экзаге́нны

(ад экза- + -генны)

абумоўлены знешнімі прычынамі (проціл. эндагенны);

э-ыя працэсы — геалагічныя працэсы, якія адбываюцца на паверхні Зямлі (выветрыванне, эрозія, дзейнасць леднікоў і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эктагене́з

(ад экта- + -генез)

агульная назва кірункаў у эвалюцыйным вучэнні, якія разглядаюць гістарычнае развіццё жывой прыроды як прамое прыстасаванне арганізмаў да навакольнага асяроддзя (проціл. аўтагенез).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

элю́вій

(н.-лац. eluvium, ад лац. eluere = вымываць)

прадукты выветрывання горных парод у выглядзе дробных вуглаватых часцінак і абломкаў, якія паступова пераходзяць у карэнныя пароды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эмерге́нцы

(лац. emergens, -ntis = які выбіваецца)

паверхневыя нарасці на розных органах раслін, якія ўтвараюцца эпідэрмісам і тканкамі, што знаходзяцца пад ім (напр. шыпы руж, шыпшыны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Лаба́за ’вялікі дом’ (Мат. Гом.), узнікла ў выніку пераносу значэння паводле падабенства з либиз ’свіран, склад’ і інш. Параўн. аналагічнае драг. хата бы клуня ’вялізная хата’.

Лабаза́, лабуза ’сцяблы буйной травы’ (З нар. сл.), ’жорсткае сена або розная трава, пустазелле’ (слуц., БНТ, Лег. і пад.), ’благое сена з асакі’ (КЭС, лаг.), полац. ’балотнае асакаватае сена’ (Нар. лекс.), лъбъзи ’нізкаякаснае сена з грубай, тоўстай травы’ (Нар. сл.), ’галіны’ (Сцяшк., Сл.). Укр. лабаз ’бадзяк клейкі, Cirsium erisithales L.’, лабазник ’спірэя, Spirea ulmaria L.’, лабу́з ’пустазелле; лісты, якія пакрываюць качаны кукурузы’, лабузіння ’сцяблы, пустазелле’, лобузіння ’расліны, якія застаюцца ад летняй гародніны’; рус. арханг. лабаза ’боцікі, Aconitum lycoctonum Jacq.’, ’трава з белай вир-шынкай’, лабазник ’спірэя’, польск. łobozg ’пустазелле’, Łoboź, tabuz ’сцяблы, кусты; вадзяныя расліны, чарот, сітняк, рагоз’, labas ’пустазелле’, серб.-харв. лабудина ’кукурузная салома; абадраны з катаха кукурузны ліст’, ’вехцік з ліпы, канапель’ (lobud ’даўбешка, доўбня, клін’, ’лісты кукурузы’ < тур. lobut). Прасл. lobozъ генетычна роднаснае са ст.-інд. вед. libuja ’чарот, ліяна’, палі labuja‑ ’тс’ ст.-грэч. λάβυξος, нейкая духмяная расліна’ (Петэрсан, ΚΖ, 46, 146–150; Бернекер, 1, 726; Фасмер, 2, 443). Супраць Слаўскі (5, 129); Фрыск (2, 67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

