ІДЭА́Л (франц. idéal ад грэч. idea ідэя, паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая азначае ўзоры і ўяўленні пра дасканалыя грамадскія сістэмы, абсалютную гармонію, справядлівасць і прыгажосць, найвышэйшую мэту імкненняў і дзейнасці. Адпаведна гэтаму адрозніваюцца ідэальныя аб’екты або мадэлі навукі (паняцце ідэальнага), грамадска-паліт., этычныя І. і ідэалы эстэтычныя. Суадносіцца з каштоўнасцямі, якія даследуюцца аксіялогіяй і сацыялогіяй. Паводле структуры І. ўяўляюць сабой дыялектычна супярэчлівае адзінства аб’ектыўнага быцця і яго суб’ектыўнай ацэнкі.
У грэка-рымскай антычнасці гуманіст. І. людской асобы ўзнік як адзінства фіз. дасканаласці і маральных паводзін, асабістых і грамадскіх інтарэсаў. У хрысц. цывілізацыі абс. І. зададзены вучэннем пра боскую Тройцу, зямное ўвасабленне Бога-сына (Ісуса Хрыста), Багародзіцу, апосталаў, святых і пакутнікаў за хрысц. ідэю. Уяўленні пра дасканалае жыццё дыферэнцыраваліся на І. манаха, рыцара, добрага сеньёра, а ў эпоху Адраджэння яшчэ і дасканалага рамесніка, мастака, вучонага. У працэсе антыфеад. руху фарміраваўся таксама І. сялянскага царства, эталонамі якога паслужылі раннехрысц. камунізм, сямейная, пазней сельская абшчына. Тэорыя І. сфармулявана ў ням. класічнай філасофіі (І.Кант, І.Фіхтэ, Г.Гегель), паводле якой у сваёй паўнаце І. недасягальныя ў эмпірычнай рэальнасці, аднак у якасці духоўных каштоўнасцей служаць для яе ацэнкі, пазнання і ўдасканалення. У 19—20 ст. моцны ўплыў на грамадскую свядомасць, сац. практыку і палітыку зрабіў І. камуніст. грамадства (утапічны сацыялізм, навук. камунізм). У СССР і інш.сацыяліст. краінах ажыццяўленне камуніст. І. непасрэдна звязвалася з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытворчасці, пабудовай бяскласавага грамадства, усталяваннем прынцыпаў справядлівасці і роўнасці людзей.
У хрысц. культуры і асветніцтве сярэдневяковай Беларусі (10—12 ст.) ярка выявіліся І. боскай мудрасці (сімволіка Сафійскага сабора) і грамадскай згоды (асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, рэліг. паэзія, гераічная паэма «Слова аб палку Ігаравым»), Яны засталіся актуальнымі ў эпоху Адраджэння поруч з гуманіст. 1. асветніка, вучонага, будаўніка хрысц. міру, дзяржавы (асветніцтва і творчасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага, а таксама Статуты ВКЛ). Узмацненне нац., сац., канфесійных супярэчнасцей у 18—19 ст. мелі сваім вынікам палярызацыю грамадскіх І., падзел іх па саслоўна-класавых, ідэалагічных і рэліг. прыкметах. Фальклор, іншыя віды этн. культуры яскрава выявілі нар. І. адхілення эліты («панства») ад улады, стварэння «сялянскага царства», уяўнага працоўнага зямнога раю. У асяроддзі нар. інтэлігенцыі дамінуючым стаў нац.-адраджэнцкі І., сфармуляваны ў новай бел. л-ры і тэарэтычна распрацаваны Ф.Багушэвічам, М.Багдановічам, І.Канчэўскім, А.Станкевічам і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, у выніку дапушчаных памылак і скажэнняў сацыяліст. ідэі, спрадвечныя нар. І. пра справядлівае грамадства, працоўны «рай» на зямлі выкарыстоўваліся для апраўдання курсу на хуткае завяршэнне буд-ва камунізму ў СССР і яго ўсталяванне ў сусв. маштабе. Сац.-паліт. І. сучаснага бел. грамадства з’яўляецца пабудова дэмакр. прававой дзяржавы, стварэнне ўмоў для свабоднага і ўсебаковага развіцця асобы, годнага ўваходжання краіны ў еўрапейскую і агульначалавечую супольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ,
