БАРЫ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ, бараметрычны градыент,
паказчык стану атмасферы, які характарызуе змяненне атм. ціску на адзінку адлегласці па вертыкалі і гарызанталі, вызначаецца ў напрамку, перпендыкулярным ізабары. Звычайна гарызантальны барычны градыент складае 1—3 гПа на 100 км (у трапічных ураганах павялічваецца ў дзесяткі разоў). Замест вертыкальнага барычнага градыенту часта карыстаюцца барычнай ступенню. Ад барычнага градыенту залежаць напрамак і сіла ветру.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»,
клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЦАРЫС ((Mpotsarēs) Маркас) (1790, Сулі, Албанія — 21.8.1823),
герой грэч. нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29. У час вайны Алі-пашы Тэпеленскага з тур. султанам (1820—22) узначальваў атрад жыхароў Сулі, які паспяхова змагаўся супраць тур. войск. У 1822—23 удзельнік абароны г. Месалонгіян, у крас. 1823 прызначаны гал. правадыром вобл. Этолія (Сярэдняя Грэцыя). 13.5.1823 заняў крэпасць Лепанта. Загінуў у баі.
т. 3, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАСМІ́ЗМ (ад a... + грэч. kosmos Сусвет),
філасофскае і рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе погляды аб нікчэмнасці свету. У найб. чыстым выглядзе сустракаецца ў класічнай інд. філасофіі (гл. Веданта), пашырана і ў хрысціянстве. Гегель называў акасмізмам пантэізм Спінозы, паколькі бог у ім ёсць адзіная вечная і бясконцая субстанцыя, усё астатняе — часовае, неістотнае. Акасмізмам наз. таксама спірытуалізм, які адмаўляе рэальнасць навакольнага свету.
т. 1, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЕРА́ТАР у эканоміцы,
эканамічны паказчык, які характарызуе сувязь паміж аб’ёмам капіталаўкладанняў і велічынёй спажывецкіх выдаткаў у эканоміцы. Істотны рост спажывецкіх выдаткаў стымулюе інвестыцыйную актыўнасць і наадварот. Акселератар разам з мультыплікатарам выкарыстоўваецца для выяўлення сутнасці і фактараў макраэканам. нестабільнасці пры дзярж. рэгуляванні рыначнай эканомікі. Прынцып акселератара прапанаваны ў 1913 А.Афтальёнам і ўключаны ў неакейнсіянскія мадэлі эканам. росту.
т. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНІ́ШЧА,
прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн. г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс. г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).
т. 1, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУВА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
успрымальны орган датчыка ў вымяральных прыладах і сістэмах аўтам. кіравання і рэгулявання, які рэагуе на змену якой-н. фіз. велічыні. Ператварае лікавае значэнне гэтай велічыні непасрэдна ці праз прамежкавыя звенні ў выхадны сігнал, зручны для дыстанцыйнай перадачы і далейшай апрацоўкі. Як адчувальны элемент выкарыстоўваюцца мембраны, сільфоны, тэрмапары, тэрма- і электрасупраціўленні, п’езакварцавыя пласціны і інш.
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,
давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.
А.М.Абрамовіч.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДЫ,
дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў Багдадзе ў 750—1258 (гл. Абасідаў халіфат). Паходзіць ад Абаса, дзядзькі Мухамеда. Заснавальнік дынастыі Абу-ль-Абас ас-Сафах [750—754], які скінуў Амеядаў. Найб. буйныя прадстаўнікі — Мансур [754—775], Харун ар-Рашыд [786—809], Мамун [813—833]. Пасля захопу Буідамі ў 945 Багдада Абасіды пазбаўлены свецкай улады. Апошні з Абасідаў аль-Мустасім [1242—58] у час нашэсця манголаў пакараны смерцю.
т. 1, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІЙ, амонію катыён,
складаны катыён агульнай формулы [RR1NR2R3]+, дзе R, R1, R2, R3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)