САПРАПЕ́ЛЬ (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),

глеістыя адклады прэсных вадаёмаў, якія маюць у сабе больш за 15% арган. рэчыва. Фарміруецца з рэшткаў раслін, жывёл, мінер. і арган. дамешкаў. Верхняя тоўшча С. (пелаген) паўвадкая, ніжэй масляністая. Багатыя арганікай С. студзінападобныя. Мае гумінавыя к-ты, фульвакіслоты, геміцэлюлозу, бітумы, попел (у сярэднім 20—60%). Асн. кампаненты попелу — аксіды крэмнію, магнію, жалеза, алюмінію, марганцу, фосфару, натрыю, вуглякіслы кальцый, некат. мікраэлементы. Колер попельна-шэры да цёмна-карычневага, ад мінер. дамешкаў светла-шэры. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы (як угнаенне і дамешак у корм жывёле), медыцыне (гразелячэнне), буд-ве, хім. прам-сці. На Беларусі магутнасць адкладаў С. у азёрах 2—12 м, найб. 30 м (воз. Судабле Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.); агульныя запасы каля 3,8 млрд. м³.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),

правінцыя на Пд цэнтр. ч. Канады. Пл. 651,9 тыс. км². Нас. 990,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — г. Рэджайна. Правінцыя знаходзіцца ў межах Лаўрэнційскага ўзвышша на Пн і Вялікіх раўнін на Пд. На Пн і ПнУ хвойныя лясы, на Пд і ПдЗ лесастэп і стэп (прэрыя). У С. каля 30% с.-г. зямель краіны, правінцыя дае амаль 50% збору пшаніцы, больш за 60% жыта і аўса. Значныя зборы ячменю, лёну і рапсу. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Птушкагадоўля. С.-г. вытв-сць сканцэнтравана на буйных высокамеханізаваных фермах. Буйная здабыча калійных солей, нафты, гелію, медзі, урану. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: харч. (мукамольная, мясакансервавая, масларобчая), хім., чорная металургія, с.-г. машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФЛО́Р (Carthamus),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 19 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі. У Еўразіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі вырошчваюць С. фарбавальны (C. tinotorius) — стараж. культуру, вядомую ў Егіпце з 16 ст. да н.э. (выкарыстоўвалі для афарбоўкі павязак для мумій). На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН. Каля жылля, уздоўж дарог як заносны трапляецца С. шарсцісты (C. lanatus).

С. фарбавальны — аднагадовая травяністая расліна выш. да 100 см. Сцёблы галінастыя, цвёрдыя, белаватыя. Лісце сядзячае, скурыстае, з шыпамі па краі. Кветкі трубчастыя, дробныя, жоўтыя, аранжавыя, у кошыках. Плод — сямянка. Насенне мае да 60% алею (блізкі да сланечнікавага), з кветак атрымліваюць чырв. і жоўтую фарбу. Алейная, кармавая, фарбавальная расліна.

А.​М.​Скуратовіч.

Сафлор.

т. 14, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕНГА́,

рака ў Манголіі і Расіі (Бураціі). Утвараецца ад сутокаў рэк Ідэр і Мурэн. Даўж. (ад вытоку р. Мурэн) 1024 км, у т. л. 409 км у межах Расіі, пл. бас. 447 тыс. км², у т. л. 148 км у межах Расіі. Цячэ пераважна па нізкагор’ях і хвалістых раўнінах, упадае ў воз. Байкал, утварае дэльту (пл. 680 км²). Асн. прытокі: Эгійн-Гал, Джыда (злева), Архон, Чыкой, Хілок, Уда (справа). Нізкае веснавое разводдзе, летне-асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады больш за 900 м³/с. На С. прыпадае каля палавіны аб’ёму сумарнага гадавога сцёку рэк, якія ўпадаюць у воз. Байкал. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Суднаходная. У бас. С. больш за 5,5 тыс. азёр агульнай пл. 616 км². На С. — г. Улан-Удэ.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПУ́ХА (Tyto alba),

