сістэма міжнар., дзярж., рэгіянальных і лакальных (мясцовых) гасп.-адм., тэхнал., паліт., юрыд. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, прыроды Зямлі і навакольнай касм. прасторы ў інтарэсах сучаснага і будучага іх выкарыстання чалавецтвам; глабальная праблема сучаснасці, што патрабуе сумесных намаганняў усіх дзяржаў і людзей па яе вырашэнні. Мае важнае гіст. і сац. значэнне, накіраванае на ўсталяванне сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання; комплексная міжгаліновая дысцыпліна. Яе састаўныя часткі: ахова атмасферы, ахова водаў, ахова генафонду, ахова глебаў, ахова жывёл, ахова зямель, ахова лясоў, ахова нетраў, ахова раслін і інш. кампанентаў навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Уключае папераджальныя мерапрыемствы і актыўныя дзеянні грамадства па падтрыманні аптымальных узаемаадносін паміж дзейнасцю чалавека і навакольным прыродным асяроддзем, прадухілення шкоднага ўплыву гасп. дзейнасці на прыроду і здароўе чалавека, падтрыманне прадукцыйнасці прыроды і прыродных умоў, неабходных для забеспячэння паўнацэннага існавання чалавецтва. Асн. задачы: узгадненне развіцця навук.-тэхн. прагрэсу і нар. гаспадаркі з мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аздараўленне жыццёвага асяроддзя чалавека, захаванне біял. і ўсёй прыроднай разнастайнасці, рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, узгадненне адзіных для ўсіх краін знешнепаліт. прынцыпаў аховы планетарнага асяроддзя і інш. У адпаведнасці з гэтым створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП, 1948), распрацавана «Сусветная стратэгія аховы прыроды» (1978, 1992), сфарміраваўся шэраг міжнар. грамадскіх арг-цый і рухаў за ахову прыроды («Грынпіс», рух і партыі «зялёных» і інш.). Рашэннем ААН штогод адзначаецца Міжнар. дзень аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).
Ахова прыроды прадугледжвае сістэму практычных мерапрыемстваў: прыродазнаўча-навук. (вывучэнне і навук. абгрунтаванне асн. кірункаў аховы прыроды, экалагічная экспертыза праектаў), матэрыяльна-тэхн. (матэрыяльнае забеспячэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленне тэхнал. працэсаў; стварэнне безадходных і малаадходных тэхналогій), эканамічных (забеспячэнне эканам. эфектыўнасці экалагічных мер), вытворчых (гасп. рэалізацыя праектаў аховы прыроды), сан.-гігіенічных (папераджальныя аздараўленчыя меры), ідэалаг. (выхаванне экалагічнага светапогляду), прававых (распрацоўка і экалагізацыя заканадаўства), арганізацыйных (наладжванне дзейнасці органаў кіравання прыродакарыстаннем, прыродаахоўнага кантролю) і інш.
На Беларусі пад дзярж. аховай знаходзяцца ўсе прыродныя багацці незалежна ад ступені іх пераўтворанасці пад уплывам прыродных і штучных фактараў: зямля, воды, глебы, нетры, лясы, тыповыя ландшафты, рэдкія і каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, курортныя і памятныя мясціны, раслінны і жывёльны свет, паветра і інш. Асаблівасці аховы прыроды на Беларусі звязаны з вял. маштабамі гідратэхн.-меліярац. работ, лесаахоўных мерапрыемстваў, празмерным развіццём хім., перапрацоўчай і інш. галін прам-сці з вял. уплывам на прыроднае асяроддзе, шырокім выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы мінер. угнаенняў і ядахімікатаў, радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і інш. У сувязі з гэтым ажыццяўляюцца шырокамаштабныя работы па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, меліярацыі зямель і рэкультывацыі ландшафтаў, аднаўленні лясоў, ачыстцы сцёкавых водаў, распрацоўцы і ўкараненні зваротных і паўторных сістэм водакарыстання, газаачышчальных і пылаўлоўных збудаванняў, ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключэнні малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г.вытв-сць, навук. абгрунтаванні аховы і выкарыстання розных тыпаў зямель, распрацоўцы спец. рэсурса- і прыродаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантролі за выкарыстаннем хім. рэчываў, вядзецца азеляненне населеных месцаў, развіваецца сетка асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, распрацоўваюцца комплексныя і рэгіянальныя схемы аховы прыроды, адпаведныя яе палажэнні ўключаюцца ў праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва, бяруцца пад ахову радовішчы лек.мінер. водаў і тарфянікі, унікальныя прыродныя аб’екты абвешчаны помнікамі прыроды, ахоўваецца шэраг відаў каштоўных, рэдкіх і рэліктавых жывёл і раслін (гл.Ахоўныя жывёлы, Ахоўныя расліны), вядзецца Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь (выд. ў 1981 і 1993); прыродна-кліматычныя фактары шырока выкарыстоўваюцца для ўмацавання здароўя чалавека (турызм, зоны адпачынку, санаторыі, курорты і інш.). Як член ААН Беларусь удзельнічае ў ажыццяўленні Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), праграмы «Чалавек і біясфера» (ЧІБ), у агульнаеўрапейскай нарадзе па супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўчыя, выканаўчыя і кантрольныя функцыі ў галіне аховы прыроды выконваюць Камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржэканамплан, мін-вы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Навук. асновай аховы жывой прыроды з’яўляецца экалогія, прыкладнымі пытаннямі займаецца інжынерная экалогія. Важная састаўная частка прыродаахоўнай дзейнасці — залучэнне да аховы прыроды грамадскасці. Дзейнічаюць Беларускае таварыства аховы прыроды і шэраг інш. грамадскіх арг-цый і фарміраванняў прыродаахоўнага профілю, Рэсп. экалагічны цэнтр навучэнцаў. Работу па ўзнаўленні колькасці дзікіх прамысл. жывёл і барацьбу з браканьерствам вядзе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Прапагандай аховы прыроды займаюцца т-ва «Веды», нар. ун-ты, клубы аматараў прыроды, радыё і тэлебачанне. Развіваецца прыродаахоўная і экалагічная адукацыя. У большасці вышэйшых і сярэдніх навуч.устаноў уведзены курсы аховы прыроды. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць БДУ і Бел.тэхнал.ун-т. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створаны Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія». Навук. даследаванні па ахове прыроды каардынуе Навук. савет па праблемах біясферы і Экалагічная камісія АН Беларусі. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя ажыццяўляюць станцыя фонавага маніторынгу (Бярэзінскі біясферны запаведнік), пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра (г. Высокае Брэсцкай вобл.), Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш. Выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі», час. «Родная прырода», газеты «Экологический вестник», «Беларуская лясная газета», «Экология Минска» і інш.
