помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНСІЛЬВА́НІЯ (Pennsylvania),
штат на ПнУ ЗША. Пл. 117,4 тыс.км². Нас. 12001,5 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Гарысберг. Вял. гарады і асн.прамысл.цэнтры: Філадэльфія, Пітсбург, Алентаўн, Эры. Большая ч.тэр. занята гарамі Апалачы (выш. да 979 м). На ПдУ частка Прыатлантычнай нізіны. Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля 0 °C, ліп. 21—25 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Рэкі Агайо, Саскуэхана і Дэлавэр суднаходныя. На ПнЗвоз. Эры. Пад шыракалістымі і хваёвымі лясамі 6,8 млн.га. П. — адзін з найб. эканамічна развітых штатаў. Пераважае цяжкая прам-сць. Вял. значэнне маюць выплаўка чыгуну і сталі, здабыча каменнага вугалю (Пенсільванскі антрацытавы басейн), вытв-сць коксу і цэменту; развіты металаапрацоўка і машынабудаванне, суднабудаванне і рэактарабудаванне, вытв-сць разнастайнага, у т. л.навук. абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; нафтаперапрацоўчая, хім., фармацэўтычная, сілікатна-керамічная, трыкат., швейная, тэкст., дрэваапр., біятэхналагічная, шкляная, буд. матэрыялаў прам-сць. У сельскай гаспадарцы найб. развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 1100, авечак — 83; курэй — 28,5 млн., бройлераў — 135,2 млн. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, кармавыя травы, бульбу, тытунь, агародніну. Садоўніцтва (яблыкі, персікі), вінаградарства. Прамысл. вырошчванне грыбоў. Марское рыбалоўства. Турызм у 1996 прынёс даход у 13,1 млрд.дол. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, авіяцыйны. Гал. марскі порт Філадэльфія.
Найб. стараж.мясц. насельніцтва — індзейскае племя алганкінаў. У пач. 17 ст. першыя еўрапейцы (галандцы і англічане) заснавалі тут гандл. факторыю. У 1638 шведы і фіны стварылі на тэр. П. сваю калонію, якая ў 1655 далучана да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 захоплена англічанамі. У 1681 У.Пен атрымаў ад караля Карла II ва ўладанне вял.тэр. ў Паўн. Амерыцы, на якой заснаваў калонію пад назвай П. (павінна была стаць узорам хрысц. грамадства). Яна мела сваю канстытуцыю і забяспечвала свабоду веравызнання. Пасля 1682 у П. пачалі перасяляцца англ.квакеры, валійцы, чл.ням. пратэстанцкіх сектаў, з 18 ст. — шатл., ірл. і ням. лютэране. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 П. — цэнтр патрыят. руху. Адзін з 13 штатаў-заснавальнікаў ЗША. У 19 ст. пасля адкрыцця на яе тэр. радовішчаў вугалю і ў 1859 нафты пачала хутка развівацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧАў Мінску
(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.Кілаватаў, кансультант В.Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.Столер),
павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.Заборскага і Л.Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.Паруснікаў, Г.Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.Ларчанка, Б.Школьнікаў, К.Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтрыг. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).
Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКІ ПАЛА́ЦАВЫ КО́МПЛЕКС помнік архітэктуры 17—18 ст. у г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Размешчаны на высокім узгорку ў паўд.-ўсх. частцы горада; з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Сапегаў. У 1-й пал. 17 ст. пабудаваны 2-павярховы крыжападобны ў плане мураваны палац з 3 вежамі: 2 квадратныя ў плане на гал. фасадзе і тарцы левага крыла і 5-гранная на паўн.-ўсх. вугле. У цэнтр.ч. палаца, якая выступала глыбокім рызалітам, размяшчаліся вестыбюль з 4-маршавай лесвіцай і вял. зала на 2-м паверсе, у бакавых ч. — жылыя пакоі, кабінеты, архіў, б-ка. У 1698 і ў Паўночную вайну 1700—21 разбураны, у 1-й пал. 18 ст. адноўлены. У 1784—86 перабудаваны (арх. Я.С.Бекер): 2 вежы разабраны, а тарцовая ўключана ў аб’ём палаца. Да цэнтр.ч.гал. фасада прыбудаваны порцік з падвойнымі пілястрамі і калонамі кампазітнага ордэра, завершаны трохвугольным франтонам са скульптурай. У дэкар. аздабленні палаца сумяшчаліся рысы позняга барока і класіцызму. Адначасова створаны палацавы комплекс з некалькіх згрупаваных вакол параднага двара карпусоў, з паркам, садамі і аранжарэяй. Сіметрычныя бакавыя карпусы размешчаны перпендыкулярна палацу і злучаны з ім паўцыркульнымі ў плане аркадамі. Усх. корпус падзяляўся параднай лесвіцай на 2 роўныя ч. — тэатр і манеж. Тэатр меў глыбокую сцэну з 7 планамі куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час спектакля. Падковападобная ў плане зала 2-ярусная: у 1-м ярусе было 14 ізаляваных лож, на 2-м — 15 з каралеўскай у цэнтры. Ложы ўпрыгожвалі ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. У зах. корпусе (не захаваўся) размяшчалася карцінная галерэя. Паралельна палацу па восі двара пабудавана ўязная брама з 2-павярховымі флігелямі па баках. Брама вырашана ў выглядзе 3-пралётнай трыумфальнай аркі, упрыгожана разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Фасады будынкаў дэкарыраваны руставанымі пілястрамі, ляпнымі гірляндамі, скульптурай, разнастайнымі абрамленнямі аконных праёмаў. З 1795 у палацавым комплексе размяшчаліся суконная і ткацкая ф-кі. У 1914 комплекс пашкоджаны, часткова рэстаўрыраваны ў 1930, у 1944 разбураны. Захаваліся гал. і ўсх. карпусы, аркады, уязная брама і флігелі, фрагменты аздобы інтэр’ераў і канструкцый перакрыццяў (знаходзяцца на кансервацыі).
