НАЗА́РАЎ Сяргей Іванавіч (14.10.1928, в. Барадзіно Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1999),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1988, чл.-кар. з 1982; з 1992 — Рас. акадэмія с.-г. навук), Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-ртэхн.н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў БСГА (1953). З 1962 у Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (у 1968—80 нам. дырэктара), у 1980—93 рэктар БСГА. Навук. працы па тэхніцы і тэхналогіі ўнясення мінер. і арган. угнаенняў, інш. праблемах механізацыі с.-г. вытв-сці. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана больш як 20 с.-г. машын, якія выпускаюцца прам-сцю Беларусі.
Тв.:
Механизация обработки и внесение органических удобрений. Мн., 1993 (разам з В.А.Шаршуновым);
Механизация уборки и послеуборочной обработки семян кормовых культур и трав. Мн., 1997 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВЫ́ЗНАЧАНЫ ВЫ́РАЗ,
функцыя, ліміт якой нельга знайсці непасрэдным выкарыстаннем тэарэм аб лімітах.
Зводзіцца да дзелі, алг. сумы ці здабытку функцый, што сімвалічна пазначаюцца 0/0, ∞/∞, 0∙∞, ∞ = ∞, 0°, ∞°, 1∞ і якія страчваюць сэнс пры фармальнай падстаноўцы лімітавага значэння аргумента. Знаходжанне ліміту Н.в. (калі ён існуе) наз. раскрыццём нявызначанасці і грунтуецца на замене дадзенай функцыі другой функцыяй, якая мае той жа ліміт, але не з’яўляецца Н.в. Для раскрыцця нявызначанасці карыстаюцца алг. пераўтварэннямі, заменай функцый іх вытворнымі (правіла Лапіталя), а таксама раскладаннем функцый у ступеневыя шэрагі. Напр.,
,
,
.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл.Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.А.Бельчыкава і М.С.Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.М.Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВА́Я ДАПАМО́ГА.
дагаворы аб прававой дапамозе, дагаворы, якія заключаюцца дзяржавамі па пытаннях супрацоўніцтва ўстаноў юстыцыі (судоў, органаў натарыяту, пракуратуры), па аказанні юрыд. дапамогі па цывільных, сямейных і крымін. справах. У СНД прынята Мінская канвенцыя аб П.д. і прававых адносінах (1993). Беларусь мае таксама дагаворы аб П.д. з шэрагам інш. замежных дзяржаў. Мэта дагавораў — забеспячэнне ўзаемнага прызнання і захавання маёмасных і асабістых правоў грамадзян адной дзяржавы на тэр. другой дзяржавы. Дагаворы рэгулююць пытанні супрацоўніцтва паміж установамі юстыцыі, прававой абароны, вызначэння кампетэнцыі судоў і прымянення права, працэсуальных правоў іншаземцаў, выканання даручэнняў аб П.д., прызначэння і выканання рашэнняў па цывільных, сямейных справах, прызнання і перасылкі дакументаў, выдачы злачынцаў і г.д. Паводле дагавора П.д. грамадзяне адной дзяржавы карыстаюцца на тэр. другой дзяржавы такой жа абаронай іх асабістых і маёмасных правоў, як і ўласныя грамадзяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НСНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
электрамагнітнае выпрамяненне, вылучанае сістэмай зарадаў (напр., атамам), з частатой, роўнай частаце ўзбуджальнага выпрамянення. Назіраецца пры пэўных умовах, напр., у разрэджаных газах, замарожаных растворах. Адкрыта Р.Вудам (1905) пры даследаваннях пары натрыю.