На Беларусі ахова прыроды — канстытуцыйны абавязак кожнага чалавека і ўсяго грамадства. Заканадаўчай асновай аховы прыроды з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (1993), «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1995), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1982), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1982), «Аб ахове здароўя» (1970); кодэксы Беларусі: водны (1972), лясны (1979), аб нетрах (1976), аб зямлі (1990) і інш. палажэнні прыродаахоўнага заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Па асобных пытаннях аховы прыроды прыняты спец. пастановы і нарматыўныя акты, вызначана адм. і крымін. адказнасць за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Літ.:
Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;
Марцинкевич Г.И. Использование природных ресурсов и охрана природы. Мн., 1977;
Основы природопользования. Мн., 1980;
Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972;
Развитие производительных сил и охрана природы. Мн., 1981;
Реймерс Н.Ф., Штильмарк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978;
Реймерс Н.Ф., Яблоков А.В. Словарь терминов и понятий, связанных с охраной живой природы. М., 1982;
Справочник по охране природы. М., 1980;
Рамад Ф. Основы прикладной экологии: Воздействие человека на биосферу: Пер. с фр.Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London),
горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс.км². 7,6 млн.ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн.ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін.цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).
Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г.н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст.н. э.). У 1 ст.рым.ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст.гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст.афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл. кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл.Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар.сацыяліст. руху, у т. л.паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл.Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.
Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш.арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.
Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер.арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л.Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л.«Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.
Літ.:
Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;
Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.
Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне музыкі. Уключае індывід. і калект. выкананне вак. і інстр. музыкі, стварэнне аматарамі муз. твораў. Вытокі бел.муз. самадзейнасці ў быт. і абрадавых карагодах і гульнях, у валачобных, калядных і вясельных гуртах, якія рыхтаваліся загадзя. З 1830—40-х г. у гар. асяроддзі Беларусі пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. па першых вадэвілях і муз. камедыях С.Манюшкі, камерныя вечары і інш. У 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый з 1864, музычныя таварыствы з 1880-х г.). Этапам у развіцці С.м.м. былі беларускія вечарынкі (з 1905), што наладжваліся муз.-драм. гурткамі. Найб. развіццё маст. самадзейнасць набыла з 1920-х г. У стварэнні рэпертуару для калектываў муз. самадзейнасці ўдзельнічалі прафес. кампазітары М.Анцаў, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, М.Мацісон. У 1930-я г. для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ствараліся рэспубліканскія (1937) і абласныя (1939) дамы нар. творчасці. Актывізацыі самадз. калектываў, росту майстэрства іх удзельнікаў спрыялі рэсп. алімпіяды і агляды самадз. мастацтва. У шэрагу яркіх калектываў вылучаліся Азершчынскі, Падлескі, Прысынкаўскі, Тураўскі, Юравіцкі нар. хары.
У Вял.Айч. вайну амаль ва ўсіх партыз. фарміраваннях Беларусі існавалі ансамблі і агітбрыгады (гл.Партызанская мастацкая самадзейнасць, Партызанскія песні). Пасляваен. перыяд адзначаны разнастайнасцю тыпаў калектываў, ростам іх маст. ўзроўню. Побач з харамі і ансамблямі песні і танца з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Для метадычнай і практычнай дапамогі самадз. калектывам побач з дамамі нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы) ствараліся рэсп. (1968) і абл. дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадз. творчасці). Кансультуюць калектывы, а часам і непасрэдна кіруюць імі прафес. музыканты. Абнаўляць і ўзбагачаць рэпертуар дапамагаюць рэгулярнае выданне зборнікаў, агляды цэнтрамі нар. творчасці. Вял. ролю ў павышэнні майстэрства калектываў і выканаўцаў С.м.м. адыгрываюць рэсп. і абласныя агляды, конкурсы, фестывалі, святы духавой, нар. музыкі, песні і інш. Лепшым самадз.муз. калектывам прысвойваецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978; гл.Народныя хары, ансамблі, аркестры). Сярод нар. (узорных) самадз. калектываў вылучаюцца: нар.хар. капэла настаўнікаў Брэсцкай вобл., нар.вак. ансамбль «Мілавіца» Брэсцкага гар. Дома культуры (ДК), узорная капэла хлопчыкаў і юнакоў Брэсцкага абл. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў, нар. гурт вандроўных музыкаў «Фэст» Баранавіцкага гар. ДК, нар. ансамбль старадаўняй музыкі «Кантраданс» Баранавіцкай дзіцячай муз. школы №3, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раённага цэнтра культуры і нар. традыцый, нар. хор Лёзненскага раённага ДК Віцебскай вобл., нар.фалькл. ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Наваполацкага ПК вытв. аб’яднання «Нафтан», узорны ансамбль нар. музыкі «Жалейка» Віцебскага цэнтра нар. рамёстваў і мастацтваў «Задзьвінне», нар. хор Тураўскага сельскага ДК Жыткавіцкага р-на, нар. хор «Вязанка» Брылёўскага сельскага ДК Гомельскага р-на, Жлобінскі нар. духавы аркестр ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Беларускі металургічны завод», нар. ансамбль нар. інструментаў Гомельскага абл. Дома тэхнічнай і маст. творчасці, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Радуніца» Мазырскага раённага ДК, нар.фалькл. ансамбль «Сваякі» ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Цырынскія музыкі» Цырынскага ДК Карэліцкага р-на, нар. ансамбль песні і танца «Ніва» Верцялішкаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Лявоны» Воранаўскага раённага ДК, нар.хар. ансамбль «Спадчына» Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу, нар. ансамбль нар. песні «Мілавіца» Мышкавіцкага сельскага ДК Кіраўскага р-на, нар. цымбальны аркестр Асіповіцкага раённага ДК, нар.хар. капэла Магілёўскага ДК аўтазавода імя С.Кірава, ансамбль нар. музыкі «Скарбніца» г. Магілёў, нар.фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Спадчына» Дзяржынскага гар. ДК, нар.фалькл. ансамбль «Лаўнічанка» Лаўніцкага сельскага ДК Барысаўскага р-на, нар. ансамбль нар. песні «Ярыцы» Любанскага раённага цэнтра культуры, узорны фальклорны ансамбль «Калыханка» Міханавіцкага сельскага ДК Мінскага р-на, узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Жодзінскага ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «БелАЗ», нар. ансамбль бел. песні «Церніца» ПК і спорту чыгуначнікаў г. Мінск, нар. аркестр нар. інструментаў БДУ, нар. аркестр нар. інструментаў Бел.пед. ун-та, нар. цымбальны ансамбль «Ведрыца» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнскай моладзі, нар. ансамбль камернай музыкі «Рычэркар» Рэсп. ПК прафсаюзаў, нар.вак. ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл «Памяць сэрца» Рэсп. ПК ветэранаў, нар. мужчынскі хор ПК «Аўтазаводзец», фалькл. ансамбль «Дударыкі» Мінскай нац. гімназіі №111 (з 2001 № 14) і інш. Сярод аўтараў песень і інстр. твораў: М.Вайцяхоўскі, Р.Галавасцікаў, В.Гарбатоўскі, У.Журовіч, П.Касач, М.Коньшын, М.Пятрэнка, М.Сірата, І.Сушко, Я.Ціхановіч, П.Шаўко, М.Шумілін, А.Шыдлоўскі, П.Шыдлоўскі, М.Шынкевіч, Л.Ячнеў і інш. З самадзейнасці пачалі свой творчы шлях нар.арт.СССР Л.Александроўская, Я.Глебаў, І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі І.Балоцін, М.Дзянісаў, Ю.Семяняка, засл. арт. Беларусі С.Навіцкі, Х.Шмелькін, В.Шутава, засл. дз. маст. Беларусі І.Кузняцоў і інш. Лепшыя прадстаўнікі самадз. мастацтва ўвайшлі ў склад Дзярж.нар. хору Беларусі і Дзярж.нар. аркестра Беларусі. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі 8043 вак.-хар. калектывы (у т. л. 2686 дзіцячых), 1059 інстр. (у т. л. 350 дзіцячых): у Брэсцкай 2057 (у т. л. 310 дзіцячых), у Віцебскай 1118 (у т. л. 144 дзіцячыя), у Гомельскай 1166 (у т. л. 153 дзіцячыя), у Гродзенскай 1100 (у т. л. 100 дзіцячых), у Магілёўскай 1263 (у т. л. 118 дзіцячых), у Мінскай 1329 (у т. л. 234 дзіцячыя). Павышэнню маст. ўзроўню рэпертуару і выканаўчага майстэрства садзейнічаюць фестывалі і конкурсы. Сярод сучасных буйных фестываляў на Беларусі: Міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (з 1991, г. Паставы Віцебскай вобл.) і фестываль правасл. песнапенняў (з 1995, Мінск), рэсп. фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары» (з 1996, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), у т. л. рэгіянальныя «Дняпроўскія галасы» (г. Дуброўна Віцебскай вобл.), «Берагіня» (з 1999, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.). Сярод навуч.устаноў, якія рыхтуюць кіраўнікоў калектывамі: муз. і маст. вучылішчы рэспублікі, Бел.ун-т культуры, Бел.АМ, Бел.пед.ун-т.
Г.І.Цітовіч, А.А.Скарына.
Да арт.Самадзейнае музычнае мастацтва. Фальклорны ансамбль «Дударыкі» Мінскай нацыянальнай гімназіі № 14.Да арт.Самадзейнае музычнае мастацтва. Народны ансамбль беларускай песні «Церніца» Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў г. Мінск.Да арт.Самадзейнае музычнае мастацтва. Ансамбль народнай музыкі «Скарбніца» г. Магілёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
— Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які замацоўвае яе грамадскі і дзярж. лад, прававое становішча асобы, выбарчую сістэму, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзярж. улады, прынцыпы яе ўзаемаадносін з грамадствам і грамадзянамі; юрыдычная база ўсяго дзейнага заканадаўства. Яна валодае вяршэнствам у адносінах да ўсіх іншых прававых актаў. Усе законы і падзаконныя акты дзярж. органаў павінны выдавацца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. У выпадку разыходжання якога-небудзь нарматыўнага акта з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 праведзены рэферэндум, на які былі вынесены 2 праекты абноўленай Канстытуцыі. За праект, прапанаваны Прэзідэнтам, прагаласавала 5 175 664 чал., або 70,5%, за праект Вярх. Савета — 582 437 чал., або 7,9% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На падставе вынікаў усенар. галасавання ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні (замацаванне прынцыпу вяршэнства права, разнастайнасці форм уласнасці, паліт. плюралізму, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам, суд. абарона грамадзянінам сваіх правоў і свабод, прызнанне прыярытэту прынцыпаў і норм міжнар. права і інш.). Канстытуцыя складаецца з прэамбулы і 9 раздзелаў, якія змяшчаюць 8 глаў і 146 артыкулаў.
У прэамбуле ў канцэнтраванай форме сфармуляваны асн. ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзярж. будаўніцтва і грамадскага развіцця: адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусв. супольніцтва, неад’емнае права на самавызначэнне, апора на шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна, забеспячэнне грамадз. згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.
Раздзел I «Асновы канстытуцыйнага ладу» абвяшчае, што адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, а чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, мэтай дзяржавы і грамадства. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац. прававая дзяржава, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Замацоўвае прынцыпы раўнапраўнага існавання дзярж. і прыватнай уласнасці; ажыццяўлення дэмакратыі на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, падзелу дзярж. улады на заканад., выканаўчую і судовую; роўнасці перад законам усіх сац., нац. і іншых супольнасцей, рэлігій і веравызнанняў, дзяржаўнасці бел. і рус. моў.
Раздзел II «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўвае асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян. права на годны ўзровень жыцця, на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; права на жыццё, свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на самаст. вызначэнне сваіх адносін да рэлігіі, раўнапраўе жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства; свабоду поглядаў і перакананняў, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый; свабоду аб’яднанняў, права ўласнасці, на ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, на працу, на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне, на жыллё, на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, на суд. абарону, юрыд. дапамогу. Вызначае абавязкі грамадзян і кожнага чалавека: выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і паважаць нац. традыцыі, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроднае асяроддзе, абараняць Айчыну, праходзіць вайсковую службу. Вызначае адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай; яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.
Раздзел III «Выбарчая сістэма. Рэферэндум» замацоўвае асн. прынцыпы выбарчай сістэмы: усеагульнае, свабоднае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; забяспечвае права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты за грамадскімі аб’яднаннямі, прац. калектывамі і грамадзянамі; вызначае падставы і парадак адклікання дэпутатаў, парадак правядзення рэсп. і мясц. рэферэндумаў, адмены або змены прынятых імі рашэнняў.
Раздзел IV «Прэзідэнт, Парламент, Урад, суд» вызначае статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыю, формы і метады дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання. Устанаўлівае, што Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Прадстаўнічым і заканад. органам з’яўляецца Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. органам дзярж. кіравання. Устанаўлівае структуру суд. улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь, кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, парадак фарміравання і дзейнасці Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.
Раздзел V «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» вызначае кампетэнцыю, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясц. кіравання і самакіравання (мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, органаў мясц. грамадскага самакіравання і інш.), назначэння кіраўнікоў мясц. выканаўчых і распарадчых органаў.
Раздзел VI «Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю» змяшчае нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць органаў пракурорскага нагляду і дзярж. кантролю, устанаўлівае парадак назначэння Ген. пракурора і ніжэйстаячых пракурораў, утварэння Камітэта дзярж. кантролю.
