ВІХРЭ́НКА Вячаслаў Сцяпанавіч (н. 30.5.1943, в. Галіцына Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н., праф. (1995). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1965). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па статыстычнай фізіцы. Распрацаваў статыстычную тэорыю дынамічных і кінетычных працэсаў у малекулярных і іонных сістэмах, у т. л. працэсаў дыфузіі і тэрмадыфузіі ў цвёрдых і вадкіх крышталях.

Тв.:

Неравновесная статистическая механика ориентационно-упорядочивающихся сред (разам з В.​Б.​Нямцовым) // Тр. Бел. Гос. технол. ун-та. Сер. 5. Физ.-мат. науки. Мн., 1995. Вып. 2.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ПАСЁЛАК,

катэгорыя населенага пункта гар. тыпу, у якім не менш за 2 тыс. ж. і большасць з іх рабочыя, служачыя і члены іх сем’яў. На Беларусі ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.9.1938 «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР». Пры аднясенні пэўнага нас. пункта да гарадскога пасёлка ўлічваецца таксама яго адм. значэнне, наяўнасць прамысл. і камунальна-быт. прадпрыемстваў, сац.-культ. устаноў. Большасць гарадскіх пасёлкаў Беларусі ўтворана з б. мястэчак, некаторыя — з вял. сёл і вёсак. На 1.1.1996 на Беларусі 95 гарадскіх пасёлкаў.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КТАР,

герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), л-ры (Ф.​Шылер, Ж.​Жыраду) і інш.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМН ДЗЯРЖА́ЎНЫ,

афіцыйная ўрачыстая песня, якая разам з гербам дзяржаўным і сцягам дзяржаўным з’яўляецца сімвалам дзяржавы. Выконваецца ў асабліва ўрачыстых выпадках (агульнанац. святы, афіц. цырымоніі і інш.). У Рэспубліцы Беларусь у якасці Гімна дзяржаўнага дзейнічае Гімн дзярж. БССР (тэкст М.​Клімковіча, музыка Н.​Ф.​Сакалоўскага), зацверджаны Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 24.9.1955. З набыццём статуса суверэннай дзяржавы ў 1991 прынята рашэнне аб падрыхтоўцы новага тэксту і музыкі Гімна дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, якія адлюстроўвалі б спрадвечнае імкненне бел. народа да свабоды і незалежнасці, да ідэалаў гуманізму, дабра і справядлівасці.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РГЕЛЬ Сяргей Сяргеевіч (н. 12.2.1944, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992), праф. (1997). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1968). З 1974 у Гомельскім дзярж. ун-це. Навук. працы па оптыцы, магнітаоптыцы і фізіцы крышталёў. Пабудаваў тэорыю аптычных з’яў у магнітаўпарадкаваных крышталях з улікам іх анізатрапіі, гіратрапіі, паглынання і падрашотачнай структуры.

Тв.:

Поляризация электромагнитных волн в поглощающих магнитоупорядоченных кристаллах (разам з Б.​В.​Бокуцем) // Кристаллография. 1980. Т. 25. № 1;

Чётный эффект Фарадея в магнитоупорядоченных кристаллах // Докл. АН БССР. 1982. Т. 26. № 10.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАГРА́МА (ад грэч. histos, тут слупок + ...грама), слупковая дыяграма,

від графічнага адлюстравання статыстычнага размеркавання якой-небудзь велічыні па колькаснай прыкмеце. Будуецца як сукупнасць сумежных прамавугольнікаў на адной прамой, плошча кожнага з якіх прапарцыянальная частаце знаходжання дадзенай велічыні ва ўсёй сукупнасці. У некаторых выпадках гістаграму можна лічыць шуканай функцыяй шчыльнасці размеркавання імавернасцей (гл. Матэматычная статыстыка). Выкарыстоўваецца ў апрацоўцы фіз. інфармацыі для выдзялення сігналу з шуму, пры аўтам. распазнаванні вобразаў, для скарачэння аб’ёму даных і інш.

С.​У.​Доўнар.

Гістаграма размеркавання дыяметра дэталей: а — інтэрвал групоўкі 0,05 мм; б — інтэрвал групоўкі 0,25 мм.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн. літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Янкі Купалы.

Засн. ў 1944 як Гродзенскі пед. ін-т. З 1978 — ун-т. Імя Я.​Купалы прысвоена ў 1988. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: замежных моў, філалогіі, гісторыі і культуры, права і эканомікі, матэм., фізіка-тэхн., біялогіі і экалогіі, псіхалогіі і педагогікі, фіз. культуры, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае. Аспірантура з 1969. Мае 10 н.-д. лабараторый, б-ку, аддзел размнажальнай тэхнікі. Дзейнічаюць літ. аб’яднанне «Наднёманскія галасы», студэнцкі т-р эстр. мініяцюр. З 1986 выдае шматтыражную газ. «Гродзенскі універсітэт».

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ (Boulle, Boule) Андрэ Шарль (11.11.1642, Парыж — 28.2.1732), французскі майстар маст. мэблі. З 1672 прыдворны майстар Людовіка XIV. Распрацаваў свой варыянт тэхнікі інтарсіі, т.зв. маркетры (мазаічны ўзор), шырока выкарыстаўшы эбенавае дрэва, слановую косць, перламутр, чарапахавы панцыр, медзь, бронзу і волава. Мэбля з майстэрні Б. (з ім працавалі яго 4 сыны) эвалюцыяніравала ад класіцызму 17 ст. да ракако; зберагаецца ў Луўры, Версалі, Фантэнбло, Музеі Клюні (Парыж) і інш. Імітацыя работ Буля (пераважна ў 19 ст., т.зв. стыль Буля) сустракаецца ва ўсёй Еўропе.

А.Ш.Буль. Камода. 2-я пал. 17 ст. Версаль.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАДЫЕ́Н, бутадыен-1,3, дывініл,

ненасычаны вуглевадарод CH2=CH—CH=CH2. Упершыню атрыманы з сівушнага алею франц. хімікам Ж.​Б.​Каванту (1862). Бясколерны газ з непрыемным пахам, tкіп — 4,47 °C, шчыльн. вадкага 621,1 кг/м³ (20 °C), добра раствараецца ў бензоле, эфіры. Гаручы, т-ра самазгарання 415 °C, сумесь з паветрам (1,1—12,5% бутадыёну) выбухованебяспечная. Лёгка полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць дэгідрагенізацыяй нафтапрадуктаў, якія маюць нармальныя бутан і бутэны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сінт. каўчукоў. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 100 мг/м³.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)