«КНІ́ГА ВЯЛІ́КАМУ ЧАРЦЯЖУ́»,

тэкставае апісанне (па гал. рэках) найбуйнейшай карты Расіі 17 ст. (не захавалася). Складзена ў 1627 у Разрадным прыказе. Была практычным дапаможнікам для служылых людзей, якіх пасылалі ў розныя мясцовасці краіны, з канца 17 і ў 18 ст. выкарыстоўвалася як школьны падручнік па геаграфіі Расіі. Распаўсюджвалася ў рукапісных спісах; існуе 8 асн. рэдакцый кнігі (у ёй прыведзены каля 2 тыс. тапонімаў і больш за 1,5 тыс. велічынь адлегласцей). Уведзена ў навук. абарачэнне В.М.Тацішчавым; упершыню надрук. ў 1775 М.І.Навіковым пад назвай «Старажытная расійская ідраграфія, якая змяшчае апісанне Маскоўскай дзяржавы рэк, праток, азёр, крыніц, і якія на іх урочышчы і на якой яны адлегласці».

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».

Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.​Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял. Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц. т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТРО́Й,

устойлівы псіхічны стан умеранай або слабай інтэнсіўнасці (параўнальна працяглы), які выяўляецца ў станоўчым або адмоўным эмацыянальным фоне псіхічнага жыцця індывіда. У адрозненне ад сітуацыйных эмоцый і афектаў Н. з’яўляецца эмацыянальнай рэакцыяй чалавека на розныя з’явы ў кантэксце яго абагульненых жыццёвых планаў, інтарэсаў, чаканняў. У залежнасці ад ступені ўсведамлення прычын, якія выклікалі Н., ён перажываецца як непадзельны агульны эмацыянальны фон (прыўзняты, прыгнечаны і г.д.) або як стан асобы (радасць, захапленне, смутак, туга, страх і г.д.). Імкненне кантраляваць свой Н., знаходзіць і засвойваць спосабы яго карэкцыі — задача выхавання і самавыхавання (гл. Самарэгуляцыя). Беспрычынныя ваганні Н. могуць мець паталагічнае паходжанне (гл. Дэпрэсія, Эйфарыя) або абумоўлены прыроднай канстытуцыяй чалавека.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАФО́СКА,

складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.

Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб. колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.

Р.​У.​Васілюк.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСХАДАМЕ́Р,

прылада для вымярэння расходу (аб’ёму, масы) сыпкіх, цвёрдых ці кускавых матэрыялаў, вадкасцей, пары, газу. Да Р. адносяцца таксама дыферэнцыяльныя манометры і розныя лічыльнікі.

Адрозніваюць Р. індукцыйныя (вымяраюць расход рэчыва па значэнні эрс, якая наводзіцца ў яго патоку магн. полем), цеплавыя (расход вадкасці вызначаецца па інтэнсіўнасці пераносу цеплавой энергіі), масавыя (на адчувальным элеменце ўзнікае інерцыйны вярчальны момант, Карыяліса сіла ці гіраскапічны эфект, што фіксуюцца прыладай). вяртушкавыя (расход вымяраецца па частаце вярчэння крыльчаткі — вяртушкі, што рухаецца пад уздзеяннем патоку рэчыва) і інш. Выкарыстоўваюць для ўліку колькасці розных прадуктаў пры іх вытв-сці, транспарціроўцы. захоўванні, а таксама для рэгулявання тэхнал. і цеплаэнергетычных працэсаў у аўтам. сістэмах кіравання і кантролю.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́К Алесь (Аляксандр Пятровіч; н. 7.11.1934, в. Макаўчыцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у час. «Вожык», «Бярозка», газ. «Калгасная праўда», на Бел. радыё. У 1966—72 у сакратарыяце Прэзідыума Вярх. савета СССР, адначасова выкладаў бел. мову ў Літ. ін-це імя М.​Горкага. З 1972 нам. адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—95 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. У цэнтры ўвагі яго твораў маральна-этычныя праблемы. Аўтар зб. апавяд. і гумарэсак «Дарогі бываюць розныя» (1972), рамана «Трэба было жыць» (1990), кн. для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

Тв.:

Што пасееш...: Аповесць, апавяданні. Мн., 1982.

т. 13, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЬФГІДРЫ́ЛЬНЫЯ ГРУ́ПЫ,

функцыянальныя SH-групы ў малекулах арган. злучэнняў. У бялках уваходзяць у састаў цыстэіну.