а́ццаць, частка складаных лічэбнікаў: адзіна́ццаць, двана́ццаць і пад., часам выступае ў форме ‑на́нцаць: адзіна́нцаць, петна́нцаць (ДАБМ), двана́нцаць (ТС) і інш. Паводле Карскага (2–3, 95), у ст.-бел. мове ужывалася самастойна ў спалучэнні з парадкавымі лічэбнікамі, якія абазначалі адзінкі: первый надцать (Статут 1529 г.), четверътое надъцать (Статут 1588 г.) побач з дванадъцатоє, шеснадъцатоє і г. д. Сустракаюцца і больш архаічныя формы: четвер​ѕтого надесѧть (Тайна тайных XVI ст.), якія адлюстроўваюць зыходнае спалучэнне на десѧте (прасл. na desęte, параўн. dъva na desęte ’20’), гл. дзесяць. Формы з ‑нанцаць тлумачацца па-рознаму. Карскі (2–3, 93) лічыць, што н перад ц з’явілася пад уплывам «узмоцненага вымаўлення» н у ‑на‑ з ‑нна‑ ў лічэбніку адзінаццаць і па аналогіі ў іншых лічэбніках. Сабалеўскі супастаўляе беларускія формы з балгарскімі тыпу пендесет, девендесет і дапускае, што ў гэтых выпадках мела месца дысіміляцыя зубнога зычнага т (д) (ЖМНП, 314, 10, 64). Такой жа думкі прытрымліваліся Эндзелін (РФВ, 13, 113), Чарнышоў (Сб. Милетич. София, 1933, 196–198), адносна балгарскага матэрыялу Мірчаў (Неврокопският говор. София, 1936, 13–14). Іншыя версіі і меркаванні гл. Будэ, Изв. ОРЯС, 3, 3–4, 930–932; Чабярук, Лічэбнік, 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пласкані́, аласкопе, пласконне, пласконні ’маніцы, каноплі без семя, якія вырываюцца раней, Cannabis sativa L.’ (докиu Янк. Мат.; Сцяшк. Сл.; полац., Янк. 2; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ДАБМ, к. 283; мін.-маладз., Шчарб.; Янк. 1; Зн., дыс.; в.-дзв., Шатал.), плосконі, пласкуні, слон. плоскую ’выбіркі’, плосконі ’тс’ (Шат.; ашм., Стан.), пласкуне ’тс’ (Скарбы), пласкуны (слуц., Нар. словатв.), пласконне ’валакно з мужчынскіх канапель’ (Сл. ПЗБ), пласкої тыканапляны, зрэбны’ (Шат.), плосконі ’маніцы’, плосканны ’зрэбны’ (Нас.). Укр. плоскінь, польск. płoskun, płoskuń, ploskoń, płaskim, płaskan, płoskonka, płoskuna, płaskuna, płoskwianka, славац. ploskovne. славен. ploskovnica, балі1, дыял. пласконица ’каноплі, якія рана паспяваюць’. Усе (пад уплывам *ploskьjь) з прасл. *poskonъ > бел. паскані (гл.), якое з інда-іранск. *pus‑kana (< інд. ріі‑тип ’мужчына, самец’ і kana ’каноплі’). Існуюць іншыя версіі: Коржынек (Зб. Янку, Praha, 1938, 136) мяркуе, што прасл. *poškom прыйшло з угра-фінскіх моў, параўн. марыйск. poťaš‑kene ’мужчынскі + каноплі’. Таксама Махэк₂, 473; Лраабражэнскі, 2, 112. Мюленбах-Эндзелін (3, 100) супастаўляюць прасл. *poskonъ з лат. paskom, paskaŲas, pasłęnóji ’тс’, ст.-в.-ням. faso ’махры’, нова-в.-ням. Faser ’валакно’; збліжаюць таксама са ст.-в.-ням. *flahso ’каноплі’, ням. Flachs ’тс’ (БЕР, 5, 310). Грынавяцкене (Сл. ПЗБ) — з sm.pleiskanės ’тс’. Гл. таксама Фасмер, 3, 339.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІТАМІ́НЫ (ад лац. vita жыццё),

група нізкамалекулярных арган. злучэнняў рознай хім. прыроды, неабходных для нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Выконваюць у арганізме найважнейшыя біяхім. і фізіял. функцыі абмену рэчываў; уваходзяць у састаў субклетачных структур і падтрымліваюць іх нармальную будову і функцыянаванне. Сінтэзуюцца пераважна раслінамі (гл. Вітамінаносныя расліны), грыбамі і бактэрыямі. Чалавек і жывёлы атрымліваюць вітаміны ў асн. з расліннай ежай або з прадуктамі жывёльнага паходжання. У жвачных жывёл вітаміны групы B утвараюцца мікрафлорай кішэчніка. Некаторыя вітаміны ўтвараюцца ў арганізмах чалавека і жывёл самастойна (напр., PP), але ў недастатковай колькасці, або з іх папярэднікаў — т.зв. правітамінаў. Праз сценкі страўнікава-кішачнага тракту чалавека і жывёл вітаміны паступаюць у кроў, разносяцца па ўсім арганізме і ўтвараюць шматлікія вытворныя (напр., эфірныя, амідныя, нуклеатыдныя), якія звычайна спалучаюцца са спецыфічнымі бялкамі і ўтвараюць многія ферменты (больш за 200). Многія праяўляюць сваё спецыфічнае біял. ўздзеянне пасля ператварэння ў метабалічна актыўныя формы або ўваходзяць у састаў каферментаў і адпаведных ферментаў. Нястача вітамінаў (гл. Вітамінная недастатковасць) прыгнечвае асобныя рэакцыі абмену рэчываў, аслабляе некаторыя фізіял. функцыі. Калі вітамінаў намнога больш, чым патрэбна арганізму, узнікаюць гіпервітамінозы, калі менш або яны адсутнічаюць — гіпа- і авітамінозы. Выкарыстанне арганізмам вітамінаў памяншаецца пры наяўнасці ў ежы і кармах антывітамінаў — антаганістаў, якія перашкаджаюць вітамінам праяўляць іх біял. актыўнасць. Тэрмін «вітаміны» прапанаваў польскі біяхімік К.​Функ (1912).