Раздзел VII «Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што на тэр. Беларусі праводзіцца адзіная бюджэтна-фін., падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка. Фін.-крэдытная сістэма ўключае бюджэтную сістэму (рэсп. і мясц. бюджэты), банкаўскую сістэму (Нац. банк і інш. банкі), а таксама фін. сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян. Вызначае парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўлення агульнадзярж. расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзярж. пазабюджэтных фондаў.
Раздзел VIII «Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення» вызначае, што Канстытуцыя можа быць зменена рашэннем, прынятым большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Парламента. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум, калі за іх прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Раздзелы I, II, IV, VIII Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
Раздзел IX «Заключныя і пераходныя палажэнні» вызначае парадак уступлення ў сілу Канстытуцыі, утварэння і фарміравання прадугледжаных у ёй дзярж. органаў. Устанаўлівае, што законы, указы і інш. акты, што дзейнічалі на тэр. Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.
Кр.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г.: (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г.Мн., 1997.
Літ.:
Богданович П.Л., Подупейка А.А. Республика Беларусь — унитарное демократическое социальное правовое государство. Мн., 1998;
Василевич Г.А. Конституция Республики Беларусь: (Научно-практ. коммент.). Мн., 2000;
Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2002;
Круглов В.А. Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТАЛОГІЯ
Станаўленне і развіццё паліталогіі на Беларусі звязана з гіст. эвалюцыяй сусв.паліт. думкі, растучай роляй палітыка-ўладных адносін і механізмаў кіравання грамадствам. Погляды бел. мысліцеляў і асветнікаў, вучоных у галіне сац.-гуманіт. ведаў у той або іншай ступені адлюстроўвалі сусв.паліт. рэаліі: гуманіст. ідэі еўрап. краін, асаблівасці сац. ўладкавання і паліт. працэсаў у Кіеўскай Русі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі і СССР. Па меры назапашвання ведаў і асэнсавання працэсаў трансфармацыі дзяржаўнасці і барацьбы за нац. незалежнасць у бел.паліт. думцы ўдакладняліся канцэптуальныя падыходы да тлумачэння палітыкі, характару ўзаемаадносін дзяржавы з асобай і грамадствам. Унутрана ўласцівая ёй паліт. талерантнасць, успрымальнасць да хрысц.гуманіст. ідэалаў, асветніцтва, дэмакр.-вызваленчага руху абумовілі яе арганічную адаптыўнасць да агульначалавечых каштоўнасцей і накіраванасць да нац. ідэнтычнасці, самабытнасці і суверэннасці бел. народа. Гэтыя рысы ўласцівы творчасці Ф.Скарыны, С.Буднага, Міколы Гусоўскага, В.Цяпінскага, М.Сматрыцкага, А.Філіповіча, Сімяона Полацкага, А.Волана, Л.Сапегі, В.Дуніна-Марцінкевіча, І.Страйноўскага, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, дзеячаў нац. культуры найноўшага часу. Іх сац.-паліт. погляды і практычная дзейнасць былі накіраваны на сцвярджэнне гуманіст. ідэалаў дабра і справядлівасці, законнасці і правапарадку, арганізацыю грамадскага жыцця на прынцыпах сац. і нац. роўнасці, свабоды перакананняў, раздзялення ўлад, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян, у т. л. права валодання ўласнасцю.
Паліталогія як навука стала запатрабаванай бел. грамадствам толькі ў пач. 1990-х г., пасля набыцця Беларуссю статуса суверэннай дзяржавы. У 1992 групай вучоных, палітыкаў, журналістаў і бізнесменаў створаны Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, у 1993 заснаваны Мінскі НДІсац.-эканам. і паліт. праблем, у 1996 — Ін-тсац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. Супрацоўнікі гэтых устаноў аналізуюць розныя аспекты функцыянавання паліт. сістэмы і развіцця паліт. працэсаў, іх уплыў на станаўленне дэмакр. асноў бел. дзяржаўнасці і ін-таў грамадз. супольнасці. Навук. даследаванні ў галіне паліталогіі каардынуюць Асацыяцыя паліт. навук і грамадская Акадэмія паліт.навук. Паліталогія выкладаецца студэнтам ВНУ як абавязковая дысцыпліна. У вядучых ун-тах краіны створаны кафедры паліталогіі. Выдаюцца калектыўныя (БДУ, Бел.эканам.ун-т, Гродзенскі ун-т, Бел.нац.тэхн.ун-т) і індывідуальныя (Н.М.Беляковіч, П.І.Бондар, Ю.П.Бондар, У.А.Мельнік) падручнікі і навуч. дапаможнікі па паліталогіі. Упершыню ў пед. практыцы на аснове інавацыйных тэхналогій распрацаваны і рэкамендаваны Мін-вам адукацыі Рэспублікі Беларусь вучэбна-метадычны комплекс па паліталогіі (П.І.Бондар, Ю.П.Бондар). Пры яе вывучэнні выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання (тэсціраванне, дыялог, дыскусіі, сітуацыйныя задачы, выступленні ў якасці лектара і інш.). У БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Рэсп. ін-це вышэйшай школы ажыццяўляецца падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі прафес. палітолагаў.
Тэарэт. праблемы паліталогіі, метадалагічныя падыходы да аналізу бел.дзярж. палітыкі даследуюць Н.А.Антановіч, А.М.Байчораў, Н.М.Беляковіч, П.І.Бондар, У.А.Мельнік, С.В.Рашэтнікаў, П.П.Украінец. Гісторыя і асаблівасці працэсу эвалюцыі грамадска-паліт. думкі Беларусі раскрываюцца ў працах А.Ф.Вішнеўскага, Т.І.Доўнар, У.М.Конана, І.Я.Навуменкі, С.А.Шалькевіча і інш. Прыярытэтным кірункам сац.-паліт. даследаванняў з’яўляецца вывучэнне перадумоў і тэндэнцый станаўлення бел. дзяржаўнасці, рэальнага ўплыву на працэсы нац. ідэнтыфікацыі дзярж.-паліт. ін-таў Кіеўскай Русі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, сав. ладу жыцця (І.А.Басюк, П.І.Брыгадзін, Ф.В.Круталевіч, В.Ф.Слука, І.А.Юхо і інш.). Высвятляюцца стратэгічныя задачы і праблемы сучаснай дзяржаўнасці, духоўна-каштоўнасная сутнасць нац. ідэі, альтэрнатывы пераходнага грамадства (В.М.Абрамава, А.М.Данілаў, Л.Ф.Заіка, В.І.Карбалевіч, В.П.Оргіш, Т.С.Процька, П.Г.Чыгрынаў і інш.).
