя птушкі на зямлі. Даўж.5,7—30 мм 5,7—21,6 см, маса 1,6—20 г. Апярэнне рознакаляровае, бліскучае. Дзюба доўгая, тонкая, у некат. выгнутая. Палігамы. Нясуць 1—2 яйцы. Кормяцца на ляту кветкавым нектарам і часткова дробнымі насякомымі. Адносная маса сэрца К. найб. сярод птушак. Інтэнсіўны абмен рэчываў, т-ра цела каля 43 °C. Ноччу і пры недахопе корму ўпадаюць у здранцвенне, т-ра цела зніжаецца да 14,5 °C. Лётаюць хутка (да 80 км/гадз). Могуць завісаць у паветры і даваць задні ход. Дробныя віды робяць крыламі да 80 узмахаў за секунду. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДЗІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ І ГЛІН,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каляв. Калядзічы. Паклад у выглядзе адорвеняў мелу туронскага і глін палеаген-неагенавага ўзросту залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з уключэннямі крэменю, з вохрыстымі плямамі, у верхняй ч. запясочаны. Гліны цёмна-шэрыя, радзей жаўтавата-шэрыя, з тонкімі праслоямі пылаватага пяску, тлустыя, шчыльныя, сярэдне- і высокапластычныя. Разведаныя запасы мелу 49,9 млн.т, перспектыўныя 44 млн.т. Разведаныя запасы глін 0,3 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу 6,6—50,6 м, ускрышы 0,2—18,8 м. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 4,3—13 м, ускрышы 0,4—8 м. Мел і гліны прыдатныя на вытв-сць партландцэменту, мел выкарыстоўваецца таксама як вапнавае ўгнаенне. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРЫ́ (Nematocera),
падатрад даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. У сусв. фауне 35 сям., больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. К. падзяляюць на групы, якія ўключаюць па некалькі сям.: галіцы, гнюс, грыбныя камарыкі, даўганожкі, камары-дзергуны, ці званцы, матыліцы, таўстаножкі і інш.
Найб. вядомыя камар звычайны і малярыйныя камары. На Беларусі каля 40 відаў. Жывуць у вільготных мясцінах.
Даўж. 3—30 мм. Цела і ногі доўгія, тонкія, крылы вузкія, жылкі ў лускавінках. Вусікі доўгія, членістыя (органы нюху). Ротавыя органы колючыя, на ніжняй губе размешчаны колючыя іголкападобныя сківіцы; паміж імі падглотачнік, дзе праходзіць пратока слінных залоз. Дарослыя К. вядуць пераважна паветраны спосаб жыцця. За лета выводзіцца 1 або некалькі пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Мінскае возера,
штучны вадаём у паўн.-зах.ч. Мінска; месца адпачынку гараджан. Створана ў 1941. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 0,42 км², даўж. 2,2 км (ад моста на вул. Арлоўскай да створу плаціны), найб.шыр. 350 м, найб.глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 0,66 млн.м³. Чаша возера — затопленая пойма р. Свіслач. Берагі супясчаныя. Дно пераважна пясчанае, часткова галечнае і глеістае, у 1974 паглыблена. 11 астравоў (агульная пл.каля 0,06 км²). Сцёк у малаводны год з перакідам вады з Вілейскага вадасх. забяспечвае добрую праточнасць возера. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 0,5—0,7 м. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у пач. красавіка. На левым беразе выратавальная станцыя, спарт. комплекс «Дынама», Палац «Юнацтва», на правым — выставачны павільён Міжнар.гандл. палаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,
Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНЦЭ́РТ»,
