ПО́ЗНЯК (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 30.4.1940, Мінск),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967), выкладаў у ім у 1968—69. Сярод твораў вітражы: «Музы» для Дзярж.рус.драм.т-раБеларусі (1976), «Помнікі старажытнага беларускага дойлідства» для Галоўпаштамта (1980), у вестыбюлі корпуса Мінскага лінгвістычнага ун-та (1982), чыг. вакзала (1983), вітраж з размалёўкай Дамавой царквы (1987, усе ў Мінску), «Нарачанскія матывы» для гасцініцы «Нарач» (1983), для Палаца піянераў у Брэсце (1990—91), санаторыя «Радон» Гродзенскай вобл. (1993—94). Выканаў Вянок Славы і дэкар. афармленне столі ў Зале цырыманіялаў плошчы Перамогі ў Мінску (1985). Творы П. вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнасцю колеравых і пластычных суадносін.
Л.Ф.Салавей.
В.Позняк. Вітраж у будынку Галоўпаштамта ў Мінску. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРААБРАЖЭ́НСКІ (Уладзімір Барысавіч) (н. 15.7.1950, г. Гродна),
бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972). Працаваў у ін-це «Гроднаграмадзянпраект» (да 1988 гал. архітэктар праектаў), у 1988—93 і з 1998 гал. архітэктар праектнага ўпраўлення «Гроднажылбуда», у 1994—97 нач. упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкома. Асн. работы ў Гродне: адм. будынкі абл. ўпраўлення МУС (1968—77), Дома тэхнікі (1977—84), аблвыканкома (1978—84), буд. арг-цый (офіс «Гроднажылбуда»; 1987—88), групы жылых дамоў па вуліцах Горкага (1974—75), Сав. пагранічнікаў, на пл. Дзекабрыстаў (абодва 1998—99), у мікрараёне «Вішнявец» (1999—2000); забудова мікрараёна «Перасёлка 3» (1975—77). За жылы комплекс гарадка Рось у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. (1993—94) Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛЫ ЎНУ́ТРАНАГА ПРАЦО́ЎНАГА РАСПАРА́ДКУ.
На Беларусі рэгламентуюцца Тыпавымі П.ў.п.р. (зацверджаны пастановай Дзярж.к-та па працы і сац. абароне насельніцтва 19.5.1994). Складаюцца з 7 раздзелаў. Уключаюць паняцці ўнутр.прац. распарадку, рэгламентуюць парадак прыняцця галіновых і мясц. правіл, вызначаюць правы і абавязкі наймальніка і інш. службовых асоб, парадак прыёму і звальнення работнікаў, абавязкі работнікаў і наймальніка, рабочы час і яго выкарыстанне, меры заахвочвання, адказнасць за парушэнне прац. дысцыпліны. На аснове прац. заканадаўства і Тыпавых правіл мін-вы, дзярж. к-ты і ведамствы з удзелам галіновых прафсаюзаў могуць распрацоўваць і зацвярджаць галіновыя правілы. Пры адсутнасці мясцовых дзейнічаюць галіновыя або Тыпавыя П.ў.п.р. У асобных галінах нар. гаспадаркі (напр., транспарт, авіяцыя) унутр.прац. распарадак рэгулюецца статутамі або палажэннямі аб дысцыпліне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМТРАНСПРАЕ́КТ», Мінскі «Прамтранспраект» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь,
інстытут прамыслова-транспартнага праектавання. Засн. ў 1961 у Мінску як Бел. пастаянная экспедыцыя Дзярж. праектнага ін-та «Прамтранспраект» (Масква), з 1965 — Бел. аддзел комплекснага праектавання, з 1969 — Мінскае аддзяленне гэтага ін-та. З 1991 самастойны ін-т Мінскі «Прамтранспраект» (арэнднае прадпрыемства). З 1992 — базавая спецыялізаваная арг-цыяБеларусі па буд. праектаванні ўсіх відаў прамысл. транспарту. Па праектах ін-та пабудаваны транспарт аэрапорта «Мінск-2», нафтаперапр. з-даў у Мазыры і Наваполацку, Бел.аўтамаб. і Бел. металургічнага з-даў, ВА «Беларуськалій», «Гомсельмаш», гродзенскага «Азот» і інш.; пабудаваны 19 чыг. станцый, у т. л. Барбароў, Наваполацк, Сітніца; масты цераз р. Свіслач у Мінску і вадасховішча ў Салігорску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЫ́БЫ,
