МАЗЫ́РСКІЯ ГІМНА́ЗІІ Існавалі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мазырская мужчынская гімназія адкрыта ў кастр. 1859. Напачатку мела 1—3-і класы, у 1860 адкрыты 4—6-ы, у 1861—7-ы (выпускны) класы. Больш за 90% гімназістаў — дзеці дваран і чыноўнікаў. Выкладанне вялося на польск., з 1864 — на рус. мове. З 1865 класічная гімназія. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, лац., грэч., франц., ням. мовы, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, чыстапісанне і інш. Пры гімназіі з 1864 існавала нядзельная школа для навучання чытанню, пісьму і арыфметыцы ўсіх гараджан незалежна ад веравызнання і ўзросту. Да 1874 у падпарадкаванні дырэкцыі гімназіі быў 4-класны прыватны жаночы пансіён. У 1874 гімназія пераўтворана ў 4-класную, з 1876 — у 6-класную прагімназію, якая ў 1910 рэарганізавана ў 8-класную гімназію. Падрыхтавана больш за 1000 выпускнікоў. Існавала да 1918. Мазырская жаночая гімназія адкрыта ў 1907 на базе жаночага вучылішча (засн. ў 1860). Да 1911 жаночая гімназія Е.Сапрыноўскай, 29.11.1911 пераўтворана ў 7-класную жаночую гімназію. Утрымлівалася за дзярж. кошт. За навуч. справай наглядаў дырэктар мужчынскай гімназіі. У ёй працавалі 3 законанастаўнікі і 12 выкладчыкаў Пецярбургскага і Юр’еўскага ун-таў, Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў і інш. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, гісторыя, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, маляванне, ням. і франц. мовы, спевы. У 1915 было 269 навучэнак. Існавала да 1917; на яе базе створана 7-гадовая агульнаадук. школа. Мазырская прыватная жаночая прагімназіязасн. 18.7.1908 на базе (прыватнага жаночага вучылішча 1-га разраду, мела 5 асн. і 1 падрыхтоўчы класы (у 1909 адкрыты 6-ы, у 1910—7-ы класы). Утрымлівалася А.Тадароўскай-Еўдакімавай за кошт платы за навучанне. Працавалі 3 законанастаўнікі і 9 выкладчыкаў з Беластоцкага ін-та, Мінскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскіх і Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, матэматыка, чыстапісанне, прыродазнаўства, франц. і ням. мовы, рукадзелле, маляванне, спевы. У 1908 было 146 навучэнак. Закрыта ў 1913.
Літ.:
Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;
Шпаковский К. Историческая записка о Мозырской прогимназии, 1859—1909. Мозырь, 1909;
Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ІРЛА́НДЫЯ (Northern Ireland), Ольстэр,
адм.-паліт. частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.-ўсх. частку в-ва Ірландыя. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 1663,3 тыс.чал. (1996), каля 60% — ольстэрцы (пратэстанты, нашчадкі выхадцаў з Англіі і Шатландыі), каля 35% — ірландцы (католікі, карэнныя жыхары). Пратэстантаў больш на У і ў гарадах, католікі пераважаюць у сельскай мясцовасці на З. Адм. і эканам. цэнтр, гал. порт — г.Белфаст. Паверхня хвалістая, на ўскраінах невысокія горы (да 852 м). Клімат умераны акіянічны. Сярэдняя т-раліп. каля 15 °C, студз. каля 6 °C, выпадае каля 1000 мм ападкаў за год. Гал. рака Бан, вял. возера Лох-Ней. У прам-сці найб. развіты суднабудаванне, асабліва буд-ва танкераў; тэкст. (ільняная і з сінт. валокнаў), харч., эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., паліграф., папяровая, мэблевая, швейная, абутковая галіны. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля (дае каля 90% даходаў фермераў) — развядзенне і адкорм буйн. раг. жывёлы, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Вырошчваюць бульбу і сеяныя травы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Гісторыя. Да пач. 20 ст.гісторыя П.І. непарыўна звязана з гісторыяй Ірландыі і Ольстэра. Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 П.