Каса́1 ’каса ў жанчын’, косы ’валасы’ (З нар. сл.), укр. коса ’каса’, коси ’валасы’, рус. коса ’каса’, косы ’валасы’, ст.-чэш. kosa ’валасы на галаве’, палаб. tʼösa ’каса’, ст.-польск. kosa ’каса’, балг. коса ’валасы на галаве’, мак. коса ’валасы’, серб.-харв. ко̀са ’валасы’, ко̏се ’косы’, славен. kosa ’каса’. Прасл. kosa ’валасы на галаве’ генетычна суадносіцца з česati ’часаць, прычэсваць’ як розныя ступені аблаўту. Але прасл. kosa рэгулярна адпавядае літ. kasà ’каса’, лат. kasa. Балтыйскія паралелі сведчаць аб тым, што значэнне ’каса ў жанчын’ з’яўляецца найбольш старажытным. Гэта адпавядае значэнню славянскага дзеяслова česati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 132). Іншыя індаеўрапейскія паралелі да прасл. kosa: ст.-в.-ням. haro (сучас. Haar ’валасы’) < прагерм. hazwa ’часанне’, ірл. cass ’кудзер’ і інш. Нельга разглядаць літ. kasà і лат. kasa як запазычанні з славянскіх моў толькі на падставе таго, што ў балтыйскіх мовах адсутнічаюць паралелі да прасл. česati і, значыць, няма фармальнай і семантычнай пары тыпу cesati‑kosa (наяўнасць балтыйскай пары літ. rankà riñkti ’рука — збіраць’ не з’яўляецца аргументам на карысць балтыйскага паходжання прасл. rǫka, якая таксама не мае пары). Адносна карэляцыі kǫsavolsъ ’волас’ гл. Мартынаў, Язык, 51.

Каса́2 ’прылада для кашэння’, укр. коса, рус. коса, чэш. kosa, славац. kosa, в.-луж. kosa, польск. kosa, балг. коса, макед. коса, серб.-харв. ко̀са. Бліжэйшая паралель да прасл. kosaст.-інд. śásati ’рэжа’. У сувязі з гэтай паралеллю ўзнікае пытанне аб нерэгулярнасці пачатковага зычнага ў славянскай лексеме. Тлумачэнне к у прасл. kosa (павінна было быць *sosa) дысіміляцыяй нельга разглядаць як доказ, паколькі такой заканамернасці не існуе, хоць спарадычна такія замены магчымы. Намі зроблена спроба растлумачыць kosa ў рамках агульнай тэорыі акамадацыі (Мартынаў, Слав. акком., 159). Шэраг даследчыкаў разглядае прасл. kosa ’прылада для кашэння’ як метафарычны перанос ад kosa ’каса ў жанчын’, лічачы такім чынам каса1 і каса2 адной лексемай з двума значэннямі (Брукнер, 259; Якабсон, Word, XI, 4, 1955, 611).

Каса́3 ’селязёнка’ (Шат., Касп.). Названа так на сваёй форме, гл. косы. Уліваючы абмежаваны арэал распаўсюджання слова, не выключана балтыйскае яго паходжанне (Параўн. Сакалоўская БЛ, 16, 1979, 3–4).

Каса́4 ’прамень’ (Шат., Яруш., Шатал.). Чыста метафарычны перанос ад каса1. Параўн. Шатал., 76: «косы сонейка папаускала аж да самэй землі».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вось², часц. указ.

1. Ужыв. для ўказання на ўсё, што знаходзіцца або адбываецца ў непасрэднай блізкасці, непасрэдна перад вачамі або нібы перад вачамі.

Вось і наш аўтобус.

Вось тут прысядзем.

Вось гэтыя рэчы.

2. Ужыв. для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне.

Усё сціхла, але вось зноў пачуўся нейкі шум.

3. Ужыв. пры выкананні якіх-н. эмоцый у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву.

Ах, вось які ён чалавек!

Вось здарэнне дык здарэнне!

4. У спалучэнні з пытальным займеннікам і прыслоўем надае ім сэнс указання на што-н. у адпаведнасці з іх знач. (з націскам на слове «вось»).

Вось што я вам скажу.

Вось у чым сутнасць.

Вось якая справа.

