аўтаматычнае падтрыманне або змена паводле зададзенага закону фіз. велічынь, якія характарызуюць вытв. працэс. Ажыццяўляецца пры дапамозе аўтаматычнага рэгулятара, які забяспечвае пастаяннае значэнне рэгуляванай (кіравальнай) велічыні праз выпрацоўку рэгулявальнага ўздзеяння на аснове сігналу адхілення рэгуляванай велічыні ад зададзенага значэння. Асновы тэорыі Р.а. закладзены ў працах Дж.К.Максвела і І.А.Вышняградскага.
Сістэмы Р.а. разам з сістэмамі праграмнага кіравання (ажыццяўляюць змену кіравальных велічынь па зададзеным законе) і сістэмамі сачэння (выконваюць змену кіравальных велічынь па адвольным законе) наз. сістэмамі аўтам. кіравання. Сістэмы Р.а. класіфікуюцца паводле тыпу контуру кіравання (разамкнёныя і замкнёныя); спосабу перадачы сігналаў — неперарыўныя (фіз. велічыні звязаны неперарыўнай залежнасцю) і дыскрэтныя (імпульсныя і рэлейныя). Падзяляюцца на лінейныя, нелінейныя, з пастаяннымі і пераменнымі параметрамі і інш. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы (у т. л. ядзернай), хім. і нафтахім. і інш. прам-сці, таксама ў авіяцыі пры стабілізацыі курсу самалёта (аўтапілот) і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.а. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, БПА, Ваеннай акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Літ.:
Теория автоматического регулирования. Кн. 1—3. М., 1967—69;
Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990;
Кузнецов А.П., Батура М.П., Шилин Л.Ю. Анализ и параметрический синтез импульсных систем с фазовым управлением. Мн., 1993;
Анхимюк В.Л., Опейко О.Ф., Михеев Н.Н. Теория автоматического управления. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЗЕРФАРД ((Rutherford) Эрнест) (30.8.1871, Брайтуотэр, каля г. Нельсан, Новая Зеландыя — 19.10.1937),
англійскі фізік, адзін са стваральнікаў ядзернай фізікі, заснавальнік міжнар.навук. школы фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1903, у 1925—30 прэзідэнт). Замежны чл.-кар.Рас.АН (1922), ганаровы чл.АНСССР (1925). За навук. заслугі атрымаў тытул лорда Нельсана (1931). Скончыў Новазеландскі ун-т (1894). З 1895 у Вялікабрытаніі, з 1898 у Канадзе. З 1907 праф. Манчэстэрскага ун-та, з 1919 — Кембрыджскага ун-та і дырэктар Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ат. і ядз. фізіцы. Адкрыў альфа- і бэта-прамяні (1899) і ўстанавіў іх прыроду. Стварыў разам з Ф.Содзі тэорыю радыеактыўнасці (1903). Устанавіў закон рассеяння альфа-часціц атамамі розных хім. элементаў (1911; гл.Рэзерфарда формула), на аснове чаго прапанаваў планетарную мадэль атама (мадэль атама Р.). Здзейсніў першую штучную ядз. рэакцыю па ператварэнні азоту ў кісларод (1919), прадказаў існаванне нейтрона і дэйтрона (1920). Пацвердзіў справядлівасць закону ўзаемасувязі масы і энергіі ў ядз. рэакцыях (1933). Правёў рэакцыю сінтэзу дэйтронаў з утварэннем трытыю (1934). Яго імем названы хім. элемент рэзерфордый. Нобелеўская прэмія 1908.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. науч. тр. [Т. 1—2]. М., 1971—72.