І. засталася ў складзе Вялікабрытаніі (утворана з 6 графстваў Ольстэра з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам — нашчадкамі англ. і шатл. каланістаў 17 ст.). У 1921—72 мела аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Працяглая паліт., эканам., сац. і культ.-асв. дыскрымінацыя каталіцкай меншасці пасля дэманстрацый пратэсту католікаў у Ландандэры і Белфасце ў 1968—69 і рэакцыі на гэта мясц. паліцыі і пратэстанцкіх экстрэмістаў прывялі да адкрытага нац., рэліг. і эканам. канфлікту ў П.І. (вулічныя баі, акцыі сабатажу). У 1969 брыт. ўрад увёў сюды рэгулярныя войскі, у 1972 — прамое кіраванне рэгіёнам з Лондана. У гэтых умовах актывізаваліся тэрарыст. каталіцкія (гл.Ірландская рэспубліканская армія) і пратэстанцкія групоўкі, у 1969—92 загінула больш за 3 тыс.чал. У 1990-я г. пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі і Ірландыі з’явіліся рэальныя шанцы для мірнага вырашэння канфлікту, асабліва пасля падпісання 10.4.1998 у замку Стормант (прыгарад Белфаста) шматбаковага пагаднення аб урэгуляванні ў П.І. (ухвалена на рэферэндумах у П.І. і Ірландыі ў маі 1998). Дзейнічае шэраг каталіцкіх (Шын-фейн, С.-д. партыя працы) і пратэстанцкіх (Партыя юніяністаў Ольстэра, Дэмакр. юніянісцкая партыя і інш.) партый.
Літ.:
Орлова М.Е. Северная Ирландия: опыт преобразований в расколотом обществе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам
(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар.т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.Тэраўскі),
танц. група (кіраўнік Ч.Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел.прафес.тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел.дзярж.т-ра (з 1944 Бел.т-ра імя Я.Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.Адуцкевіч, Т.Бандарчык, Я.Беларус, В.Вашкевіч, У.Галубок, Г.Грыгоніс, Р.Жакоўскі, Ждановіч, В.Жылінскі, М.Зароская, А.Іваноў, А.Крыніца, М.Кудзелька (М.Чарот), Я.Лабаноўская, М.Лабаноўскі, А.Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.Міронава, М.Міцкевіч, П.Мядзёлка, Л.Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.Ржэцкая, К.Саннікаў, Е.Станкевіч, С.Станюта, В.Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.Чэхава і інш.
Літ.:
Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;
Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.
У.І.Няфёд.
Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЧЭ́ТА Уладзімір Іванавіч (21.10.1878, г. Палтава, Украіна —23.6.1947),
бел. гісторык-славіст. Акад.АНБССР (1928), АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Д-рн. (1918), засл.праф.Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав.Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Бел.навук.-культ.т-ва ў Маскве (1918—19), чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел.нар. ун-це ў Маскве. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 першы рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АНБССР, архіўнай справы ў БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—30. 13.9.1930 П. арыштаваны па т.зв. «акадэмічнай справе». У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятка, у чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў прафесарам у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. З 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АНСССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. У 1941 разам з ін-там эвакуіраваны ў Ташкент. У 1946 разам з акад. Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Ін-та славяназнаўства АНСССР. Даследаваў праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16—20 ст., Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры.
Тв.:
История крестьянских волнений в России. Мн., 1923;
Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;
Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1940;
Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.