Вопыт і ўрокі канстытуцыйнага развіцця краіны ва ўмовах паліт. трансфармацыі асвятляюцца ў працах Р.А.Васілевіча. Вывучаюцца паліт. асновы фарміравання прававой дзяржавы і грамадз. супольнасці, перспектывы іх усталявання ў Беларусі (А.М.Дзенісенка, А.І.Манаеў, Н.В.Паўлава, Г.І.Сцяпанаў, Т.С.Процька, В.Г.Ціхіня, В.І.Шабайлаў), месца і роля ў структуры дэмакратыі паліт. партый і рухаў (У.А.Бабкоў, А.М.Бадулін, А.У.Баранава, І.В.Катляроў, М.В.Кузняцоў), правоў і свабод чалавека (Н.М.Беляковіч, А.Дз.Гусеў, І.І.Катляр, Л.Ф.Яўменаў). Комплексна даследуюцца працэсы паліт. мадэрнізацыі на Беларусі, назапашанага вопыту дзярж.буд-ва і кіравання, сучаснай геапалітыкі. Іх вынікі адлюстраваны ў працах Я.М.Бабосава, У.А.Бажанава, П.І.Бондара, Ю.П.Бондара, В.В.Бушчыка, У.П.Вараб’ёва, Н.П.Дзенісюк, Л.Я.Землякова, А.У.Матусевіча, П.Г.Нікіценкі, С.В.Рашэтнікава, А.А.Сакалоўскага. Патрэбнасцямі сац.-паліт. пераўтварэнняў і пераадолення негатыўных з’яў у духоўна-ідэалагічнай сферы абумоўлена з’яўленне шэрагу навук. прац па ідэалогіі бел. дзяржаўнасці (Я.М.Бабосаў, Л.В.Вартанава, А.С.Майхровіч, У.А.Мельнік, В.В.Шынкароў, Я.С.Яскевіч). У калект. выданні Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» абазначаны прыярытэты і змест даследчага пошуку, канцэптуальныя падыходы да ідэалагічных мэт і задач пераходнага перыяду. У апошнія гады прадметам вывучэння становяцца праблемы эфектыўнасці дзярж. палітыкі, узровень дэмакратычнасці правячай і апазіцыйнай эліт, практыка рэалізацыі паліт. і грамадз. правоў і свабод, фактары і ўмовы, якія перашкаджаюць усталяванню прынцыпаў грамадз. супольнасці і прававой дзяржавы, узмацненню грамадскага кантролю ўлады.
Літ.:
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половине XVII вв. Мн., 1984;
Матусевич А.В. Политическая система: состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Тихиня В.Г. Тернистый путь к правовому государству. Мн., 1995;
Евменов Л.Ф. Тотальный кризис и права человека. Мн., 1996;
Данилов А.Н. Власть и общество: Поиск новой гармонии. Мн., 1998;
Мельник В.А. Республика Беларусь: власть, политика, идеология. Мн., 1998;
Яго ж. Политология. 4 изд. Мн., 2002;
Павлов Н.В., Степанов Г.И. Гражданское общество и правовое государство. Мн., 1999;
Решетников С.В. Политология в Республике Беларусь: теоретико-методологические и прикладные аспекты. Мн., 1999;
Государственное управление: политика в действии Мн., 2000;
Решетников С.В., Антонович Н.А. Системный подход как методология анализа публичной политики. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДНА,
горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс.ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст. — Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.—кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.—снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр.арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс.ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.—крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.—жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.—снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.—крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв.бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л.Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.
Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн.Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл.Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл.устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс.чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.
Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-дтэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.
Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл.Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл.Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн.Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед.ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял.Айч. вайны большасць школ і культ.-асв.устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед.ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн.Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч.г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец.навуч.устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л.Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж.ВНУ — ун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл.Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах у 14 ст. — Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.Бажко, У.Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.Лытаў, І.Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.Мазнічка), аэравакзал (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч і інш.).
У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.Купалу, В.Д.Сакалоўскаму, А.Тызенгаўзу, В.Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.
Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел.літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.Нарэвіч, К.Гаршвіла, В.Нармунт, М.Сіповіч, С.Макоўскі, Ф.Ідвель), інтэрмедыі (Я.Пылінскі; гл.Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.Кярсніцкі, І.Сцірпейка, Ф.Андрушкевіч, І.Ляхніцкі, Я.Зноска, Ю.Мышкоўскі, М.Дамашэвіч, Б.Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.Замыслоўскі і І.Казлоўскі, публіцыст А.Жышкевіч, паэт Л.Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.Турчыновіча і І.Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкідрам. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял.Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл.літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г. — рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв.арг-цыяРСДРП — газ. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ.«Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел.т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ.«Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г.час.«Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт.газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».
Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.
Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.Адэльгаўзер, М.Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.Грушэцкаму і Ф.Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл.арг-цыяБел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.Галубкінай, А.Гаршкавоза, У.Голуба, А.Захарава, А.Коха, А.Кузняцова, Г.Мазурава, У.Мурахвера, Л.Мягковай, Л.Налівайкі, М.Плужніка, І.Пушкова, К.Пятрова, В.Савіцкага, А.Салятыцкага, У.Сушкевіча, У.Церабуна, В.Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.
Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.Абера, «Папялушка» Н.Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.Шылера, «Эмілія Галоці» Г.Э.Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз.т-ва (узначальваў К.Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус.тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.Паўлава, В.Дарашэнкі, А.Даніловіча, Л.Нікольскага, М.Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Шчарбакова (у складзе трупы П.Арленеў), Н.Арбеніна (у складзе трупы В.Стрэльская, К.Варламаў, М.Ходатаў), П.Ленскага, Г.Фядотавай, М.Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.Астроўскага, А.К.Талстога, Л.Талстога, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).
Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв.«Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л.Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.Тарноўская, Грабоўская і інш.Вял. аматарам музыкі быў А.Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз.навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз.т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.Давыдава, Есіпава, С.Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-вамуз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.Аладава, С.Палонскага, П.Падкавырава, Дз.Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн.пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.
Літ.:
Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл.Мн., 1986;
Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;
Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
— структурны элемент ваеннай арганізацыі дзяржавы, прызначаны для ўзбр. абароны яе суверэнітэту, незалежнасці і тэр. цэласнасці.