умоўная назва аперацыі партызан па разбурэнні чыг. камунікацый на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну з мэтай сарваць перавозкі ням.-фаш. войск у час наступлення Чырв. Арміі, другі этап аперацыі «рэйкавая вайна». Праводзілася з 19 вер. да пач.ліст. 1943. За час аперацыі падарвана каля 150 тыс. рэек, у т. л. больш за 90 тыс. на тэр. Беларусі. Бел. партызаны пусцілі пад адхон 1041 варожы цягнік, вывелі са строю 807 паравозаў, 6360 вагонаў-платформ і цыстэрнаў, узарвалі 72 чыг. масты, знішчылі больш за 400 кмтэлеф.-тэлегр. ліній і інш. Прапускная здольнасць чыгунак была зніжана на 40%. Аперацыя «К.» была вял. дапамогай у ажыццяўленні наступальных аперацый сав. войск у 1943.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.«Канцэрт». Варожы эшалон, скінуты пад адхон партызанамі. Дзятлаўскі раён. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),
старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс.рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАТКЕ́ВІЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада «Чырвоны кастрычнік» А.І.Далідовіча супраць ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Капаткевічы 17.1.1942 у Вял.Айч. вайну. Кіраваў боем камісар атрада С.В.Маханько. Раніцай у гэты дзень партызаны акружылі Капаткевічы, дзе размяшчаўся варожы гарнізон (каля 100 гітлераўцаў), бясшумна знялі вартавых і адрэзалі шлях да адступлення. Невял. групамі па 3—5 чал. партызаны знянацку напалі і закідалі гранатамі хаты, у якіх размяшчаліся гітлераўцы. Праціўнік спрабаваў прабіцца на паўд. ўскраіну пасёлка да чыгункі Жыткавічы—Калінкавічы, але трапіў пад агонь партызан. За 4 гадз бою загінула больш за 60 гітлераўцаў, партызаны захапілі 18 вінтовак, станковы кулямёт, 1 тыс.т збожжа, якое прызначалася да адпраўкі ў Германію. Большую частку яго партызаны раздалі насельніцтву. Капаткевічы былі першым раённым цэнтрам, які вызвалілі бел. партызаны ў 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛІ (Вера Аляксееўна) (8.8.1889, Масква — 16.11.1972),
руская артыстка балета і кінаактрыса. Па паходжанні грачанка. Пасля сканчэння Маскоўскага тэатр. вучылішча (1906, педагог А.Горскі) у Вял. т-ры. Мела эфектную сцэн. знешнасць; яе танцу былі ўласцівы вытанчанасць, адухоўленая пластыка, скульпт. завершанасць і прыгажосць поз. Сярод партый: Анітра («Нур і Анітра» на муз. А.Ільінскага), Саламбо і Багіня Таніт («Саламбо» А.Арэндса), Эўніка («Эўніка і Петроній» на муз. Ф.Шапэна), Раймонда, Пастушка («Раймонда», «5-я сімфонія» на муз. А.Глазунова), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Выканала канцэртны нумар «Лебедзь, які памірае» на муз. К.Сен-Санса. З 1918 за мяжой. У 1919—20 у Рускім балеце С.Дзягілева, потым у розных трупах Еўропы і ЗША. З 1914 здымалася ў кіно (каля 30 фільмаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КА́РЛСБАД»
(«Karlsbad»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Круглянскім, Аршанскім, Талачынскім, Шклоўскім р-нах 10—23.10.1942 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 2 паліцэйскіх палкоў СС, 2 ахоўных батальёнаў, асобнага батальёна СС Дырлевангера, інш.спец. каманд пад кіраўніцтвам обергрупенфюрэра СС, начальніка СС і паліцыі групы армій «Цэнтр» Бах-Зелеўскага. Група аб’яднаных партыз. атрадаў пад камандаваннем С.Г.Жуніна і адзін з атрадаў партыз. брыгады «Чэкіст» 20.10.1942 каляв. Гоенка Круглянскага р-на прарваліся праз загараджальныя ланцугі гітлераўцаў і выйшлі на шашу Магілёў—Мінск у Клічаўскую партыз. зону. Карнікі не здолелі знішчыць партызан, затое расправіліся з цывільным насельніцтвам у вёсках Падар, Ваўкоўшчына, Задні Бор, Казёл, спалілі вёскі Гоенка і Паляжаеўка, расстралялі 1051 чал., пераважна жанчын, дзяцей і старых.