Вось куды трапіў.

5. Ужыв. для большай выразнасці, звычайна ўзмацняючы, падкрэсліваючы значэнне наступнага слова.

Вось вы мне і патрэбны.

Вось і я пра гэта кажу.

6. Ужыв. замест звязкі пры іменным выказніку.

Добрасумленная і высокапрадукцыйная праца — вось гарантыя нашых поспехаў.

Вось-вось (разм.) —

1) вось іменна, менавіта так;

2) зараз, неўзабаве.

Бацька вось-вось павінен прыйсці.

Вось вам! — атрымай(це) па заслугах.

Вось дык (разм., іран.) — ужыв. для выражэння агульнай ацэнкі чаго-н.

Вось дык гулец!

Вось дык сіла!

Вось...дык (разм.) — афармляе сказ са знач. ацэнкі або вялікай ступені праяўлення чаго-н.

Вось спецыяліст дык спецыяліст!

Вось стараецца дык стараецца!

Вось іужыв. пры ўказанні на завяршэнне чаго-н., наступленне чаго-н. жаданага, чаканага.

Вось і прыйшлі.

Вось і мы.

Вось і ўсё (ужыв. пры заканчэнні гаворкі ў знач. больш няма чаго дадаць).

Вось табе і... (разм.) — пачынае гаворку пра тое, што аказалася не такім, як чакалася.

Вось табе і адпачылі!

Вось табе і свята!

Вось табе і на або вось табе і раз або вось табе і маеш (разм.) — вокліч з выпадку чаго-н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось такужыв. пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! або вось яно як! — выражэнне здзіўлення або ўразумення.

Вось яшчэ! (разм.) — ужыв. пры адмаўленні чаго-н., пры нязгодзе з чым-н. або пры адмоўных адносінах да чаго-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).

Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст. н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл. вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).

На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд. ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах. ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.

Літ.:

Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ. М., 1982;

Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЦЕР,

рух паветра адносна зямной паверхні, звычайна гарызантальны. Утвараецца з-за неаднароднасці атмасфернага ціску ў барычным полі Зямлі, накіраваны ад высокага да нізкага ціску. Чым большае адрозненне ў ціску, тым вецер мацнейшы. Вецер — вынік сумеснага дзеяння некалькіх сіл: барычнага градыента (рухаючая сіла), трэння, асабліва ў прыземным слоі атмасферы, вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і цэнтрабежнай.

Характарызуецца напрамкам, адкуль дзьме, і скорасцю, якія графічна адлюстроўваюцца ружай вятроў. Гэтыя паказчыкі вызначаюцца на метэаралагічных станцыях як сярэднія за пэўны час з дапамогай метэаралагічных прылад: флюгера, анемографа, анемометра, анемарумбографа і інш., на вышыні — шароў-пілотаў. Напрамак ветру вызначаецца па 16 румбах гарызонта (з Пнпаўн., з ПнЗпаўн.-зах. і г.д.), на метэастанцыях, што абслугоўваюць авіяцыю, — у градусах азімута. Скорасць ветру вымяраецца ў метрах за секунду, кіламетрах за гадзіну, вузлах (марскія мілі за гадзіну), прыблізна ў балах па Бофарта шкале. Скорасць вагаецца ад поўнага штылю да ўрагану (больш за 33 м/с), а ў трапічных цыклонах дасягае 100 м/с. Слабыя вятры бываюць у антыцыклонах. Ва ўмераных шыротах Зямлі пераважаюць слабыя і ўмераныя вятры (каля 3—8 м/с). З вышынёй у трапасферы скорасць звычайна павялічваецца, у стратасферы спачатку змяншаецца, потым павялічваецца зноў. На выш. 20—25 км у струменных плынях дасягае 100—150 м/с. Вецер звычайна дзьме штуршкамі, бываюць рэзкія кароткачасовыя ўзмацненні — шквалы. Гэта абумоўлена турбулентнасцю паветр. патоку. Вертыкальныя рухі бываюць нязначныя (сантыметры за секунду), толькі зрэдку дасягаюць 10—20 м/с пры апусканні паветра па схіле, пры моцнай атм. канвекцыі.

