ГЕАРГІ́ЕЎ (Кіман) (11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),

дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл. паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л. нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАЎЧУ́К (Міхаіл Трыфанавіч) (19.11.1908, в. Занужоўе Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.1.1990),

філосаф, парт. дзеяч. Чл.-кар. АН СССР (1946). Д-р філас. н. (1946), праф. (1939). Скончыў Акадэмію камуніст. выхавання (1931). З 1933 на парт. і навук. рабоце, у 1947—49 сакратар ЦК КП(б)Б. У 1970—78 рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, рэдагаваў час. «Философские науки». Даследаваў гісторыю рус. філасофіі, метадалагічныя праблемы гісторыі філасофіі. Аўтар кн. «Г.​В.​Пляханаў і яго працы па гісторыі філасофіі» (1960), адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—65), «Гісторыі філасофіі ў СССР» (т. 1—5, 1968—88).

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Юрый Сцяпанавіч) (н. 3.2.1922, г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобл., Расія),

ваенны дзеяч, журналіст. Ген.-лейт. (1981). Скончыў Пушкінскае танк. вучылішча (1942), Акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1957). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт. франтах, камандзір танка і ўзвода танкаў. У 1957—74 служыў у БВА, камандзір батальёна, палка, дывізіі, нам. камандуючага 7-й танк. арміі. У 1974—77 ваен. саветнік на Кубе. У 1977—83 нам. камандуючага Прыволжскай ваен. акругі. З 1983 у адстаўцы, жыве ў Мінску. Аўтар публікацый на ваен.-патрыят. тэматыку, брашур «Салдацкая доблесць і воінскі абавязак», «Баявы летапіс беларускіх палкоў» (абедзве 1994), «Творцы ратнай славы» (1995) і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ДАЛЬ (Эдуард Антонавіч) (парт. псеўд. Андрэй; 23.1.1909, г. Віцебск — 27.11.1938),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1928 на камсам. рабоце ў Віцебску: сакратар гаркома, заг. аддзела акругкома. З 1931 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: Заг. ваен. аддзела ЦК КПЗБ, сакратар Віленскага, Беластоцкага акругкомаў КПЗБ, упаўнаважаны ЦК КПЗБ па Гродзенскім, Слонімскім, Ваўкавыскім пав. У 1933—34 чл. Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ у Варшаве. У 1934 у польскай секцыі Камінтэрна ў Маскве, потым зноў у Сакратарыяце ЦК КПЗБ. З 1935 у Віцебску. Працаваў на лесазаводзе. У 1937 арыштаваны, у 1938 расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў [свецкае імя Бруцкі Іван (Ян); н. 22.1.1926, в. Белавуша Столінскага р-на Брэсцкай вобл.],

бел. эмігранцкі рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Манітобскі ун-т (1954) у г. Вініпег (Канада), Укр. правасл. семінарыю ў г. Баўнд Брук (ЗША). У 1943 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З 1947 у Канадзе. З 1957 старшыня Згуртавання беларусаў Канады. З 1962 у ЗША, старшыня аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Дэтройце, член рады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. У 1979 прыняў сан свяшчэнніка, з 1981 епіскап, з 1984 мітрапаліт БАПЦ. Узначальвае кансісторыю БАПЦ, прымае ўдзел у выданні час. «Царкоўны пасланец».

Л.​У.​Языковіч.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЮ́ШЫН (Іван Макаравіч) (1.7.1903, в. Прокшанічы Магілёўскага р-на — 5.10.1997),

бел. філосаф, дзярж. дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1950). Скончыў БДУ (1930). З 1932 на навук. і парт. рабоце, з 1944 нам. старшыні СМ БССР. З 1947 дырэктар Ін-та філасофіі і права, гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі. У 1951—61 міністр асветы БССР. У 1961—75 на выкладчыцкай рабоце. Асн. працы па праблемах тэорыі пазнання, нац. палітыкі, развіцця нар. асветы на Беларусі.

Тв.:

Аб пралетарскім інтэрнацыяналізме ў нацыянальна-каланіяльным пытанні. Мн., 1935 (разам з С.​Я.​Вольфсанам);

Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961 (разам з С.​А.​Умрэйкам).

І.М.Ільюшын.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ДЛЬ ((Jodl) Альфрэд) (10.5.1890, г. Вюрцбург, Германія — 16.10.1946),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1944). Скончыў кадэцкі корпус (1910). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1920 пераважна ў Генштабе. У 1939—45 нач. штаба аператыўнага кіраўніцтва Вярх. галоўнакамандавання ўзбр. сіл (вермахта), адзін з гал. ваен. саветнікаў А.​Гітлера. З канца крас. 1945 на камандным пункце адм. К.Дзёніца, па даручэнні якога 7.5.1945 падпісаў у г. Рэймс акт аб агульнай капітуляцыі вермахта перад зах. саюзнікамі СССР. 23.5.1945 арыштаваны. На Нюрнбергскім працэсе прыгавораны да пакарання смерцю. У 1953 рэабілітаваны судом ФРГ.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Дж. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 16.8.1925, в. Дубравіца Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Засл. будаўнік Беларусі (1964). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1954). З 1948 на Мінскім маторарамонтным з-дзе, з 1954 майстар, прараб, нач. буд. ўпраўлення, кіраўнік будтрэста ў Мінску і Салігорску. З 1966 нам. міністра буд-ва БССР. У 1967—77 старшыня Мінскага гарвыканкома, у 1977—78 1-ы нам. старшыні Дзяржплана БССР, з 1978 нам., з 1983 1-ы нам., у 1986—90 Старшыня Савета Міністраў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1971—90, ЦК КПСС у 1986—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1970—90, СССР у 1984—91.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́ЎЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1853, г. Ноўгарад, Расія — 1943),

расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1914). Скончыў Аляксандраўскі ліцэй (1872). Працаваў у Мін-ве юстыцыі (1873—79), гал. турэмным упраўленні МУС (1879—90), Дзярж. канцылярыі (1890—96). У 1896—1902 таварыш міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ, у 1902—04 дзярж. сакратар. У 1904—14 (з перапынкам у 1905—06) міністр фінансаў. Пасля забойства П.А.Сталыпіна старшыня Савета Міністраў (вер. 1911 — студз. 1914, адначасова і міністр фінансаў). Выступаў за працяг унутрыпаліт. курсу Сталыпіна, умацаванне рас.-франц. саюзу, змякчэнне супярэчнасцей паміж Расіяй і Германіяй. Пазней буйны банкір. З 1918 жыў у Францыі. Аўтар успамінаў (т. 1—2, 1933).

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РГА КАБАЛЬЕ́РА ((Largo Caballero) Франсіска) (15.10.1869, Мадрыд — 25.3.1946),

іспанскі прафс., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1894 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ІСРП). У 1917—18 зняволены за ўдзел у арганізацыі ўсеагульнай забастоўкі. З 1918 дэп. картэсаў. У 1925—37 ген. сакратар Усеагульнага саюза працоўных. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 міністр працы (1931—33), старшыня ІСРП (1932—35, лідэр яе левага крыла). За ўдзел у паўстанні супраць урада правых рэспубліканцаў у 1934 зняволены (амнісціраваны ў лют. 1936), прэм’ер-міністр і ваен. міністр урада Нар. фронту (вер. 1936 — май 1937). З 1939 у эміграцыі ў Францыі. У 1942—45 зняволены ў ням.-фаш. канцлагеры.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)