27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закона. Паводле Дэкларацыі Беларусь набыла права на ўласныя Узбр. Сілы, Унутр. войскі, органы дзярж. і грамадскай бяспекі, падкантрольныя Вярх. Савету Беларусі. 20.9.1991 Вярх. Савет даручыў Савету Міністраў, камісіі Вярх. Савета па пытаннях нац. бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю сумесна з камандаваннем БВА, інш. зацікаўленымі мін-вамі і ведамствамі да 1.11.1991 падаць прапановы аб структуры і прынцыпах ваен.буд-ваУзбр. Сіл краіны. 20.3.1992 Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь даручыў Савету Міністраў пачаць фарміраванне Узбр. Сіл. Паводле Пастановы Савета Міністраў ад 6.5.1992 БВА скасавана і ўтворана Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Ударная групоўка войск на зах. напрамку былога СССР (БВА) налічвала больш за 250 тыс.чал. (1410 вайск. фарміраванняў); на ўзбраенні злучэнняў і часцей былі самыя дасканалыя зброя і тэхніка, якія меліся на той час у Сав. Арміі. На тэр. Беларусі самая высокая на Еўрап. кантыненце канцэнтрацыя войск (1 ваеннаслужачы на 43 цывільныя жыхары; для параўнання: на Украіне — на 98, у Казахстане — на 118, у Польшчы — на 164, у Расіі — на 634). Кіраўніцтва рэспублікі прапанавала камандаванню Аб’яднаных Узбр. Сіл СНД пакінуць у складзе Узбр. Сіл Беларусі ўсе сухап. злучэнні, часці, войскі ППА, паветрана-дэсантную дывізію, а таксама часці знішчальнай і штурмавой авіяцыі. У Аб’яднаныя стратэг. сілы было прапанавана ўключыць ядз. зброю, бамбардзіровачную авіяцыю, а таксама авіяц. і радыёлакацыйныя часці Балт. флоту, размешчаныя на тэр. Беларусі. У выніку перагавораў паміж дэлегацыямі Гал. камандавання Аб’яднаных узброеных сіл СНД і Рэспублікі Беларусь быў выпрацаваны пратакол, паводле якога да Узбр. Сіл Беларусі поўнасцю адышлі вайск. часці сухап. войск і ППА, за выключэннем некалькіх навуч. цэнтраў, каля 90% знішчальнікаў і бамбардзіровачнай авіяцыі, полк трансп. авіяцыі, полк стратэг. бамбардзіроўшчыкаў, паветрана-дэсантная дывізія. У пач. 1990-х г. створана аснова нарматыўнай прававой базы ваен. будаўніцтва, прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб абароне» (новая рэд. 17.7.2002), «Аб узброеных сілах Рэспублікі Беларусь» (новая рэд. 24.7.2002), «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (новая назва «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», новая рэд. 2.1.2002) і шэраг інш. нарматыўных актаў. Законамі Рэспублікі Беларусь «Аб абароне» і «Аб Узброеных Сілах» вызначаны паўнамоцтвы органаў дзярж. улады і ўпраўлення, абавязкі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у галіне абароны. Агульнае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ў той перыяд ажыццяўлялі Вярх.
Савет і Савет Міністраў у межах іх паўнамоцтваў. Непасрэднае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ажыццяўляла Мін-ва абароны, у складзе якога створаны Гал. штаб Узбр. Сіл. З мэтай арганізацыі і правядзення ваенна-мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўной работы ствараліся мясц. органы ваен. кіравання. Былі створаны Нац. агенцтва па кантролі і інспекцыях і ўпраўленне знешніх сувязей Мін-ва абароны з функцыямі арганізацыі і выканання мерапрыемстваў ваен. супрацоўніцтва з замежнымі краінамі. Ажыццёўлены пераход да арганізац.-штатнай структуры «корпус-брыгада», асн. аператыўна-тактычнай адзінкай стала механізаваная брыгада.
У адпаведнасці з рашэннем Вярх. Савета Беларусі, прынятым пры ратыфікацыі Дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ЗУСЕ), колькасць ваеннаслужачых Узбр. Сіл Беларусі да 1995 трэба было паменшыць да 100 тыс.чал. У выніку ў 1992 расфарміравана 280 часцей, скарочана 30 тыс.чал., звольнена ў запас 7,5 тыс. афіцэраў і прапаршчыкаў. Адначасова ішло скарачэнне ўзбраення і ваен. тэхнікі. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе, падпісаным у СССР у ліст. 1990, на Беларусі знішчаны 1773 танкі, 130 баявых самалётаў, 1341 баявая браніраваная машына. Да 1994 перад Узбр. Сіламі паўсталі пытанні аснашчэння войск новымі відамі ўзбраення і ваен. тэхнікі, іх утрымання і рамонту, забеспячэння ваеннаслужачых рэчавай маёмасцю (уводзілася новая форма адзення). Разам са скарачэннем афіцэраў, якія служылі ў БВА, неабходна было скарачаць і тых, хто паводле рашэння Вярх. Савета Беларусі ў 1992—94 вярнуўся на Радзіму з інш. рэспублік былога СССР.
Рэальнае рэфармаванне ваен. арганізацыі пачалося з сярэдзіны 1994 і мела на мэце прывядзенне Узбр. Сіл Беларусі ў адпаведнасць з сучасным ваенна-паліт. становішчам, характарам сучаснай вайны і ўзбр. барацьбы, ступенню магчымых ваен. пагроз і эканам. магчымасцямі дзяржавы. 27.3.1995 Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Канцэпцыю нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. Да 1996 у рамках рэфармавання вырашаны многія праблемы, звязаныя са стварэннем органаў ваен. кіравання і падрыхтоўкі кадраў: рэфармавана большасць аб’яднанняў, злучэнняў, вайск. часцей і ўстаноў, створаны мабільныя сілы, уведзены прынцып тэр. камплектавання войск ваеннаслужачымі тэрміновай службы, удасканалена сістэма кантрактнай службы, аптымізавана сістэма падрыхтоўкі войск. Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, створаная ў 1995, пачала рыхтаваць кадры больш чым па 60 ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. На 6-гадовы тэрмін навучання пераведзена Мінскае сувораўскае вучылішча (з 2002—5-гадовы тэрмін навучання). Распрацавана новая нарматыўная прававая база, якая рэгламентавала арганізатарскую і выхаваўчую работу па ўмацаванні вайск. дысцыпліны. У 1996 паводле загаду міністра абароны аптымізавана сістэма работы па кіраванні сац. працэсамі ва ўзбр. сілах.
