Катастро́фа ’катастрофа’ (ТСБМ, БРС). Рус. катастро́фа, укр. катастро́фа. Запазычанне, магчыма праз пасрэдніцтва зах.-еўрап. моў з грэч. мовы. Параўн. рус. катастро́фа, якое, паводле Фасмера, 2, 209, узята непасрэдна з ням. мовы (Katastrophe < грэч. καταστροφή ’паварот, паваротны момант справы’). Але Шанскі (2, К, 93) лічыць рус. слова непасрэдным запазычаннем з франц. мовы ў першай палавіне XIX ст. (< франц. catastrophe < лац. catastropha < грэч.). Такія тлумачэнні, якія досыць істотна адрозніваюцца адно ад другога, сведчаць аб недастатковасці адных толькі этымалагічных меркаванняў і нераспрацаванасці гісторыі лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арама́т. Рус., укр. арома́т. Ст.-бел. ароматъ, ароматы (у друк. кн. XVII ст., Гіст. мовы, 1, 298), ст.-рус. ароматъ з ст.-слав. (толькі мн. л.!), ароматы < грэч. ἄρωμα, мн. л. ἀρώματα, родны скл. мн. л. ἀρωμάτων. Стараславянская форма адлюстроўвае грэч. мн. л. Паколькі ўжо ў Лексісе Зізанія арома́ты, націск, магчыма, выводзіць з грэч. ускосных форм, а не з франц. Параўн. Шанскі, 1, А, 146. Аб грэчаскай крыніцы бел. арамат гл. Булахаў, Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 127; Гіст. лекс., 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імаве́рны ’праўдападобны, магчымы, верагодны’, імаве́рнасць (ТСБМ, Гарэц.). Рус. дыял. имове́рный, имове́рность, имове́рие ’тс’, укр. імові́рний ’магчымы’, уст. ’даверлівы’, імові́рність. Ст.-рус. имовѣрный ’пэўны, верагодны’, имовѣрство, имовѣрие, першая фіксацыя ў Книгах Законных… XII–XIII стст. (спіс XV ст.). Ст.-слав., ст.-рус. имати вѣроу з’яўляецца ў евангеллях для перадачы грэч. πιστεύειν. Беларуская лексема генетычна звязана са ст.-рус. имовѣрный, словаўтваральнай калькай грэч. εὔπιστος; параўн. аналагічную структуру ст.-рус. достоиновѣрный < ст.-слав. достоиновѣрьнъ, калька грэч. ἀξιόπιστο (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́міка ’рухі мышцаў твару’, ’мастацтва выражаць пачуцці і настрой рухамі мышцаў твару’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 77), з рус. мовы. Далей указваюць на ст.-грэч. крыніцу запазычання (Ин. сл.₁₆, 321) μιμικός ’мімічны’. У сапраўднасці ж з с.-лац. ars mimica ’мастацтва жэстаў’, якое са ст.-грэч. μιμική τέχνη ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ніка ’непераадольны жах і разгубленасць, якія авалодалі чалавекам або мноствам людзей’ (ТСБМ). З рус. па́ника (Крукоўскі, Уплыў, 74), дзе з зах.-еўрап. моў < лац. panicus, грэч. πανικός ад імя ляснога бога Пана, грэч. πάν, які, паводле грэчаскай міфалогіі, пасылае жах і трывогу (гл. Клюге-Гётце, 430; Фасмер, 3, 197).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНЁЛЫ (ад грэч. angelos вястун),

у хрысціянстве, іудаізме, ісламе бесцялесныя звышнатуральныя істоты, створаныя Богам; пасрэднікі паміж Богам і людзьмі праз якіх ён абвяшчае людзям сваю волю. Паводле прынятай у хрысціянстве «нябеснай іерархіі», анёлы падзяляюцца на 9 чыноў, згрупаваных у 3 абліччах: серафімы, херувімы, прастолы; панавання, сілы і ўлады; пачаткі, анёлы і архангелы. Паводле ўяўленняў веруючых, да кожнага чалавека ад нараджэння Бог прыстаўляе асобнага анёла-ахоўніка.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫДО́ТЫ (грэч. antidoton літар. які даецца супраць),

проціяддзе, лекавыя сродкі пры атручэнні ядамі, таксінамі, атрутнымі рэчывамі (АР); спецыфічныя прафілактычныя сродкі. Антыдоты дзейнічаюць па-рознаму: прадухіляюць паступленне АР, таксінаў, ядаў у кроў; абумоўліваюць дэтаксікацыю ядаў у арганізме; забяспечваюць папаўненне біягенных рэчываў, якія страчаны пры хранічных інтаксікацыях; спрыяюць вывядзенню ядаў ці таксінаў з арганізма. Раслінныя антыдоты надаюць устойлівасць раслінам да гербіцыдаў і павялічваюць выбіральнасць і эфектыўнасць апошніх.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЁХ III Вялікі

(грэч. Anciochos Megas; 242—187 да н.э.),

цар дзяржавы Селеўкідаў (223—187), праўнук Селеўка I. У 212—205 падпарадкаваў парфян і Бактрыю, у 203 адваяваў у Егіпта Палесціну. Пацярпеўшы паражэнне ад Рыма ў Сірыйскай вайне 192—188, заключыў мір, т.зв. Апамейскі дагавор 188, пасля якога Селеўкідскае царства стала другараднай дзяржавай. Забіты ў Элімаідзе ў час рабавання яго войскамі храма бога Бэла.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПО́ДЫ [ад анты... + грэч. pus (podos) нага],

1) жыхары дыяметральна процілеглых пунктаў на паверхні зямнога шара. У пераносным сэнсе — людзі з процілеглымі поглядамі, густамі або рысамі характару.

2) Антыподы ў біялогіі — клеткі, размешчаныя ў процілеглым яйцаваму апарату (яйцаклеткі і сінергіды) краі зародкавага мяшка пакрытанасенных раслін. Колькасць іх ад 1 да 300 (часцей 3). Нярэдка антыподы моцна разрастаюцца і садзейнічаюць перадачы пажыўных рэчываў з тканак семязавязі зародку.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТЭ́ЗА (ад грэч. antithesis процістаўленне) у літаратуры, стылістычная фігура, супастаўленне кантрастных або процілеглых з’яў і паняццяў, якое ўтварае адзінае структурна-лагічнае цэлае. Семантычны кантраст звычайна перадаецца пры дапамозе антонімаў з выкарыстаннем рытмічнага і сінтаксічнага паралелізму (напр., «лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці»). На аснове антытэзы будуюцца і вял. эпічныя творы, што выяўляецца ў іх назвах — «Вайна і мір» Л.​Талстога, «Агонь і снег» І.​Шамякіна.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)