род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна на лугах, лясных палянах і ўзлесках трапляецца Д. сярэдні (B. media). Як інтрадукаваная дэкар. расліна вырошчваецца і зрэдку дзічэе Д. вялікі (B. maxima).
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамастойнае, простае або ад асновы галінастае. Лісце сядзячае, лінейнае, пляскатае, шыр. 2—8 мм. Кветкі сабраны ў сплясканыя рамбічныя ці яйцападобныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае раскідзістае або сціснутае мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. (выкарыстоўваюць для групавых пасадак і на сухія букеты) і лек. (мачагонны, сардэчны, супрацьзапаленчы сродак) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІТО́МЕТР (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метр),
прылада для вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатаграфічных матэрыялаў. Д. адрозніваюць паводле прынцыпу вымярэнняў (прамы адлік і метад параўнання), характару фотапрыёмніка (вока, фотаэлемент ці фотапамнажальнік), характару выхадных даных (нерэгістравальныя і аўтаматызаваныя рэгістравальныя прылады) і па велічыні вымеранага поля (уласна Д. і мікрафатометры).
Прынцып работы Д. заснаваны на Бугера—Ламберта—Бэра законе. У прыладах прамога адліку выкарыстоўваецца 1 светлавы пучок, зыходная інтэнсіўнасць якога параўноўваецца з інтэнсіўнасцю пучка, што прайшоў праз фотаслой. Прылады, якія працуюць на прынцыпе параўнання, маюць 2 пучкі (вымяральны і параўнання) ад адной крыніцы святла, што паступаюць на 2 фотапрыёмнікі (ці па чарзе на 1). Рознасны сігнал даводзяць да нулявога ўзроўню з дапамогай пераменнага аслабляльніка святла, калібраванага па значэннях аптычнай шчыльнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВО́ДНЫ МАГНІ́Т,
від электрамагнітацісаленоіда, абмоткі якіх зроблены са звышправоднага матэрыялу (гл.Звышправаднікі). Пры кароткім замыканні такой абмоткі наведзены ў ёй эл. ток захоўваецца практычна бясконца доўга.
Магн. поле незатухальнага току, які цыркулюе па абмотцы З.м., выключна стабільнае і пазбаўлена пульсацый. Абмотка З.м. траціць уласцівасці звышправоднасці пры павелічэнні т-ры вышэй за крытычную або пры дасягненні крытычнага току ці крытычнага магнітнага поля. Таму абмоткі З.м. робяць з матэрыялу з вял. крытычнымі значэннямі гэтых параметраў (сплавы ніобій—цырконій Nb—Zr. ніобій—тытан Nb—Ti; злучэнні ніобію з волавам Nb3Sn, ванадыю з галіем V3Ga і інш.). З.м. выкарыстоўваюцца для даследавання магн., эл. і аптычных уласцівасцей матэрыялаў, у эксперыментах па вывучэнні плазмы, атамных ядраў і элементарных часціц, у тэхніцы сувязі, радыёлакацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕСУШЫ́ЛКА,
машына (агрэгат ці ўстаноўка) для сушкі збожжа, насення траў, агародніны і інш. Выкарыстоўваецца ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу або асобна. Бываюць: перасоўныя і стацыянарныя; барабанныя, шахтавыя, калонкавыя, канвеерныя, вакуумныя.