Развіццё ўзбр. сіл патрабавала далейшага ўдасканалення прававой базы, якая б рэгламентавала іх дзейнасць. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 24.11.1996) замацавала новую сістэму дзярж. органаў, вызначыла паўнамоцтвы Прэзідэнта — Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, парламента, урада, у т. л. ў галіне абароны. Асн. кірункі будаўніцтва, у т. л. рэфармавання Узбр. Сіл, вызначаны Праграмай сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05, Канцэпцыяй будаўніцтва Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь да 2010, Праграмай завяршэння рэфармавання Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь на 2001—05 і Планам будаўніцтва Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь да 2006 (усе зацверджаны адпаведнымі ўказамі Прэзідэнта ў 2001). Паводле Канцэпцыі нац. бяспекі (новая рэд.), зацверджанай Указам Прэзідэнта (2001), вызначаны жыццёва важныя інтарэсы Беларусі, фактары, якія могуць ствараць пагрозу нац. бяспецы, а таксама прыярытэтныя кірункі забеспячэння бяспекі ў паліт., эканам., інфарм., экалагічнай, гуманіт. і інш. сферах. Распрацавана новая рэдакцыя Ваеннай дактрыны (2002), якая канкрэтызавала асн. кірункі ваен. палітыкі дзяржавы на сучасным этапе, а таксама вызначыла адносіны да ваен. канфліктаў і іх папярэджання, праблемы ваен. будаўніцтва, выкарыстання ваен. сілы для абароны найб. важных інтарэсаў дзяржавы. Яна вызначыла ваен. арганізацыю дзяржавы як сукупнасць узбр. сіл, інш. войск і вайск. фарміраванняў, дзярж., ваенна-паліт. органаў кіравання, органаў ваен. кіравання, інш. арганізацый, асн. дзейнасць якіх у мірны час накіравана на вырашэнне задач па забеспячэнні ваен. бяспекі дзяржавы (прадухіленне ваен. пагрозы), а ў выпадку вайны — на забеспячэнне ўзбр. абароны дзяржавы, адбіццё нападу, разгром праціўніка і дасягненне паліт. мэт у вайне. Дактрына вызначае паўнамоцтвы дзярж. органаў, інш. арганізацый і грамадзян Рэспублікі Беларусь у ваен. сферы. Важнейшым заканадаўчым актам, што рэгламентуе асн. пытанні бяспекі, стаў Закон «Аб абароне». Ён устанавіў асновы і арганізацыю абароны Рэспублікі Беларусь, паўнамоцтвы Прэзідэнта і дзярж. органаў, абавязкі арганізацый і грамадзян па забеспячэнні ўзбр. і эканам. абароны краіны, вызначыў сістэму прававых, паліт., эканам., ваен., сацыяльных і інш. мер, якія забяспечваюць ваен. бяспеку дзяржавы. Закон «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» (новая рэд. 24.7.2002) устанавіў прызначэнне, задачы, склад, колькасць, прынцыпы пабудовы і дзейнасці Узбр. Сіл, камплектавання, кіраўніцтва імі, узаемадзеяння іх з інш. войскамі і вайск. фарміраваннямі. Законам «Аб ваенным становішчы». прынятым 13.1.2003, вызначаны прававы рэжым ваен. становішча, што ўводзіцца на тэр. краіны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадку ваен. пагрозы ці нападу. Ён рэгламентуе пытанні ўвядзення і адмены ваен. становішча, асаблівасці паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы, парламента — Нац. сходу, рэсп. органаў дзярж. кіравання і інш. арганізацый, ваен. камандавання, грамадзян на перыяд ваен. становішча, меры, якія прымаюцца на перыяд яго дзеяння, парадак выканання Рэспублікай Беларусь узятых на сябе міжнар. абавязацельстваў. Неабходнасць рэфармавання, кардынальныя змены ў нарматыўнай базе і інш. абставіны патрабавалі прыняцця Закона «Аб унясенні змен і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе». Новая рэдакцыя Закона ад 5.11.1992 пад назвай «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» падпісана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 22.7.2003. У ліст. 2003 прыняты Закон «Аб парадку накіравання ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзярж. кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама цывільнага персаналу за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі», які вызначыў парадак накіравання ваеннаслужачых (за выключэннем тых, хто знаходзіцца на тэрміновай службе, а таксама афіцэраў, што праходзяць ваен. службу паводле прызыву) і інш. асоб для выканання пэўных задач.
З улікам тэндэнцый развіцця ваен. майстэрства і вопыту лакальных войнаў у канцы 20 — пач. 21 ст. прыярытэтнымі кірункамі рэфармавання сталі: развіццё ППА, авіяцыі, ракетных войск, сіл і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, разведкі, сувязі; мерапрыемствы па іх першачарговым перааснашчэнні сучаснымі ўзбраеннем і тэхнікай. У працэсе рэфармавання створана новая, больш эфектыўная сістэма кіравання, аптымізавана арганізац. структура Узбр. Сіл. Рэарганізаваны шэраг структурных падраздзяленняў Мін-ва абароны. Гал. штаб Узбр. Сіл Беларусі пераўтвораны ў Генеральны штаб. Юрыдычна замацавана размежаванне ваенна-паліт., адміністрацыйных, забяспечвальных, плануючых і інш. функцый паміж Мін-вам абароны і Генштабам Узбр. Сіл. Мін-ва абароны канцэнтруе асн. намаганні на рэалізацыі ваен. палітыкі дзяржавы, адм. кіраўніцтве Узбр. Сіламі і ўсебаковым іх забеспячэнні, каардынацыі дзейнасці інш.рэсп. органаў дзярж. ўпраўлення па пытаннях абароны. Створана камандаванне Сухап. войск, сфарміравана камандаванне новага віду Узбр. Сіл — ВПС і войск ППА. Каб мець на аперацыйных напрамках групоўкі войск, здольныя ва ўмовах мірнага часу выканаць задачу па лакалізацыі і нейтралізацыі ўзбр. канфлікту, а пры неабходнасці весці лакальную вайну, забяспечваць своечасовае аператыўна-стратэгічнае разгортванне сіл і сродкаў, на базе 28-га і 65-га армейскіх карпусоў створаны Заходняе і Паўн.-заходняе аператыўныя камандаванні. У складзе сухап. войск створаны і развіты мабільныя кампаненты, агульнавайсковыя злучэнні пастаяннай гатоўнасці, вайск. часці спец. прызначэння.
У ходзе рэфармавання значна ўзмоцнены ваенна-навуковы і ваенна-адукацыйны комплекс. У пач. 21 ст. ва Узбр. Сілах Беларусі працавалі 400 вучоных, у т. л. больш за 20 д-роў і 230 канд.навук. Уласна бел. абарончы сектар эканомікі і навук. патэнцыял забяспечыў распрацоўку і вытв-сць прадукцыі ваен. прызначэння, мадэрнізацыю разнастайных узораў зброі і ваен. тэхнікі на ўзроўні сусв. стандартаў. У 2002 створаны НДІУзбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Мэта рэформы ваен. адукацыі — узняць сістэму падрыхтоўкі ваен. кадраў на якасна новы ўзровень, які забяспечыць радыкальнае павышэнне прафесіяналізму і агульнай культуры выпускнікоў ваен.-навуч.устаноў. У працэсе рэфармавання Ваен. акадэмія пераўтворана ў многаўзроўневую сістэму падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, інтэграваную з дзярж. адукацыяй. Распрацаваны новыя кваліфікацыйныя патрабаванні да выпускнікоў з сярэдняй, вышэйшай ваенна-спецыяльнай і вышэйшай ваен. адукацыяй. Аптымізаваны і ўзгоднены з новым агульнадзярж. класіфікатарам пералік спецыяльнасцей і спецыялізацый падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў. Перабудавана сістэма падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і ваен. спецыялістаў.
