СА́ЛТАВА-МАЯ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура паўкачавых народаў, што жылі ў 8—9 ст. у бас. р. Дон і Прыазоўі. Назва ад Салтаўскага могільніка каля с. Верхняе Салтава (Харкаўская вобл., Украіна) і Маяцкага гарадзішча каля ўпадзення р. Ціхая Сасна ў р. Дон (Варонежская вобл., Расія). Вядома больш за 200 помнікаў культуры: рэшткі качэўяў, пасёлкаў, замкаў, гарадоў (Саркел, Таматарха, Фанагорыя), могільнікаў. Мае 2 варыянты: лесастэпавы — аланскі (гл. Аланы) і стэпавы — балгарскі (гл. Балгарыя Волжска-Камская). Для 1-га характэрны земляробчыя тыпы паселішчаў і катакомбавы абрад пахавання; для 2-га — качэўі і ямныя пахаванні.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАЎ (Андрэй Рыгоравіч) (н. 17.10.1907, с. Ішым Тамбоўскай вобл., Расія),

расійскі металург. Чл.-кар. Рас. АН (1976). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1935). З 1935 на Маскоўскім камбінаце цвёрдых сплаваў. З 1946 у НДІ неарган. матэрыялаў імя А.​А.​Бочвара. Навук. працы па металургіі, матэрыялазнаўству, у т. л. тэхналогіі матэрыялаў для ядз. рэактараў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953, 1970, 1978. Ленінская прэмія 1964.

Тв.:

Дисперсионные твэлы. Т. 1—2. М., 1982 (разам з А.​І.​Каштанавым, В.​С.​Волкавым);

Тепловыделяющие элементы ядерных реакторов. М., 1985.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГА́ЙЛА ((Songaila) Мікалас) (5.9.1875, маёнтак Кузьміно, Пскоўская вобл., Расія — 12.9.1941),

літоўскі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—1903) і ў Італіі. У 1908—15 выкладаў у політэхн. ін-це ў Пецярбургу, у 1921—41 — Літ. ун-це ў г. Каўнас. Паводле яго праектаў з рысамі рацыяналізму і неакласіцызму пабудаваны Літ. банк (1928, з арх. А.​Функам і Ф.​Візбарасам), фіз.-хім. факультэт ун-та (1937, не захаваўся) у Каўнасе, банкі ў гарадах Паневяжыс (1930), Біржай (1935), Мажэйкяй (1937) і інш., рэканструяваны Дзярж. т-р у Каўнасе (1923—25, з У.​Дубянецкім).

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГА (Васіль Іванавіч) (н. 4.10.1937, в. Петрацінка Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р с.-г. н. (1994), праф. (1966). Скончыў Віцебскія вет. (1963) і пед. (1966) ін-ты. З 1979 у Бел. агр. тэхн. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па выкарыстанні біялагічна-актыўных рэчываў у жывёлагадоўлі, пытаннях гігіены с.-г. жывёл.

Тв.:

Контроль параметров технологических процессов в животноводстве. М., 1985 (у сааўт.);

Основы животноводства. Мн., 1997 (у сааўт.);

Пути снижения энергозатрат в скотоводстве. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 14, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КА (Рыгор Васілевіч) (27.11.1823, в. Пакроўская Цвярской вобл., Расія — 22.4.1864),

расійскі жывапісец. У 1842—47 вучыўся ў А.​Венецыянава. Пісаў пейзажы, жанравыя сцэны, інтэр’еры, партрэты. Творы вызначаюцца сузіральнасцю, наіўным успрыняццем ідэі жыццёвай гармоніі, тонкай узгодненасцю тонаў залаціста-карычневай гамы, замкнёнасцю і статычнасцю кампазіцыі, абагульненасцю трактоўкі форм у спалучэнні з дакладным адлюстраваннем дэталей навакольнага асяроддзя: «Рыбакі. Від на возера Молдзіна», «Від на плаціну ў маёнтку Спаскае», «Адлюстраванне ў люстэрку» (усе 1840-я г.), «Гумно», «Кабінет у Астраўках» (абодва 1844), партрэт Венецыянава і інш.

