ВІ́ШНЯ Астап (сапр. Губенка Павел Міхайлавіч; 12.11.1889 13.11.1889, с. Грунь Сумскай вобл., Украіна — 28.9.1966 28.9.1956),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. Майстар кароткага памфлета, сатыр. фельетона, гумарэскі. Аўтар кніг «Справы нябесныя» (1923), «Тварам да вёскі» (1926), «Усмешкі» (т. 1—4, 1930), «Зенітка» (1947), «Вішнёвыя ўсмешкі» (1950), «Мудрасць калгасная» (1952), «Нешчаслівае каханне» (1956) і інш. Сатыра Вішні — своеасаблівая маст. інтэрпрэтацыя сац., грамадска-паліт. з’яў і падзей, ёй уласцівы глыбіня адлюстравання і трактоўкі праблем, бачанне перспектыў.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1963—65;

Фейлетони. Гуморески. Усмішки. Щоденникові записи. Київ, 1984;

Бел. пер. — Усмешкі. Мн., 1930, 1969.

Літ.:

Дузь І. Остап Вишня. Київ, 1962.

А.Вішня.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МДЭГА (Zemdega; сапр. Баўманіс; Baumanis) Карл Янавіч

(7.4.1894, хутар Гайлі, каля г. Ціравы, Латвія — 9.11.1963),

латышскі скульптар. Засл. дз. маст. Латвіі (1947). Праф. (1940). Вучыўся ў АМ у Рызе (1924—27). Творам уласцівы рысы сімвалізму, сувязь з нац. традыцыямі. Аўтар работ, прысвечаных Я.​Райнісу: надмагілле (1934), партрэты, праекты помнікаў. Сярод манум. твораў: помнікі «Свабода» для гарадоў Райна (1933) і Добеле (1940), надмагіллі, рэльефы, статуя «Юстыцыя» для рыжскага Палаца правасуддзя (1937, цяпер Дзярж. маст. музей Латвіі), станковыя работы «Малая ноч» (1928), «Серафім» (1930), кампазіцыі «Сузіранне» (1947), «Муза» (па ўражаннях ад музыкі Э.​Дарзіня, 1948), «Замірае мелодыя» (1963) і інш.

К.Земдэга. Надмагільны помнік паэту Я.​Райнісу. 1934.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕБАНО́ВІЧ Міхась (Міхаіл Іванавіч; н. 14.3.1934, в. Грэск Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыў БДУ (1957). Працаваў на Бел. тэлебачанні (у 1977—96 гал. рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі). Друкуецца з 1971. Аўтар аповесцей «Іван Аляксеевіч» (1980), «Манька» (1985), «Імярэк» (1992), п’ес «Аплявуха» (паст. 1960), «Санітарны дзень» (паст. на Бел. радыё 1994), «Збродныя душы» (1997); сцэнарыяў тэлефільмаў: дакументальных «Вясёлка над полем» (1968), «Размова пра зямлю» (1971), «Салдаты перамогі» (1975), мастацкіх «Вера» (1993), «Варыяцыі» (1995); апавяданняў. Асн. тэмы твораў — жыццё сучаснай вёскі, маральна-этычныя праблемы; ім уласцівы добразычлівы дасціпны гумар, нестандартныя сітуацыі, сакавітая мова.

Тв.:

Ранішняе сонца: Апавяданні і аповесць Мн., 1981.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХТ (Laht) Уна (н. 30.4.1924, г. Валга, Эстонія),

эстонскі пісьменнік. Зб-кам сатыр. вершаў «Малочныя зубы» (1954), «Запламбаваныя малочныя зубы» (1956), «Вэнджаныя вугры і росныя ружы» (1960), «Мая родная даматканая глуш» (1973), «Ружовы шум» (1981) і інш. уласцівы актуальнасць тэматыкі і сатыр. вастрыня. Аўтар зб-каў гумарэсак і фельетонаў «Літаратурныя пародыі» (1969), навел «Ліквідацыя бардэля» (1974), прозы «На падножным корме» (1982), у якіх своеасабліва спалучаны сатыр. і рамант. элементы, п’ес. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў У.​Шахавец.

Тв.:

Рус. пер. — Соленый огурец. М., 1956;

В одном лице. М., 1960;

Банановый корабль в сиреневом тумане, и другое — с мягким прибалтийским акцентом. Таллин, 1985.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПТО́НЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі),

элементарныя часціцы, якім уласцівы электраслабае ўзаемадзеянне і гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Адрозніваюцца ад адронаў, кваркаў і інш. адсутнасцю моцнага ўзаемадзеяння, напр. паміж сабой, паміж Л. і кваркамі. Маюць спін ​1/2 і адносяцца да ферміёнаў. Падзяляюцца на 3 сям’і (пакаленні): электрон і электроннае нейтрына, μ​− мезон і мюоннае нейтрына, τ​− Л. і таоннае нейтрына, а таксама іх антычасціцы (пазітроны, μ​+ мезон, τ​+ Л.) і адпаведныя антынейтрына; з кожнай з гэтых сем’яў звязваюць асобны лептонны лік. Л. не маюць структуры, утвараюць вадародападобныя атамарныя станы тыпу пазітронія, мюонія і інш.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ХВІЦКАЯ Міра (Марыя) Аляксандраўна (1.12.1869, С.-Пецярбург — 9.9.1905),

