затрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Застацца, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася. Паехалі ўсе, і толькі Іван затрымаўся ў Зарэччы, затрымаўся праз хваробу. Шахавец. — Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі. Шамякін.
2. Спыніўшы свой рух, застацца дзе‑н. на пэўны час. Шклянка пакацілася, затрымалася на самым краі. Шахавец. [Нэля] затрымалася на хвіліну перад люстрам у гардэробнай. Лупсякоў. // Спыніцца на чым‑н. (пра погляд, позірк і пад.). Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч. // перан. Спыніцца, запаволіцца (пра ход, рост, развіццё чаго‑н.). Будаўніцтва дома затрымалася. З-за непагоды ўборка затрымалася.
3. Не зрабіць чаго‑н. у тэрмін; запазніцца з чым‑н. — Прабачце, што так затрымаўся з пісьмом. Карпаў. // Спазніцца, не прыйсці ў час. — Прабач, што затрымаўся, — вінавата сказаў ён Лене, зайшоўшы за шырму. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляту́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лятае, носіцца ў паветры. Лятучыя воблакі. // Здольны лятаць, насіцца ў паветры. Лятучае насенне. Лятучыя пяскі. □ Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. Караткевіч. // перан. Здольны хутка перамяшчацца з месца на месца, мяняць месца. Лятучы партызанскі атрад.
2. перан. Які хутка праходзіць, кароткачасовы (пра час, з’яву і пад.). Хай час пралятае лятучы, Усмешка заўжды, як вясна. Зарыцкі. // Мімалётны, які хутка мяняецца, няўлоўны. У часе прыязнай гамонкі, Лятучых жартаў і прыкрае Ускочыў хлопчык з крыкам звонкім, Каханак Богутаў, Адась. Колас.
3. Які праводзіцца раптоўна і хутка (пра сходы, мітынгі і пад.). Лятучы рэйд. Лятучы мітынг.
4. Які раптоўна пачынаецца і хутка праходзіць (пра хваробы). Лятучая ліхаманка. Лятучы рэўматызм.
5. Спец. Які хутка выпараецца. Лятучы эфірны алей. Лятучыя кіслоты.
•••
Лятучая мыш — гл. мыш.
Лятучая пошта гл. пошта.
Лятучыя рыбы гл. рыба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Схадзіць, з’ездзіць у многія мясціны, неаднаразова пабыць дзе‑н., у каго‑н. Пабываць у замежных краінах. □ За гады партыйнай работы.. [Тураўцу] давялося пабываць у многіх кутках Беларусі. Мележ. Карніцкі спяшаўся за дзень пабываць усюды, каб паглядзець, як ідзе работа. Паслядовіч. // Наведаць каго‑, што‑н., прабыўшы там нейкі час. Пабываць у бацькоў. Пабываць па радзіме. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.
2. Прабыць нейкі час у якім‑н. стане, якасці, становішчы. — А побач ёсць другая канава. Па ёй цячэ назад у возера вада, якая пабывала ў рабоце. Галавач.
3. Прыняць удзел у чым‑н. Пабываць на вайне. □ — Уга, ці не ў калатні ты набываў? — звярнуў увагу Слава на сіняк пад вокам у Ракіцкага. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.
1. Утварыць гукі, дзьмучы ў трубу ці ў іншы падобны духавы інструмент. Пратрубіць у ражок. // Утварыць моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Лось пратрубіў перамогу над гаем, Аж па вадзе захадзілі кругі. Лось.
2. што. Гукам трубы (ці іншага падобнага духавога інструмента) даць сігнал аб чым‑н. Пратрубіць збор. Пратрубіць трывогу. □ Гарніст пратрубіў адбой, дзетдомаўскі двор апусцеў. Нядзведскі. Пратрубілі дружна ў лад Звонкі марш гарністы. Гілевіч.
3. Разм. Правесці час за якім‑н. нецікавым, бескарысным заняткам. [Дзед:] — Сядай, ды толькі барзджэй, і без гэтага палову дня задарма пратрубіў. Пянкрат.
4. што і без дап. Трубіць некаторы час. Пратрубіць увесь дзень на трубе.