унікальны твор старабел. эмальернага мастацтва, помнік пісьменства 12 ст.; рэліг. і духоўная святыня беларусаў. Зроблены ў 1161 полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай як каўчэг для захавання хрысц. рэліквій. Крыж 6-канцовы, выш. 51,8 см, даўж. верхняга перакрыжавання 14 см, ніжняга — 21 см, таўшчыня 2,5 см. Аснова з кіпарысавага дрэва, зверху і знізу пакрыта 21 залатой пласцінкай з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і 20 эмалевымі абразкамі, бакі абкладзены 20 сярэбранымі з пазалотай пласцінкамі, брыжы пярэдняга боку абведзены шнурком жэмчугу. Пласціны пярэдняга боку ўтвараюць іканапісную кампазіцыю — вял., або расшыраны, дэісус. На верхніх канцах крыжа паясныя выявы Хрыста, Маці Божай, Іаана Прадцечы. У цэнтры ніжняга перакрыжавання — 4 евангелісты, на канцах — архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе крыжа — патроны заказчыцы і яе бацькоў; св. Ефрасіння Александрыйская, Георгій і Софія. У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невял. 4-канцовы крыжык, у ніжнім — 6-канцовы. На адвароце выявы айцоў царквы Іаана Златавуста, Васіля Вялікага, Грыгора Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, св. Стафана, Дзмітрыя, Панцеляймона. З імі чаргуюцца эмалевыя арнаментальныя пласціны. Над кожным абразком часткова грэч., часткова слав. літарамі зроблены надпісы. У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі яго крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Маці Божай, часткі мошчаў св. Стафана і Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя. Унізе дробны надпіс з імем майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На баках крыжа па спіралі ў 2 рады зроблены вял. завяшчальны надпіс: «У лета 6669 кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да...40 грыўняў, і хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворную Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...» Захоўваўся (з перапынкамі) у Полацку. У 1921 крыж рэквізаваны. У 1929—41 зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1992 прынята рашэнне аб узнаўленні крыжа і створана навук.-кансультатыўная група, у склад якой уваходзілі бел. і рас. вучоныя. У 1997 брэсцкі мастак М.Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку.
Літ.:
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Крест — красота церкви: [История создания и воссоздания Креста преподобной Ефросинии Полоцкой]. Мн.. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,
янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.
Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).
Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.Ліс, Г.Таўлай. Мн., 1985.
Літ.:
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. magnētis магніт),
сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівай формай узаемадзеяння паміж эл. токамі, токамі і магнітамі (целамі з магнітным момантам) і паміж магнітамі; раздзел фізікі, які вывучае гэтае ўзаемадзеянне і ўласцівасці рэчываў (магнетыкаў), у якіх яно праяўляецца.
Магн. ўзаемадзеянне цел перадаецца праз магнітнае поле, якое з’яўляецца адной з форм існавання электрамагнітнага поля. Нягледзячы на непарыўную сувязь паміж эл. і магн. з’явамі, магн. з’явы прынцыпова адрозніваюцца ад электрычных з-за адсутнасці ў прыродзе адасобленых магн. полюсаў (магн. зарадаў; гл.Манаполь магнітны). Крыніца эл. поля — эл. зарад, магн. поля — рухомы эл. зарад (электрычны ток), пераменнае (віхравое) эл. поле або элементарныя часціцы з адметным ад нуля ўласным магн. момантам. М. атамаў, малекул і макраскапічных цел вызначаецца ў канчатковым выніку М. элементарных часціц (у асн.магн. момантам электронаў). У залежнасці ад характару ўзаемадзеяння часціц-носьбітаў магн. моманту адрозніваюць М. рэчываў з атамным магн. парадкам (ферамагнетызм, ферымагнетызм, антыферамагнетызм) і М. слабаўзаемадзейных часціц (парамагнетызм, дыямагнетызм). Магн. ўласцівасці рэчываў, макраскапічныя праяўленні іх М. тлумачацца на аснове законаў квантавай механікі, разглядаюцца ў рамках тэорыі эл.-магн. поля, тэрмадынамікі і статыстычнай фізікі. М. праяўляецца ва ўсіх фізіка-хім. працэсах, што адбываюцца ў рэчыве. Магн. палі ёсць у зорак, Сонца, некат. планет Сонечнай сістэмы, у касм. прасторы. Яны ўплываюць на рух зараджаных часціц, вызначаюць многія астрафіз. і геамагн. з’явы (сонечныя ўспышкі, зямныя магн. буры і г.д.). Магн. ўласцівасці рэчываў шырока выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, вылічальнай тэхніцы і тэлемеханіцы, аўтаматыцы, прыладабудаванні, марской і касм. навігацыі і інш.