Т.В.Габрусь.
Ружанскі палацавы комплекс. Руіны галоўнага корпуса палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
рака ў Мінскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 285 км, пл. вадазбору 5,2 тыс.км². Пачынаецца на Мінскім узв. за 1,5 км на ПдУ ад в. Шапавалы Валожынскага р-на Мінскай вобл., вусце на паўд.-ўсх. ускраіне в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Цячэ па цэнтр.ч. Мінскага ўзв. і па зах. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прытокі: Вяча (упадае ў Заслаўскае вадасховішча), Волма, Балачанка (злева), Цітаўка, Талька, Сіняя (справа). Даліна ў вытокавай частцы V-падобная і скрынепадобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 400—600 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя, выш. 10—12 м, парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая, радзей аднабаковая, чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, пераважна адкрытая, шыр. 300—500 м у верхнім, 0,8—1 км у ніжнім цячэнні. Рэчышча ад вытоку на працягу 4 км звілістае, месцамі каналізаванае, шыр. 3—4 м. У вярхоўі ад в. Векшыцы Мінскага р-на на працягу амаль 10 км з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У межах г. Мінска рэчышча шыр. 25—30 м, утварае 8 лукавін, каналізавана на 7 участках агульнай працягласцю 7,9 км (да в. Каралішчавічы Мінскага р-на). У цэнтры горада берагі забетанаваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шыр. 25—50 м; берагі выш. 2—3 м, месцамі 6—8 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Да буд-ва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы веснавое разводдзе пачыналася ў 2-й пал.сак., доўжылася 50 сут, найвыш. ўзроўні ўсталёўваліся ў сярэдзіне мая, найніжэйшыя — у ліп. і жн.; замярзала ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 45—50 мус. Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасх. (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк С. ўплывае таксама перакідка вады з р. Вілія па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. 3 вадасх. Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму. У Мінску і ніжэй рака моцна забруджана прамысл. і быт. сцёкамі. На С. — Асіповіцкая ГЭС, гарады Мінск, Заслаўе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́П’Е (Скопје),
Скопле (Skoplje), горад, сталіца Македоніі. Знаходзіцца на Пн краіны, на р. Вардар. Каля 500 тыс.ж., з прыгарадамі каля 650 тыс.ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр Македоніі. У С. сканцэнтравана каля 50% прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: тытунёвая, піваварная, садавіна-агароднінакансервавая, мукамольная, мясная, мылаварная, гарбарна-абутковая, тэкстыльная; новыя галіны: металургія, вытв-сць алюмініевых вырабаў, с.-г. машын, шкляная, цэм., мэблевая. Саматужнае дыванаткацтва. Македонская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. У 1963 горад моцна пацярпеў ад землетрасення.
У старажытнасці каля сучаснага С. знаходзіўся гал. горад ілірыйскага племя дарданаў Скупі, заваяваны ў канцы 1 ст. да н.э. рымлянамі. З канца 3 ст.н.э. Скупі — цэнтр рым. правінцыі Дарданія. У 518 ён разбураны землетрасеннем. У 6 ст. каля руін Скупі пабудаваны С. У канцы 7 ст. заселены славянамі. У 9—10 ст. у складзе Першага Балгарскага царства, з 1282 — сербскай дзяржавы. У 13—14 ст. буйны гандл.цэнтр. Пры Стэфане Душане (у 1331—55) С. — сталіца сербска-грэч. царства. У 1392—1912 пад уладай туркаў. З 1913 у складзе Сербіі, з 1918 Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, цэнтр. антыфаш. барацьбы. У 1946—91 сталіца Сацыяліст. Рэспублікі Македонія ў складзе СФРЮ.