Літ.:

Григорий Сорока: [Альбом]. М., 1970.

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦІ́ЦКАЯ (Ірына Сяргееўна) (28.1.1929, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія),

расійскі гісторык. Д-р гіст. н. (1973), праф. (1976). Скончыла Ленінградскі ун-т (1951). З 1954 у Маскоўскім адкрытым пед. ун-це. Даследуе гісторыю элінізму, усх. правінцый Рым. імперыі і ранняга хрысціянства; выступае з абгрунтаванай крытыкай міфалагічнай тэорыі ў гісторыі хрысціянства.

Тв.:

Запрещенные евангелия. М., 1965;

Раннее христианство: страницы истории. М., 1987;

Апокрифические евангелия. М., 1996;

Сказания об Иисусе, Святом семействе и свидетелях христовых. М., 2000.

Літ.:

Кнабе Г.С. К 70-летию И.С. Свенцицкой // Вестн. древней истории. 1999. № 2.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯЗНЁЎ (Генадзь Мікалаевіч) (н. 6.11.1947, г. Сяроў Свярдлоўскай вобл., Расія),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, журналіст. Скончыў Ленінградскі ун-т (1974). Працаваў у Ленінградскай камсамольскай арг-цыі (1968—74), нам. рэдактара і рэдактарам абл. газ. «Смена» (1974—80), у аддзеле прапаганды ЦК ВЛКСМ. Рэд. газ. «Комсомольская правда» (1980—88), «Учительская газета» (1988—91), «Правда» (1991—93), «Правда России» (1995—96). З 1993 дэп. Дзярж. думы ад Камуніст. партыі Рас. Федэрацыі, з 1996 — старшыня Дзярж. думы (перавыбраны ў 2000). З 1996 старшыня Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РГІЕЎ (Пётр Рыгоравіч) (10.7.1893, с. Срэценскае Кіраўскай вобл., Расія — 12.7.1973),

расійскі вучоны ў галіне паразіталогіі і эпідэміялогіі. Акад. АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Казанскі ун-т (1918). З 1927 у Ін-це мед. паразіталогіі і трапічнай медыцыны (у 1934—69 дырэктар). У 1937 нарком аховы здароўя Расіі. У 1957—60 віцэ-прэзідэнт АМН СССР. Навук. працы па эпідэміялогіі малярыі і арганізацыі барацьбы з ёй. Кіраваў распрацоўкай комплекснай сістэмы мерапрыемстваў, якія забяспечылі ліквідацыю малярыі ў СССР як масавага захворвання. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАФАЗАТРО́Н (ад грэч. synchronos адначасовы + фазатрон),

пратонны сінхратрон, цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. пратонаў). Паскарэнне часціц у С. адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога змяняецца (у адрозненне ад сінхратрона) адначасова са зменамі напружанасці магн. поля так, каб радыус раўнаважнай арбіты часціц заставаўся нязменным. У кожным цыкле паскараецца да 10​13 часціц На Серпухаўскім С. (Расія) пратоны паскараюцца да энергіі 76 ГэВ; на тэватроне (С. са звышправоднымі магнітамі; ЗША) — да 1 ТэВ. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях па ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯ́РАЎ (Валерый Анатолевіч) (н. 7.3.1950, г. Новасібірск, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Ульянаўскі політэхн. ін-т (1972). З 1972 у НДІ сродкаў аўтаматызацыі. У 1979—95 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1987 заг. кафедры). З 1995 за мяжой. Навук. працы па лагічным сінтэзе і аптымізацыі лічбавых устройстваў і сістэм. Распрацаваў графічную мову апісання, мадэлі і метады лагічнага праектавання рэканфігуравальных лічбавых устройстваў і сістэм.

Тв.:

Язык С​+ и объектно-ориентированное программирование: Справ. пособие. Мн., 1997.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)