ПАЙС ((Pais) Эторэ) (27.7.1856, г. Борга-Сан-Дальмаца, Італія — 28.3.1939),
італьянскі гісторык антычнасці. Вучань Т.Момзена. Праф.стараж. гісторыі ва ун-тах Палерма (1886—89), Пізы (да 1899), Неапаля (да 1904), Рыма (да 1931). Аўтар прац па гісторыі Стараж. Рыма, у якіх крытыкаваў рым. традыцыю, сумняваўся ў гістарычнасці царскага і раннерэспубліканскага перыядаў (да 3 ст. да н.э.) у Рыме. На яго думку, рымляне не ведалі сапраўдных гіст. паданняў, родавых летапісаў, а ранняя рым. традыцыя склалася нібыта пад уплывам грэч.гіст. апавяданняў і рым. драмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУР (ад лац. purpura пурпурная куклянка, пурпурны колер) антычны, прыродны чырванавата-фіялетавы фарбавальнік. Утрымліваецца ў выдзяленнях гіпабранхіяльных залоз марскіх бруханогіх малюскаў—іглянак, або пурпурных куклянак, напр., балінус, або мурэкс, брандарыс (Bolinus brandaris, або Murex brandaris). Па хім. прыродзе — вытворнае прыроднага фарбавальніка індыга.
Вядомы каля 1600 г. да н.э. (Стараж. Егіпет, Фінікія). Выкарыстоўваўся для афарбоўкі тканін, а таксама ў жывапісе, касметыцы і інш. У стараж. Рыме афарбаваная П. адзежа была адметнай адзнакай вышэйшых пасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБО́Н,
старажытная назва р. Заходняя Дзвіна. Пад такой назвай вядома паводле карт александрыйскага грэка К.Пталамея і рымскіх аўтараў 2 ст.н.э. Паходзіць ад лац. rubeus — чырвоны (з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). Гамер, магчыма, згадвае Зах. Дзвіну пад назвай Эрыдан (Эрыда — багіня ночы і лёсу ў стараж. грэкаў), а Герадот называе ракой бурштынавай. Стараж. германцы называлі раку — Дзюна. Назва «Р.» сустракаецца на карце Мікалая Кузанскага (1507) і карце, выдадзенай М.К.Радзівілам Сіроткай (1613).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ ((Augustus) Гай Актавій) (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),
рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.
Статуя імператара Аўгуста з Прыма-Порта. 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НА,
1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж.германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст.н.э. як пастаянная.
2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.
3) Войска цалкам.
4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месца інш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).
Літ.:
Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;
Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),
старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,
машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.
Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.
Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-дмукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі
(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАРДЫ́Я (Picardie),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст.н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕН, Плеўна,
горад на Пн Балгарыі. Каля 400 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г. раёна Дунайскай раўніны. Прам-сць: харчовая і харчасмакавая (мяса-малочная, плодакансервавая, вінаробчая, тытунёвая), маш.-буд. (кавальска-прэсавае і энергет. абсталяванне, прыладабудаванне), нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., шкляная. НДІ вінаградарства і вінаробства, кармавых культур. Маўзалей рус. і рум. воінаў, якія загінулі ў рус.-тур. вайне 1877—78; парк-музей рас. генерала М.Дз.Скобелева. Гіст. музей. Маст. комплекс — панарама «Плевенская эпапея 1877». Турызм.
На тэр. сучаснага П. першае паселішча ўзнікла ў 4—3 ст. да н.э. У 1—2 ст.н.э.рым. крэпасць пад наз. Старгозія. З 3 ст. горад. У 11—12 ст.балг. гандлёвы цэнтр. Як П. упершыню згадваецца ў 1266. У 14 ст. пасля захопу туркамі заняпаў. У час рус.-тур. вайны 1806—12 рас. войскі ў 1810 разбурылі гар. крапасныя ўмацаванні. У 1877 у П. і вакол яго туркі стварылі буйны ўмацаваны лагер. У час рус.-тур. вайны 1877—78 каля П. адбываліся працяглыя і ўпартыя баі саюзных (рус. і рум.) армій і балг.нар. апалчэння супраць групоўкі тур. войск, якая была вымушана капітуляваць. У 1919—21 і 1922—23 П. — камуна. У 2-ю сусв. вайну вызвалены Сав. Арміяй у 1944.