КУНІ́ЦКАЯ Тамара Арцёмаўна (н. 16.9.1941, г. Краснадар, Расія),
бел. піяністка, педагог. Засл. дз. культ. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). З 1970 выкладчык муз. школы, заг.навуч. часткі, з 1976 дырэктар муз. школы імя Я.Глебава ў Мінску. Прапагандуе бел.муз. мастацтва. Аўтар метадычных распрацовак і артыкулаў па праблемах муз. педагогікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЎШЫЦ Давыд Уладзіміравіч (? — 1941),
сацыял-гігіеніст, адзін з арганізатараў аховы здароўя на Беларусі. Праф. (1930). З 1930 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова кіраўнік Ін-та арганізацыі аховы здароўя і сац. гігіены. Навук. працы па падрыхтоўцы мед. кадраў, сан. статыстыцы, ахове здароўя насельніцтва Беларусі. Загінуў у акупіраваным ням. фашыстамі Мінску ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІЦІРО́ЎКА,
якасная ацэнка асобных прыродных рэсурсаў (водаў, глебаў, лясоў, жывёльнага свету і інш.), іх тэрытарыяльных спалучэнняў або сукупнасцяў (біягеацэнозаў, ландшафтаў, угоддзяў, запаведных участкаў і інш.) ці асобных гасп. каштоўнасцяў. Найбольшае гасп. значэнне мае баніціроўка с.-г. жывёл, глебы і лесу (гл.Банітэт).
Баніціроўка сельскагаспадарчых жывёл — іх ацэнка паводле племянных і прадукцыйных вартасцяў для вызначэння парадку далейшага выкарыстання. Уключае комплексную ацэнку жывёл паводле паходжання, экстэр’еру, прадукцыйнасці, узнаўленчай здольнасці і якасці патомства. Адно засн. масавых мерапрыемстваў па паляпшэнні статкаў. На Беларусі праводзіцца (з 1934) заатэхнікамі-селекцыянерамі ці спецыялістамі-баніцёрамі ва ўсіх племянных статках штогод у пэўныя тэрміны. Баніціруюць: кароў, быкоў, маладняк буйн. раг. жывёлы з 6 месяцаў; свінаматак, кныроў, рамонты маладняк з 2 месяцаў; аўцаматак, бараноў і маладняк авечак танкарунных і паўтанкарунных парод з аднагадовага ўзросту, грубашэрсных, мяса-сальных і неспецыялізаваных парод ва ўзросце каля 1,5 года, футравых — у 7—8 месяцаў, смушкавых — ва ўзросце 1—2 сут; маладняк козаў ва ўзросце 3,5—4 месяцаў і 1 года; дарослую птушку, маладняк курэй і індыкоў з 2 месяцаў, качак і гусей з 3 месяцаў. Паводле вынікаў баніціроўкі фарміруюць племянное ядро, племянны маладняк, групу жывёл, не прыдатных на племя, і інш. групы, распрацоўваюць мерапрыемствы для павышэння даходнасці фермаў. Баніціроўка глебы — параўнальная ацэнка якасці глебы па яе найважнейшых агранамічных уласцівасцях. Неабходна для эканам. ацэнкі зямлі, вядзення зямельнага кадастру, меліярацыі і інш. Пры баніціроўцы ўлічваюцца прыродныя якасці глебы (грануламетрычны склад, увільготненасць, завалуненасць і камяністасць, кіслотнасць), дабратворны і шкодны ўплыў на яе гасп. дзейнасці чалавека (намнажэнне гумусу, асн. пажыўных рэчываў для раслін, пашкоджанасць у выніку эрозіі і інш.). Баніціроўка вядзецца па 100-бальнай шкале. Ва ўмовах Беларусі найвышэй ацэнены дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы — 63—100 балаў. Бал банітэту глебаў дзярнова-падзолістых 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных 20—64, тарфяна-балотных 36—75, поймавых 31—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т СССР,
вышэйшы пастаянна дзеючы орган дзярж. улады ў СССР у 1936—91. Да 1989 выбіраўся грамадзянамі СССР на 4 гады на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права тайным галасаваннем. Складаўся з 2 раўнапраўных палат: Савета Саюза і Савета Нацыянальнасцей. Кожная палата стварала пастаянныя камісіі.