Развіваецца і мадэрнізуецца ўзбраенне і тэхніка з арыентацыяй на новыя тэхналогіі з улікам магчымасцей абаронча-прамысл. комплексу дзяржавы. Распрацаваны і ўкараняецца ў войскі шэраг аўтаматычных сістэм кіравання (у першую чаргу ў ВПС і войскі ППА), сістэм кіравання агнём бранятанкавай тэхнікі; мадэрнізавана сістэма залпавага агню на шасі айчыннай вытв-сці, распрацаваны прыцэлы для стралк. зброі. Вядзецца мадэрнізацыя баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, авіяц. тэхнікі, рамонт вайсковых зенітных ракетных комплексаў і інш.
Указам Прэзідэнта ў ліст. 2001 зацверджана канцэпцыя тэрытарыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Паводле аператыўна-стратэгічных разлікаў колькасна Узбр. Сілы да 2006 павінны скласці не больш як 65 тыс.чал., у т. л. не больш як 50 тыс. ваеннаслужачых. Ва ўмовах скарачэння колькаснага складу Узбр. Сіл і памяншэння ўзроўню ўзбраенняў адным з найб. эканомных шляхоў падтрымкі боегатоўнасці на належным узроўні з’яўляецца тэр. абарона. У гал. штабе Сухап. войск сфарміравана ўпраўленне тэр. абароны, ва ўпраўленнях аператыўных камандаванняў — аддзелы тэр. абароны; адпаведныя структуры (саветы абароны створаны абласнымі выканаўчымі камітэтамі), а таксама ў складзе ваен. камісарыятаў. У сістэме камплектавання працягваецца працэс максімальнай прафесіяналізацыі арміі (больш за 50% ваеннаслужачых праходзяць службу на пастаяннай аснове), але з мэтай падрыхтоўкі ваенна-абучанага рэзерву не адмовіліся ад тэрміновай ваен. службы. Законам «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» ўпершыню ў Беларусі ўведзены новы від службы — служба ў рэзерве, што ўдасканаліла сістэму выканання канстытуцыйнага воінскага абавязку, аптымізавала працэс падрыхтоўкі ваенна-абучанага рэзерву.
Новая сістэма кіравання войскамі паказала высокую эфектыўнасць у час правядзення серыі вучэнняў, у т. л. аператыўна-тактычных вучэнняў «Нёман—2001», «Бярэзіна—2002» і «Чыстае неба—2003», «Шчыт Айчыны—2004».
У адпаведнасці з Ваеннай дактрынай Узбр. Сілы, інш. войскі і вайск. фарміраванні могуць быць выкарыстаны: ва ўзбр. канфліктах для дэманстрацыі рашучасці абараніць суверэнітэт, тэр. цэласнасць і недатыкальнасць граніц дзяржавы, нейтралізацыі ваен. пагрозы, блакіравання раёна магчымых ваен. дзеянняў (ваен. правакацыі), разгрому груповак праціўніка, якія ажыццявілі ўзбр. ўварванне, і ліквідацыі незаконных узбр. фарміраванняў, наўмысна сфарміраваных на тэр. Рэспублікі Беларусь, стварэння ўмоў для ўрэгулявання ваен. канфлікту; у лакальнай вайне для лакалізацыі ачага напружанасці і ажыццяўлення адэкватных дзеянняў па прадухіленні ваен. пагрозы па меры яе ўзмацнення, нанясення праціўніку максімальнай страты і прымушэння агрэсара адмовіцца ад планаў узбр. ўварвання на тэр. дзяржавы, стварэння ўмоў для спынення вайны і ўрэгулявання ваен. канфлікту на ўмовах, якія адпавядаюць інтарэсам Рэспублікі Беларусь; у рэгіянальнай вайне для ўзбр. абароны суверэнітэту і тэр. цэласнасці дзяржавы ўсімі сіламі і сродкамі, у т. л. з выкарыстаннем баявога патэнцыялу рэгіянальнай групоўкі войск (сіл) у рамках адзінай абарончай прасторы з Рас. Федэрацыяй; адбіцця нападу і нанясення паражэння праціўніку, прымушаючы яго да спынення ваен. дзеянняў на выгадных для Рэспублікі Беларусь умовах.
Узброеныя Сілы ўзаемадзейнічаюць з Пагран. войскамі, падначаленымі Дзярж. к-ту пагран. войск, Унутр. войскамі Мін-ваўнутр. спраў, войскамі КДБ, а таксама органамі і падраздзяленнямі Мін-ва па надзвычайных сітуацыях. Ваен.-мабілізацыйную і ўлікова-прызыўную работу ў абласцях, гарадах і раёнах праводзяць ваен. камісарыяты (мясц. органы ваен. кіравання).
Агульнае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ажыццяўляе Прэзідэнт — Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, а таксама Савет Міністраў у межах сваіх паўнамоцтваў. Непасрэднае кіраўніцтва Узбр. Сіламі ажыццяўляе міністр абароны, які персанальна адказвае за баявую і мабілізацыйную гатоўнасць, падрыхтоўку войск і штабоў для выканання задач па забеспячэнні ваен. бяспекі і ўзбр. абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэр. цэласнасці.
Міністры абароны Рэспублікі Беларусь: ген.-палк. П.Р.Чавус (міністр па справах абароны, снеж. 1991—крас. 1992); ген.-палк. (1992), з 1994 ген.-лейт. П.П.Казлоўскі (крас. 1992—ліп. 1994); ген.-палк. А.І.Кастэнка (ліп. 1994—чэрв. 1995); ген.-лейт., з 2001 ген.-палк. Л.С.Мальцаў (з чэрв. 1995 в.а., з кастр. 1995 па кастр. 1996 і з сак. 2001 міністр); ген.-лейт., з сак. 1997 ген-палк. А.П.Чумакоў (з ліст. 1996 в.а., са студз. 1997 да сак. 2001 міністр).
А.Л.Самовіч, В.А.Шаршун, В.А.Юшкевіч.
Урачыстае пастраенне роты ганаровай варты.Бронетранспарцёр «Кобра-К» (створаны на базе БТР-70 на адным з рамонтных заводаў Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),
установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.
Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).
На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч.устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г.ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г.Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л.Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел.дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн.Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст.бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш.Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн.экз.
Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-каг. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас.нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас.дзярж.б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш.навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).
На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.
У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІ́ЗМ,
адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец.устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс.ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн.ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас.Вял. Н.-Й. 19938 тыс.ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс.км²) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т. л.міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал.гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сці Вял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 акупіраваны брыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г.гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.
Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст. мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш.), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв.гандл. цэнтра і Сусв.фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.
У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т. л.Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук.устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-каААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр.б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».
Літ.:
Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ.М., 1968;
Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.
Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.Нью-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.