УРАЦЫ́Л, 2,4-дыоксіпірымідзін,

пірымідзінавая аснова. Ёсць ва ўсіх жывых арганізмах у саставе рыбануклеінавых к-т і нуклеатыдаў.

Крышт. рэчыва белага колеру, раствараецца ў вадзе, слабая аснова, плавіцца пры т-ры каля 320 °C з раскладаннем. Адыгрывае важную ролю ў абмене вугляводаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне як стымулятар абменных працэсаў, блакатар сінтэзу гармонаў шчытападобнай залозы.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦЬ-КУТ,

горад у Іркуцкай вобл. (Расія), каля ўпадзення р. Кут у р. Лена. Засн. ў 1631 як Усць-Куцкі астрог, з 1954 горад. 58 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. Рачны порт (на р. Лена). Перавалачны пункт рачных і чыг. грузаў. Аэрапорт. Суднаверф, прадпрыемствы лясной прам-сці, малочны з-д. Рачное вучылішча. Краязнаўчы музей. Паблізу У.-К. бальнеагразевы курорт.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАВА ЗРУХ,

перпендыкулярны да плоскасці падзення (бакавы) зрух адбітага пучка святла, абумоўлены спецыфічным характарам перадачы энергіі неаднародных хваль, якія ўзнікаюць пры адбіцці святла ў пэўных умовах. Прадказаны Ф.Л.Фёдаравым (1954), эксперыментальна выяўлены франц. вучоным Х.​Эмберам (1969) і зарэгістраваны як адкрыццё (1980). Улічваецца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад і можа выкарыстоўвацца для аналізу ўласцівасцей светлавых пучкоў.

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛУМЕНІ́Я (ад філ... + лац. lumen святло, свяцільнік),

галіна калекцыяніравання, прадметам якой з’яўляюцца этыкеткі ад запалкавых карабкоў, а таксама т.зв. бланкавыя этыкеткі і іх тэматычныя наборы, што спецыяльна выпускаюцца для аматараў-філуменістаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. з пашырэннем запалак. Мае, як правіла, тэматычны характар — у адпаведнасці з выявамі на этыкетках (напр., пэўныя прадметы і з’явы, падзеі і да т.п.).

т. 16, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАГЕЛА́НТЫ [ад лац. flagellans (flagellantis) які бічуецца],

рэлігійныя аскеты-фанатыкі, якія прапаведавалі публічнае самабічаванне дзеля выкуплення ад грахоў. Рух узнік у 13 ст. сярод гар. беднаты Італіі як пратэст супраць каталіцкай царквы, прыгнёту феадалаў і безупынных войнаў, потым пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Ф. былі абвешчаны ератыкамі, іх жорстка праследавалі, і ў 15 ст. яны паступова зніклі.

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЙРЫНГ (англ. highring),

1) сярэднетэрміновая арэнда машын і абсталявання (ад 6 мес да 3 гадоў) без перадачы права ўласнасці арандатару.

2) Адна з форм сярэднетэрміновага крэдытавання экспарту без перадачы арандатару права ўласнасці на тавар. Куплены тавар застаецца ва ўласнасці прадаўца, пакуль не будзе ўнесена апошняя частка сумы, якая выплачваецца за яго (тавар выступае як матэрыяльнае забеспячэнне крэдыту).

т. 16, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІНІ́Н,

алкалоід кары хіннага дрэва.

Солі Х. — бясколерныя крышталі або белы крышт. парашок без паху, вельмі горкага смаку. Растваральныя ў вадзе (лягчэй у гарачай) і спірце. У медыцыне выкарыстоўваюць як процімалярыйны сродак (Х. сульфат, гідра- і дыгідрахларыд), для ўзбуджэння і ўзмацнення родавай дзейнасці, прыгнечвае функцыі ц. н. с., аказвае гарачкапаніжальнае і проціарытмічнае дзеянне і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭТА́Н, гексадэкан,

насычаны вуглевадарод нармальнай будовы CH3(CH2)14CH3.

Бясколерная вадкасць, tпл 18,2 °C, tкіп 286,8 °C, шчыльнасць 770 кг/м³ (пры 25 °C); не раствараецца ў вадзе і спірце, раствараецца ў бензоле, эфіры і інш. арган. растваральніках. Атрымліваюць Ц. награваннем актылбраміду з натрыем і інш. метадамі. Выкарыстоўваецца як эталон для ацэнкі якасці дызельнага паліва (гл. Цэтанавы лік).

т. 17, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́ЙСКІ СТЭП,

міжгорная катлавіна на ПдУ Алтая, паміж Курайскім хр. на Пн і Паўд.-Чуйскім хр. на Пд, у верхнім цячэнні р. Чуя (бас. р. Об). Даўж. да 70 км. Выш. 1750—2200 м. Пераважаюць паўпустыні, што выкарыстоўваюцца як пашы. Цераз Ч.с. пралягае Чуйскі тракт — участак аўтадарогі даўж. 626 км ад г. Новасібірск (Расія) да мяжы з Манголіяй.

т. 17, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАЦІНАХВО́СТ (Chaiturus),

род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). 1 від — Ш. шандравы (C. marrubiastrum). Пашыраны ў Еўразіі, як заносны — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі, трапляецца на сметніках, каля жылля, уздоўж дарог.

Двух-, часам аднагадовая травяністая расліна выш. 25—100 см. Сцёблы прамастойныя. Лісце суцэльнае. Кветкі бледна-ружовыя, у густых шматкветкавых несапраўдных кальчаках. Плод — арэшак.

Дз.​І.​Траццякоў.

т. 17, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)