Над вял. тэрыторыямі вятры ўтвараюць паветраныя цячэнні (пасаты, мусоны, заходні перанос паветраных мас і інш.), якія складаюць агульную цыркуляцыю атмасферы. Пры пэўных геагр. умовах фарміруюцца мясц. вятры (афганец, брыз, бара, фён, містраль і інш.). Вецер — прычына многіх з’яў у прыродзе, ён уплывае прама ці ўскосна на жыццё людзей. Ад ветру залежыць развіццё ветраапыляльных (анемафільных) раслін, сярод якіх асн. збожжавыя культуры. Вецер уздзейнічае на рэльеф сушы (гл. Дэфляцыя, Дзюны, Барханы), выклікае хваляванне на моры, ветравыя цячэнні ў акіяне, абумоўлівае цеплаабмен паміж сушай і акіянам, зямной паверхняй і атмасферай, кругаварот вады на Зямлі. Вецер вялікай сілы — прычына многіх стыхійных бедстваў — штормаў, ураганаў, пылавых бур, самумаў і інш. Энергія ветру выкарыстоўваецца ў ветраэнергетыцы.

Ветравы рэжым тэр. Беларусі абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над кантынентам Еўразія і над Атлантычным ак. і вызначаецца існаваннем цэнтраў дзеяння атмасферы: Ісландскай дэпрэсіі на працягу ўсяго года, Сібірскага антыцыклону зімой і Азорскага антыцыклону летам. Пад іх уплывам з ліст. да сак. пераважаюць паўд.-зах. вятры, з мая да вер.паўн.-зах. Скорасць ветру зімой 4—5 м/с, летам 2—3 м/с. Моцны вецер бывае рэдка (5—10 дзён за год). Зімой пры праходжанні халоднага фронту, летам пры навальніцах бываюць буры, летам зрэдку адзначаюцца смерчы. На берагах вял. азёр існуе брызавая цыркуляцыя.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (ГРУ́ПА) КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), кайназой, верхняя група агульнай стратыграфічнай шкалы і адпаведная ёй найноўшая эра геал. гісторыі Зямлі. Пачалася каля 67 млн. гадоў назад і цягнецца да цяперашняга часу. Назву прапанаваў англ. геолаг Дж.​Філіпс у 1861.

Падзяляецца на палеагенавую, неагенавую (да 1960 аб’ядноўваліся ў трацічную сістэму) і чацвярцічную (антрапагенавую) сістэмы (перыяды), якія складаюцца з 7 аддзелаў (эпох): палеацэну, эацэну і алігацэну; міяцэну і пліяцэну; плейстацэну і галацэну. У кайназоі адбываліся інтэнсіўныя гораўтваральныя рухі, фарміравалася сучаснае аблічча мацерыкоў і акіянаў, рэльефу і ландшафтных зон. За час альпійскай складкавасці, якая ахоплівае кайназой, утварыліся самыя высокія горныя ланцугі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага ак., на Пд Еўропы і Азіі і інш. К.э. (г.) адзначана павелічэннем кантрастнасці паміж кліматычнымі паясамі наступленнем агульнага пахаладання, якое суправаджалася магутнымі мацерыковымі зледзяненнямі Антарктыды (у алігацэне), паўн. ч. Амерыкі, Еўразіі (у міяцэне) і сярэдніх шырот Паўн. паўшар’я (у плейстацэне). Глабальнае пахаладанне аказала істотнае ўздзеянне на фауну і флору зямнога шара. Дамінуючае становішча ў фауне занялі млекакормячыя. У палеацэне з’явіліся першыя прыматы. Але толькі ў адкладах верхняга кайназою знойдзены косці прымітыўных людзей, таму гэты перыяд называюць антрапагенавым. Змены відавога складу флоры на блізкі да сучаснага адбыліся ў алігацэне. Кайназойскія асадкі намнажаліся пад уплывам частых змен марскіх і кантынентальных умоў. Сярод адкладаў кайназою трапляюцца біяліты (паклады э металагенічнымі анамаліямі, багатымі жал. і поліметал. рудамі), тоўшчы алювіяльных і прыбярэжна-марскіх парод з радовішчамі металаў і бурштыну ў россыпах. У покрыўнай тоўшчы палярных і ўмераных шырот значнае месца займаюць адклады, звязаныя з дзейнасцю ледавікоў.