Вядома больш за 20 розных вітамінаў, якія маюць назвы, што характарызуюць іх хім. састаў ці фізіял. дзейнасць, таксама літарныя і лічбава-літарныя абазначэнні (напр., рэцінол — A1, тыямін — B1, рыбафлавін — B2, пантатэнавая кіслата — B3, пірыдаксін — B6, цыянкабаламін — B12, аротавая кіслата — B13, пангамавая кіслата — B15, фоліевая кіслата — Bc, аскарбінавая кіслата — C, эргакальцыферол — D2, халекальцыферол — D3, такаферолы — E, філахінон — K1, фарнахінон — K2, вікасол — K3, біяцін — H, біяфлаваноіды — P, нікацінавая кіслата, або нікацінамід — PP, ліпоевая кіслата, мезаіназіт). Часам яны маюць групавыя назвы, а асобныя прадстаўнікі гэтых груп (напр., A1 і A2, D2 і D3 і г.д.) называюцца вітамерамі. Па растваральнай здольнасці вітаміны падзяляюцца на тлушча- і водарастваральныя. Да тлушчарастваральных належаць вітаміны групы A, D, E, K, Q, якія звычайна дэпануюцца ў тканках. Большасць водарастваральных вітамінаў у выглядзе фосфарных эфіраў выконваюць ролю каферментаў або ўваходзяць у састаў больш складаных каферментаў. Да гэтай групы належаць вітаміны групы B — B1, B2, B3, B5, B6, B12, H, PP, U; ліпоевая, фоліевая і аскарбінавая к-ты. Вельмі багатыя вітамінамі дрожджы, лісцевая агародніна, ягады.

Вітаміны атрымліваюць хім. і мікрабіял. сінтэзам, таксама з прыродных крыніц (гл. Вітамінная прамысловасць). Выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі для прафілактыкі і лячэння гіпа- і авітамінозаў, інш. хвароб, карэкцыі абменных працэсаў у арганізме (вітамінатэрапія), вітамінізацыі прадуктаў харчавання і кармоў (гл. Вітамінныя кармы) і інш. Вітаміны вывучае Вітаміналогія.

Літ.:

Березовский В.М. Химия витаминов. 2 изд. М., 1973;

Витамины. М., 1974;

Овчаров К.Е. Витамины растений. М., 1964;

Экспериментальная витаминология: (справ. руководство). Мн.. 1979.

В.​К.​Кухта.

т. 4, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ДРУ́КУ БЕЛАРУ́СІ»,

дзяржаўны штомесячны аб’яднаны бібліягр. паказальнік. Выдаецца з 1924 у Мінску Нац. кніжнай палатай Беларусі на бел. і рус. мовах. Да 1995 называўся «Летапіс друку БССР» і складаўся з 10 тыпаў летапісаў, у якім кожны від выдавецкай прадукцыі рэгістраваўся ў адпаведных спец. выпусках. З павелічэннем аб’ёму інфармацыі ў 1995 як самаст. выданні вылучыліся: «Летапіс часопісных артыкулаў», «Летапіс газетных артыкулаў», «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». «Л.д.Б.» складаецца з 8 тыпаў летапісаў.