З’ява М. вядома са старажытнасці. З 12 ст. ў Еўропе пачаў шырока выкарыстоўвацца магн. компас. Вучэнне пра М. развівалі У.Гільберт, Р.Дэкарт, Ф.Эпінуе, Ш.Кулон. У 1820 Х.К.Эрстэд адкрыў магн. поле эл. току, А.М.Ампер устанавіў законы магн. ўзаемадзеяння токаў. У 1830-я г. К.Гаўс і В.Вебер развілі матэм. тэорыю геамагнетызму (гл.Зямны магнетызм). Грунтоўную трактоўку з’яў М. на аснове ўяўленняў аб рэальнасці эл.-магн. поля даў М.Фарадэй, які ў 1831 адкрыў электрамагнітную індукцыю. У 1872 Дж.Максвел стварыў агульную тэорыю эл.-магн. з’яў (гл.Максвела ўраўненні). Уласцівасці фера- і парамагнетыкаў вывучалі А.Р.Сталетаў (1872) і П.Кюры (1895). У 1905 П.Ланжэвэн пабудаваў тэорыю дыямагнетызму, у 1925 С.Гаўдсміт і Дж.Уленбек адкрылі спін і М. электрона. У 1930-я г. пабудавана квантавамех. тэорыя магн. уласцівасцей свабодных электронаў (В.Паўлі, Л.Д.Ландау). Развіццё фізікі магн. з’яў прывяло да сінтэзавання новых магнітных матэрыялаў (ферытаў для ВЧ- і ЗВЧ-прыстасаванняў, высокакаэрцытыўных злучэнняў, празрыстых ферамагнетыкаў і інш.).
На Беларусі даследаванні па фізіцы магн. з’яў праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Маттис Д. Теория магнетизма: Введение в изучение кооперативных явлений: Пер. с англ.М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКСІ́ЗМ,
філасофскае, эканам. і сац.-паліт. вучэнне, заснавальнікамі якога з’яўляюцца К.Маркс і Ф.Энгельс. Узнік у 1840-я г. ў Германіі, дзе ў гэты час наспявала бурж.-дэмакр. рэвалюцыя і рабочы клас выступіў як самаст.паліт. сіла. Заснаваны на пазітыўна-крытычным асэнсаванні вопыту папярэдняга развіцця грамадскай і прыродазнаўчай навук. думкі, актуальных праблем і супярэчнасцей станаўлення новага капіталіст. спосабу вытв-сці і сац.-паліт. ладу. Тэарэт. крыніцамі з’яўляюцца ням. класічная філасофія (Г.Гегель, Л.Феербах і інш.), англ. палітэканомія (А.Сміт, Д.Рыкарда і інш.), франц. утапічны сацыялізм (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш.). На аснове гэтых крыніц Маркс і Энгельс распрацавалі дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, тэорыю прыбавачнай вартасці і вучэнне абкамунізме. Грамадства М. разглядае як цэласны арганізм, у структуры якога вылучаюцца прадукцыйныя сілы і заснаваныя на розных формах уласнасці вытворчыя адносіны (базіс грамадства); апошнія ў сваю чаргу абумоўліваюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, мараль, філасофію, рэлігію, мастацтва (надбудова над базісам). У працэсе гіст. развіцця адбываецца змена пэўных фармацый грамадска-эканамічных, якія ўтвараюцца на аснове адзінства і ўзаемадзеяння розных сфер жыццядзейнасці грамадства. Паводле марксісцкай канцэпцыі, барацьба пануючых і прыгнечаных класаў — рухаючая сіла гісторыі, а вышэйшым выражэннем класавай барацьбы з’яўляецца сацыяльная рэвалюцыя. М. выявіў асн. супярэчнасць капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення; адсюль вынікала палажэнне пра неабходнасць знішчэння прыватнай уласнасці і ўстанаўлення пралетарыятам сваёй улады, з дапамогай якой ён здолее ажыццявіць пераход да камунізму.
