вышэйшы судовы орган Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1923. Складаецца з 45 суддзяў, у т. л. Старшыні, яго намеснікаў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і выконваюць свае абавязкі бестэрмінова. Дзейнічае ў складзе калегій па цывільных справах, крымін. справах, Ваен. калегіі, Прэзідыума і Пленума. У межах сваіх паўнамоцтваў суд разглядае справы ў касацыйным і наглядным парадках і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда 1-й інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законам; вывучае і абагульняе суд. практыку, аналізуе суд. статыстыку і дае тлумачэнні па пытаннях выкарыстання заканадаўства; уносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Вярх. суда вызначаны Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНАГЕНЕ́ТЫКА (ад імунітэт + генетыка),
раздзел імуналогіі, які вывучае генет. абумоўленасць фактараў імунітэту, унутрывідавую разнастайнасць і наследаванне тканкавых антыгенаў, генет. і папуляцыйныя аспекты ўзаемаадносін макра- і мікраарганізма і тканкавую несумяшчальнасць, анта- і філагенез імуннага адказу. Зарадзілася ў пач. 20 ст. ў сувязі з даследаваннямі груп крыві жывёл і чалавека (аўстр. ўрач К.Ландштайнер, англ. вучоны Дж.Натал і інш.). Далейшае развіццё І. звязана з адкрыццём генаў, што кадзіруюць сінтэз антыгенаў тканкавай сумяшчальнасці, і генаў, якія рэгулююць імунны адказ. Даказана, што падтрыманне генет. пастаянства саматычных (непалавых) клетак ажыццяўляецца шляхам падтрымання размнажэння ідэнтычных паводле генатыпу клетак і актыўнага прыгнечання размнажэння клетак, якія генетычна адрозніваюцца паміж сабой. Практычнае значэнне мае вывучэнне генет. асаблівасцей фарміравання імунітэту, алергіі, імуналагічнай талерантнасці, а таксама пашкоджанняў імуннай сістэмы, якія перадаюцца ў спадчыну. Вынікі імунагенет. даследаванняў маюць значэнне пры трансплантацыі органаў і тканак, для трансфузіялогіі, клінічнай імуналогіі, племянной справы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦА́Н (Ян) (Joannes Veliconsis; ? — каля 1611),
друкар і кнігавыдавец ВКЛ. Друкарскаму майстэрству вучыўся ў Кракаве. З 1576 друкар Лоскай друкарні (каля Маладзечна). Выдаў 7 (або 8) кніг на польск. і лац. мовах, у т. л. трактаты «Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры» С.Буднага (1576), «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» А.Маджэўскага-Фрыча (1577), творы М.Чаховіца, Я.Палеалога. У 1580—1611 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаў больш за 100 кніг на польск., лац. і грэч. мовах, у т. л. свецкія творы Цыцэрона, Іосіфа Флавія, Геліядора, Эразма Ратэрдамскага, «Масковія» А.Пасевіна (1586), «Апафегматы» Б.Буднага (1599), «Арэх валоскі» Я.Казаковіча (1603), навук.-вучэбныя і мед. кнігі, календары і інш. Кнігі вылучаліся высокім узроўнем друкарскага мастацтва. Прадаўжальнікам справы К. стаў яго сын Іосіф, які прыняў каталіцтва і змяніў выдавецкую тэматыку.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 80—112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),
суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
1) сукупнасць форм і метадаў крэдытавання ў рамках адной краіны (гл.Крэдыт).
2) Агульная назва крэдытных устаноў краіны. К.с. акумуліруе свабодныя грашовыя капіталы і выдае пазыкі прадпрыемствам (фірмам, кампаніям), ураду прыватным асобам, накіроўвае грашовыя сродкі з адных сектараў эканомікі ў іншыя, стварае інвестыцыйны клімат у краіне і вызначае правілы ў крэдытна-грашовым абарачэнні. Сучасная К.с. прамыслова развітых краін сфарміравалася пад уплывам такіх фактараў, як спецыялізацыя крэдытна-фін. устаноў, канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу, зліццё або зрошчванне банкаўскіх і прамысл. манаполій, інтэрнацыяналізацыя банкаўскай справы і інш. Яна ўключае розныя віды банкаў (гл.Банкі, Знешнегандлёвыя банкі, Інвестыцыйны банк, Іпатэчны банк, Камерцыйны банк), спецыялізаваныя нябанкаўскія крэдытна-фін. ўстановы: страхавыя кампаніі, пенсіённыя фонды, ламбарды і інш. У К.с. Рэспублікі Беларусь уваходзяць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. банкам краіны, і камерцыйныя банкі, праз якія рэалізуецца крэдытная палітыка дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых і буйнейшых ВНУ Кітая. Засн. ў 1898 як Вышэйшая школа, з 1911 П.у. У час нац.-вызв. вайны 1937—45 знаходзіўся ў эвакуацыі ў г. Куньмін. У выніку рэарганізацый у 1945, 1952, 1977 да яго далучаны некаторыя ф-ты інш.ВНУ Пекіна, шэраг ф-таў ун-та пераўтвораны ў самастойныя ін-ты. У 1995/96 навуч.г. больш за 12 тыс. студэнтаў; ф-ты: матэматыкі; тэорыі імавернасці і статыстыкі; механікі; фізікі; геафізікі; прыкладной фізікі; радыёэлектронікі; камп’ютэрных навук; хіміі; біялогіі; геалогіі; геаграфіі; псіхалогіі; кіт. мовы і л-ры; гісторыі; археалогіі; філасофіі; знешняй палітыкі; эканомікі; менеджменту ў эканоміцы; права; бібліятэчнай справы і інфарматыкі; сацыялогіі; усх. моў і л-ры; зах. моў і л-ры; англ. мовы; рус. мовы і л-ры; палітыкі і адм. кіравання. У складзе ун-та выд-ва, б-ка (4 млн. тамоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЕРЭ́НДАР (ад лац. referendarius службовая асоба),
пасада (урад) у Рэчы Паспалітай. У Польшчы пасады свецкага і духоўнага Р. уведзены ў 1507, у ВКЛ вядомы адпаведна з 1539 і 1575. Выслухоўвалі скаргі прыватных асоб і паведамлялі іх змест канцлеру (а той даводзіў іх да караля), паведамлялі рашэнні манарха на пададзеныя просьбы і скаргі. Знаходзіліся стала пры каралю, давалі яму парады. У 1633 духоўны Р. ВКЛ атрымаў права ўдзельнічаць у пасяджэннях Сената з правам дарадчага голасу. У 1635 ураўнаваны ў правах з каронным духоўным Р., засядаў у каралеўскім рэляцыйным судзе, дзе разглядаліся інфлянцкія і курляндскія справы. У гэты час у ВКЛ заснаваны рэферэндарскі суд (ажыццяўляўся аднаасобна духоўным Р.) як вышэйшы даменіяльны суд караля. Разглядаў скаргі сялян каралеўскіх уладанняў (каралеўшчын) ВКЛ на старостаў і дзяржаўцаў. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для рэферэндарскага суда быў задворны асэсарскі (каралеўскі) суд. У 1540—70-я г. пасада Р. існавала і ў Падляшскім ваяв.