МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РА,

філасофская катэгорыя, якая абазначае арган. адзінства якаснай і колькаснай акрэсленасці прадмета або з’явы. У гісторыі філасофіі распрацавана Г.​Гегелем. Кожнаму якасна своеасабліваму аб’екту ўласцівы пэўныя колькасныя (зменлівыя і рухомыя) характарыстыкі. М. паказвае межы, за якімі колькасныя змены ўласцівасцей, складу, структуры прадметаў або працэсаў прыводзяць да змены іх якасці (закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя). У сваю чаргу змена якасці дадзенага аб’екта вядзе да змены яго колькасных характарыстык і М. Сувязь і адзінства колькасці і якасці абумоўлены прыродай данага аб’екта. Калі разглядаць развіццё аб’екта, то пункты пераходу ад адной ступені да другой выступаюць як вузлавыя пункты змены М.; пра сістэму такіх вузлоў прынята гаварыць як аб вузлавой лініі М.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭО́РНЫ ПАТО́К,

сукупнасць метэораў у зямной атмасферы, якія маюць агульнае паходжанне. Траекторыі ўсіх метэораў патоку амаль паралельныя, але, з прычыны перспектывы, назіральніку здаецца, што ўсе яны выходзяць з аднаго пункта нябеснай сферы — радыянта. Назвы гал. М.п. паходзяць ад назваў сузор’яў, у якіх знаходзяцца іх радыянты (гл. табл.). Метэоры патокаў звычайна складаюцца з рэчыва нізкай шчыльнасці, маюць вял. эксцэнтрысітэты і звязаны з каметамі. Распад ядра каметы суправаджаецца размеркаваннем рэчыва ўздоўж арбіты з утварэннем рою каметных часцінак. М.п. ўзнікаюць пры перасячэнні Зямлёй арбіты каметы. Пры размеркаванні рою па ўсёй арбіце М.п. назіраюцца кожны год у пэўную дату, пры размеркаванні рою па частцы арбіты — у гады збліжэння каметы з Сонцам.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЮЦЬ Алесь (Аляксандр Макаравіч; 6.10.1908, в. Скорычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 26.10.1944),

бел. паэт. Удзельнік Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Друкаваўся з 1928 у зах.-бел. прэсе. Асн. матывы творчасці — пратэст супраць сац. і нац. несправядлівасці, заклік да грамадзян. актыўнасці і салідарнасці прыгнечаных, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення чалавека, апяванне хараства роднага краю. Пасля 1939 у вершах і артыкулах услаўляў новае жыццё.

Тв.:

У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Багдановіч І. Лёс, апалены вайной: Бел. паэт Алесь Мілюць, ураджэнец вёскі Скорычы // Першыя і Другія карэліцкія краязнаўчыя чытанні: Да 600-годдзя Карэліч і Міра. Карэлічы; Мн., 1995.

А.Мілюць.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЕ ЕЖЕДНЕ́ВНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штодзённая паліт., эканам. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).1 да 16(29).6.1912 у Мінску на рус. мове. Абвясціла сябе «незалежнай» газетай. Працягвала праграму газ. «Минские ведомости». Выступала супраць рэв. руху, бальшавікоў. Прапагандавала сталыпінскую агр. палітыку. Надрукавала юбілейныя артыкулы пра А.​Герцэна, І.​Ганчарова, у якіх падкрэслівала іх рускі патрыятызм, але пазбягала асвятлення рэв.-дэмакр. ідэалогіі, прынцыпаў крытычнага рэалізму. З «ахоўніцкіх» пазіцый крытыкавала творчасць М.​Арцыбашава, Н.​Вярбіцкай і інш. прадстаўнікоў натуралізму і мадэрнізму, прылічвала да гэтых кірункаў пісьменнікаў-рэалістаў М.​Горкага, Л.​Андрэева, А.​Купрына, проціпастаўляла ім творчасць А.​Пушкіна, І.​Тургенева, Л.​Талстога, Ф.​Дастаеўскага. Пераўтворана ў газ. «Минское русское слово».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́Ж (франц. mirage),