Вынікі тэарэт. даследаванняў і абагульненняў Маркса і Энгельса праходзілі практычную праверку ў перыяд рэвалюцый 1848—49 у краінах Зах. Еўропы, у дзейнасці створаных імі «Саюза камуністаў» і міжнар. т-ваў рабочых — Інтэрнацыянала 1-га і Інтэрнацыянала 2-га. М. стаў ідэалагічнай асновай с.-д. руху, які з пач. 20 ст. падзяліўся на 2 плыні — рэвалюцыйную (У.І.Ленін і інш.), у якой перамагло бальшавіцкае вытлумачэнне М., і рэфармісцкую (Э.Бернштэйн і інш.), якая падвергла крытыцы тэорыю М. і адмовілася ад яго асн. палажэнняў. Некаторыя прадстаўнікі грамадска-паліт. думкі лічылі, што ў М. перабольшвалася роля эканам. фактараў, сац. антаганізмаў і класавай барацьбы, адмаўлялася значэнне прыватнай уласнасці як асновы грамадзянскай супольнасці, сцвярджалася неабходнасць ліквідацыі парламенцкіх ін-таў і раздзялення ўлад. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі ленінскі варыянт М. стаў дзярж. ідэалогіяй у РСФСР, потым у СССР і краінах сацыяліст. сістэмы пад назвай марксізм-ленінізм.
На Захадзе склаліся групы марксісцкіх і па-марксісцку арыентаваных плыней з характэрнымі для іх крытычнымі адносінамі як да капіталіст. сістэмы, так і да сав. варыянта сацыялізму, марксізму-ленінізму (гл.Неамарксізм, Франкфурцкая школа).
Літ.:
Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізму // Тв. Т. 19. (Полн. собр. соч. Т. 23);
Марксистская философия в XIX в. М., 1979;
Андерсон П. Размышления о западном марксизме: Пер. с англ.М., 1991;
Марксизм: pro и contra. М., 1992;
Горский Д.П. Ошибки гения самые опасные: Развитие теории Маркса и ее изъяны. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
найвышэйшая форма развіцця аматарскага тэатр. мастацтва на Беларусі. Існуюць таксама ў інш. краінах СНД і Балтыі. Найменне «народны» надаецца калектывам са стабільным складам удзельнікаў, паўнацэнным у маст. адносінах рэпертуарам, скіраваным на развіццё бел.нац. драматургіі, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв.маст. культуры, якія рэгулярна выступаюць перад насельніцтвам. На Беларусі існуюць з 1959. Працуюць на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры (гар. — ГПК, ГДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, розных цэнтрах і інш. на чале з прафес. рэжысёрамі. У сваёй дзейнасці карыстаюцца Палажэннем абнар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Творчую і метадычную дапамогу Н.т. аказваюць абл. метадычныя цэнтры нар. творчасці, навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел.ін-т праблем культуры, прафес. т-ры і інш. Н.т. ўмоўна падзяляюць на драм., муз.-драм., т-ры юнага гледача, тэатры-студыі, паэтычныя (чытальнікаў), агітбрыгады (якія з 1990-х г. пераўтвараюцца ў т-ры мініяцюр, сатыр., маладзёжныя) і інш. Узніклі і новыя формы — Н.т. гульнявыя; песні, музыкі і гульні; т-ры моды. На Беларусі (2000) 121 Н.т., у т. л. 71 драм., 12 агітбрыгад, 10 т-раў мініяцюр, 6 тэатраў-студый, 4 т-ры пантамімы, 3 маладзёжныя, 2 т-ры юнага гледача і інш. Сярод іх: т-ры Баранавіцкага (з 1959) і Івацэвіцкага (з 1994) ГДК, песні, музыкі і гульні «Крынічка» Кобрынскага ГДК (з 1993), тэатры-студыі «Раёк» Брэсцкага абл. цэнтра маладзёжнай творчасці (з 1996), «Дыяген» Пінскага ГДК (з 1959), т-ры «Сінтэз» Віцебскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1977), «Пошук» (з 1992) і мініяцюр «Балаган» (з 1993) Лепельскага РДК, «Ідучыя на смех» Падсвільскага ГДК Глыбоцкага р-на (з 1996), «Фанограф» Гарадоцкага РДК (з 1986), «Пілігрым» Полацкага ГДК (з 1979), Веткаўскага ГДК (з 1985), Рагачоўскага ГДК (з 1962), сатыры і гумару «Ком-Ікс» Мазырскага ГДК (з 1997), «Спадчына» ПК Светлагорскага ВА «Хімвалакно» (з 1977), драмы і камедыі Ваўкавыскага ГДК (з 1985), Мастоўскага РДК (з 1995), «Валянцін» (з 1997) і мініяцюр «Серпанцін» (з 1994) Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу; «Відарыс» Барысаўскага ГПК (з 1959), драмы і камедыі імя У.Галубка Слуцкага ГДК (з 1961), гульнявы «Капыльскія пацехі» Капыльскага раённага цэнтра культуры (з 1990), мініяцюр Дома культуры Барысаўскага ВА «Экран» (з 1983); «На доўгім бродзе» Палаца культуры трактарнага з-да (з 1963), чытальнікаў «Жывое слова» Бел.пед. ун-та (з 1977), «Жывая планета» Рэсп. Палаца культуры «Юнацтва» (з 1989) і пантамімы «Рух» Рэсп. ПК Бел.т-ва глухіх (з 1973), агітбрыгада «Панацэя» лячэбнага ф-та мед. ін-та (з 1980; усе г. Мінск). Гл. таксама Народныя самадзейныя калектывы.