Літ.:
Славяне в эпоху феодализма: 100-летию В.И.Пичеты. М., 1978;
Академик В.И.Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981;
В.И.Пичета: Биобиблиогр. указ. Мн., 1978;
Брачев В.С. «Дело историков» 1929—31. СПб., 1997;
Иоффе Э.Г. Академик В.И.Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996. №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТЫ,
шляхецкі род уласнага герба (з 19 ст. герба «Дуб») у ВКЛ і Рас. імперыі. Выводзілі сябе ад легендарнага летапіснага кн. Скірмунта. Верагодна, паходзілі з Упіцкага пав. Пачынальнік пінскай лініі роду Богуш С. у 1543 быў падстаростам давыд-гарадоцкім. Найб. вядомыя:
Аляксандр (? — да сак. 1746), пінскі абозны, скарбнік з 1720, гараднічы з 1726. Аляксандр (? — да чэрв. 1801), сын Баніфація, пінскі каморнік гранічны з 1779, мастаўнічы з 1793, харунжы. Каспар Вінцэнт (4.1.1775—?), сын Аляксандра, пінскі падсудак у 1799—1805, падкаморы ў 1820—26. Сымон (1751—?), сын Ігнація, пінскі мастаўнічы з 1776, мечнік з 1790, падчашы з 1793, маршалак брэсцкі ў 1799, дэп. Трыбунала ВКЛ (1776), з 1790 пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Адам (? — да студз. 1820), сын Міхала, пінскі канюшы з 1765, суддзя земскі з 1790, падкаморы з 1811, пасол на соймы 1773—75 і 1793, з 1794 чл. Пастаяннай рады. Аляксандр Ізідар [1(21?).1.1799, в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 22.7.1870], сын Сымона, маршалак пінскі ў 1832—34, камергер (1834). У 1830 заснаваў цукр. ф-ку ў Моладаве, у 1836 — суконную і цукровую ф-кі ў Парэччы, свечачную і мылаварную ф-ку ў Альбрэхтаве, ф-ку с.-г. прылад у Дастоеве, паравы млын у Пінску. Займаўся вінаградарствам у Крыме і Італіі. Алена (1827—74), гл.Скірмунт А. Канстанцыя (1852, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.1.1934), дачка Казіміра і Алены С., публіцыстка, гісторык. Аўтар кн. «Гісторыя Літвы, выкладзеная ў нарысе» (1886), «З найстаражытнейшых часоў літоўскага племені» (1892), «Паданні: Даміндоўгавы часы. Гісторыя старажытнай Прусіі» (1903), «Міндоўг — кароль Літвы» (1909). Належала да краёўцаў, як публіцыст выступала ў час.«Край», газ. «Przegląd Wileríski» («Віленскі агляд»), «Виленский вестник». Канстанцін (30.8.1866, в. Моладава — 24.7.1949), сын Генрыка, дыпламат. Адзін з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). У 1909—17 чл.Дзярж. Савета. У 1919—21 польскі пасол у Італіі, у 1921—22 міністр замежных спраў, у 1922—34 пасол у Вялікабрытаніі. Аўтар мемуараў. Генрык (1868, в. Моладава — 20.9.1939), сын Генрыка, паэт (пісаў на польск. мове), кампазітар. У 1898 выдаў зб. «З вершаў і песень Генрыка Скірмунта», у 1903—12 — зб. «Паэзія» (т. 1—2). Аўтар оперы «Пан Валадыёўскі» (пастаўлена ў 1902 у Львове). З 1920 гаспадарыў у Моладаве. Расстраляны сав. ўладамі. Раман Мар’ян (1868—1939), гл.Скірмунт Р.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІЯ РАСЛІН
Навуковыя даследаванні па геаграфіі раслін на Беларусі вядомы з часоў ВКЛ і дзейнасці прафесараў Віленскага універсітэта Ж.Э.Жылібера, С.Б.Юндзіла і Ю.Юндзіла (канец 18 — пач. 19 ст.). Пазней выйшлі фларыстычныя працы В.Г.Бесэра, Э.Ліндэмана, К.Чалоўскага, Р.Траўтфетэра і інш. Значныя даследаванні правёў І.К.Пачоскі; яго манаграфія «Аб раслінных фармацыях і паходжанні флоры Палесся» (1900) і «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей» (1901) далі новы імпульс развіццю геаграфіі раслін на Беларусі. Першае фітагеаграфічнае апісанне бел. флоры зрабіла В.С.Палянская ў манаграфіі «Склад флоры Беларусі і геаграфічнае пашырэнне паасобных раслінных відаў» (1931).
