часопіс, орган муніцыпалітэтаў т.зв. самаўрадаў у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 27.11.1927 да 16.2.1929 (неперыядычна) у Вільні на бел. мове. Рэдактары-выдаўцы Я.Ярош, Т.Вернікоўскі, кіраўнік рэдакцыі Г.Канапніцкі. Асвятляў становішча ў Зах. Беларусі, дзейнасць органаў мясц. самакіравання і адносіны да іх польск. ўрада. Інфармаваў пра стан адраджэння краю, зруйнаванага 1-й сусв. вайной, пра яго прыродныя багацці і патэнцыяльныя эканамічныя магчымасці. Змяшчаў муніцыпальную і краёвую хроніку, юрыд. парады, матэрыялы па навуцы і тэхніцы і інш. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ (Bielski; сапр.Вольскі) Марцін
(1495 в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 18.12.1575),
польскі пісьменнік і гісторык. Склаў «Жыццяпісы філосафаў» (1535), напісаў п’есу «Камедыя пра Юстына і Канстанцыю» (1557), шэраг сатыр. вершаў. Першы з храністаў пачаў пісаць на польск. мове. Найб. вядомы як складальнік «Хронікі ўсяго свету» (Кракаў, 1551, 1554, 1564) — гіст.-літ. кампіляцыі, багатай разнастайнымі звесткамі з гісторыі многіх народаў свету, у т. л. славянскіх. Адзін з аўтараў «Хронікі Польшчы», якую дапоўніў матэрыяламі бел.-літоўскіх летапісаў і выдаў у 1597 яго сын (гл.Бельскі Іахім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́Н ((Bernardin) Занобія дэ Джыеноціс) (канец 15 ст. — 1541),
італьянскі архітэктар, скульптар. У 1520 па запрашэнні вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога працаваў у Кракаве на буд-ве капліцы-маўзалея; стварыў шэраг надмагілляў князёў Мазавецкіх у Варшаўскай кафедры, канцлера Крыштофа Шыдлавецкага і яго дачкі ў калегіяце ў Апатаве і інш. З 1534 разам з Джавані Цыні будаваў Ніжні замак і перабудоўваў кафедральны касцёл у Вільні. Выканаў надмагілле канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда (1539—41, Віленскі кафедральны сабор).
А.К.Лявонава.
З.Бернардзін. Фрагмент надмагілля А.Гаштольда ў кафедральным саборы ў Вільні. 1539— 41.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПАПО́ЎШЧЫНА,
адзін з кірункаў, на якія падзялілася стараверства ў сярэдзіне 1690-х г. Паслядоўнікі беспапоўшчыны адмаўлялі царкоўную іерархію і святароў. Богаслужэнне вялі спец. абраныя настаўнікі. З царк. абрадаў захавалі толькі хрышчэнне і споведзь (некаторыя з плыняў беспапоўшчыны адмаўлялі і іх). Для ранняга этапу беспапоўшчыны характэрны адмоўныя адносіны да свету «антыхрыста» і яго «слуг» — прадстаўнікоў улады, адмаўленне шлюбу. Некаторыя плыні прапаведавалі крайнія формы выратавання — самаспаленне. Беспапоўшчына не ўяўляла сабой адзінага цэлага і распалася на мноства плыняў (паморцы, федасееўцы, філіпаўцы, бегуны і інш.). Асобныя абшчыны беспапоўшчыны захаваліся на Беларусі і цяпер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІН ((Bean) Алан) (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.Конрадам і Р.Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.Гэрыётам і Дж.Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕ ((Grabbe) Крысціян Дзітрых) (11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),
нямецкі драматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).
савецкі хімік і тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў вытв-сці аптычнага шкла. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Пецярб.ун-т (1910). З 1912 выкладаў у Петраградскім электратэхн. ін-це (з 1922 праф.). У 1933 заснаваў лабараторыю хіміі сілікатаў, рэарганізаваную ў Ін-т хіміі сілікатаў, у 1948—53 яго дырэктар. Навук. працы па хіміі сілікатаў, фізіка-хім. уласцівасцях празрыстых матэрыялаў. Распрацаваў спосаб атрымання сітаватага шкла з высокімі адсарбцыйнымі ўласцівасцямі, метад паверхневай апрацоўкі аптычнага шкла (прасвятленне оптыкі). Дзярж. прэміі СССР 1942 і 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДА́ЦЫЯ (лац. gradatio ад gradus ступень),
стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:
Ты — наш сцяг, што нікому,
нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІС (Graphis),
род накіпных лішайнікаў сям. графідавых. Вядома 300 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, ва ўмераных шыротах — некалькі відаў. На Беларусі пашыраны графіс начэрчаны (G. scripta), расце на гладкай кары лісцевых дрэў.
Слаявіна ў выглядзе дробназярністай, аліўкава-шэрай, матавай корачкі, часам слабапрыкметная або цалкам у субстраце. Пладовыя целы (апатэцыі) шматлікія, доўгія і вузкія, прамыя, дугападобна выгнутыя, часам хвалістыя і разгалінаваныя, утвараюць малюнак, які нагадвае складаныя пісьмёны (адсюль назва). Дыск апатэцыя вузкі, шчылінападобны, чорны, з шызым напылам або без яго. Сумкі 8-споравыя. Споры цыліндрычныя, бясколерныя, потым цямнеюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,
помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў Гродне ў 1884. Трохпавярховы цагляны будынак на высокім цокалі. З паўд. боку да яго прымыкае 2-павярховае крыло. Насычаны арх.-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандра і дубовых галінак. Па баках фасада над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прамавугольны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў.