стол, стала, м.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах (ножках), часам з шуфлядамі, тумбачкамі, на які кладуць, ставяць што‑н. Пісьмовы стол. Кухонны стол. Чарцёжны стол. □ З поля гадзінкаю шэрай Вярнуся, сяджу за сталом, Краплюся паціху вячэрай, Лучынка міргае агнём. Купала. Маці паставіла на стол усяго, што толькі было ў іх. Чорны. Зайшоў у свае сцены, і тут табе ўсё: вось твой стол, сядай за яго і што хочаш — еш, чытай, пішы, лічы. Ракітны.

2. У выразах, якія абазначаюць: прыём ежы, яда. За сталом (у час яды). Садзіцца за стол (садзіцца есці). Уставаць з-за стала (уставаць, кончыўшы есці). Ісці да стала (ісці есці). Запрашаць да стала (запрашаць есці). Накрыць (на) стол (прыгатаваць усё для яды). Прыбраць са стала (пасля яды прыбраць посуд, рэшткі яды). Сабраць на стол (прыгатаваць, паставіць усё неабходнае для яды). □ Не хачу з імі [багатымі] быць за сталом, На сваё паніжэнне глядзець, Як, мінаючы чаркай з віном, Ад парогу накажуць сядзець. Купала. Адным словам, Сымон Карызна сеў за стол у добрым гуморы. Зарэцкі. Стол накрылі ў пакоі, які займалі немцы. Новікаў. // Сталаванне, харчаванне. К вечару другога дня .. [Кастравіцкі] знайшоў сабе стол — у вёсачцы, размешчанай па суседству з біястанцыяй. Навуменка.

3. Страва, ежа; тое, што гатуюць, падаюць для яды. Затраты на стол. Рабіць разнастайныя свой стол. // з азначэннем. Від стравы, ежы; рэжым харчавання. Вегетарыянскі стол. Дыетычны стол.

4. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якія займаюцца спецыяльным колам пытанняў. Стол рэгістрацыі шлюбаў у ЗАГСе. Стол даведак. Пашпартны стол. // Форма абслугоўвання насельніцтва. Стол заказаў. Стол раскрою.

•••

Адрасны стол — установа, якая рэгіструе асоб, што пражываюць у пэўнай мясцовасці, і выдае даведкі пра іх месцажыхарства.

Стол знаходак — установа, у якую здаюць знойдзеным рэчы для перадачы іх уладальнікам.

За круглым сталом — пра сустрэчу, нараду і пад., калі ўдзельнікі маюць аднолькавыя правы і пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў выказваюцца ў пэўным парадку.

Пад стол пяшком хадзіць гл. хадзіць.

Садзіць за стол гл. садзіць.

Царскі стол — пра багаты пачастунак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ТЭОРЫЯ ФУНКЦЫЙ І ІНТЭГРАЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕННІ

Даследаванні па тэорыі функцый на Беларусі пачаліся ў даваенныя гады. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. А.​Х.​Турэцкі апублікаваў цыкл работ па класічнай канструктыўнай тэорыі функцый і з 1944 у БДУ вёў інтэнсіўныя даследаванні па трыганаметрычнай апраксімацыі і інтэрпаляцыі розных класаў функцый. У далейшым гэты кірунак інтэнсіўна развіваўся (В.​М.​Русак, А.​А.​Пякарскі, Я.​А.​Роўба, А.​П.​Старавойтаў).

Істотная інтэнсіфікацыя даследаванняў па тэорыі функцый адбылася ў 2-й пал. 20 ст. і звязана з імем Ф.​Дз.​Гахава. Значнае развіццё атрымалі тэорыі краявых задач для аналіт. функцый, інтэгральных ураўненняў, інтэгральных пераўтварэнняў і дробавае злічэнне. Атрыманы шэраг важных вынікаў для краявых задач тэорыі аналіт. функцый з бясконцым індэксам (А.​Р.​Аляхно, С.​В.​Рагозін, М.​Э.​Талочка). Даследаваліся вектарна-матрычныя краявыя задачы (Н.​У.​Броўка, Л.​П.​Прымачук), краявыя задачы для поліаналітычных функцый (У.​А.​Габрыновіч, І.​А.​Сакалоў), шматмерныя краявыя задачы (І.​І.​Камяк, А.​Ц.​Ус). Развіта тэорыя нелінейных краявых задач і нелінейных сінгулярных інтэгральных ураўненняў (Ф.​Дз.​Гахаў, І.​І.​Камяк, Н.​А.​Рысюк), якая шырока выкарыстоўвалася пры даследаванні задач механікі (У.​В.​Міцюшаў, І.​А.​Прусаў, С.​В.​Рагозін).

З сярэдзіны 1970-х г. Э.​І.​Зваровічам даследавалася тэорыя аналіт. функцый на рыманавых паверхнях: вырашана ў замкнёнай форме задача лінейнага спалучэння на замкнёнай рыманавай паверхні, атрыманы новы метад рашэння класічнай праблемы абарачэння Якобі, канструктыўнае рашэнне праблемы пра глабальную уніфармізацыю і інш.; гэты кірунак развіваўся ў даследаваннях Т.​М.​Жаровінай, В.​А.​Кашэўскага, Г.​Г.​Чаеўскага і інш.

Кірункі развіцця тэорыі асаблівых інтэгральных ураўненняў: сінгулярныя інтэгральныя ўраўненні з ядром Кашы (Ф.​Дз.​Гахаў, А.​А.​Кілбас, А.​І.​Тузік, А.​П.​Шылін), інтэгральныя ўраўненні з бясконцым індэксам (А.​Р.​Аляхно, М.​В.​Дубатоўская), ураўненні тыпу згорткі (В.​І.​Азаматава, А.​І.​Тузік, А.​П.​Шылін), аднамерныя лінейныя ўраўненні 1-га і 2-га роду са слабымі асаблівасцямі (Ф.​Дз.​Гахаў, І.​Л.​Васільеў, А.​А.​Кілбас, Ф.​В.​Чумакоў), двухмерныя асаблівыя інтэгральныя ўраўненні (І.​І.​Камяк), шматмерныя інтэгральныя ўраўненні 1-га роду са слабымі асаблівасцямі (С.​І.​Васілец, А.​А.​Кілбас), нелінейныя інтэгральныя ўраўненні (А.​А.​Кілбас, С.​В.​Рагозін).

З пач. 1970-х г. па ініцыятыве Ф.​Дз.​Гахава пачаліся даследаванні інтэгральных пераўтварэнняў і спец. функцый і іх дастасаванняў (А.​А.​Кілбас, Ю.​Ф.​Лучко, А.​І.​Марычаў, С.​Б.​Якубовіч). Пабудавана тэорыя інтэгральных пераўтварэнняў са спец. функцыямі ў ядрах і атрыманы рашэнні ў замкнёнай форме новых класаў аднамерных і шматмерных інтэгральных ураўненняў са спец. функцыямі ў ядрах (А.​А.​Кілбас). Пад уплывам Ф.​Дз.​Гахава пачаў развівацца кірунак, звязаны з інтэграламі і вытворнымі дробавага парадку і іх дастасаваннямі (А.​П.​Грынько, А.​А.​Кілбас, А.​І.​Марычаў), што з’явілася асновай даследаванняў краявых задач для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў і ўраўненняў у частковых вытворных, якія маюць вытворныя дробавага парадку (А.​А.​Кілбас); сістэматызаваны вынікі тэорыі дробавых вытворных і інтэгралаў і іх дастасаванні да дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў (А.​А.​Кілбас, А.​І.​Марычаў, С.​Р.​Самко).

З пункту погляду функцыянальнага аналізу А.​Б.​Антаневічам і яго вучнямі (М.​В.​Белавусаў, В.​У.​Брэнер, А.​У.​Лебедзеў) даследаваліся розныя класы сінгулярных інтэгральных і функцыянальных ураўненняў. Прапанаваны прынцыпова новы падыход у тэорыі сінгулярных інтэгральных і функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў, заснаваны на вывучэнні спароджаных імі аператарных C​*-алгебраў (А.​Б.​Антаневіч). Пабудавана тэорыя, якая аб’яднала некалькі навук, кірункаў — тэорыю сінгулярных інтэгральных ураўненняў, ураўненні з аператарамі Цёпліца, дыскрэтныя аналагі інтэгральных ураўненняў, тэорыю дынамічных сістэм (А.​Б.​Антаневіч, А.​У.​Лебедзеў і інш.); атрыманы агульная схема пабудовы сімвала і формула для індэкса функцыянальна-дыферэнцыяльнага аператара, формула для спектральнага радыуса аператара ўзважанага зруху; умовы абарачальнасці функцыянальнага аператара ў тэрмінах гіпербалічнасці асацыіраванага лінейнага расшырэння; умовы нармальнай і фрэдгальмавай вырашальнасці нелакальных краявых задач і ўраўненняў з асцыліруючымі каэфіцыентамі.

Метадамі функцыянальнага аналізу П.​П.​Забрэйкам атрыманы істотныя вынікі па тэорыі лінейных і нелінейных інтэгральных ураўненняў, у т. л. аналагі класічных тэарэм Вальтэра і Фрэдгальма толькі пры дапушчэнні кампактнасці адпаведных інтэгральных аператараў. Пабудавана сістэматычная тэорыя ўраўненняў з частковымі інтэграламі, атрыманы важныя вынікі пра вырашальнасць нелінейных інтэгральных улучэнняў Гамерштэйна (П.​П.​Забрэйка разам з замежнымі вучонымі). Даследаваліся гранічныя ўласцівасці функцый многіх рэчаісных і камплексных пераменных, вызначаных на абласцях, межы якіх з’яўляюцца прасторамі аднароднага тыпу; найб. значныя вынікі адносяцца да аналагаў прастор Хардзі такіх функцый і краявых задач для ўраўненняў эліптычнага і парабалічнага тыпу ў ліпшыцавых абласцях (В.​Р.​Кротаў).

Літ.:

Антоневич А.Б. Линейные функциональные уравнения: операторный подход. Мн., 1988;

Antonevich A., Lebedev A. Functional differential equations: 1. C -theory. London; New York, 1994; Antonevich A., Belousov M., Lebedev A. Functional difïerential equations: 2. C​*-applications. Pt. 1—2. London; New York, 1998; Appell Ju., Kalitvin A S., Zabreiko P.P. Partial Integral Operators and Integro-Differential Equations. New York etc., 2000; Bonilla B., Kilbas A.A., Trujill s T.J. Càlculo Fraccionario y Ecuaciones Differenciales Fraccionaries. Madrid, 2003; Гахов Ф.Д. Краевые задачи. М., 1977; Гахов Ф.Д., Черский Ю.И. Уравнения типа свертки. М., 1978; Забрейко П.П. C-теория линейных интегральных уравнений Фредгольма второго рода // Вестн. БГУ. Сер. 1. 1991. Вып. 3; Яго ж. L2-теория линейных интегральных уравнений Фредгольма второго рода // Дифференциальные уравнения. 1995. Т. 31, №9; Kilbas A.A., Saigo M. H-Transforms. Theory and Applications. Boca Raton, 2004; Kilbas A.A., Trujills T.J. Differential equations of fractional order: methods, results and problems. Pt. 1—2 // Applicable Analysis. 2001—02. Vol. 78—81; Кротов В.Г. Касательное граничное поведение функций многих переменных // Матем. заметки. 2000. Т. 68, вып. 2; Маричев О.И. Метод вычисления интегралов от специальных функций. Мн., 1978; Mityushov V.V., Rogosin S.V. Constructive Methods for Linear and Nonlinear Boundary Problems for Analytic Functions. Boca Raton, 1999; Nguyen Thenh Hai, Yakubovich S.B. The double Mellin-Barnes integrals and their applications to convolution theory. Singapore etc., 1992; Прудников А.П., Брычков Ю.А., Маричев О.И. Интегралы и ряды. Ч. 1—3. М., 1981—86; Самко С.Г., Килбас А.А., Маричев О.И. Интегралы и производные дробного порядка и некоторые их приложения. Мн., 1987; Yakubovich S.B. Index transforms. Singapore etc., 1996; Yakubovich S.B., Luchko Yu.F. The hypergeometric approach to integral transforms and convolutions. Dordrecht etc., 1994.

П.​П.​Забрэйка.

т. 18, кн. 2, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАЦЫЯ АХОВЫ ПРЫРОДЫ

Арганізацыя аховы прыроды на Беларусі накіравана на захаванне, аднаўленне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў і з’яўляецца часткай дзярж. палітыкі. Яна мае экалагічнае, эканам. і сац. значэнне, накіраванае на забеспячэнне ўстойлівага развіцця дзяржавы і рацыянальнае прыродакарыстанне.

На Беларусі спрадвеку выхоўвалася пачуццё ашчаднага і беражлівага стаўлення да прыроды: паляванне на пэўных звяроў і птушак вялося толькі ў адпаведныя сезоны; ашчадна высякаліся дрэвы ў лесе (каб не пашкодзіць маладняк-падрост); каля вясковых пабудоў і двароў, уздоўж вуліц і дарог высаджваліся дрэвы і кусты. Не знішчаліся без патрэбы рэдкія звяры і птушкі; ствараліся буслянкі, шпакоўні; дзецям забаранялася разбураць гнёзды птушак; бортнікі ў дзікіх пчол забіралі толькі частку мёду. Рыбу не лавілі ў час нерасту; нават не званілі царкоўныя званы, каб не пужаць яе. Многія з гэтых звычаяў пазней уведзены ў заканадаўчыя акты. У 16 ст. ў сувязі з памяншэннем у лясах колькасці паляўнічых жывёл прымаліся спец. статуты, якія абмяжоўвалі здабычу каштоўных жывёл, вызначалі правілы палявання і памер штрафаў за іх парушэнне. Ахоўныя «правілы», вызначаныя ў «Статуце на валокі» (1557), у Статутах Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, былі накіраваны на ахову жывёл і асяроддзя іх пражывання. У савецкі час прынята значная колькасць дэкрэтаў і пастаноў аб выкарыстанні і ахове лесу, паляўнічай жывёлы, водных рэсурсаў, рыбных запасаў, садоў і паркаў, помнікаў прыроды, курортных мясцін і інш. У 1923 і 1926 СНК БССР выдаў пастановы аб парадку аховы помнікаў старажытнасці, мастацтва, нар. побыту і прыроды, абвясціў іх дзярж. уласнасцю. У 1925 створаны 1-ы на Беларусі Бярэзінскі дзярж. запаведнік, у 1939 — запаведнік «Белавежская пушча». У 1930—40 у Беларусі вяліся работы па ўпарадкаванні і аднаўленні лясоў, асушэнні балот, вызначаны водаахоўныя лясы. У пасляваенны час адноўлена дзейнасць запаведнікаў, створаны органы рыбааховы, упраўленні пры СНК БССР па справах паляўнічай гаспадаркі, запаведнікаў, у 1960 — Дзярж. камітэт Савета Міністраў БССР па ахове прыроды (з 1994 Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя). У 1961 прыняты закон аб ахове прыроды. У ліку першых у незалежнай Рэспубліцы Беларусь прыняты закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), які рэгулюе прыродаахоўныя адносіны ў сферы навакольнага асяроддзя і з’яўляецца асновай для галіновых законаў, прынятых у 1993—2003. Галіновыя законы прадугледжваюць правядзенне экалагічнай экспертызы, паляпшэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, ахову прыродных тэрыторый і аб’ектаў, ахову і выкарыстанне жывёльнага і расліннага свету, ахову атмасфернага паветра, радыяцыйную бяспеку, гідраметэаралагічную дзейнасць і інш. У 1997—2002 прыняты шэраг кодэксаў Рэспублікі Беларусь, у т. л. аб нетрах, вадзе, зямлі, лесе і інш. Беларусь падпісала 18 (на пач. 2004) міжнар. прыродаахоўных канвенцый і пратаколаў да іх, супрацоўнічае з міжнар. міжурадавымі і фінансавымі арганізацыямі ў галіне прыродаахоўнай дзейнасці. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць у БДУ і Бел. тэхнал. ун-це. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працуюць Бел. н.-д. цэнтр «Экалогія», Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т, Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр «Экамір», Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі навук. даследаванняў па ахове прыроды разглядаюцца на Навук. савеце па праблемах біясферы і Экалагічнай камісіі Нац. АН Беларусі. Даследаванні па ахове прыроды ажыццяўляюць н.-д. ін-ты Нац. АН Беларусі, ун-ты, нац. паркі і запаведнікі. Гл. таксама Ахова прыроды (т. 2).

М.​Ю.​Калінін, А.​М.​Рачэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ Мітрафан Віктаравіч (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.​М.​Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.​М.​Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.​В.​Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.​Б.​Антонович, М.​В.​Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.​С.​Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, Саўнарком БССР, СНК БССР,

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у 1920—46. Створаны 18.12.1920 паводле дапаўненняў да Канстытуцыі Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Беларусі 1919, прынятых Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў у снеж. 1920. Да пастановы Шостага Усебеларускага з’езда Саветаў 1924 (надзвычайнага), прынятай 16.3.1924, абавязкі старшыні ЦВК і СНК, а таксама наркома па замежных справах выконваліся адной асобай. Членамі СНК былі нар. камісары ўсіх наркаматаў, старшыні Савета нар. гаспадаркі і Надзвычайнай камісіі. Пры СНК дзейнічалі пастаянныя камісіі: Эканам. нарада, Камісія заканад. меркаванняў, Дзярж. планавая камісія. Кампетэнцыя і склад СНК БССР мяняліся ў сувязі з утварэннем СССР і зменамі ў дзярж.-прававой пабудове, са стварэннем новых цэнтр. органаў кіравання (наркаматаў і ўпраўленняў) галінамі эканомікі і культуры. СНК БССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва рэспублікай праз наркаматы, выканкомы Саветаў. Ён прымаў пастановы і выдаваў распараджэнні па ўсіх пытаннях, якія не адносіліся выключна да кампетэнцыі Усебел. з’езда Саветаў, ЦВК БССР і яго Прэзідыума. СНК быў адказны перад з’ездам Саветаў і ЦВК БССР. Пастановы СНК аб дзярж. і мясц. бюджэце, падатках, адм.-тэр. падзеле рэспублікі, увядзенні мер аховы парадку ў ёй абавязкова зацвярджаліся Прэзідыумам ЦВК. Старшыня СНК БССР меў права прыпыняць распараджэнні акр. выканаўчых к-таў, нар. камісарыятаў, кіраўнікоў цэнтр. устаноў і ведамстваў, распараджэнні ўпаўнаважаных Нар. камісарыятаў СССР пры СНК БССР з наступным дакладам пра гэта СНК БССР на яго бліжэйшым пасяджэнні. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 у склад СНК БССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня ВСНГ, 10 наркомаў, кіраўнік ЦСУ (з правам рашаючага голасу), старшыня ДПУ БССР і 4 упаўнаважаныя нар. камісарыятаў СССР (з правам рашаючага ці дарадчага голасу паводле пастановы ЦВК БССР). Кампетэнцыя і структура нар. камісарыятаў і ўзаемаадносіны паміж іх асобнымі органамі вызначаліся агульным Палажэннем аб асобных камісарыятах. Паводле пастановы IX Усебел. з’езда Саветаў «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР» (22.1.1935) СНК БССР стаў адказным не толькі перад Усебел. з’ездам Саветаў і ЦВК БССР, але і перад Прэзідыумам ЦВК. Пры СНК пакінуты 2 пастаянныя камісіі: Эканам. савет і Дзярж. планавая камісія. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 у склад СНК БССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня Дзяржплана, 14 наркомаў (харч., лясной, лёгкай прам-сці, земляробства, збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў, фінансаў, унутр. гандлю, унутр. спраў, юстыцыі, аховы здароўя, асветы, мясц. прам-сці, камунальнай гаспадаркі, сац. забеспячэння), упаўнаважаны К-та нарыхтовак СССР, нач. упраўлення па справах мастацтваў і 8 упаўнаважаных агульнасаюзных наркаматаў (абароны, замежных спраў, знешняга гандлю, шляхоў зносін, сувязі, воднага транспарту, цяжкай і абароннай прам-сці). Паводле указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў Беларускай ССР (гл. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь).

Старшыні СНК БССР: А.​Р.​Чарвякоў (1920—24), Я.​А.​Адамовіч (1924—27), М.​М.​Галадзед (1927—37), Д.​І.​Валковіч (1937), А.​Ф.​Кавалёў (1937—38), К.​В.​Кісялёў (1938—40), І.​С.​Былінскі (1940—44), П.​К.​Панамарэнка (1944—46).

Літ.:

Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг.). Мн., 1968;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76.

Р.​П.​Платонау.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНАНСАВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Сістэму нарматыўных прававых актаў фін. заканадаўства складаюць Канстытуцыя, кодэксы і законы Рэспублікі Беларусь, указы і дэкрэты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэсп. органаў дзярж. кіравання, органаў мясц. кіравання і самакіравання. Яны рэгулююць грамадскія адносіны, якія складваюцца ў працэсе абарачэння, размеркавання і выкарыстання дзярж. грашовых сродкаў, г.зн. адносіны ў сферы бюджэту, падаткаў, фін. кантролю, дзярж. страхавання, грашовага абарачэння, разлікаў і валютнага рэгулявання.

Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 19.12.2002, устанаўлівае сістэму падаткаў, збораў (пошлін), якія паступаюць у бюджэт краіны, асн. прынцыпы падаткаабкладання, правы і абавязкі падаткаплацельшчыкаў і падатковых органаў, рэгулюе ўладныя адносіны па ўвядзенні, змяненні, спыненні дзеяння падаткаў, а таксама адносіны, што ўзнікаюць у працэсе выканання падатковага абавязацельства, ажыццяўлення падатковага кантролю, абскарджвання рашэнняў падатковых органаў і дзеянняў іх службовых асоб. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 25.10.2000, рэгулюе як фін., так і грамадз.-прававыя адносіны. Спец. нормы фін. права рэгулююць адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем Нац. банкам Рэспублікі Беларусь і банкамі (і нябанкаўскімі крэдытна-фін. арг-цыямі) функцый фін. кантролю. Бюджэтныя адносіны рэгулююцца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэтнай класіфікацыі» (5.5.1998), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах» (4.6.1993, у рэдакцыі ад 15.7.1998), «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь» (прымаюцца штогод), падатковыя адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб падатках на даходы і прыбытак» (22.12.1991), «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі» (23.12.1991; экалагічны падатак), «Аб падатку на дабаўленую вартасць» (19.12.1991, у рэдакцыі ад 16.11.1999), «Аб падатку на нерухомасць» (23.12.1991), «Аб плацяжах за зямлю» (18.12.1991), «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (21.12.1991, у рэдакцыі ад 9.3.1999) і інш.; фін. адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (22.7.2003), «Аб знешнім дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (22.6.1998), «Аб унутраным дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (27.5 1993) і інш. У межах фін. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання аўдытарскай дзейнасці» (12.2.2004), «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб і аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» (27.1.2003); указы Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь і парадку прымянення імі эканамічных санкцый» (15.11.1999, у рэдакцыі ад 6.12.2001, ад 12.11.2003 і ад 25.5.2004), «Аб мерах па ўмацаванні ведамаснага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь» (25.5.2000, у рэдакцыі ад 28.1.2002) і інш.

Фінансава-прававыя нормы ўтрымліваюць пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якімі ўстанаўліваюцца стаўкі падаткаў і пошлін, рэгулююцца пытанні выпуску дзярж. каштоўных папер, вызначаецца прававое становішча органаў фін. кантролю. Да іх адносяцца «Палажэнне аб Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь» (31.10.2001), «Аб стаўках акцызаў на падакцызныя тавары» (21.1.2003), «Аб зацвярджэнні асноўных умоў выпуску асобных дзяржаўных каштоўных папер Рэспублікі Беларусь» (13.2.2003). Нарматыўныя прававыя акты па пытаннях фін. адносін у межах сваёй кампетэнцыі прымаюць мін-вы фінансаў, па падатках і зборах, Нац. банк і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання, а таксама абл., гар. і раённыя выканаўчыя камітэты, Саветы дэпутатаў і інш. органы мясц. кіравання і самакіравання. Самаст. часткай дзеючага на Беларусі фін. заканадаўства з’яўляюцца міжнар. дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць адпаведныя прававыя нормы.

Літ.:

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994;

Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1995;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк. Ч. 2. Мн., 2000;

Налоги. Мн., 2000.

С.​К.​Лешчанка.

т. 18, кн. 2, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

рэлятывісцкая квантавая тэорыя элементарных часціц і іх узаемадзеянняў; адзін з асн. раздзелаў тэарэт. фізікі, у якім вывучаюцца агульныя законы будовы матэрыі на мікраўзроўні. У К.т.п. кожнаму тыпу элементарных часціц як першасных крыніц і пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў ставіцца ў адпаведнасць сваё другасна-квантаванае поле (гл. Другаснае квантаванне), якое апісваецца аператарнай хвалевай функцыяй Ψ (гл. Аператары, Хвалевая функцыя). Кампаненты Ψ пры замене каардынат прасторы—часу згодна з патрабаваннямі спец. адноснасці тэорыі пераўтвараюцца паводле прадстаўленняў групы Лорэнца (гл. Лорэнца пераўтварэнні). Функцыі свабодных палёў Ψ0 раскладаюцца на плоскія хвалі дэ Бройля, якія апісваюць станы з вызначанай энергіяй і імпульсам: Ψ0 = ∑ n ( Cn e ikx + e −ikx ) , дзе K = p/h, p — 4-мерны вектар энергіі-імпульсу часціцы, h — Планка пастаянная, x — вектар каардынат-часу, Cn і Cn+ — аператары паглынання і выпрамянення часціц у нейкім n-м стане. Аператары задавальняюць перастановачным суадносінам камутацыі (антыкамутацыі) і адпавядаюць часціцам цэлага (паўцэлага) спіна — базонам (ферміёнам), якія падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна (Фермі—Дзірака) статыстыцы. У К.т.п. кожнай часціцы адпавядае антычасціца, а квантаванае поле з’яўляецца сістэмай часціц і антычасціц. Тут няма закону захавання ліку часціц: пры ўзаемадзеянні яны могуць узаемна пераўтварацца адны ў другія (адны часціцы паглынаюцца, другія нараджаюцца). Стан квантаванага поля, у якім колькасць рэальных часціц роўная нулю, наз. вакуумам (гл. Вакуум у квантавай тэорыі поля).

Першай К.т.п. стала квантавая электрадынаміка. Яе ідэі і метады былі распаўсюджаны на ўсе элементарныя часціцы і выкарыстаны пры пабудове квантавапалявых тэорый слабага (Э.​Фермі, 1934) і моцнага (І.​Я.​Там, Дз.​Дз.​Іваненка, Х.​Юкава, 1932—35) узаемадзеянняў, якія, аднак, не вытрымалі выпрабавання часам. Таму значнае развіццё атрымалі аксіяматычны і іншыя падыходы ў К.т.п. Аднак толькі на падставе універсальнага дынамічнага прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці пабудаваны сучасныя калібровачныя квантавапалявыя тэорыі электраслабага ўзаемадзеяння (С.​Вайнберг, Ш.​Глэшаў, А.​Салам, 1967—71) і моцнага ўзаемадзеяння — квантавая хромадынаміка (М.​Гел-Ман, Вайнберг, Салам і інш., 1973), якія забяспечылі дастаткова добрую згоду тэорыі эксперыментам. Першаснымі крыніцамі гэтых узаемадзеянняў сталі лептоны і кваркі, а іх пераносчыкамі — кванты адпаведных калібровачных палёў: фатон, 3 слабыя вектарныя базоны і 8 глюонаў. Далейшае развіццё К.т.п. звязваецца з канцэпцыяй адзінай тэорыі поля, суперсіметрыі, рашотак, струн, мембран і інш. Метады К.т.п. шырока выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела, оптыцы і спектраскапіі, квантавай электроніцы і інш.

На Беларусі пытанні К.т.п. распрацоўваюцца з 1944 у БДУ, пазней у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (да пач. 1990-х г. пад кіраўніцтвам Ф.​І.​Фёдарава). Пабудавана агульная каварыянтная тэорыя рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, распрацаваны метад праекцыйных аператараў, з дапамогай уведзенай вектарнай параметрызацыі групы Лорэнца вырашаны многія пытанні рэлятывісцкай кінематыкі (Фёдараў, А.​А.​Богуш, Ю.​А.​Курачкін і інш.).

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Федоров Ф.И. Проективные операторы в теории элементарных частиц // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1958. Т. 35, вып. 2;

Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;

Швебер С. Введение в релятивистскую квантовую теорию поля: Пер. с англ. М., 1963;

Ченг Т.-П., Л и Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц: Пер. с англ. М., 1987.

А.​А.​Богуш, Ф.​І.​Фёдараў.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫ ВЫ́БУХ,

магутны выбух, выкліканы надзвычайна хуткім вылучэннем велізарнай колькасці ядзернай энергіі ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі дзялення цяжкіх ядраў або тэрмаядзернай рэакцыі сінтэзу. У цэнтры Я.в. развіваюцца вялізныя т-ра (~10​8 К) і ціск (~10​12 атм.). Рэчыва пераўтвараецца ў плазму і разлятаецца. Утвараюцца асн. паражальныя фактары Я.в.: светлавое выпрамяненне, ударная хваля, пранікальная радыяцыя, радыеактыўны пыл. Магутнасць Я.в. вымяраецца тратылавым эквівалентам (для ядз. бомбаў 1—20 кт, для тэрмаядз. парадку 10​5—10​6 т).

Могуць выкарыстоўвацца ў ваен. (гл. Ядзерная зброя) і мірных (для буйнамаштабных горных работ, здабычы карысных выкапняў і інш.) мэтах.

Для ажыццяўлення Я.н. ў выніку ланцуговай рэакцыі дзялення неабходна. каб маса падзельнага рэчыва (урану-235, плутонію-239; гл. Ядзернае паліва) перавысіла т. зв. крытычную масу, якая залежыць ад шчыльнасці рэчыва і яго геам. канфігурацыі. Да выбуху сістэма павінна быць падкрытычнай. Пераход у надкрытычны стан ажыццяўляецца хуткім збліжэннем некалькіх кавалкаў падзельнага матэрыялу. Для гэтага выкарыстоўваецца звычайнае выбуховае рэчыва, выбух якога дае высокі (-10​6 атм.) ціск і выклікае сцісканне падзельнага матэрыялу. У тэрмаядз. выбуховым прыстасаванні Я.в. дасягаецца з дапамогай ядз. бомбы дзялення. выбух якой служыць дэтанатарам.

Адрозніваюць Я.в. паветраныя (на вышыні, пры якой святлівая вобласць не дакранаецца да паверхні зямлі, але не вышэй за 10 км), вышынныя (вышэй мяжы трапасферы — вышэй за 10 км), надводныя і надземныя (на паверхні вады або зямлі. або на такой вышыні. калі святлівая вобласць датыкаецца да іх), падводныя і падземныя. Светлавое выпрамяненне Я.в. складаецца з ультрафіялетавых. бачных і інфрачырвоных прамянёў. Крыніца яго — вогненны шар, які для бомбы ў 20 кт праз 0,1 с дасягае радыуса 150 км. т-ры 8000 К. За некалькі секунд свячэння ў эл.-магн. выпрамяненне пераходзіць 10—20% энергіі Я.в., якое выклікае пажары, абвугліванне матэрыялаў, апёкі. Ударная хваля — вынік сціскання паветра або інш. асяроддзя пры расшырэнні вогненнай сферы, распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю. Выклікае разбурэнні наземных збудаванняў. Радыус моцнага паражэння для ядз. бомбы ў 20 кт да 1 км. Пранікальная радыяцыя — магутны паток нейтронаў і гама-выпрамянення. складае каля 1% усёй вылучанай энергіі Я.в. Пры выбуху на вышыні -1 км можа дасягаць паверхні зямлі (атмасфера аслабляе паток удвая на адлегласці 150 м), ствараючы лятальную дозу. На адкрытай паверхні паражае жывыя арганізмы ў радыусе некалькіх кіламетраў, паражэнне людзей прыводзіць да прамянёвай хваробы (гл. Радыяцыя, Іанізавальнае выпрамяненне). Радыеактыўны пыл дзейнічае на арганізм чалавека гэтак жа. як і пранікальная радыяцыя. Разрэджанае нагрэтае паветра, якое нясе радыеактыўныя прадукты Я.в., падымаецца ўверх і праз некалькі мінут дасягае 10—15 км. пасля чаго расплываецца на сотні кіламетраў. Радыеактыўныя часціцы выпадаюць на паверхню зямлі і ўтвараюць т.зв. радыеактыўны след. Пры прыземным Я.в. вогненны шар дакранаецца да паверхні зямлі. падымае ўверх пыл. радыеактыўныя нукліды прыліпаюць да часцінак зямлі і выпадаюць паблізу эпіцэнтра выбуху ў канцэнтрацыі. лятальнай для чалавека. Пры падводным і падземным Я.в. ў цэнтры ўзнікае газавы пузыр высокага ціску, асн. разбурэнні выклікае ўдарная хваля. Першы Я.в. ажыццёўлены ў ЗША у 1945. у СССР у 1949, тэрмаядз. ў 1953. Гл. таксама Ядзерная бомба, Радыеактыўнае забруджванне.

Літ.:

Ядерный взрыв в космосе. на земле и под землей: Пер. с англ. М., 1974: Израэль Ю.А. Мирные ядерные взрывы и окружающая среда. Л., 1974.

У.​П.​Бубноў, У.​М.​Сацута.

Схема паветранага ядзернага выбуху.

т. 18, кн. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНАЛЬНАЕ ПРАВА

Нацыянальныя крымін.-прававыя погляды бяруць пачатак з такіх фундаментальных нарматыўных крыніц, як статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 (апошні дзейнічаў на тэр. Беларусі да 1840). У дасав. і ў сав. перыяды айч. навука крымін. права фарміравалася і развівалася ў асн. ў рэчышчы і на метадалагічнай аснове рас. крымін. права. Сістэмнае фарміраванне нац. навук. школы крымін. права звязана з расшырэннем у 1953 і 1957 паўнамоцтваў саюзных рэспублік у галіне заканадаўчага рэгулявання. Цэнтрамі падрыхтоўкі навук. кадраў і правядзення фундаментальных даследаванняў у галіне крымін. права былі Мінскі юрыдычны ін-т (1931—54), БДУ (юрыд. ф-т, 1954), Ін-т філасофіі і права АН Беларусі (з 1931), Мінская вышэйшая школа МУС СССР. Навук. даследаванні ў гэты перыяд былі звязаны з рэформай крымін. заканадаўства, падрыхтоўкай Асноў крымін. заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, а пасля іх прыняцця ў 1958 — Крымінальнага кодэкса БССР (1960). Апрача дактрынальнага каменціравання кодэкса, прадметамі даследаванняў бел. вучоных сталі праблемы: стадыі здзяйснення наўмыснага злачынства, падставы і межы адказнасці за няскончаную злачынную дзейнасць (І.​С.​Цішкевіч); падставы і межы крымін. адказнасці за пакіданне ў небяспецы (І.​І.​Гарэлік); пазбаўленне свабоды як від крымін. пакарання і яго эфектыўнасць (М.​А.​Яфімаў) і інш. У пач. 1960-х г. на базе Ін-та філасофіі і права АН Беларусі арганізавана падрыхтоўка навук. кадраў у галіне крымін. права. Выдадзены манаграфічныя працы «Адказнасць за цялесныя пашкоджанні па савецкаму крымінальнаму праву» П.​А.​Дубаўца (1964), «Умовы і межы неабходнай абароны» І.​С.​Цішкевіча (1969), «Класіфікацыя злачынстваў, небяспечных для жыцця і здароўя» І.​І.​Гарэліка (1973) і інш. Пытанні крымін. адказнасці і сістэмы пакаранняў аналізаваліся ў працах Л.​В.​Багрый-Шахматава. У 1963 пад рэд. І.​Ц.​Цішкевіча і В.​А.​Шкурко выдадзены першы Навук.-практычны каментарый да Крымін. кодэкса БССР (апошняе перавыд. 1989).

У 1970—80-я г. аб’ектам навук. даследаванняў сталі крымін.-прававыя меры ўздзеяння, не звязаныя з пакараннем (Э.​А.​Саркісава, В.​А.​Шкурко, М.​А.​Яфімаў). Сувязь тэорыі крымін. права з суд. практыкай адлюстравана ў працах І.​С.​Цішкевіча і І.​І.​Гарэліка «Пытанні крымінальнага права (Агульнай часткі) у практыцы Вярхоўнага суда БССР» (1973) і «Пытанні судовай практыкі (Асаблівай часткі) у практыцы Вярхоўнага суда БССР» (1976). Распрацоўваліся такія актуальныя праблемы, як крымін.-прававыя сродкі стымуляцыі раскрыцця злачынстваў (А.​У.​Баркоў), крыміналізацыя грамадска небяспечных паводзін з выкарыстаннем інфарм.-вылічальных машын (М.​Ф.​Ахраменка), сродкі забеспячэння выканання абвінаваўчага прыгавору (В.​В.​Марчук), кваліфікацыя крадзяжоў маёмасці пасля прыняцця Закона аб уласнасці і уніфікацыя на яго аснове адказнасці за злачынствы супраць уласнасці (І.​С.​Цішкевіч, С.​І.​Цішкевіч). З пач. 1990-х г., ва ўмовах рэформы крымін. заканадаўства, вядуцца даследаванні ў галіне тэорыі і практыкі крымін.-прававой абароны свабоды і адпаведнага парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці (А.​І.​Лукашоў), аналізуюцца тэарэтычныя аспекты і прынцыпы функцыянавання інстытута крымін. адказнасці (У.​М.​Хоміч). Распрацаваная на кафедры крымін. права БДУ пад кіраўніцтвам У.​М.​Хоміча канцэпцыя рэфармавання крымін. і крымін.-выканаўчага заканадаўства стала нарматыўнай мадэллю прынятых Крымінальнага (1999) і Крымінальна-выканаўчага (2000) кодэксаў Рэспублікі Беларусь. У 2003 выдадзены «Каментарый да Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» пад рэд. А.​У.​Баркова.

Літ.:

Саркисова Э.А. Уголовно-правовые средства предупреждения преступлений. Мн., 1975;

Барков А.В. Уголовный закон и раскрытие преступлений. Мн., 1980;

Ефимов М.А., Шкурко В.А. Совершенствование уголовно-правовых мер борьбы с преступностью. Мн., 1980;

Тишкевич И.С., Тишкевич С.И. Квалификация хищений имущества. Мн., 1996;

Хомич В.М. Теоретические проблемы уголовной ответственности (формы реализации). Мн., 1997;

Лукашов А.И. Преступления против порядка осуществления экономической деятельности: уголовно-правовая характеристика и вопросы классификации. Мн., 2002.

У.​М.​Хоміч.