•••
Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму — надакучыць размовамі пра што‑н. — А то вось і мой большы [сын] вушы мне пратрубіў: паеду, памагае, паеду на завод, дый годзе... Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Злёгку падтрымліваючы, не даць рухацца, упасці і пад. Леанід прытрымаў хворую руку, узлез на сена і пачаў вобмацкам выбіраць, дзе зручней прымасціцца. Пташнікаў. — Прытрымай [бервяно], я змянюся, — сказаў Рыгор і выняў кол, каб залажыць яго трошкі вышэй за наступны кавалак. Крапіва. // Затрымаць, прыпыніць (рух каго‑, чаго‑н.). Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця.. садзілася на сена. Мележ. Параўняўшыся з агароджай школы, .. [жанчына] прытрымала крок, пайшла павальней. Колас. // Затрымаць на некаторы час, патрымаць некаторы час дзе‑н., для якой‑н. мэты. Нейкі незнаёмы вахцёр прытрымаў мой пропуск. Савіцкі. Білі не дробязь — не сподачкі .., а возьме каторы вялізную вазу.., падыме над галавой, прытрымае, смакуючы небяспеку, і гвазне. Брыль. // Затрымаць наступленне, выкананне чаго‑н. Дажджы прытрымалі сяўбу.
2. Патрымаць да некаторага часу; прыберагчы. Прытрымаць сена к вясне. Прытрымаць тавар.
•••
Прытрымаць язык — не выказацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлі́ў, ‑ліву, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.).
2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разлівацца — разліцца (у 2, 3 і 4 знач.). І ў гэтым разліве пяшчоты, дзіцячай ласкі .. [Галя] адчула, што ўжо не можа быць без яго, без хлопчыка, які ёй стаў такі родны. Сабаленка.
3. Выхад з берагоў ракі, возера; паводка. Мне не часта даводзілася бачыць Дняпро ў час яго разліву, ды яшчэ ў такую слаўную ранішнюю пару... Ракітны. // Веснавая вада, а таксама прастора, залітая вадой. [Раўбіч:] — Паколькі пачнём вясной, а разліў .. часам дасягае шасці вёрст ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Караткевіч. Пешаходы сцішалі свае таропкія крокі, спыняліся на мосце і, любуючыся шырокім разлівам, прыслухоўваліся: ні то гэта шуміць веснавая вада, ні то тое новае, што ідзе разам з вясной. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ране́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. ранні (у 1 знач.).
2. Які мае адносіны да мінулага, былога; колішні. Гэта не ранейшы час, што да бліжэйшай станцыі трэба было дабірацца па бездарожжы не менш за паўдня. Кулакоўскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе .. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. // Такі, якім быў некалі, у мінулым, раней. Толькі кароткая завіўка замест кос як бы падменьвала ранейшую Касю нейкай другой... Васілевіч.
3. Які быў перад гэтым, папярэдні. Хадзіць гуляць да сваіх ранейшых сяброў.. [Міхасю] не хацелася. Якімовіч. Каморка, прыбраная дбала, Свой від ранейшы прыняла. Колас.
4. Той самы; такі, які і быў. Затым [Місюк] адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі. Пальчэўскі. Страказа час ад часу ўзлятала, рабіла ў паветры некалькі замыславатых кругоў і зноў садзілася на ранейшае месца. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.
2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.
3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.
4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ува́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уварыць.
уварва́ць, ‑рву́, ‑рве́ш, ‑рве́; ‑рвём, ‑рвяце́; зак., што і чаго.
1. Вырваць хуткім рухам невялікую частку чаго‑н. Уварваць жменю сена. // перан. Здабыць, прысвоіць сабе нейкую колькасць чаго‑н. [Уладзік:] — Я грошы не збіраю і не кладу ў паклад. Што ўварву — прагуляю. Крапіва. [Стэфа:] — Усё выведаў [Юхім], усё выглядзеў і з’явіўся. Як груган, каб сабе што ўварваць. Савіцкі.
2. перан. З цяжкасцю вылучыць, выкраіць (пра час). Часамі можна і ўдзень часіну ўварваць. Чорны. У мяне зусім не стала вольнага часу, рэдка калі ўварвеш якую гадзіну, каб пайсці ў кіно ці парк. Ус.
3. Разм. Заставіць каго‑н. патраціць час, энергію, сілы і пад. Колькі ён мне здароўя ўварваў!
4. Укусіць. Сабака ўварваў за нагу.
•••
Уварваць кусок (кавалак) — захапіць сабе частку якога‑н. багацця, атрымаць прыбытак з чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аббіва́цца
дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, зваротны, 1-е спражэнне
| Цяперашні час |
|
адз. |
мн. |
| 1-я ас. |
- |
- |
| 2-я ас. |
- |
- |
| 3-я ас. |
аббіва́ецца |
аббіва́юцца |
| Прошлы час |
| м. |
аббіва́ўся |
аббіва́ліся |
| ж. |
аббіва́лася |
| н. |
аббіва́лася |
| Дзеепрыслоўе |
| цяп. час |
аббіва́ючыся |
Крыніцы:
krapivabr2012,
piskunou2012,
sbm2012.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)