Сесіі склікаліся не радзей чым 2 разы на год. Са складу Вярхоўнага Савета СССР выбіраўся Прэзідыум. Вярхоўны Савет СССР ствараў урад Савета Міністраў СССР, выбіраў Вярх. суд СССР, прызначаў Ген. пракурора СССР, зацвярджаў 5-гадовыя планы развіцця краіны. Скліканні Вярхоўнага Савета СССР: 1-е (1937), 2-е (1946), 3-е (1950), 4-е (1954), 5-е (1958), 6-е (1962), 7-е (1966), 8-е (1970), 9-е (1974), 10-е (1979), 11-е (1984). З 1989 склад Вярхоўнага Савета СССР фарміраваўся на з’ездзе народных дэпутатаў СССР. Паводле Закона СССР ад 5.9.1991 «Аб органах дзяржаўнай улады і кіравання Саюза ССР у пераходны перыяд» Вярхоўны Савет СССР складаўся з 2 самаст. палат: Савета Рэспублік і Савета Саюза. Прадугледжвалася, што ў Савет Рэспублік павінна ўваходзіць па 20 дэпутатаў ад кожнай суверэннай рэспублікі знар. дэпутатаў СССР і рэспублік. Іх дэлегавалі вышэйшыя органы дзярж. улады гэтых рэспублік. У адпаведнасці з пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 18.9.1991 у склад Савета Рэспублік было дэлегавана 9 нар. дэпутатаў СССР і 11 нар. дэпутатаў Беларусі. Савет Саюза фарміраваўся дэпутацыямі суверэнных рэспублік толькі знар. дэпутатаў СССРпа ўзгадненні з вышэйшымі органамі дзярж. улады рэспублік. Ад Рэспублікі Беларусь у Савет Саюза ўваходзіла 10 дэпутатаў. Вярхоўны Савет СССР сумеснымі рашэннямі абедзвюх палат мог уносіць змены ў Канстытуцыю СССР, прымаць у склад Саюза ССР новыя дзяржавы, заслухоўваць Прэзідэнта СССРпанайб. важных пытаннях і інш. У снеж. 1991 у сувязі са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дэнансацыяй Дагавора 1922 аб стварэнні СССР Вярхоўны Савет СССР спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял.Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.М.Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.К.Маставенка) і 13-га (ген.-м. П.А.Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале зген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.С.Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале зген.-палк. А.І.Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.
Літ.:
Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТО́Н,
дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.
Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙103кг/м³, Харона 2,18 ∙103кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙1022кг. У 1999 Міжнар.астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ВАЯЎНІ́ЧЫХ БЯЗБО́ЖНІКАЎ (СВБ),
масавая атэістычная арг-цыя ў СССР у 1925—47. Створаны ў крас. 1925 на з’ездзе карэспандэнтаў газ. «Безбожник» (1922—41), да чэрв. 1929 наз. «Саюз бязбожнікаў». Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. савет (нязменны кіраўнік Е.М.Яраслаўскі). Мэта — ідэйная барацьба з рэлігіяй ва ўсіх яе праявах праз фарміраванне ў грамадзян СССРматэрыяліст. светапогляду. Інш. друкаваныя органы: час. «Безбожник» (1925—41), «Антирелигиозник» (1926—41), «Юные безбожники» (1931—33) і інш. У 1940 СВБ налічваў каля 3,5 млн.чл., 96 тыс. ячэек на прамысл. прадпрыемствах, у калгасах і навуч. установах. З ім супрацоўнічалі вядомыя камуніст. дзеячы Н.К.Крупская, А.В.Луначарскі, І.І.Скварцоў-Сцяпанаў і інш. СВБ прапагандаваў прыродазнаўчыя навук. веды, вёў індывід.атэіст. работу з вернікамі, навук. даследаванні ў галіне атэізму і крытыкі рэлігіі, выдаваў навук.-папулярную л-ру, ствараў музеі і выстаўкі. Ў практыцы мясц. ячэек СВБ (асабліва ў першы перыяд) мелі месца і гвалтоўныя метады: закрыццё з дазволу або па ініцыятыве ўлад храмаў, акты вандалізму, дэманстратыўныя абразы пачуццяў вернікаў. На Беларусі з 1926 існаваў СВБ БССР як рэсп. аддзяленне (да 1929 — Саюз бязбожнікаў Беларусі). У ім удзельнічалі бел. вучоныя С.Я.Вальфсон, І.В.Герчыкаў, М.М.Нікольскі, У.І.Пічэта і інш.З 1929 пры Белдзяржвыдавецтве існавала секцыя выданняў СВБ БССР. У 1929 2-і з’езд СВБ СССР і ЦВКСССР крытыкавалі СВБ БССР за гвалтоўныя метады дзейнасці.
З сярэдзіны 1937 у выніку рэпрэсій палітычных пацярпелі многія кіраўнікі і актывісты СВБ, дзейнасць Саюза пачала набываць фармальны характар, пачаўся адток членаў. У пач.Вял.Айч. вайны ў 1941 дзейнасць СВБ спынена, у 1947 ён фармальна распушчаны, яго сродкі і функцыі па прапагандзе атэізму перададзены зноў створанаму Усесаюзнаму т-ву па пашырэнні паліт. і навук. ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЙСКІ ЦУКРО́ВЫ КАМБІНА́Т.
Створаны ў г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. ў 1959 як цукр.з-д. З 1976 камбінат. У 1975—85 у складзе камбіната дзейнічаў з-д каліброўкі насення цукр. буракоў, у 1976—85 — саўгас «Буракаводчы». Мае цэхі па перапрацоўцы цукр. буракоў і жамерынасушыльны. Працуе на мясц. сыравіне (цукр. буракі), часткова на прывазной (цукар-сырэц з Кубы і Бразіліі). Асн. прадукцыя (1996): цукар-пясок, жамерыны, патака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ Іван Цімафеевіч (6.7.1806, с. Глебава Гарадзішча Разанскай вобл., Расія — 22.11.1884),
рускі фізіёлаг і анатам. Скончыў Маскоўскую мед.-хірург. акадэмію (1830). З 1841 праф. гэтай акадэміі, з 1842 Маскоўскага ун-та, з 1857 Пецярбургскай мед.-хірург. акадэміі. Навук. працы па развіцці і прапагандзе эксперым. фізіялогіі ў Расіі, фізіялогіі апетыту і голаду, пра з’явы тармажэння ў нерв. сістэме. Увёў выкладанне мікраскапічнай анатоміі (1842). Правёў адно з першых палеагісталагічных даследаванняў маманта (1846).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́НСКІ Уладзімір Уладзіміравіч (7.2.1847, в. Шахварастоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 26.10.1918),
расійскі заолаг, эмбрыёлаг. Акад. Пецярбургскай АН (1897; чл.-кар. 1893). Скончыў Харкаўскі ун-т (1867). З 1871 праф. Казанскага, з 1882 — Новарасійскага (г. Адэса) ун-таў. Дырэктар з 1897 Заалаг. музея Пецярбургскай АН і адначасова з 1901 Севастопальскай біястанцыі. Навук. працы па параўнальнай эмбрыялогіі нерв. сістэмы беспазваночных і рыб. Распрацоўваў параўнальна-эмбрыялагічны кірунак, створаны работамі І.І.Мечнікава і А.А.Кавалеўскага.