т. 18, кн. 2, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТМАДЭРНІ́ЗМ (ад пост... + мадэрнізм),

мнагазначнае паняцце для характарыстыкі новага перыяду і тыпу культуры, новых маст. стыляў, кірункаў, сістэм, што склаліся ў архітэктуры, жывапісе, л-ры і г.д. у 2-й пал. 20 ст., стылю навук. мыслення і тэарэт. рэфлексій на гэтыя з’явы ў філасофіі, эстэтыцы. Тэрмін «П.» — вытворнае ад паняцця постмадэрн (літар. тое, што пасля мадэрну). У значнай ступені з’яўляецца вынікам развіцця найноўшых сродкаў масавай камунікацыі (тэлебачання, відэа- і камп’ютэрнай тэхнікі). Тэорыя П. пачала складвацца ў ЗША, куды ў 1970-я г. праніклі філас., постфрэйдысцкія і літ.-знаўчыя канцэпцыі франц. постструктуралістаў (Ж.​Бадрыяр, Ж.​Дэрыда, Ж.​Ф.​Ліятар). 1980-я г. лічаць часам узлёту П. Паняцце «П.» суадносіцца таксама з паліт. ладам, стандартамі паводзін, сродкамі масавай інфармацыі, мараллю (гуманіст. бок культуры і яе парадыгма), тыпам усведамлення, які рэалізуе пэўную сістэму духоўных каштоўнасцей. Для П. характэрна адмаўленне ўстаноўкі на строга навук. мысленне, успрыманне свету як самаарганізаванага хаосу, як тэксту, што прыводзіць да плюралізму ідэалогій у культуры, дэанталагізацыі мыслення. Культура П. характарызуецца адмаўленнем усякіх абмежаванняў — нарматыўнасці, традыцыі, рэгламенту, парадку. Постмадэрнісцкія творы ствараюцца пры дапамозе мадэліравання штучнай рэальнасці і дэканструкцыі т.зв. інтэртэксту культуры. У літаратуры вызначальнымі рысамі паэтыкі П. з’яўляюцца: «шматадраснасць» л-ры (зварот адначасова да розных чытачоў: ад высокаінтэлектуальнага да масавага), гібрыднасць (у аснове якой — кадзіраванне, што параджае прынцыпова новую літ. мову), мутантная змена жанраў, інтэртэкстуальнасць, дэкананізацыя, іронія, безасабовасць, карнавалізацыя, прынцып множнасці ісціны і множнасці яе інтэрпрэтацый. Сярод прадстаўнікоў П.​Дж.​Барнс, Дж.​Барт, К.​Вонегут, Х.​Картасар, Г.​Мюлер, М.​Павіч, Т.​Пінчан, С.​Рушдзі, Т.​Стопард, Дж.​Фаўлс, У.​Эка, А.​Бітаў, В.​Ерафееў, У.​Набокаў і інш. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці паэтаў-маладнякоўцаў М.​Танка, А.​Вярцінскага, А.​Разанава, некат. маладых пісьменнікаў. У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе) і архітэктуры для П. характэрна аб’яднанне ў адным творы сродкаў розных стыляў, гіст., традыцый і нац. школ. У жывапісе П. адвяргае імкненне мадэрнізму да захавання чысціні маст. форм і метадаў, проціпастаўляе абнаўленню маст. мовы перайманне і змешванне асобных элементаў з існуючых маст. сістэм (С.​Кія, Ф.​Клементэ, Э.​Кукі, М.​Паладзіна ў Італіі, Г.​Базеліц у Германіі і інш.). У архітэктуры П. — супастаўленне элементаў гіст. стыляў у нязвыклым кантэксце стварае тэатралізаванае эстэт. асяроддзе, часта з элементамі іроніі і гратэску. З канца 1970-х г. будаваліся грамадскія цэнтры, акружаныя ярка расфарбаванымі аркадамі і калонамі, дзе арх. формы пераасэнсаваны і дапоўнены нетрадыц. матэрыяламі: анадзіраваны алюміній, нержавеючая сталь, неонавыя трубкі і інш. («П’яцца д’Італія ў г. Нью-Арлеан, ЗША, арх. Ч.​Мур); гарады-спадарожнікі з восевай планіроўкай, забудаваныя дамамі з цяжкімі карнізамі і франтонамі, магутнымі дэкар. калонамі на руставаных стылабатах (гарады-спадарожнікі Парыжа, ісп. арх. Р.​Банфілья); асабнякі з развітымі схільнымі дахамі і звісаючымі карнізамі, дахавымі вокнамі і дымавымі трубамі (праекты амер. арх. Р.​Вентуры) і інш. У кінематографе ў рознай ступені да прадстаўнікоў П. належаць П.​Грынуэй, Д.​Джармен, Р.​В.​Фасбіндэр, Ф.​Феліні, А.​Сакураў, А.​Таркоўскі; у музыцы — Л.​Доўсан, Р.​Хайнарэ, А.​Шнітке; у тэатры — А.​Хэйге, Р.​Вікцюк, Б.​Юханаў.

Літ.:

Иконников А.В. Зарубежная архитектура: От «новой архитектуры» до постмодернизма. М., 1982;

Дженкс Ч.А. Язык архитектуры постмодернизма: Пер. с англ. М., 1985;

Барт Р. Избр. работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр. М., 1994;

Философия эпохи постмодерна. Мн., 1996;

Ильин И.П. Постмодернизм от истоков до конца столетия: Эволюция науч. мифа. М., 1998;

Лиотар Ж.Ф. Состояние постмодерна. СПб., 1998;

Скоропанова И.С. Русская постмодернистская литература. М., 1999;

Курицын В. Русский литературный постмодернизм. М., 2000;

Эпштэйн М. Постмодерн в России: Лит. и теория. М., 2000.

А.​М.​Андрэеў, В.​В.​Халіпаў.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)