аптычныя з’явы ў атмасферы (часцей ва ўмовах пустыні), калі разам з аддаленымі прадметамі (або ўчасткам неба) бачны іх уяўныя адлюстраванні, перамешчаныя адносна саміх прадметаў. Бывае ніжні М., верхні (рэдка) і бакавы (вельмі рэдка). Ніжні М. (вобраз ніжэй за аб’ект) назіраецца ў гарачыя дні ў пустынях і стэпах, над асфальтавымі дарогамі. Верхні М. (вобраз вышэй за аб’ект) бывае звычайна ў палярных рэгіёнах або над паверхняй мора. Бакавы М. (вобраз побач з аб’ектам) можна назіраць, калі глядзець на пэўны прадмет уздоўж нагрэтай сцяны. Агульная прычына М. — скрыўленне светлавых прамянёў, што ідуць ад прадмета ў неаднолькава нагрэтых слаях атмасферы, якія маюць розную шчыльнасць. Складаныя з’явы М. з рэзкім скрыўленнем выгляду прадмета наз. Фата-Маргана.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],

адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАТУ́РКІ,

удзельнікі ліберальна-канстытуцыйнага руху ў Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Рух М. пачаўся са стварэння ў 1889 навучэнцамі ваен.-мед. вучылішча ў Стамбуле тайнай арг-цыі «Яднанне і прагрэс», якая ставіла на мэце ўсталяванне ў імперыі канстытуцыйнага ладу, спрыянне развіццю краіны шляхам выкарыстання дасягненняў еўрап. цывілізацыі. М. ўзначалілі Младатурэцкую рэвалюцыю 1908. На аснове арг-цый «Яднанне і прагрэс» была створана аднайм. партыя, якая атрымала б.ч. месц у парламенце, скліканым восенню 1908. У час 1-й сусв. вайны ўсталявалі ў краіне сваю дыктатуру (трыумвірат: Энвер-паша, Талаат-паша, Джэмаль-паша). Пасля паражэння Турцыі ў вайне партыя М. забаронена, а іх лідэры ўцяклі за мяжу.

У.​У.​Куніцкі.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАХ Валерый Іванавіч (н. 14.2.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне гігіены харчавання. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Данецкі мед. ін-т (1966, Украіна). З 1985 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. З 1993 дырэктар Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па экспертнай ацэнцы якасці і бяспечнасці прадуктаў харчавання. Навук. працы па выяўленні ксенабіётыкаў у прадуктах харчавання і іх сутачнай нагрузцы на арганізм, харч. і біял. каштоўнасці традыц. прадуктаў харчавання, узаемасувязі паміж захворваннем, нараджальнасцю, смяротнасцю і фактычным харчаваннем насельніцтва.

Тв.:

Спасибо зверю, птице, рыбе. Мн., 1982 (разам з Л.​І.​Сцякольнікавым);

Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985 (з ім жа);

Целебные кладовые природы. 2 изд. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШМУЛА́ (тур. muşmula),

1) Mespilus, род лістападных кветкавых раслін сям. ружакветных з 1 відам М. германскай, або звычайнай (M. germanica). Пашырана на Пд Еўропы, у М. Азіі. Культывуюць у Еўропе і ЗША. Плады маюць цукар, яблычную к-ту, вітамін C, ужываюцца ў ежу сырыя і салёныя, з іх гатуюць пасцілу, віно. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Меданосная расліна.

2) М. японская, або субтрапічная, або локва (Eriobotrya japonica), вечназялёнае субтрапічнае дрэва ці куст. сям. ружакветных. Пашырана ў Кітаі і Паўн. Індыі. Культывуецца ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Кітаі, Японіі, ЗША. Плады спажываюць свежыя і перапрацаваныя (кампоты, варэнні і інш.). З насення робяць сурагат кавы. Дэкар. расліна.

У.​П.​Пярэднеў.

Мушмула: 1 — германская; 2 — японская.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)