аб’екты рыбалоўства і рыбаводства, якія выкарыстоўваюцца чалавекам для харчавання і атрымання прадуктаў тэхн. перапрацоўкі (кармавая мука, рыбін тлушч, арган. тукі, скура, клей і інш.). Асн. П.р.: акулы, акунёвыя, асятровыя, камбалавыя, карпавыя, кефалевыя, ласасёвыя, селядцовыя, скарпенавыя (марскі акунь), скумбрыевыя, сомавыя, стаўрыдавыя, трасковыя, тунцовыя і інш. Адрозніваюць асн. (шматлікія) і пабочныя (нешматлікія) віды П.р., колькасць якіх залежыць ад экалагічных умоў вадаёма і можа змяняцца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На Беларусі каля 40 відаў П.р. У прамысл. уловах пераважаюць плотка, лешч, шчупак, карась, акунь, гусцяра, карп (сазан) і інш. Гадавы ўлоў азёрна-рачной рыбы 966 т (з азёр 608 т, з рэк 203 т, з вадасх. 155 т); з сажалак каля 4,5 тыс.т, пераважна карпа (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Георгій Міхайлавіч) (29.4.1934, с. Ківерычы Рамешкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 12.4.1997),
бел. вучоны ў галіне хіміі нафты і торфу. Д-рхім.н. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1959). З 1975 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АНБеларусі (у 1988—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. тэхналогіі гаручых выкапняў, даследаванні хім. саставу і выкарыстанні тарфянога воску. Распрацаваў новыя спосабы вылучэння бітумаў з торфу і бурага вугалю, спосаб атрымання канцэнтратаў нафтавых меркаптанаў.
Тв.:
Эмульгирующиеся составы, содержащие торфяной воск (разам з Н.І.Лыч, Г.І.Крот) // Новые процессы и продукты переработки торфа. Мн. 1982;
Эфирные битумы торфа (разам з В.С.Голубевай, А.В.Гусінцавай) // Химия твердого топлива. 1988. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,
урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр.вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная с.-г. машына для падбору сена і саломы з валкоў і прасавання іх у цюкі ці рулоны. Выкарыстоўваецца таксама ў стацыянарных умовах.
Прэс-падборшчыкі: а — рулонны; б — цюкоў.
Агрэгатуецца з трактарамі тыпу «Беларусь». Рабочыя органы прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асн. вузлы: падборшчык, механізм падачы (2 упакоўшчыкі), прасавальная камера (у П.-п. цюкоў з поршнем, у рулонных — пастаяннага ціску), вязальны апарат, сістэма перадач, хадавая частка. Падбіральны механізм збірае сена з валка і падае ў прасавальную камеру, дзе яно прасуецца, затым цюкі і рулоны аўтаматычна абвязваюцца шпагатам ці сеткай і выкідваюцца ў трансп. сродкі ці на зямлю.
На Беларусі рулонныя П.-п. вырабляе Бабруйскі завод па выпуску машын для агракомплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШАНЯ́ТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
група птушак, птушаняты якіх ад вылуплівання да пераходу да самастойнага жыцця развіваюцца ў гняздзе. Яны няздольныя самастойна перамяшчацца і адшукваць корм і патрабуюць пастаянных клопатаў бацькоў. На Беларусі ў арнітафауне да П.п. належаць усе віды вераб’інападобных, голубападобных, дзятлападобных, зязюлепадобных, ракшападобных, стрыжападобных і інш.
Яйкі П.п. маюць адносна мала жаўтка, які да моманту вылуплівання амаль поўнасцю спажываецца. Птушаняты вылупліваюцца голыя або з недаразвітым пуховым покрывам, няўстойлівай тэрмарэгуляцыяй, з закрытымі вачыма і вонкавымі слыхавымі праходамі, слабаразвітай мускулатурай. На розныя вонкавыя раздражняльнікі рэагуюць аднолькава: выцягваюць шыі і разяўляюць раты. Птушаняты застаюцца ў гняздзе ад 10 дзён (некат. вераб’іныя) да 3 месяцаў (грыфы). Гл. таксама Вывадкавыя птушкі, Паўвывадкавыя птушкі.
Да арт.Птушанятныя птушкі: 1 — у гняздзе валасянкі ястрабінай; 2 — у гняздзе дубаноса звычайнага.