А.А.Скарына.
Да арт.Народныя тэатры. Сцэны са спектакляў: «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча. Ваўкавыскі тэатр драмы і камедыі гарадскога Дома культуры (злева); «Дзень нараджэння інфанты» паводле О.Уайльда. Брэсцкі тэатр-студыя «Раёк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IАляксеевіч
(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),
расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў літаратуразнаўстве,
навуковы кірунак, што склаўся ў Зах. Еўропе і Расіі на аснове філасофіі пазітывізму ў апошняй чвэрці 19 ст. і існаваў да 1920-х г.Асн. прадметам вывучэння быў унутр. бок маст. творчасці — матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню твора, і працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача. П.ш. мела пашырэнне ў зах.-еўрап. эстэтыцы (В.Вунт, В.Вец, І.Фолькельт, Э.Эльстэр у Германіі, С.Жырардэн у Францыі), дзе моцным быў яе псіхафізіялагічны кірунак, што перабольшваў ролю біял. фактараў у эстэт. дзейнасці чалавека і паўплываў на фарміраванне тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда. Грунтоўна, на ўзроўні навук.-пазітыўнага пазнання тут вывучалася псіхалогія творчасці, значнае месца ў творчым працэсе адводзілася інтуіцыі, падсвядомасці. У рус.літ.-знаўстве П.ш. прадстаўлялі А.А.Патабня і яго вучні — Дз.М.Аўсяніка-Кулікоўскі, Т.Райнаў, М.С.Грыгор’еў і інш. П.ш. працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы — пра сувязі л-ры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства або асяроддзя (разумеючы яго як дыферэнцыраванае цэлае, што па-рознаму ўздзейнічае на мастака — асобу псіхалагічна непаўторную) і на першы план у маст. творчасці ставіла індывідуальны аўтарскі пачатак. Паводле канцэпцыі П.ш., творчы працэс — акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральна-псіхал. грузу, цяжару думак і пачуццяў; сакрэты творчасці — у таямніцах аўтарскага «я», складанасці яго інтэлектуальна-душэўнага комплексу. Грамадская абумоўленасць маст. творчасці для іх была другарадным фактарам, бо лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву. Паняцце «ўнутранай формы слова» (сінонім паняцця «вобраз»), якое ўвёў у навук. ўжытак Патабня, стала стрыжнем яго паэтыкі, дзе праблемы лінгвістыкі і літ.-знаўства разглядаліся непадзельна. Аўсяніка-Кулікоўскі вылучаў 2 тыпы творчасці — назіральны (рознабаковае, больш дакладнае, праўдападобнае адлюстраванне) і эксперыментальны (аднабаковае, больш умоўнае). Ён расчляняў л-ру на вобразную (эпас і драма) і лірычную (лірыку) і тлумачыў апошнюю як асобны від творчасці, што аперыруе не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, што ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару. П.ш. праяўлялася, хоць і скупа, у бел.літ.-знаўстве ў 2-й пал. 1920-х г. як процідзеянне вульгарна-сацыялаг. канцэпцыям. А.Бабарэка, абгрунтоўваючы эстэт. сутнасць л-ры і навук. асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхал. фактару, ролю аўтарскага ўяўлення ў літ. творчасці («З далін на ўзвышшы», «Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры» і інш.). З індывід. псіхалогіяй пісьменніка лічыўся і М.Піятуховіч («Нарысы гісторыі беларускай літаратуры», 1928). І.Замоцін ідэі П.ш. прымаў як элемент сінтэзу яго літ.-знаўчай тэорыі. На іх абапіраўся М.Каспяровіч, раскрываючы ўнутр. складанасць творчасці пісьменнікаў («Матывы барацьбы ў творчасці М.Багдановіча» і інш.).