«Кніжны летапіс» выдаецца з 1924. Інфармуе аб кнігах і брашурах, перыяд. выданнях тыпу «прац», а таксама пра замежныя выданні, падрыхтаваныя або выдадзеныя з удзелам бел. выдаўцоў. Да 1999 уключаў раздзел аўтарэфератаў дысертацый. Мае паказальнікі: імянны, прадметны, загалоўкаў, геагр., серый, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны кнігі, памылковых ISBN (міжнар. стандартная нумарацыя кніг), нумарацыйны бібліягр. запісаў замежных кніг, выдадзеных з удзелам бел. выдаўцоў.

«Летапіс нот» выдаецца з 1924. Інфармуе аб нотных выданнях, муз. творах, надрукаваных у часопісах і газетах. Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў зб-каў нотных Выданняў, перыяд. выданняў, у якіх апублікаваны ноты.

«Летапіс рэцэнзій» выдаецца з 1932. Уключае рэцэнзіі, агляды кніг і часопісаў, якія маюць крытычны матэрыял на асобна выдадзеныя творы і творы, што змешчаны ў перыяд. выданнях. Мае паказальнікі: імянны, назваў выданняў, на якія апублікаваны рэцэнзіі, перыяд. выданняў, рэцэнзіі якіх зарэгістраваны.

«Беларусь у сусветным друку» выдаецца з 1946 (у 1982—91 штоквартальнае асобнае выданне). Змяшчае інфармацыю пра Беларусь і беларусаў, якая апублікавана ў друку замежных краін, а таксама аб выданнях і публікацыях на бел. мове (незалежна ад зместу), выдадзеных па-за межамі Беларусі. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, геагр., моў, перыяд. выданняў.

«Летапіс выяўленчага мастацтва» выдаецца з 1955. Інфармуе пра асобна выдадзеныя або змешчаныя ў часопісах творы выяўл. мастацтва, у т. л. плакаты, партрэты, рэпрадукцыі, эстампы, паштоўкі, альбомы, дзіцячыя кніжкі-карцінкі і альбомы для размалёўкі, коміксы і інш. Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, альбомаў і камплектаў паштовак, перыяд. выданняў, у якіх змешчаны матэрыял.

«Летапіс нарматыўна-тэхнічных, тэхнічных дакументаў і выданняў вузкага прызначэння» выдаецца з 1985. Змяшчае інфармацыю пра нарматыўна-тэхн. дакументы (стандарты, нармалі, цэннікі, прэйскуранты, тэхн. апісанні машын, прылад і інш.). Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, моў.

«Летапіс картаграфічных выданняў» выдаецца з 1994. Выходзіць 2 разы на год (у № 6 і № 12). Змяшчае інфармацыю пра картаграфічныя выданні (карты, карты-схемы, планы, атласы), часткі картаграфічных выданняў (карты-урэзкі на асн. картах), карты або атласы, якія з’яўляюцца дадаткам да выдання, уклееныя або тэкставыя карты з кніг і серыяльных выданняў. Бібліягр. запісы групуюцца па буйных раздзелах. Мае паказальнікі: імянны, геагр., прадметна-тэматычны, загалоўкаў, выданняў, з якіх аналітычна распісаны матэрыял.

«Летапіс аўтарэфератаў дысертацый» выдаецца штоквартальна з 1999. Бібліягр. запісы групуюцца па комплексах навук. Кожны раздзел складаецца з рубрык: «На ступень доктара навук», «На ступень кандыдата навук». Мае імянны і геагр. паказальнікі.

