маршчы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Утвараць маршчыны на твары; моршчыць. Глядзяць кудысь углыб вочы дзедавы, несупынныя думкі яшчэ больш маршчыняць яго лоб. Колас. І маршчынілі маці аблічча весткі сумныя з позніх дарог. Машара. // перан. Утвараць рабізну (пра паверхню вады). Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мат 1, ‑а, М маце, м.
1. Становішча ў шахматнай гульні, калі кароль, знаходзячыся пад ударам фігуры праціўніка, не можа абараніцца, што азначае пройгрыш партыі.
2. перан. Безнадзейнае становішча.
[Перс. māt — памёр.]
мат 2, ‑а, М маце, м.
Брыдкая лаянка. [Карніцкі:] — Бывай здароў і раз назаўсёды запомні: размаўляць са мною пры дапамозе мата не дазволю. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
метафі́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы, ж.
1. Процілеглы дыялектыцы філасофскі спосаб мышлення і метад пазнання, які разглядае прадметы і з’явы прыроды ў адрыве адзін ад аднаго.
2. Ідэалістычнае філасофскае вучэнне аб нязменных першаасновах свету, якія выходзяць за межы вопыту (бог, душа і інш.).
3. перан. Абстрактнае, туманнае разважанне; што‑н. малазразумелае, туманнае.
[Ад грэч. meta ta physika — пасля фізікі (такую назву мелі філасофскія творы Арыстоцеля, якія былі змешчаны пасля яго трактата па фізіцы).]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нітава́цца, ‑туецца; незак.
1. Злучацца нітамі 1.
2. перан. Злучацца, сплятацца; звязвацца. І песня шчасця чуецца Між сёл і гарадоў, А з песняй той нітуецца Геройства і любоў. Кляшторны. І ўночы Галі не далі спакою думкі: яны нітаваліся адна з адною, і ўсё больш думалася пра Стася. Сабаленка.
3. Зал. да нітаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясве́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў з цягам часу свежасць, свае натуральныя якасці. Нясвежыя прадукты.
2. перан. Пазбаўлены свежасці, яркасці. Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.
3. Які доўга насілі; заношаны, брудны. З-пад расшпіленага каўняра кіцеля ў хлопца, віднелася нясвежая цяльняшка. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. Загінуць, разбурыцца, пацярпець катастрофу ў выніку выбуху. На другі дзень у Выселках здарылася няшчасце: падарваўся на міне хлопчык. Шамякін.
2. перан. Зрабіцца горшым, аслабець. Здароўе падарвалася. // Захварэць ад цяжкай працы або ад падымання чаго‑н. цяжкага. — Па два [кашы] не цягай! — крыкнуў.. [Івану] Андрэй. — Падарвешся! Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што.
1. Пакроіць што‑н. нанава, іначай. Перакроіць сукенку. // перан. Змяніць, перарабіць што‑н. карэнным чынам. У другой паэме А. Бялевіча — роздум аб дружбе, аб каханні і праклён вайне, што перакроіла па-свойму чалавечыя лёсы, адабрала ў людзей шчасце. Гіст. бел. сав. літ.
2. Пакроіць усё, многае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Падбіць падкову, падковы. Паглядзі, ужо гатовы Коням новыя падковы. Толькі коней прывялі — Падкавалі кавалі. Шушкевіч. // Разм. Набіць знізу жалезную палосу, пласцінкі (на абцасы, палазы саней і пад.). Падкаваць сані.
2. перан. Разм. Падрыхтаваць да чаго‑н., даць неабходны запас ведаў, звестак. Падкаваць навукова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падно́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паднасіць.
2. у знач. прым. Паношаны, не зусім новы (пра адзенне, абутак і пад.). Нясцерпна было холадна ў летніх штанах, лапленых-недалапленых, не грэла і падношаная фуфайка. М. Ткачоў. // перан. Разм. Стараваты, змарнелы. Нікуды не ляціць, нібы прывязаны нейкай прысягай, звычайны, нават падношаны бусел. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсцёбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго.
Падганяючы, сцебануць злёгку чым‑н. гнуткім. Шашура ўзяў лейцы, лёгка падсцёбнуў каня, і павозка кранулася. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй, лепш; паскорыць што‑н. — З Пецярбурга, — коратка буркнуў англічанін. І гэта як бы падсцёбнула карчмара. Ён закрычаў: — Хая, Сорка, Клара, Шмуль!.. Паспяшайцеся. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)