руская паэтэса. Сястра Н.А.Тэфі. Скончыла Аляксандраўскі ін-т (1888) у Маскве. Друкавалася з 1888. Першы зб. «Вершы» (1896; Пушкінская прэмія АН). Асн. тэма творчасці — каханне. Лірыцы Л. уласцівы культ прыгажосці, апяванне свабоднага пачуцця, экзатызм, цікавасць да фальклору, легенды, міфа. Аўтар драм. паэм «Два словы», «На шляху да Усходу», «Вандэлін», «In nomine Domini» («У імя Бога», усе 1900—04) і інш. на сярэдневяковыя і біблейскія тэмы. Многія яе вершы пакладзены на музыку Р.​Гліэрам, С.​Танеевым і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—5. М.; СПб., 1896—1904;

у кн.: Царицы муз: Рус. поэтессы XIX — нач. XX вв. М., 1989.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТА́ Аляксандр Навумавіч (н. 28.3. 1933, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Фільмам уласцівы дакладнасць і цэласнасць рэжысёрскай задумы, жанравая разнастайнасць, арганічнае спалучэнне розных, часам кантрастных стылістычных элементаў: «Без страху і папроку» (1963), «Звоняць, адчыніце дзверы» (1966, гал. прэмія Міжнар. фестывалю ў Венецыі), «Кропка, кропка, коска...» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), «Ззяй, ззяй, мая зорка» (1970), «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа ажаніў» (1976), «Экіпаж» (1980), «Казка вандраванняў» (1983, сумесна з Чэхіяй і Румыніяй), «Запас трываласці», «Крок» (абодва 1988; сумесна з Японіяй), «Згублены ў Сібіры» (1991, сумесна з Вялікабрытаніяй) і інш.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КАС (Okas) Эвальд (н. 28.11.1915, Талін),

эстонскі мастак. Нар. маст. СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1975). Герой Сац. Працы (1985). Вучыўся ў Вышэйшым маст. вучылішчы ў Таліне (1938—41). З 1944 выкладаў у Эстонскім маст. ін-це (з 1954 праф.). Творам уласцівы вастрыня тыпізацыі, драматызм апавядальнасці, дынаміка кампазіцыі: «Вайна ў Махтрэ» (1958), «Тыгр» гарыць» (1973), «На будоўлі электрастанцыі» (1977). Аўтар графічных серый «Сланцавая прамысловасць Эстонскай ССР» (1959), «Калевіпоэг» (1961), «Японія», «Індыя» (абедзве 1965), «Уражанні пра Галандыю, Бельгію і Люксембург» (1968), «Горад» (1974). Дзярж. прэміі Эстоніі 1947, 1948, 1950, 1959, 1965.

Літ.:

Олеп Я. Э.​Окас. Таллин, 1982.

Э.Окас. Лінда. З серыі «Калевіпоэг». 1961.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРО́Ў Мікалай Афанасьевіч (17.2.1918, г. Шахты Растоўскай вобл., Расія — 1997),

расійскі графік. Нар. маст. Расіі (1968). Нар. маст. СССР (1977). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1940—50), з 1949 выкладаў у ім. У 1973—88 старшыня праўлення Саюза мастакоў СССР. У 1991—92 прэзідэнт АМ СССР. Творам уласцівы тонкасць каларыту, выразная рытміка буйных каляровых плоскасцей, архітэктанічная яснасць кампазіцыі: серыі «Шахцёры Данбаса» (1949—50), «Паўночны В’етнам» (1957, 1958), «Па Індыі» (1961), «Дарогі да Асуана» (1966—67), «Ветразі Падмаскоўя» (1969), «На Доне» (1980—81). Дзярж. прэмія СССР 1951.

М.Панамароў Шахцёры Хан-гая. З серыі «Паўночны В’етнам». 1957.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТ (Pratt) Эдвін Джон (4.2.1883, Уэстэрн-Бей, Канада — 26.4.1964),

канадскі паэт. Скончыў ун-т у г.Таронта, у 1920—53 праф. гэтага ун-та. Пісаў на англ. мове. Гал. тэма першых зб-каў паэзіі «Ньюфаўндлендскія вершы» (1923), «Варыва ведзьмаў» (1925), «Вершы мора» (1930) — рамантызаваная еднасць чалавека і мора. Паэмы «Тытаны» (1926), «Рузвельт» і «Антыноя» (1930), «Гібель «Тытаніка» (1935) пра змаганне чалавека з прыродай. Аўтар паэмы «Брэбёф і яго браты» (1940), зб-каў вершаў «Дзюнкерк» (1941), «Нацюрморт» і іншыя вершы» (1943), «Яны вяртаюцца» (1945), «За калодаю» (1947), «Да апошняга вастрыя» (1952), якім уласцівы антываен. і антыфаш. матывы, гуманіст. накіраванасць.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)