Літ.:
Потебня А. Мысль и язык. 5 изд. Харьков, 1926;
Осьмаков Н.В. Психологическое направление в русском литературоведении: Д.Н.Овсянико-Куликовский. М., 1981;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.
Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт.Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.
Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел.арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл.Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.
Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст.найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.
Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш.слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж.бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.
Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл.Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.
З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел.літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).
Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл.брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях абхрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.
Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел.літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг.л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл.Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.
Новая бел.літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав.адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел.літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел.літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.
Бел.літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел.літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац.літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел.літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНКБССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт.Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел.літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.
Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт.Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел.мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.КоласаАН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт.Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш.слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;
Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;
Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;
Беларуская мова: Энцыкл.Мн., 1994.
А.І.Жураўскі.
Да арт.Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча. 1918.Да арт.Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.Да арт.Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ля́ха1 ’рэха, пошчак’ (слонім., Жыв. сл., Арх. Бяльк.; Бір. Дзярж.; лях., Сл. ПЗБ), ля́хат ’тс’ (навагр., Нар. сл.). Да я́ха, яхаць (гл.). Аб пераходзе лʼ‑ > й‑ гл. лыві́рка.
Ля́ха2 ’нізіна’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, звязана з ляха́1 (гл.).
Ляха́1, ліха́, ле́ха́, ле́шка ’частка поля ад баразны да баразны, градка’ (Жд. 1, Сцяшк., Мат. Маг., Янк. Мат., Др.-Падб., Касп.; в.-дзв.Шатал.; гродз., КЭС; Выг. дыс.), ’невялікая градка, вузкі загончык ворыва’ (КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс., ТСБМ), ’бульбяная градка’ (Мат. Гом.), ’лапінка льну на загоне’ (слонім., Нар. лекс.), пруж. ’загон, засеяны льном’ (Выг.), ’баразна’ (Яўс.), ’шырокая баразна’ (полац., Нар. лекс.), ’падоўжанае ўзвышша’ (слаўг., Яшк.), ’агрэх пры ворыве’ (чэрык., Мат. Гом.), ’палоска, якая займаецца адным праходам пры ручной сяўбе’ (Бяльк., Юрч., Шн., Гарэц.), ’равок на градзе, дзе сеюць агуркі, моркву’ (ігн., Сл. ПЗБ). Укр.ліха́, рус.леха́, ле́ха, польск.lecha, licha, lifa, н.- і в.-луж.lěcha, чэш.lícha, ходск.líha, славен.lę́ha, серб.-харв.ле́ха, ле́ја, макед.леа, lʼächa, балг.леха́, ст.-слав.лѣха. Прасл.lěxa ’выараны раўчак, баразна паміж загонамі; рад; мяжа падзення збожжа пры сяўбе’. І.‑е. *loisā (ст.-в.-ням.wagan‑leisa ’каляіна ад драбін’, лац.līra ’баразна’ (< *leisā); літ.lýsia, lysvė, lýsė ’градка’, ст.-прус.lyso ’клумба’ (< *līsā). Сюды ж і гоц.lais ’я ведаю’, ’я выйшаў на след’, laists ’след’, ст.-ісл.leistr ’нага’ (Бернекер, 1, 708–709; Брукнер, 292; Фасмер, 2, 490; Махэк₂, 332; Слаўскі, 4, 93–95; Скок, 2, 295–296; Бязлай, 2, 131–132; БЕР, 3, 378; Шустар-Шэўц, 11, 821–822); Абрэмбска–Яблонска (Рус. и слав. языкозн., 1972, 201); Мартынаў (Лекс. взаим., 49).
Ляха́2 ’знак, які робяць, каб не было агрэхаў пры сяўбе’ (Нас., Касп.; паўн.-усх., КЭС; слаўг., Яшк.), ’насечка, знак на станчым дрэве, якія абазначаюць мяжу’ (Гарб.). Да вяха́1. Параўн. і ве́шыць ’пры сяўбе абазначаць саломай месца, дзе ўпала апошняе зерне, каб другі раз не кідаць зярнят на тое ж месца’. Аб мене в > л гл. лывірка.