Горад спалучаў сучасную забудову з сярэдневяковай. Да землетрасення, у выніку якога зруйнавана да 80% будынкаў, у ім захоўваліся рэшткі цыклапічных абарончых сцен і акведук (6 ст.), мячэці (Султана Мурата, 1436; 1схак-бега, 1438; Іса-бега, 1475; Мустафа-пашы, 1492; Ях’я-пашы, 1504), лазня (1489—97), 8-арачны каменны мост (15 ст.), заезныя дамы (15—19 ст.), крыты базар «безістэн» (1689), гадзіннікавая вежа (1566—72), царква св. Спаса (канец 17 — пач. 18 ст.) і інш. помнікі архітэктуры. Рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя работы вядуцца пераважна на аснове праекта яп.арх. К. Тангэ і макед. архітэктараў. У цэнтры горада пабудаваны Акадэмія навук і мастацтваў, Макед.нар.т-р, гіст. архіў і інш. Каля С. — руіны ілірыйскага і рым.г. Скупі (рэшткі т-ра, тэрм, базілікі, некропаля), царква св. Панцеляймона ў Неразі (1164, фрэскі). Музеі: этнагр., археал., маст. галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НГЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расіі. Утворана 23.9.1937. Пл. 587,4 тыс.км². Насельніцтва 1547,4 тыс.чал. (1994), гар. 76%. Цэнтр — г.Архангельск. Уключае Ненецкую аўтаномную акругу і астравы Паўн. Ледавітага ак. (Калгуеў, Вайгач, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Салавецкія і інш.). Найб. гарады: Котлас, Северадзвінск, Навадзвінск, Анега.
Прырода. Размешчана на ПнУсх.-Еўрапейскай раўніны. У паўн.-зах. частцы тэр. цягнецца горны краж Ветраны Пояс (выш. да 344 м), на ПнУ — Ціманскі краж (выш. да 303 м), Канін Камень (да 242 м) і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Цэнтральная ч. парэзана далінамі рэк, асобныя платопадобныя ўчасткі выш. 150—270 м (Каношскае і Няндомскае ўзвышшы, Беламорска-Кулойскае плато і інш.). На У ад Ціманскага кража — вялізная забалочаная Пячорская нізіна б.ч. якой занята Вяліказямельскай і Малазямельскай тундрамі з шэрагам марэнных градаў выш. да 250—275 м. Карысныя выкапні: медзь, баксіты, алмазы, свінцова-цынкавыя руды, вапнякі, даламіты, гліны, кварцавыя пяскі, нафта, прыродны газ, вял. запасы торфу. Клімат на Пн субарктычны, на Пд умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -18 °C, ліп. ад 8 да 16 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Паўн. Дзвіна (з прытокамі Вычэгда, Пінега і Вага), Пячора, Анега, Мязень. Густая сетка азёраў (каля 2,5 тыс.), найб. Лана, Кенвозера, Кожвозера. Рэзка выяўлена шыротная занальнасць глебава-расліннага покрыва. На ПнУ зона тундры (арктычная, мохава-лішайнікавая і хмызняковая) на тундрава-глеевых і тундрава-балотных глебах. Зона лесатундры занята рэдкалессем на тарфяна-глеевых і слабападзолістых глебах. Лясы займаюць ½ тэр. Архангельскай вобласці, пераважае тайга з елкі і хвоі, на У трапляюцца піхта і лістоўніца. У Архангельскай вобласці Пінежскі запаведнік.
Гаспадарка. Архангельская вобласць — буйны раён лесанарыхтоўкі, лесапілавання, лесаэкспарту, цэлюлозна-папяровай вытв-сці. Развіты машынабудаванне (суднабудаванне, суднарамонт, дарожныя машыны, абсталяванне для лясной прам-сці), лёгкая, харч.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Гал. галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля (высокапрадукцыйная халмагорская буйн. раг. жывёла). На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля, пушны і марскі промысел. Пасевы жыта, бульбы, агародніны. Марскі і рачны транспарт (водная трансп. сістэма — Паўн. Дзвіна з прытокамі), суднаходныя таксама Вычагда, Пячора, Мязень. Парты: Архангельск, Анега, Мязень, Нар’ян-Мар. Чыг. лініі Волагда-Архангельск, Канаш—Котлас—Мікуль. Касмадром Плясецк. Цэнтрынар. промыслаў: Каргапаль, Сольвычагодск, Халмагоры. Курорты: Сольвычагодск, Саланіха, Беламор’е і інш. На Салавецкіх а-вах гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік з Салавецкім манастыром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НІЯ,
старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл.цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э.паўд.ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.