З сярэдзіны 20 ст. асноўныя кірункі даследаванняў — вывучэнне гісторыі і сучасных фітагеаграфічных сувязей флоры Беларусі з флорамі сумежных рэгіёнаў, аналіз уздзеяння антрапагенных фактараў на працэсы флорагенезу і фітацэнагенезу, распрацоўка тэарэт. пытанняў фітахаралогіі, навук. асноў аховы канкрэтных фларыстычных комплексаў. Даследаванні вядуцца з выкарыстаннем комплексных эколага-геагр. і бія- і хемасістэматычных метадаў. Пытанні геаграфіі раслін, асабліва актыўна з 1960-х г., распрацоўваюцца ў Ін-це эксперыментальнай батанікі Нац.АН Беларусі. Вывучаюцца геагр. пашырэнне відаў раслін, іх арэалы, жыццёвыя формы, геагр. элементы флоры; устаноўлены міграцыйныя шляхі асобных відаў і фларыстычных комплексаў (Г.У.Вынаеў, Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, Г.Ф.Рыкоўскі, Дз.І.Траццякоў і інш.). Распрацавана кліматагеннарывалітатная тэорыя фітацэнахаралогіі (В.С.Гельтман); выяўлены занальныя асаблівасці расліннага покрыва і тэр. размяшчэння прыродных раслінных супольніцтваў Беларусі (В.С.Гельтман, Дз.С.Голад, І.М.Сцепановіч, І.Д.Юркевіч і інш.). У інстытутах геалагічных навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі, у Бел. геолага-разведачным НДІ даследуюцца: выкапнёвая флора і гісторыя яе развіцця, спорава-пылковы палеакарпалагічны аналіз геалагічных адкладаў, стратыграфія тарфяных пакладаў. Навуковыя даследаванні па геаграфіі раслін каардынуюць вучоны савет Нац.АН Беларусі па праблеме «Заканамернасці фарміравання, дынаміка і ахова расліннага свету» і секцыя «Геалогія чацвярцічнага перыяду і геамарфалогія» пры Нац.АН Беларусі (гісторыя расліннасці ў антрапагене).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЕ́ЎСКІ Уладзімір Багданавіч (1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл.Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КНЕР (Brückner) Аляксандр (29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),
польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф.слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).
руская пісьменніца. У 1922 разам з мужам У.Хадасевічам эмігрыравала. Жыла ў Парыжы, літ. супрацоўнік газ. «Последние новости», дзе апублікавала цыкл апавяданняў «Біянкурскія святы» (1928—40). У 1950 пераехала ў ЗША, выкладала рус. мову ў Іельскім і інш. ун-тах; праф. л-ры. Раманы «Апошнія і першыя: раман з эмігранцкага жыцця» (1930), «Валадарка» (1932), «Без канца» (1938) пра лёс салдат і афіцэраў белай гвардыі. Аўтар кніг «Чайкоўскі, гісторыя адзінокага жыцця» (1936, СПб., 1993), «Барадзін» (1938), аўтабіягр. кнігі «Курсіў мой» (на англ. мове, 1969, на рус. мове 1972; 2 выд., т. 1—2, 1988), рамана «Жалезная жанчына» (1981, М., 1991) пра неардынарнае жыццё рус. эмігранткі, даследавання «Людзі і ложы: Рускія масоны XX ст.» (1986). Пісала вершы, крытычныя артыкулы пра творчасць Хадасевіча, У.Набокава, рус.сав. літаратуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ванар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).