ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),
бел. мастак. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш.Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.М.Гаўрылава, Р.К.Семенюка, А.А.Вінаградава, Я.М.Фаміна, І.М.Зубачова, А.М.Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРБЕ́НТ,
горад, райцэнтр у Дагестане Рас. Федэрацыі. 82 тыс.ж. (1992). Порт на Каспійскім м., чыг. станцыя на лініі Махачкала—Баку. Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн. абсталяванне, шліфавальныя станкі), харч. (кансервы, віно, каньяк), лёгкая (воўнапрадзенне, дываны), буд. матэрыялаў.
Пасяленні на тэр. Д. ўзніклі ў 8—6 ст. да н.э. Верагодна, уваходзіў у склад Албаніі Каўказскай, у 4 ст. да н.э. — дзяржавы Сасанідаў. У 6 ст. Д. — адзін з найважнейшых ваен.-стратэгічных пунктаў на Каўказе. У канцы 6 — пач. 7 ст. прадмет спрэчак паміж Арабскім халіфатам і Хазарскім каганатам, неаднаразова пераходзіў з рук у рукі. У 8—13 ст. буйны гандл. цэнтр і порт на Каспіі. У 10 ст. ў горадзе правіла дынастыя Хашымідаў. У 1239 заваяваны мангола-татарамі, прыйшоў у заняпад. У 16 — пач. 18 ст. ўваходзіў у склад Персіі (у 1578—1606 захоплены туркамі). У 1722 заняты рус. войскамі. Паводле Гянджынскага трактата 1735 вернуты Персіі. З 1747 сталіца Дэрбенцкага ханства. У 1806 паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 далучаны да Рас. імперыі. З 1840 павятовы, у 1846—60 губернскі горад. да 1866 цэнтр Дагестанскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́БІЧЫ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Падсвілле—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Падсвілле. 485 ж., 195 двароў (1996).
Упамінаецца ў 1431. У 16 ст. — цэнтр маёнтка ў Полацкім ваяв.ВКЛ. У канцы 18 ст. ў Галубічах дзейнічала уніяцкая царква (згарэла ў 1882), у 1843 пабудавана царква Міколы Цудатворца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. мястэчка Галубічы ў Пліскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; 76 ж., праваслаўная царква, яўр. малітоўны дом, крама, шынок. З 1921 Галубічы ў складзе Польшчы, у Глыбоцкім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Пліскім р-не. У Вял.Айч. вайну ў маі 1943 і маі—чэрв. 1944 ням.-фаш. захопнікі загубілі 216 ж., вёску (46 двароў) спалілі. З 1962 Галубічы — цэнтр сельсавета ў Глыбоцкім р-не.
Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму, гарадзішча ранняга жал. веку і сярэднявечча, ландшафтны заказнік «Галубіцкая пушча».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НЫ,
вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Гальшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. Ашмяны, 198 км ад г. Гродна, 12 км ад чыг. ст. Багданаў. 1260 ж., 495 двароў (1996).
Вядомы з 13 ст. Паводле Хронікі Быхаўца, Гольша заклаў горад на р. Карабель, пачаў там княжыць і назваўся кн. Гальшанскім. У 14—15 ст. Гальшаны — цэнтр Гальшанскага княства. У канцы 14 — пач. 15 ст. горад, цэнтр гандлю і рамёстваў. Да сярэдзіны 16 ст. належалі Гальшанскім, потым Сапегам. У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Гальшанскі палац, у 17—18 ст. — Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 19 ст. мястэчка, праводзіліся кірмашы. У 1897 — 2883 ж. У 1922—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1970 — 1745 жыхароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́К (Вісарыён Сцяпанавіч) (24.11.1913, в. Шкілякі Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.8.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім пед. Ін-це (1933—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1961. Настаўнічаў у Дварэцкай (Чашніцкі р-н, 1933—36) і Мехаўскай (Гарадоцкі р-н, 1940—41) школах. У 1941—45 на фронце. З 1946 цяжка хварэў, каля 15 гадоў быў прыкаваны да ложка. Друкаваўся з 1957. Першая кн. апавяданняў «Не шукаю спакою» (1963). Пісаў пераважна для дзяцей: зб. «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977) і інш. Апавяданні Гарбука займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забаў. Апрацаваў і пераклаў на бел. мову зб. «Напітак волатаў» (1969) — казкі народаў Паўн. Каўказа.
Тв.:
Горад без папугайчыкаў: Выбр.тв.Мн., 1983;
Лицо в полоску: Рассказы. Мн., 1967;
Мышки и мишки: Рассказы. Ставрополь, 1974.
Літ.:
Казека Я. Слова пра сябра // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕНКА (Уладзімір Цітавіч) (н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел.тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.Макаля, «Партызанская зона» К.Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.Ільіна і У.Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУЛЁЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.11.1919, в. Баева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 7.5.1980),
рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1941). Працаваў у прэсе, на кінастудыі, у выдавецтве, у 1970—80 адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Аднагодкі» (1950), «У дарозе» (1956), аповесці для юнацтва «Сябры-таварышы» (1954), рамана пра жыццё студэнтаў напярэдадні і ў пачатку Вял.Айч. вайны «Бывайце, любімыя» (1979, складае дылогію з раманам «Пасля разлукі», 1981), аповесці для дзяцей «Новы настаўнік» (1974), гумарыстычных апавяданняў (зб. «Кібернетычная жонка», 1979), сцэнарыяў фільмаў. Маральна-этычныя праблемы раскрывае ў п’есах «Другое знаёмства» (1959), «Калі любіш» (1963), «Мая дачка» (1966), «Помста Палавінкіна» (паст. 1968) і інш. Пераклаў на рус. мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», М.Зарэцкага «Вязьмо», аповесці Э.Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», П.Галавача «Вінаваты. Спалох на загонах», апавяданні І.Мележа, Я.Скрыгана, У.Краўчанкі, вершы А.Астапенкі, А.Вялюгіна, П.Панчанкі, М.Танка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛКІН (Леанід Іванавіч) (22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч
(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),
татарскі паэт.Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, М.Гамолка, С.Гаўрусёў, Л.Дайнека, А.Пысін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;
Я гляджу на зоры. Мн., 1985.
Літ.:
Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАНІБЕ́КАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 13.5.1942, с. Іскандар Ташкенцкай вобл., Узбекістан),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981). Лётчык-касманаўт СССР (1978), ген.-маёр авіяцыі (1985). Скончыў Ейскае вышэйшае авіяц. вучылішча лётчыкаў (1965). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. 10—16.1.1978 з А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-27» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-26» (экіпаж Ю.В.Раманенка, Г.М.Грэчка), 22—30.3.1981 з У.Д.Гурагчам — палёт на КК «Саюз-32» (як камандзір) і на АС «Салют-6» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных), 24.6.—2.7.1982 з А.С.Іванчэнкавым і Ж.Л.Крэцьенам — палёт на КК «Саюз Т-6» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж А.М.Беразавой, В.В.Лебедзеў), 17—29 7.1984 з С.Я.Савіцкай і І.П.Воўкам — палёт на КК «Саюз Т-12» (як камандзір) і на АС «Салют-7» (асн. экіпаж Л.Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.Ю.Ацькоў), ажыццявіў выхад у касм. прастору, 6.6—26.9.1985 з Савіных — палёт на КК «Саюз Т-13» і на АС «Салют-7». Правёў у космасе 148,67 сут.