бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці.
Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чарнаглянцавы, з 1920-х г. паліваны гаспадарчы посуд: гаршкі, збанкі, міскі, вазоны, слоікі, цадзілкі, глякі, макатры, спарышы і інш. Вырабы вызначаюцца выразным чляненнем цыліндрычных, канічных і шарападобных аб’ёмаў, кантрастам залаціста-зеленаватай ці карычневай палівы з амаль белым фонам чарапка. Выраблялі таксама дзіцячыя цацкі-свістулькі ў выглядзе стылізаваных конікаў, качак, сабак, бараноў і інш. з мяккай пластыкай форм. У 2-й пал. 20 ст. промысел заняпаў, у канцы 1990-х г. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКІ ТЭА́ТР САПЕ́ГАЎ,
прыватны тэатр. Існаваў у 1765—91. Налічваў «60 артыстаў і танцоўшчыкаў». Меў муз.-оперную школу, капэлы у Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Зэльве; 40 музыкантаў «пры бубнах і трубах». У ім працавалі М.Пранчынскі як танцоўшчык, балетмайстар і пастаноўшчык («Літасцівасць Ціта», паст. 1784), К.Чыпрыяні (з 1775) як капельмайстар і кампазітар, а таксама навучаў ігры на скрыпцы прыгонных князя. Сярод вядомых пастановак т-ра: аднаактовая опера Ж.Русо «Вясковы чараўнік», балеты «Арынянка» і «Літасцівасць Ціта», камедыя Малінэ «Чароўнае дрэва». Т-р размяшчаўся ў Ружанскім палацавым комплексе.
Літ.:
Барышаў Г. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУХ»,
бел. тэатр пантамімы. Існаваў у 1980—2001 у Мінску. Створаны пры Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, з 1984 у Маладзёжным т-ры Беларусі, з 1986 у складзе Белдзяржфілармоніі. Рэж.-пастаноўшчык У.Колесаў. Мовай пластычнага мастацтва ў сваіх пастаноўках, у вобразна-метафарычнай форме ўзнімаў актуальныя праблемы быцця, вайны і міру, маральных пошукаў асобы. У рэпертуары: паэма «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1980), араторыя «Кліч» (1981), жанрава-бытавыя замалёўкі паводле альбома Х.Бідструпа «Люстэрка» (1982), фалькл. прадстаўленне «Дар» паводле слав.нар. традыцыйных абрадаў і святкаванняў (1983), драма «Праметэй» (1984), а таксама «Жылі-былі» паводле англ.нар. казкі «Тры парсючкі» (1984). Аўтар сцэнарыяў Колесаў, мастак Дз.Мохаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА 1798—99.
Абвешчана 15.2.1798 рымскімі рэспубліканцамі на тэр.Папскай вобласці, заваяванай арміяй Напалеона. Свецкая ўлада папы Пія VIІ была ліквідавана. Канстытуцыя Р.р. (1798) распрацавана на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Быў прыняты шэраг законаў: аб канфіскацыі царк. маёмасці, ліквідацыі шэрагу феад. прывілеяў, адмене ўласнай залежнасці сялян і інш. Фактычна краінай кіравала франц.ваен. адміністрацыя. Цяжкае эканам. становішча пагаршалася ў выніку сістэматычнага рабавання дзяржавы Францыяй, што выклікала хваляванні ў розных раёнах Р.р. Летам 1799 на яе тэр. з Пн увайшлі аўстрыйскія, з Пд — неапалітанскія войскі. У вер. Рым быў заняты неапалітанцамі, у горад таксама ўвайшоў атрад рус. марской пяхоты. Р.р. была ліквідавана войскамі антыфранц. кааліцыі, папская ўлада адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць змены эл.-магн. энергіі, назапашанай у шпулі індуктыўнасці і кандэнсатары, а таксама скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад. Абазначаецца Q, вымяраецца ў вольт-амперах рэактыўных.
У ланцугах сінусаідальнага току роўная Q = UIsinφ, дзе U — напружанне, I — сіла току, φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам. Звязана з поўнай S і актыўнай магутнасцюP суадносінамі:
(гл.Магутнасць электрычная). Цыркуляцыя рэактыўнай энергіі ў эл. ланцугах выклікае дадатковыя страты энергіі і падзенне напружання ў ЛЭП, загружае эл. сетку і генератары. Таму Р.м. у эл. сетках звычайна кампенсуюць падключэннем токапрыёмнікаў, якія ствараюць процілеглы зрух фаз (эл. кандэнсатараў, сінхронных кампенсатараў, рэактараў электрычных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАСТА́Т (ад грэч. rheos цячэнне, паток + statos нерухомы),
электрычны апарат (пераменны рэзістар) для плаўнага або ступеньчатага рэгулявання (абмежавання) сілы току і напружання ў эл. ланцугах.
Залежна ад матэрыялу супраціўлення бываюць метал. (праваднікі з канстантану, ніхрому і інш.), вадкасныя (праваднік — электраліт) і вугальныя (слупкі з тонкіх вугальных шайбаў). Уключаюцца паслядоўна (для змены сілы току ці напружання ў невял. межах) ці паралельна (для рэгулявання ў шырокім дыяпазоне — ад нуля да макс. значэнняў) Выкарыстоўваюцца як пускавыя, рэгулявальныя, нагрузачныя, вымяральныя і інш.Гл.таксама Атэнюатар, Дзялільнік напружання, Патэнцыёметр.