Для ўзбуджэння Р.в. атам (ці інш. сістэму звязаных зарадаў) абпрамяняюць, напр., святлом пэўнай частаты. Пры паглынанні кванта святла атам пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры спантанным вяртанні з якога ў асн. стан адбываюцца Р.в., — атам выпрамяняе квант святла той жа частаты і ў спектры выпрамянення выяўляецца рэзанансная лінія. Пры ўзаемадзеянні атамнага ядра з гама-выпрамяненнем назіраецца Р.в. гама-квантаў. Р.в. заўсёды палярызавана, пры гэтым ступень і характар палярызацыі вызначаецца характарам палярызацыі ўзбуджальнага выпрамянення, напрамкам назірання, уласцівасцямі выпрамяняльнага аб’екта, наяўнасцю ў ім дамешкаў, знешняга магн. поля (найб. адчувальна; у эксперыментах неабходна ўлічваць магн. поле Зямлі). Гл. таксама Вымушанае выпрамяненне, Квантавы генератар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЛЕС Рыгор Львовіч (н. 23.4.1913, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),
яўрэйскі і рус. пісьменнік. Скончыў Віцебскі пед. тэхнікум (1933), Мінскі пед.ін-т (1937). Працаваў у школах Слуцка, Навагрудка і Мінска, у газ. «Заря» (Брэст), «Зорька», час. «Вожык». Друкуецца з 1931. Піша на яўр. і рус. мовах. Аўтар. зб-каў вершаў «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941), «Водгукі часу» (1974), аповесцей і апавяд. «Сябры і знаёмыя» (1963), «У родным кутку» (1972), «Праз цяжкі парог» (1976), «Пад ясным небам», «Не ружамі ўсланы твой шлях» (абодва 1983), «У краі светлых бяроз» (1997) і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі нарысаў і апавяд. «Запіскі майго калегі» (1960), вершаў «Бяроза пад акном» (1961), «З тых жа крыніц» (1993), «Аднаактовыя п’есы» (1964, з Х.Мальцінскім). На бел. мову яго вершы перакладалі Р.Барадулін, Ф.Баторын, А.Зарыцкі, апавяданні і п’есы — М.Татур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІВО́Н Інеса Іванаўна (н. 24.12.1937, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. антраполаг. Канд.гіст.н. (1970). Д-рбіял.н. (1996). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1960). З 1968 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Вывучае асн. заканамернасці фарміравання фіз. тыпу стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі ў святле этнагенетычных умоў. У выніку даследавання могільнікаў 18 — пач. 19 ст. ёй складзена буйная краніялагічная калекцыя па бел. насельніцтве. Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі» (1976, з Л.І.Цягака, А.І.Мікулічам), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978, з імі ж), «Асновы сучаснай антрапалогіі» (1989, з Цягака), «Асновы антрапалогіі і экалогіі чалавека» (1997, з ёй жа) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за цыкл прац па антрапалогіі «Чалавек і яго біякультурная адаптацыя».
Тв.:
Фізічны тып беларусаў: Узроставая тыпал. і экал. зменлівасць. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. specialis асаблівы),
комплекс ведаў, уменняў, набытых спец. падрыхтоўкай, вопытам работы і неабходных для працы ў межах пэўнай прафесіі (інжынер-будаўнік, інжынер-эканаміст, тэхнік-механік, урач-тэрапеўт, урач-акуліст, слесар-інструментальшчык, слесар-наладчык і інш.). Калі функцыі пэўнай С. пашыраюцца на ўсю прац. дзейнасць работніка, яна адпавядае паняццю «прафесія» (шафёр, газазваршчык, бібліятэкар і інш.). У 2001 у 44 дзярж. і 14 недзярж. ВНУ Беларусі рыхтавалі спецыялістаў па больш як 240 С. па наступных профілях: пед., тэхн., гуманітарным, эканам., прыродазнаўчанавуковым, с.-г., мед. і ваенным; у сярэдніх спец.навуч. установах — каля 170, у асн. па тых жа профілях, што і ў ВНУ. У сістэме прафес.-тэхн. адукацыі замест С. прынята назва «рабочая прафесія». У 2001 такіх прафесій было больш як 380. Гл. таксама раздзел Асвета ў арт.Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РА (ад лац. structura будова, размяшчэнне),
сукупнасць устойлівых сувязей аб’екта, якія забяспечваюць яго цэласнасць пры знешніх і ўнутр. зменах. Уяўляе сабой спосаб узаемадзеяння элементаў сістэмнага ўтварэння, пры якім унутр. сувязі больш моцныя, чым знешнія, што абумоўлівае захоўванне якасных характарыстык сістэмы. У значнай ступені ўплывае на элементы сістэмы; часам адзін і той жа элементны састаў дзякуючы С. можа ўтвараць розныя сістэмы (напр., з’явы ізамерыі ў хіміі). Першапачаткова тэрмін «С.» ўжываўся ў навуцы для абазначэння формы. У 19 ст. ў сувязі з узнікненнем хімічнай будовы тэорыі, паняцце С. стала разглядацца як спосаб арганізацыі элементаў сістэмнага ўтварэння. З 20 ст. аналіз структурных адносін і сувязей займае значнае месца ў даследаваннях мовы, культуры, псіхалогіі, грамадства і інш. (гл.Гештальтпсіхалогія, Структуралізм, Структурна-функцыянальны аналіз). Паняцце С. цесна звязана з катэгорыямі агульнай тэорыі сістэм (сістэма, элемент, цэласнасць, арганізацыя) і кібернетыкі (функцыя).