На Беларусі трапляюцца акумуляцыі К.э.(г.) усіх сістэм і аддзелаў. Іх магутнасць дасягае 300—400 м. Палеагенавыя пароды пашыраны на Пд. Яны прадстаўлены марскімі мергелямі, алеўрытамі і пяскамі палеацэну (сумская світа), эацэну (канеўская, бучацкая і кіеўскія світы), алігацэну (харкаўская світа і ніжняя ч. палтаўскай серыі). Неагенавыя кварцавыя пяскі, гліны і буры вугаль таксама часцей трапляюцца ў паўд. ч., хоць маюць кантынентальнае паходжанне. Найб. магутную тоўшчу К.э.(г.) утвараюць чацвярцічныя (плейстацэнавыя) адклады. Па стратыграфічнай паўнаце, магутнасці, разнастайнасці генет. тыпаў, сувязі з сучасным рэльефам, багацці выкапнёвай флоры і фауны чацвярцічныя адклады Беларусі адносяцца да ліку эталонных у Еўропе. Туг пашыраны марэны ўсіх плейстацэнавых зледзяненняў сярэдніх шырот. Вял. плошчы займаюць водналедавіковыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Паміж ледавіковымі пародамі трапляюцца міжледавіковыя тарфы, гітыі, сапрапеліты. Плейстацэнавая тоўшча характарызуецца фацыяльнай стракатасцю, хуткай зменлівасцю парод па распасціранні, перарывамі паміж слаямі, звязанымі з размывамі і глыбокімі эразійнымі і экзарацыйнымі далінамі, пераадкладаннем арган. і інш. рэшткаў, моцнай гляцыядыслацыраванасцю і адарванасцю, пераносамі парод былым ледавіком. Завяршае К.э.(г.) эпоха «геалагічнай сучаснасці» — галацэн. Кайназойская тоўшча змяшчае радовішчы бурага вугалю, тугаплаўкіх, вогнетрывалых і керамічных глін, шкловага пяску, буд. матэрыялаў (пяску, жвіру, гліны), торфу, сапрапелю і праяўленні фасфарытаў, глаўканітаў, бурштыну і інш. Паверхня парод К.э.(г.) выкарыстоўваецца ў гасп. дзейнасці чалавека.

А.​Ф.​Санько.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІР МІЖНАРО́ДНЫ,

стан адносін паміж дзяржавамі, якія міждзярж. спрэчкі і канфлікты вырашаюць мірнымі сродкамі і ў сваёй знешняй палітыцы адмаўляюцца ад выкарыстання ўзбр. сілы. Перадумовай М.м. з’яўляецца добрасумленнае выкананне дзяржавамі норм міжнар. права і дагаворных абавязацельстваў. Прырода міру, як і вайны, вызначаецца гіст. ступенню развіцця грамадства, палітыкай дзяржаў і інтарэсамі сац.-паліт. сіл, якія ў пэўных абставінах маюць вырашальны ўплыў на фарміраванне дзярж. палітыкі. Ідэя ўстанаўлення міру ў адносінах паміж народамі нарадзілася ў старажытнасці, распрацоўваецца ў розных кірунках на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва і адлюстроўвае асаблівасці кожнай гіст. эпохі. У стараж. Кітаі і ант. Грэцыі паявіліся першыя вядомыя творы-утопіі антываен. характару, а таксама разважанні вучоных аб М.м. Аднак у рабаўладальніцкім грамадстве нават выдатныя прадстаўнікі грамадскай думкі прызнавалі ідэю М.м. толькі адносна ўласнага народа. Паводле Арыстоцеля, напр., М.м. датычыць выключна элінаў і іх дзяржаў-полісаў і не пашыраецца на «варварскія» народы і дзяржавы. У перыяд феадалізму ідэя М.м. накіравана супраць феад. раздробленасці, феад.-дынастычнай арг-цыі грамадства, панавання клерыкалаў і міжусобных войнаў паміж феадаламі. У 16—18 ст. паяўляюцца шматлікія трактаты з асуджэннем вайны і прапановамі стварэння агульнаеўрап. або сусв. арг-цый з мэтай мірнага вырашэння канфліктаў паміж дзяржавамі. Сярод іх аўтараў Эразм Ратэрдамскі, С.​Франк, Я.​Каменскі, Ш.​Сен-П’ер і інш. Заснавальнік навукі міжнар. права Г.​Гроцый развіваў ідэі гуманізацыі войнаў і прававога рэгулявання адносін паміж дзяржавамі ў інтарэсах міру. Франц. утапічныя камуністы (Марэлі, Г.​Маблі) прапанавалі радыкальны праект ліквідацыі войнаў у працэсе перабудовы грамадства на аснове адмовы ад прыватнай уласнасці і яе абагульнення. Сучаснае па сваёй сутнасці навук. разуменне праблемы М.м. выкладзена ў філасофіі І.​Канта, які распрацоўваў ідэю аб неабходнасці векавечнага міру на Зямлі і яго безальтэрнатыўнасці, таму што дыялектыка развіцця вайны можа прывесці чалавецтва да самагубства. Гарантыю міру і бяспекі Кант бачыў не ў збройнай магутнасці дзяржаў, а ў саюзе народаў, панаванні іх агульнай волі і права, чаму павінна адпавядаць і знешняя палітыка дзяржаў. У 1820-я г. ў Еўропе ўзнік пацыфісцкі рух, у праграму яго ўвайшло патрабаванне аб гуманізацыі войнаў, якое было ўлічана ў адпаведных міжнар. канвенцыях. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму звязвалі М.м. з аб’яднаннем рабочага класа ў міжнар. маштабах, сацыяліст. рэвалюцыяй і ўстанаўленнем дыктатуры пралетарыяту, барацьбой супраць мілітарызму і практычнымі мерамі ў галіне скарачэння зброі і ўмацавання міжнар. бяспекі; гэтыя палажэнні знайшлі адлюстраванне ў знешняй палітыцы сацыяліст. дзяржаў, дзейнасці міжнар. руху прыхільнікаў міру. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з шэрагам гіст. фактараў, якія аб’ектыўна спрыяюць адзінству чалавецтва, і існаваннем найноўшых тыпаў зброі масавага знішчэння праблема М.м. стала адной з гал. глабальных праблем чалавецтва. Канструктыўны падыход да яе прадугледжвае забарону зброі масавага знішчэння, наладжванне калект. бяспекі, развіццё мірнага супрацоўніцтва дзяржаў.

Літ.:

Проблемы мира и социального прогресса в современной философии. М., 1983;

Климатические и биологические последствия ядерной войны. М., 1986.

В.​У.​Боўш.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́СЛЕННЕ,

форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.

Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыі філас. думкі (гл. Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).

Літ.:

Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;

Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр. М., 1994;

Мамардашвили М.К. Эстетика мышления. М., 1999.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), палеазой (ад палеа... + грэч. zoē жыццё),

першая пасля пратэразою (дакембрыю) эратэма агульнай стратыграфічнай шкалы адкладаў зямной кары фанеразою; папярэднічае мезазойскай эратэме (эры) і адпавядае палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Вылучана ў 1837 англ. геолагам А.​Седжвікам. Падзяляецца на кембрыйскую, ардовікскую, сілурыйскую, дэвонскую, каменнавугальную і пермскую сістэмы (перыяды; гл. адпаведныя арт.). Пачалася 570 млн. г. назад, доўжылася каля 340 млн. гадоў.

Утвораныя ў дапалеазойскі час платформы ў Паўн. (Кіт.-Карэйская, Паўн.-Амерыканская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) і Паўд. (Антарктычная, Аравійская, Афрыканская, Аўстралійская, Індастанская, Паўд.-Амерыканская) паўшар’ях існавалі на працягу палеазойскай эры. Яны неаднаразова апускаліся і заліваліся морамі, у якіх намнажаліся марскія асадкі; на кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у паглыбленнях — вугляносныя тоўшчы (Данбас, Рурскі бас. і інш.) і эвапарытавыя ўтварэнні (Перадуральскі прагін і інш.). На працягу палеазою адбываліся вял. тэктанічныя рухі, якія суправаджаліся інтэнсіўным вулканізмам і гораўтварэннем (каледонская складкавасць, герцынская складкавасць). У канцы палеазою паўн. платформы ўтварылі суперкантынент Лаўразію, паўд.Гандвану, якія раздзяляліся акіянам Тэціс.