Літ.:
Кедров Ф.Б. Эрнест Резерфорд. М., 1965;
Данин Д.С. Резерфорд. 2 изд. М., 1967;
Старосельская-Никитина О.А. Эрнест Резерфорд. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙ ((Rej) Мікалай) (4.2.1505, мяст Жураўна каля г. Галіч, Украіна — паміж 8.9. і 4.10.1569),
польскі пісьменнік, першы з вядучых прадстаўнікоў рэнесансавай л-ры ў Польшчы. Вучыўся ў Скальбмежы, Львове, Кракаўскім ун-це (1517—19). Служыў сакратаром пры двары ваяводы А.Тэнчынскага (1525—30), дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі і стаў кальвіністам. Асеў на вёсцы, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выступаў на сеймах 1540—42, 1558—59, 1569. Большасць твораў напісаў на ўзор сучаснай яму замежнай л-ры, але запазычаную форму насычаў актуальным польскім зместам. Першы з буйных твораў Р. — сатыр. дыялог «Кароткая гутарка паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам» (1543) — звязаны з праграмай паліт. шляхецкага руху «Экзекуцыя» за ўраўнаванне шляхты ў правах з магнатамі. Пратэстанцкія перакананні Р., антыкаталіцкія і антыцаркоўныя матывы ў драме «Купец» (1549), зб. пропаведзей «Пастыла» (1557). Спробы адлюстраваць вобраз ідэальнага чалавека — у вял. (10 тыс. вершаў) дыдактычна-алегарычнай паэме «Сапраўдны паказ жыцця пачцівага чалавека» (1558) і празаічнай кнізе «Зярцала» (1568). Гэта ідэал не толькі добрага сем’яніна, ветлівага гаспадара, але і шляхціца-грамадзяніна. Аўтар зб-каў сатыр. эпіграм «Звярынец» і жартоўных вершаў, анекдотаў, баек «Забаўныя гісторыі» (абодва 1562). Мова яго твораў жывая, багатая, крыху грубаватая, блізкая да народнай.
Тв.:
Pisma wierszem. Wroclaw, 1954;
Wybór pism. 2 wyd. Warszawa. 1979.
Літ.:
Witczak T. Studia nad twórczością Mikołaja Reja. Poznań, 1975;
Podgórska T. Komizm w twórczości Micołaja Reja. Wrocław, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНКІ́СТА (ісп. Reconquista ад reconquistar адваёўваць),
адваяванне карэнным насельніцтвам Пірэнейскага п-ва зямель, захопленых у пач. 8 ст. арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў; працягвалася з 718 да канца 15 ст. Першай была перамога над арабамі ў 718 каля Кавадонгі. Да 11. ст. ўзніклі ісп. дзяржавы Леон, Кастылія, Арагон, Навара. Вырашальным этапам Р. былі 11—13 ст. У 1085 адваяваны Таледа, у 1212 аб’яднаныя сілы іспанцаў нанеслі маўрам канчатковае паражэнне ў бітве каля Лас-Навас-дэ-Талосы. У 1229—35 адваяваны Балеарскія а-вы, у 1236 — Кордава, у 1238 — Валенсія, у 1248 — Севілья, у 1492 — Гранадскі эмірат. Адваяванне суправаджалася засяленнем і эканам. асваеннем спустошаных вайною зямель. Гал. рухальнай сілай Р. было сялянства, якое ў пач. Р. атрымлівала зямлю і асабістую свабоду. Каралеўская ўлада падтрымлівала ўтварэнне сялянскіх і гар. абшчын (найб. іх росквіт у 11—13 ст.). З пашырэннем Р. феад. ўціск узмацніўся. Актыўна ўдзельнічалі ў Р. гараджане (гарады атрымлівалі самакіраванне), рыцарства (колькасць рыцараў павялічвалася за кошт сялян і гараджан). Р., якая вялася пад сцягам барацьбы хрысціян супраць «няверных», абумовіла рост ідэалаг. ўплыву і эканам. магутнасці каталіцкай царквы ў Іспаніі і Партугаліі. З Р. звязаны працэс фарміравання ісп. і партуг. народнасцей. У аснову ісп.літ. мовы лёг кастыльскі дыялект, што тлумачыцца пераважнай роляй Кастыліі ў Р. Эпоха Р. адлюстравана ў нар. эпасе (гераічны эпас пра Сіда Кампеадора, «Рамансера» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСКРЫ́ПТЫ АЛЯКСА́НДРА II 1857па сялянскім пытанні ў Расійскай імперыі,
прадпісанні імператара Аляксандра II ген.-губернатарам аб утварэнні дваранскіх губ. к-таў па падрыхтоўцы праектаў сялянскай рэформы 1861. Вызначалі арганізац. структуру і гал. прынцыпы дзейнасці гэтых к-таў, якія распрацоўвалі асн. палажэнні адмены прыгоннага права. 2.12.1857 Аляксандр II падпісаў рэскрыпт на імя віленскага ген.-губернатара У.А.Назімава, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. дазвалялася стварыць дваранскія к-ты з выбарных ад памешчыкаў кожнага павета і 2 памешчыкаў, прызначаных мясц. губернатарам, а потым агульную камісію ген.-губернатарства ў Вільні. 17.12.1857 такі ж рэскрыпт накіраваны пецярбургскаму ген.-губернатару графу П.М.Ігнацьеву. Гэтыя рэскрыпты — першыя афіц. апублікаваныя акты царскага ўрада пра ўмовы вызвалення сялян. На працягу 1858, паводле аналагічных рэскрыптаў, створаны дваранскія к-ты амаль ва ўсіх губернях Еўрап. Расіі. У адпаведнасці з іх праектамі за памешчыкамі захоўвалася права ўласнасці на ўсю зямлю панскіх маёнткаў, за сялянамі — права карыстання зямельнымі надзеламі, за якія яны па-ранейшаму былі абавязаны адбываць паншчыну або плаціць аброк. Памешчыкі таксама захоўвалі права паліцэйскага нагляду за прыгоннымі ў маёнтках. Пасля ўнясення выкупу за сядзібу (не пазней як праз 12 гадоў) сяляне станавіліся асабіста вольнымі. Абвяшчэнне рэскрыптаў прывяло да масавага абеззямельвання сялян памешчыкамі, узмацнення палярызацыі насельніцтва вёскі напярэдадні ліквідацыі прыгонніцтва.