Рэастат: а — лабараторнага тыпу з неперарыўнай зменай супраціўлення; б і в — паслядоўная і паралельная схемы ўключэння; U — напружанне крыніцы току; 1 — рэастат: 2 — нагрузка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́БІНДЭРА ЭФЕ́КТ,
эфект адсарбцыйнага зніжэння трываласці цвёрдага цела з прычыны абарачальнага фіз.-хім. ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Адкрыты П.А.Рэбіндэрам у 1928.
Праяўляецца ў шматразовым зніжэнні трываласці, павышэнні крохкасці, памяншэнні даўгавечнасці цвёрдага цела (напр., растрэскванне шкла, горных парод у прысутнасці вады, разбурэнне палімерных матэрыялаў пад уплывам арган. растваральнікаў), а таксама павышэнні пластычнасці цвёрдых матэрыялаў і аблягчэнні іх дыспергавання. Паверхневымі працэсамі, што выклікаюць Р.э., акрамя адсорбцыі, могуць быць змочванне (асабліва цвёрдых цел расплавамі, блізкімі, па малекулярнай прыродзе), эл. зараджанне паверхні, хім. рэакцыі. Выкарыстоўваюць Р.э. для аблягчэння апрацоўкі металаў ціскам і рэзаннем, тонкага драбнення горных парод і цэментнага клінкеру, пры свідраванні і праходцы тунэляў.
Літ.:
Горюнов Ю.В., Перцов Н.В., Сумм Б.Д. Эффект Ребиндера. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДА́КЦЫЯ (франц. rédaction ад лац. redactus прыведзены ў парадак),
1) працэс апрацоўкі рэдактарам (рэдагаванне) аўтарскага твора для публікацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні. Р. твораў маст. ці навук. л-ры ў тых выпадках, калі выдаюцца кананізаваныя тэксты, зводзіцца да складальніцкай працы, удакладнення тэксту і падрыхтоўкі даведачнага апарата (гл.Тэксталогія, Каментарый).
2) Разнавіднасць (варыянт) тэксту літ. або фалькл. твора, этап у яго творчай гісторыі. Новая Р. ўзнікае, як правіла, у выніку свядомай мэтанакіраванай перапрацоўкі твора, выкліканай Пэўнымі ідэйна-маст. задачамі, зменай аўтарскай задумы і яе літ. выражэння, новымі грамадска-паліт. ўмовамі, эстэт. запатрабаваннямі часу, а таксама ў выніку значных пераробак у працэсе доўгага бытавання.
3) Установа сістэмы сродкаў масавай інфармацыі (Р. газеты, часопіса і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІПСІ́ЗМ (ад лац. solus адзін + ipse сам),
гранічная форма суб’ектыўнага ідэалізму, паводле якой несумненнай рэальнасцю прызнаецца толькі суб’ект, а аб’ектыўны свет існуе выключна ў свядомасці індывіда. Знаходзіцца ў супярэчнасці з жыццёвым вопытам і штодзённай дзейнасцю чалавека, таму ў завершаным выглядзе сустракаецца надзвычай рэдка (напр., у франц. філосафа і ўрача К.Брунэ). Асобныя рысы С. характэрны для суб’ектыўнага ідэалізму (Дж.Берклі, І.Фіхтэ), эмпірыякрытыцызму (Э.Мах), іманентнай філасофіі (В.Шупе, Р.Шуберт-Зольдэрн), прадстаўнікі якіх імкнуцца пазбягаць гранічных форм С. шляхам сінтэзу суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ідэалізму. Тэрмін «С.» выкарыстоўваюць таксама ў этыцы для абазначэння крайняга эгаізму, эгацэнтрызму ці т.зв. практычнага С. (паводле вызначэння франц. экзістэнцыяліста Г.Марселя). Прадстаўнік практычнага С. — М.Штырнер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬМАНЕЛЁЗЫ,
вострыя інфекцыйныя захворванні чалавека і жывёл, якія выклікаюць сальманелы; пераважна пашкоджваецца страўнікава-кішэчны тракт. Вядома больш за 2 тыс. сератыпаў узбуджальніка С. Для чалавека крыніца заражэння — свойскія жывёлы і птушкі, таксама людзі-носьбіты сальманел. Інфекцыя заносіцца праз прадукты харчавання, кантактна-бытавым шляхам. Вылучаюць лакалізаваныя формы С., генералізаваныя і бактэрыяносьбіцтва. Пры лакалізаваных цячэнне хваробы вострае, з высокай т-рай цела, болямі ў вобласці жывата, ірвотай, вадзяністым стулам са сліззю, абязводжваннем арганізма. Пры генералізаваных С. узбуджальнік цыркулюе ў крыві; назіраецца працяглая ліхаманка з сімптомамі інтаксікацыі. Бактэрыяносьбіцтва выяўляецца пры бактэрыял. абследаванні. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы і птушкі заражаюцца праз кармы, глебу, ваду, пры кантакце з хворымі, праз прадметы догляду.