А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg), ледзяная гара,

вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б. ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).

Утварэнне айсберга.
Айсберг каля берагоў Грэнландыі.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЙ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ, «Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской империи Археографическою экспедициею Императорской Академии наук»,

серыя дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—4. Спб., 1836). 1-ы т. ахоплівае 1294—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам. (дакументы пра збор дзярж. даходаў, вышук збеглых сялян і інш.), паліт., ваен. і царк. гісторыі (матэрыялы пра выбранне на царства Б.​Гадунова, вайну з Рэччу Паспалітай 1654—67, царк. раскол і інш.). Да «Актаў...» складзены імянны, геагр. і прадметны паказальнікі (Спб., 1838).

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я,

вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.

Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.​Г.​Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕ́ЛЬЧАНКА Пётр Адамавіч (н. 18.6.1935, в. Пятраш Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958). З 1958 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1978 яго ген. канструктар. Навук. працы па выбары і абгрунтаванні параметраў універсальна-прапашных трактароў і праблемах надзейнасці іх работы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Тракторы для работы на склонах. М., 1974 (у сааўт);

Трактор «Беларусь» МТЗ-80 и его модификации. М., 1991 (разам з І.​П.​Ксяневічам, П.​Н.​Сцепанюком);

Агретатирование тракторов «Беларусь». Мн., 1993 (разам з Б.​Я.​Шнейсерам, М.​Р.​Шабунем).

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́КІН Віктар Іванавіч (н. 14.1.1918, г. Алатыр, Чувашыя),

бел. архітэктар, вучоны. Засл. арх. Беларусі (1980). Канд. архітэктуры (1970), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). У 1946—58 працаваў у Вільні (рэсп. стадыён, мост цераз р. Нярыс, будынак Дзярж. б-кі). З 1958 у Мінску. Асн. работы на Беларусі: генпланы Светлагорска, Пінска, цэнтра Брэста, у Мінску — жылыя раёны і мікрараёны Усход, Серабранка, вул. Чкалава (усе ў аўтарскім калектыве), гал. навуч.-лабараторны корпус арх. і буд. ф-таў БПА (у сааўт.) і інш.

Тв.:

Архитектурное проектирование жилых районов. Мн., 1987;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІСКО́ВІЧ Уладзімір Ігнатавіч (н. в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Мінскім трамвайна-тралейбусным упраўленні, на радыё, у прэсе, выдавецтвах. Пераклаў з балг. мовы раманы І.​Давыдкава «Белы конь за акном» (1981), А.​Гуляшкі «Вандроўнік блукае па свеце» (1988), аповесці С.​Страціева «Кароткае сонца» (1979), Г.​Мішава «Зроблена ў правінцыі» (1981), П.​Вежынава «Вышэй за ўсё» і «Бар’ер» (1983), творы для дзяцей Б.​Апрылава, І.​Мілева, І.​Радзічкава, А.​Стаянава, Н.​Хайтава і інш. Выступае з артыкуламі па пытаннях бел. л-ры, праблемах прозы.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЯРЭ́ННЕ самалёта,

аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), T- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.

Апярэнне самалёта: а — звычайнае; б — T-падобнае; в — двухкілевае; 1 — стабілізатар; 2 — руль вышыні; 3 — кіль; 4 — руль напрамку.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДЗЬЕЎ (сапр. Цівунчык) Аркадзь Станіслававіч

(13.11.1897, в. Журбілавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 27.2.1969),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў тэатр. студыю ў Омску (1921). Арганізатар, гал. рэжысёр і вядучы акцёр Бабруйскага вандроўнага беларускага драматычнага тэатра (з 1956), рэжысёр Бабруйскага муз.-драм. т-ра і Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі (1963—66). Найб. значныя пастаноўкі: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1957, выканаў таксама ролю Лявона Зябліка), «Вясёлка» М.​Заруднага (1958), «Апошні прыпынак» Э.​М.​Рэмарка (1961), «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава (1962).

Літ.:

Вавула Г. Аркадзь Аркадзьеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТО́НІК (Aristonikos, ? — 129 да нашай эры),

кіраўнік антырымскага паўстання 133 (або 132) — 129 да нашай эры ў Пергаме. Пазашлюбны сын пергамскага цара Яўмена II У паўстанні (пачалося пасля смерці зводнага брата Арыстоніка цара Атала III, які завяшчаў сваё царства Рыму) удзельнічалі частка насельніцтва Пергама, грэчаскія гарады Малой Азіі, наёмныя войскі, рабы. Паўстанцы марылі стварыць «сонечную дзяржаву», дзе б усе людзі былі роўнымі. У 130 да нашай эры яны разбілі каля Леўкі консульскую армію П.​Ліцынія Краса, але ў 129 пацярпелі паражэнне пры Стратанікеі. Арыстонік трапіў у палон і пакараны смерцю. Пергам стаў рымскай правінцыяй пад назвай Азія.

т. 2, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА Валерый Мікалаевіч (н. 1.1.1946, в. Малая Сазанка Амурскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага ў Маскве (1967). З 1975 у Рускім драм. т-ры Беларусі. Увасобленыя ім вобразы вызначаюцца паглыбленым псіхалагізмам, адметнай выканаўчай манерай: Гужа («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Азазэла («Майстры» А.​Дударава паводле М.​Булгакава), Косач («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча), Салёны («Тры сястры» А.​Чэхава), Клаўдзій, Макдуф («Гамлет», «Макбет» У.​Шэкспіра), Мэкі-Нож («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Крыспэн («Адзіны нашчадак» Ж.​Ф.​Рэньяра) і інш. Здымаецца ў кіно.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)