Літ.:
Захарова Л.Г. Самодержавие и отмена крепостного права в России, 1856—1861. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),
форма дзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж. ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.
У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.
Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.
Літ.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́НКА (Раман Карпавіч) (15.10.1907, в. Сабалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1975),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. тэхнікум (1929), вучыўся ў Гомельскім пед. ін-це (1933—35). Працаваў у рэдакцыях газет, час. «Маладосць», у 1957—66 нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1928. Аўтар паэмы «Брагінь» (1935); зб-каў вершаў «З родных крыніц» (1950), «Мая эстафета» (1954); кніг прозы «Жменя зярнят» (1957), «Сустрэчы» (1958), «Блакітнае ззянне» (1959), «Каралінцы» (1960), «З пройдзеных дарог» і «Паляўнічыя боты» (гумарыст. апавяданні, абедзве 1962), «Незамужняя ўдава» (1965), «Пад дажджом і сонцам» (1966), «Спатканне пасля разлукі» (1971), «Роздум у дарозе» (1973); кнігі нарысаў пра дзеячаў бел. л-ры і культуры «Колерамі вясёлкі» (1975). Аповесці «Юнацтва ў дарозе» (1956—60), «Выпрабаванне сталасці» («Іду ў жыццё», 1961), «Былое застаецца ў сэрцы» (1963) склалі трылогію «Іду ў жыццё» (1968). У творах паказваў людзей працавітых, адданых сваёй справе, сумленных, шчырых, выкрываў вытокі бездухоўнасці, мяшчанства. Лепшыя творы адметныя складанасцю псіхал. канфліктаў, прасякнуты высокім маральным пафасам. Іх мова сакавітая, нар., насычаная спецыфічнай дыялектнай ці прафес. лексікай.
Тв.:
Выбр. творы Т. 1—2. Мн., 1967—68;
Выбранае. Мн., 1977;
Творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Карпаў У. Раман Сабаленка // Полымя. 1963. № 7;
Александровіч С. Згадваючы далёкае і блізкае // Там жа. 1967. № 10;
Шамякіна Т. След у літаратуры // Там жа 1977. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІК (Лідзія Сямёнаўна) (н. 1.3.1936, в. Камуна Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец і крытык. Сястра І.С.Шыкуновай. Канд.філал.н. (1977). Акад.Міжнар.АН Еўразіі (1995). Скончыла БДУ (1962). Настаўнічала. Працавала ў Цэнтр. б-цы імя Я.Коласа АН Беларусі, з 1978 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (адначасова з 1982 у Бел. ун-це культуры). Друкуецца з 1974. Даследуе праблемы развіцця бел. л-ры 20 ст., сучасны літ. працэс, спадчыну рэпрэсіраваных пісьменнікаў, творчасць пісьменнікаў бел. замежжа. Выдала творы С.Баранавых, Б.Мікуліча, Я.Нёманскага. Аўтар манаграфій «Адчуванне часу: Тэма вёскі ў сучаснай беларускай прозе» (1981), «Каб не астыла цяпло зямлі» (1984), «Пад мірным небам бацькаўшчыны: Нарыс творчасці Б.Сачанкі» (1986), «Вяртанне: Жыццяпіс Б.У.Кіта» (1993), арт. пра Н.Арсенневу, А.Асіпенку, Я.Брыля, В.Быкава, С.Грахоўскага, У.Дудзіцкага, А.Жука, Х.Ільяшэвіча, В.Іпатаву, М.Кавыля, У.Караткевіча, А.Кудраўца, І.Мележа, П.Місько, А.Саковіч, Б.Сачанку, Я.Сіпакова, Я.Скрыгана, У.Случанскага, М.Сяднёва, І.Шамякіна і інш. Сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНКАЎ (Барыс Віктаравіч) (7.19.1879, г. Харкаў, Украіна —7.5.1925),