Валодаюць высокай рэакцыйнай здольнасцю, лёгка акісляюцца і ўтвараюць дысульфідныя сувязі (—S—S—). Забяспечваюць трохмерную структуру малекул, утвараюць вадародныя, дысульфідныя і каардынацыйныя сувязі. Дысульфідныя сувязі жорстка змацоўваюць розныя поліпептыдныя ланцугі або ўчасткі аднаго ланцуга (шмат —S—S-сувязяў у бялках валасоў, пазногцяў, воўны і інш.; некат. гармонах — інсуліне, аксітацыне і інш.). У некат. ферментах (напр., алкагольдэгідрагеназа) С.г. ўтвараюць сувязі паміж бялком і каферментам, выконваюць каталітычную ролю. Блакада С.г. бялкоў (ферментаў), каферменту А, напр., цяжкімі металамі, парушае дзяленне клетак, мышачнае скарачэнне, фотасінтэз і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНАЎСКІ ПОЛК,

старэйшы полк рус. гвардыі. Сфарміраваны Пятром I у канцы 17 ст. з «пацешных» войск у с. Сямёнаўскае пад Масквой (адсюль назва). Вызначыўся ў Паўночнай вайне 1700—21, войнах з Турцыяй 1735—39 і 1877—78, вайне 1812, замежных паходах 1813—14. У 1820 адбылося выступленне салдат супраць нялюдскага абыходжання камандзіра палка з падначаленымі. Полк расфарміраваны, каля тыс. чал. панеслі розныя пакаранні. Пасля быў створаны новы С.п. з салдат грэнадзёрскіх палкоў. Некат. б. сямёнаўцы ўдзельнічалі ў паўстанні дзекабрыстаў 1825. У 1917 радавы склад С.п. падтрымаў Лют. і Кастр. рэвалюцыі. У пач. 1918 С.п. расфарміраваны. Значная колькасць афіцэраў працягвала службу ў белагвардзейскіх войсках. Гл. таксама Гвардыя.

т. 15, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ШЛЕРА ПРЫ́НЦЫП ЭКВІВАЛЕ́НТНАСЦІ ў экалогіі,

прынцып, паводле якога ў геаграфічна розных, але экалагічна канвергентных біятопах розныя віды арганізмаў, што займаюць эквівалентныя нішы экалагічныя, выконваюць ідэнтычныя экалагічныя функцыі. Сфармуляваны ням. эколагам В.​Тышлерам (1955). Эквівалентнымі з’яўляюцца эдафічныя ўмовы (гл. Эдасфера), біятычныя спектры і біяцэнатычная структура экасістэм шыракалістых лясоў Еўропы і Канады, і ў выніку расліннаедныя млекакормячыя Паўн. Амерыкі (алень вапіці, вавёрка гудзонская, хамячок аленевы) выконваюць тыя ж экалагічныя функцыі, што і адпаведныя млекакормячыя Еўропы (алень высакародны, вавёрка звычайная, мыш лясная). Пры наяўнасці мноства эквівалентных ніш утвараюцца аналагічныя біяцэнозы — ізацэнозы, або ізацэны (напр., амер. прэрыі і афр. саванны, паўночнаамер. і еўрап. лясы і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАХАЎСКО́Й Аляксандр Аляксандравіч (5.5.1777, б. маёнтак Беззаботы Смаленскай вобл., Расія — 3.2.1846),

рускі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Князь. Чл. Рас. акадэміі (1810). Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це (1792). У 1802—26 (з перапынкамі) кіраваў пецярб. драм. трупай і тэатр. вучылішчам. У 1811 арганізаваў «Маладую трупу», якая выступала з камед. рэпертуарам. Напісаў больш за 100 драм. твораў (вадэвілі, гіст. п’есы, пераробкі твораў еўрап. аўтараў), сярод якіх вылучаюцца «Новы Стэрн» (паст. 1805) і «Урок какеткам, альбо Ліпецкія воды» (1815). П’есы Ш. адметныя займальнасцю інтрыгі, арыентацыяй на прастамоўе, афарыстычнасцю. У рамант. «чарадзейныя паказы» ўводзіў музыку, танцы, розныя відовішчныя эфекты. Сярод вучняў В.А.Каратыгін, К.С.Сямёнава.

Тв.:

Комедии. Стихотворения. Л., 1961.

т. 17, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)