птушка сям. сіпухавых атр. совападобных. 34 падвіды. Пашырана ўсюды, акрамя Антарктыды і Новай Зеландыі, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жыве ў парках і насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі, у пакінутых пабудовах. На Беларусі рэдкі аселы від, тут праходзіць паўд.-зах. мяжа яе арэала. Вядома па адзінкавых знаходках у паўд.-зах. ч. краіны; занесена ў Чырв. кнігу. Т. soumagnei, якая трапляецца на в-ве Мадагаскар, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 43 см, маса да 355 г. Спіна буравата-пясочная з падоўжнымі радамі дробных цёмных і белых крапінак, брушка белавата-вохрыстае з рэдкімі цёмнымі крапінкамі. Тваравы дыск сэрцападобны, амаль белы, каля вачэй іржава-карычневы Корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, земнаводнымі, насякомымі. Нясе 3—7 (да 12) яец.

Сіпуха.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБІЁЗА (Scabiosa),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды С.: галубіная (S. columbaria), занесеная ў Чырв. кнігу, трапляецца на парослых хмызняком пераўвільготненых лугавінах у далінах рэк, на вільготных узлесках, ускрайках балот, і жоўтая (S. ochroleuca), нар. назвы каўтуннік, папы, стараснік, расце на пясчанай глебе ў хваёвых лясах, уздоўж дарог. Характэрна для Пд рэспублікі. Інтрадукаваны С. каўказская (S. caucasica) і цёмна-пурпурная (S. atropurpurea).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—80 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, апушаныя. Лісце супраціўнае, суцэльнае або рассечанае. Кветкі ў верхавінкавых суквеццях, якія ўтвараюць густыя галоўкі накшталт кошыкаў складанакветных. Плод — арэх. Фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скабіёза галубіная.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́Т ((Scott) Роберт Фолкан) (6.6.1868, г. Плімут, Вялікабрытанія —27.3.1912),

англійскі палярны даследчык. У 1901—04 кіраваў экспедыцыяй у Антарктыду, якая адкрыла п-аў Эдуарда VII, даследавала ўнутр. ч. Зямлі Вікторыі, ледавік Роса, дайшла да 82°17 паўд. ш. У 1910 узначаліў 2-ю экспедыцыю, якая ў пач. 1911 на судне «Тэра-Нова» прыбыла ў Антарктыду і засталася на зімоўку. У ліст. 1911 С. з 4 спадарожнікамі накіраваўся да Паўд. полюса, які дасягнуў 18.1.1912 (на 33 дні пазней за нарв. даследчыка Р.​Амундсена). Загінуў на зваротным шляху. Яго імем названы горы на Зямлі Эндэрбі, 2 ледавікі ў Антарктыдзе, востраў каля яе берагоў, палярныя станцыі амер. (Амундсен—Скот) і новазел. (Скот), ін-т палярных даследаванняў у Кембрыджы.

М.​К.​Багадзяж.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

замасто́чча Месца, прастора за мастамі, масткамі, каля мастоў (Слаўг.). Тое ж замастовічча, замосце, замосцішча, замасце́ўе, замасці́чча (Слаўг.).

□ в. Замасточча Глуск., ур. Замасце́ўе каля в. Дубня Слаўг., в. Замосце Кобр.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

лажкаві́на́ Кавалак логу сярод пасеву, лесу, за агародамі (Слаўг.). Тое ж лажок (Ветк., Слаўг.).

□ ур. Лажкі́ (лог) каля в. Серкаўка Слаўг., ур. Бантэеў Лажок (поле) каля в. Целяшы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

се́ліца

1. Сенажатка, лужок на краю сядзібы (Віц., Касп.).

2. Месца, дзе быў двор, сядзіба (Жытк., Стол.).

□ ур. Селіца каля в. Беражцы Жытк., ур. Селіца каля в. Кароцічы Стол.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)