У арган. свеце на пачатку эры з’явіліся жывёльныя арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку—сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтыліды, канадонтаносьбіты; у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы; у карбоне—пермі — фарамініферы, пеліцыподы і інш. З пазваночных, асабліва ў дэвоне, шырока вядомы рыбы, у карбоне—пермі — разнастайныя земнаводныя. Істотныя змены адбыліся і ў раслінным свеце: у кембрыі—ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры з’явіліся першыя расліны сушы (псілафіты), у дэвоне — мохападобныя, прапапараці, членістасцябловыя. Каменнавугальны перыяд характарызуецца росквітам дрэвападобных раслін (асн. крын ша намнажэння вугалю), пермскі — пашырэннем хвойных, з’яўленнем цыкадавых і гінгкавых. З адкладамі эратэмы звязаны багацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінер. солей, фасфарытаў, жал. руд, медзі, золата і інш.

На Беларусі вядомы ўтварэнні ўсіх перыядаў палеазойскай эры. Адклады сістэм: кембрыйскай (гліны, пясчанікі, алеўраліты, магутнасцю да 430 м), ардовікскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, магутнасцю да 150 м) і сілурыйскай (арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны, магутнасцю да 630 м) пашыраны ў Брэсцкай ўпадзіне і на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы; дэвонскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, пясчанікі, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, вулканагенныя ўтварэнні, ніжнедэвонскія магутнасцю да 80 м, сярэднедэвонскія да 200 м і верхнедэвонскія да 3000—3500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і месцамі ў Брэсцкай упадзінах, на Жлобінскай і Латвійскай седлавінах, усх. схілах Бел. антэклізы; каменнавугальнай (пясчанікі, гліны, глініста-мергельныя пароды з праслоямі вапнякоў, даламітаў, бурых вуглёў, магутнасцю ад некалькіх метраў да 1000 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, на крайнім ПдЗ Валынскай монакліналі; пермскай (чырванаколерныя пясчанікі, гліны, даламіты, гіпсы і інш., магутнасцю 30—500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне, на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Да адкладаў палеазою прымеркаваны радовішчы нафты, каменнай і калійных солей, даламітаў, гаручых сланцаў, даўсаніту, пітных і мінеральных вод, расолаў.

Літ.:

Кузнецов С.С. Историческая геология. М., 1962;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981.

С.​А.​Кручак.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ гісторыі літаратуры,

падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.

Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст. сістэм. Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.

Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.​Карскаму, М.​Багдановічу і М.​Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел. літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.

Літ.:

Гл. да арт. Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),

1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт. Літаратуразнаўства).

2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.

3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.​Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв. літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.

Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.​Буало, В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.​Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.​Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.​Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас. рэв. дэмакратаў (В.​Бялінскага, М.​Дабралюбава, М.​Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.​Весялоўскі, А.​Патабня, С.​Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.​Тынянаў, Б.​Эйхенбаум, В.​Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.​Жырмунскага, В.​Вінаградава, Дз.​Ліхачова, М.​Храпчанкі, М.​Гаспарава і інш.

На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.​Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.​Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.​Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.​Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.​Чачот і пра нар. вершаскладанне І.​Насовіч.

У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.​Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел. функцыян. П. папоўнілася працамі А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я.​Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.​Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.​Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.​Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.​Акушкі, публікацыях А.​Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, В.​Рагойша, І.​Ралько, В.​Славецкі, В.​Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.​Шпакоўскі, А.​Яскевіч), П. празаічных твораў (В.​Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.​Матрунёнак), стылю (М.​Арочка, В.​Бечык, Л.​Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.​Барташэвіч, Н.​Гілевіч, А.​Ліс, Л.​Салавей, А.​Фядосік. І.​Цішчанка, М.​Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.​Гутараў, М.​Лазарук, А.​Ленсу, А.​Майсейчык, М.​Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.​Макарэвіч, Рагойша).

Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.

Літ.:

Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;

Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;

Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;

Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;

Рагойша В.П. Паэтыка М.​Танка. Мн., 1968;

Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;

Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Коўтун В. Святло народнага слова. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)