расійскі паліт. дзеяч, літаратар. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях). З 1898 у с.-д. групе «Рабочы сцяг». У 1901 сасланы ў Волагду, адкуль уцёк за мяжу. У 1903 уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), нам. кіраўніка іх баявой арганізацыі. Удзельнічаў у забойствах міністра ўнутр. спраў В.К.Плеве (1904) і вял. князя Сяргея Аляксандравіча (1905). У 1906 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Пад псеўданімам В.Ропшын выпусціў аповесць «Конь бледны» (1909) і раман «Тое, чаго не было» (1914), у якіх узняў маральна-этычныя праблемы, звязаныя з тэрорам. З крас. 1917 у Расіі, камісар Часовага ўрада. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэв. змоў. Разам з С.Н.Булак-Балаховічам у пач. 1920-х г. арганізаваў рэйды ваен. атрадаў у Сав. Беларусь з тэр. Польшчы. Свае ўражанні пра Беларусь адлюстраваў у аповесці «Конь вараны» (1923). У жн. 1924 нелегальна перабраўся ў СССР. Арыштаваны ў Мінску. Прыгавораны да пакарання смерцю, замененага 10 гадамі турэмнага зняволення. У пісьмах з турмы заклікаў сваіх паплечнікаў адмовіцца ад барацьбы супраць сав. улады. Паводле афіц. версіі, скончыў самагубствам.
Тв.:
Воспоминания террориста;
Конь бледный;
Конь вороной. М., 1990.
Літ.:
История терроризма в России в документах, биографиях, исследованиях. 2 изд. Ростов н/Д, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІ (сапр.Табілевіч) Мікалай Карпавіч
(18.3.1856, с. Каменна-Каставатае Брацкага р-на Мікалаеўскай вобл., Украіна — 7.2.1933),
украінскі акцёр, рэжысёр. Брат І.Карпенкі-Карага, П.Саксаганскага. У 1881 пачаў дзейнасць у прафес. т-ры; працаваў у трупах М.Крапіўніцкага, М.Старыцкага і інш. У 1888 узначаліў (з М.Занькавецкай) сваю трупу (у 1898 аб’ядналася з трупай Саксаганскага, у 1900 — Крапіўніцкага), якая стала адным з лепшых укр.тэатр. калектываў. У 1906 арганізаваў першы ўкр. стацыянарны прафес.т-р (працаваў у Палтаве, пасля да 1920 у Кіеве). У 1921—23 узначальваў прафес.т-р у Ужгарадзе. Некат. час жыў у Чэхіі. З 1926 на радзіме, гастраліраваў у розных тэатр. калектывах. Самабытны акцёр, сцэн. творчасць якога засн. на глыбокім веданні жыцця, побыту і гісторыі народа. Сярод роляў: Багдан Хмяльніцкі, Тарас Бульба (аднайм. драмы Старыцкага), Гнат, Тарас, Апанас, Мартын Баруля, Сава («Абяздоленая», «Бандароўна», «Бурлака», «Мартын Баруля», «Сава Чалы» Карпенкі-Карага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Старшына («Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Камандор («Каменны гаспадар» Л.Украінкі). Ставіў п’есы Б.Грынчанкі, Л.Яноўскай, Л.Украінкі, С.Васільчанкі, Гогаля, А.Астроўскага, Л.Талстога, оперы М.Лысенкі, Р.Казачэнкі, Дз.Січынскага, С.Манюшкі, Б.Сметаны і інш. Аўтар лібрэта да оперы Лысенкі «Энеіда» (паводле І.Катлярэўскага), мемуараў «Успаміны з руска-турэцкай вайны» (1917), «Мае тэатральныя ўспаміны» (1907—29).
Літ.:
Василько В.С. Микола Садовський та його театр. Київ, 1962;