Літ.:

Текущие библиографические издания книжных палат и их использование. М., 1981.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭРНІ́ЗМ (франц. modernisme ад лац. modernus новы, сучасны),

агульная ўмоўная назва нерэаліст., авангардысцкіх літ., арх. і маст. кірункаў, творчасці асобных майстроў 20 ст. Да М. адносяць абстрактнае мастацтва, дадаізм, канструктывізм, кубізм, сімвалізм, сюррэалізм, ташызм, фавізм, футурызм, экспрэсіянізм, псіхалагічную школу, школу «плыні свядомасці» і інш. Проціпастаўляецца акадэмізму і рэалізму. Прадстаўнікі М. адмаўлялі класічныя традыц. формы мастацтва, лічылі фармальны эксперымент асновай свайго творчага метаду, прапагандавалі суб’ектывізм, разбурэнне міметычнай вобразнасці і логікі формы, міфа- і фарматворчасць, зварот да падсвядомасці, тэндэнцыі абсурдызму, каштоўнасць выпадковасці. Мэтай творчасці стала стварэнне прынцыпова арыгінальных твораў, якія нясуць унутр. свабоду і навізну сродкаў выяўл. мовы, з’яўляюцца ўвасабленнем асаблівага бачання і разумення свету аўтарам. У 1960-я г. як проціпастаўленне М. ўзнік постмадэрнізм. У літаратуры М. вызначаецца ўпэўненасцю ў глыбокім, непераадольным разыходжанні духоўнага вопыту чалавека і асн. тэндэнцый развіцця грамадства, адчуваннем адзіноты, адчужанасці чалавека, абсурднасці яго існавання ў свеце, стратай ідэалаў (творчасць С.​Бекета, В.​Вулф, Г.​Гесэ, Дж.​Джойса, Э.​Іанеска, А.​Камю, Ф.​Кафкі, Д.​Г.​Лорэнса, М.​Пруста, Ж.​П.​Сартра, Т.​С.​Эліята і інш.). У выяўленчым мастацтве выявіўся праз фармальна-пластычныя, кампазіцыйныя і каларыстычныя пошукі новых форм выразу, спробы адлюстравання падсвядомасці чалавека ў маст. творчасці (С.​Далі, О.​Дзікс, Р.​Дэланэ, В.​Кандзінскі, Дж. Дэ Кірыка, Ф.​Купка, М.​Ларыёнаў, А.​Матыс, П.​Пікасо, Дж.​Полак і інш.). У некат. кірунках архітэктуры (канструктывізм, тэхн. эстэтызм) атаясамліваў эстэт. каштоўнасць з сац. функцыянальнасцю. У музыцы на пач. 20 ст. тэрмін «М.» абазначаў позні муз. рамантызм (М.​Рэгер, Г.​Малер, Р.​Штраус) і імпрэсіянізм з тыповай для іх дэструкцыяй танальнай гармоніі, класічных форм, традыц. метрыкі і рытму, тэматызму і інш. Гэта выяўлялася ў форме прадаўжэння рамант. традыцый адначасова з выпрацоўкай уласнай стылявой сістэмы. Пазней стаў сінонімам паняццяў «новая музыка» (тэрмін П.​Бекера, 1919) і муз. авангардызм, якія прадугледжвалі прынцыповае адмаўленне традыцый. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» вызначае паслядоўнасць навацый авангарду. У канцы 1970-х г. характэрная для М. паскораная змена фармальных метадаў і прыёмаў кампазіцыі прывяла да плыняў т.зв. «новай прастаты», якія парадаксальным чынам імкнуцца да аднаўлення рамантызму. Музыка ў эстэтыцы М. ацэньваецца як бы з пазіцыі будучага развіцця. Нягледзячы на тое, што М. ігнаруе традыц. каштоўнасці, буйныя кампазітары, якія знаходзяцца пад яго ўплывам, ствараюць значныя муз. творы, дзе адлюстроўваюць складанасць і супярэчлівасць чалавечай свядомасці ва ўмовах сучаснай рэчаіснасці.

На Беларусі ў л-ры М. выявіўся ў адлюстраванні нац. адраджэнскіх ідэй, паўплываў на творчасць Я.​Купалы, Ядвігіна Ш., В.​Ластоўскага, А.​Луцкевіча, Ф.​Аляхновіча і інш. У архітэктуры да М. адносяцца пабудовы канструктывістаў (комплекс БДУ, 1928—31, арх. І.​Запарожац, Г.​Лаўроў, часткова перабудаваны; Нац. б-ка Беларусі, 1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.​Весніна, і інш.), у выяўл. мастацтве — творчасць М.​Шагала, К.​Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва».

Літ.:

Модернизм: Анализ и критика осн. направлений. 4 изд. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава (літаратура).

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)