Збожжа ў іх сушаць нагрэтым паветрам або сумессю яго з газамі, што ўтвараюцца пры згаранні цвёрдага ці вадкага паліва ў спец. топках. У барабанных З. збожжа рухаецца ўздоўж восі вярчальнага барабана ў патоку цепланосьбіта (гарачага паветра), у шахтавых — перамяшчаецца ўніз пад дзеяннем уласнай вагі, а цепланосьбіт паступае ў сушыльную ч. шахты збоку і перасякае збожжавы паток. На Беларусі пашыраны З. шахтавага і барабаннага тыпу, выкарыстоўваюцца на збожжасховішчах, элеватарах і інш. Прадукцыйнасць З. да 16 т/гадз і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЛІВА, зяблевае ворыва,
летне-асенняя апрацоўка глебы пад сяўбу яравых с.-г. культур наступнага года. Праводзіцца з мэтай назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэння пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб с.-г. культур. Тэхналогія З. вызначаецца тыпам глебы, узроўнем яе акультурвання, эрадзіравання, папярэднімі і наступнымі культурамі і інш. З прыёмаў З. найб. пашыраны плужнае адвальнае з перадплужнікам ці безадвальнае ўзворванне, радзей пласкарэзная, шматслойная ярусная апрацоўка і глыбокае ўзворванне. Пасля збожжавых культур зяблеваму ворыву папярэднічае лушчэнне ці дыскаванне ржышча за 2—3 тыдні; пасля прапашных, шматгадовых траў і інш. культур З. праводзіцца без лушчэння. З. дапаўняецца ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, вапнаваннем, рыхленнем падворыўных слаёў, глебапаглыбленнем і проціэразійнымі аграпрыёмамі. На Беларусі найб. эфектыўнае ранняе З. (жнівень — пач. верасня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. immobilis нерухомы),
стварэнне поўнай ці частковай нерухомасці пэўных ч. цела пры некат. пашкоджаннях і хваробах (пераломах касцей, шырокім пашкоджанні мяккіх тканак, цяжкіх апёках, пашкоджанні буйных крывяносных сасудаў і нерв. ствалоў, некат. вострых запаленчых працэсах і інш.). Адрозніваюць І. транспартную (ствараецца на час перавозкі хворага да лячэбнай установы) і лячэбную. На амбулаторным этапе лячэння ажыццяўляецца спец., стандартнымі і імправізаванымі сродкамі. Лячэбную І. выкарыстоўваюць для лячэння пераломаў з мэтай стварэння нерухомасці касцявых адломкаў да іх зрастання і ўтварэння касцявога мазаля. Праводзяць амбулаторна і стацыянарна спец. (гіпсавыя, мяккатканыя павязкі і інш.) і складанымі (кампрэсарна-дыстракцыйныя апараты) прыстасаваннямі, выцяжэннем, фіксацыяй касцявых фрагментаў метал.ці пластмасавымі канструкцыямі (спіцы, вінты і інш.). Пашыраны драцяныя драбінныя шыны Крамера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЕ́Ц (Ranunculus),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі каля 20 відаў, найб. вядомыя К.: едкі (R. acris), нар. назва курыная слепата, паўзучы (R. repens), пякучы (R. Dammula), залацісты (R. auricomus), шарсцісты (R. lanuginosus), шматкветны (R. polyanthemos), кашубскі (R. cassubicus), даўгалісты (R. lingua), ядавіты (R. sceleratus). Растуць на вільготных лугах, у лясах і інш.
Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з пучком тонкіх каранёвых валаснікоў ці развітым карэнішчам. Лісце пальчата-раздзельнае або суцэльнае. Кветкі пераважна жоўтыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — шарападобны шматарэшак. Многія віды К. атрутныя для буйн. раг. жывёлы і авечак. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТО́НЫ,
клас арган. злучэнняў, малекулы якіх маюць карбанільную групу >C=O, звязаную з двума вуглевадароднымі радыкаламі. Адрозніваюць К. сіметрычныя (група >C=O звязана з аднолькавымі радыкаламі; напр., CH3COCH3ацэтон), несіметрычныя (з рознымі радыкаламі; напр., CH3COC2H5 метылэтылкетон ці 2-бутанон), цыклічныя (з карбанільнай групай у кальцы; напр., цыклагексанон). Асобны клас складаюць цыклічныя ненасычаныя дыкетоны — хіноны.
Ніжэйшыя аліфатычныя К. — вадкасці з характэрным пахам, вышэйшыя (у малекуле больш за 11 атамаў вугляроду) — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках, ніжэйшыя — і ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей аналагічныя альдэгідам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем алканаў і алефінаў кіслародам, дэгідрыраваннем ці акісленнем другасных спіртоў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, экстрагенты; для сінтэзу палімераў, пестыцыдаў, фотаматэрыялаў, лек. і пахучых рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКАВЫЯ, конікі сапраўдныя (Tettigonioidea),
надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.
Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ціінш. пакрыццём.
2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.
3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.
Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ціінш.дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.
А.М.Кулагін.
Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.