КЕ́НАЙ (Kenai),

паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТА́ЎСКІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбуйнейшых у свеце, у Джамбульскай і Паўд.-Казахстанскай абласцях Казахстана. Выцягнуты паласой даўж. 120 км пры шыр. ад 15 да 30 км уздоўж усх. схілу хр. Каратау. Пл. 2,5 тыс. км². Уключае 45 радовішчаў. Агульныя запасы і прагнозныя рэсурсы фасфарытаў 15 млрд. т руды, колькасць фосфарнага ангідрыду P2O5 21—27%. Фасфарыты прымеркаваны да чулактаускай світы ніжняга кембрыю. Распрацоўка з 1946. Здабыча вядзецца адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Жанатас.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЕ́ЙКА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 15 км на Пн ад г. Міёры. Пл. 0,21 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 11,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 2 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, на Пд і Пн больш стромкія. Берагі зліваюцца са схіламі, участкі на ПдЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя. На У выцякае ручай у р. Вята.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙБА,

у беларусаў хадавое пласкадоннае судна з ветразем, завостранымі носам і кармой, без палубы і даху. Вядомы з 15 ст., напачатку — лёгкія ўстойлівыя лодкі. З цягам часу ўдасканалены і павялічаны ў памерах (даўж. 25—30 м, шыр. 4—5 м, грузападымальнасць 24—80 т). З сярэдзіны 19 ст. паступова выцяснялі інш. віды суднаў. Хадзілі на Л. па Зах. Дзвіне, Віліі і ў верхнім цячэнні Дняпра. Шырока выкарыстоўваліся да пач. 20 СТ.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРГЕНІ́,

узвышша на ПдУ еўрапейскай ч. Расіі, у Валгаградскай, Растоўскай абласцях і Калмыкіі. Распасціраецца ад Волгі (у раёне г. Валгаград) да даліны р. Усх. Маныч. Даўж. каля 350 км, шыр. 20—50 км, выш. 160—221 м. Складзена з глін, вапнякоў і пясчанікаў. Усх. схіл стромка (да 70—80 м) абрываецца да Прыкаспійскай нізіны, расчлянёны густой сеткай яроў. Каля падножжа прэснаводныя Сарпінскія азёры. Зах. схіл спадзісты, паступова паніжаецца да даліны р. Дон. Пераважае паўпустынная расліннасць.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНО́САВА ЦЯЧЭ́ННЕ, Экватарыяльнае падпаверхневае супрацьцячэнне,

у Атлантычным ак. Працягласць каля 5000 км. Шыр. ад 370—440 км на З да 185—220 км на У. Макс. скорасць цячэння 3,6 км/гадз у сярэдняй ч. патоку. Рухаецца на У паміж 2° паўд. ш. і 22° паўн, ш. на глыб. ад 50 да 200 м пад Паўднёвым Пасатным цячэннем, якое ідзе на 3. Адкрыта ў 1959 сав. экспедыцыяй на судне «Міхаіл Ламаносаў». Назва ад імя судна.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́ЦКАЯ НІЗІ́НА,

усходняя ч Унутраных раўнін Паўд. Амерыкі ўздоўж рэк Парагвай і Парана. Даўж. з Пн на Пд каля 2300 км. Шыр. да 900 км. Уключае прыродныя вобласці Пантанал, Гран-Чака, Пампа і Міжрэчча. Уяўляе сабой сінеклізу Паўд.-амер. платформы, якая запоўнена магутнай тоўшчай кантынентальных, пераважна кайназойскіх адкладаў. На Пн клімат трапічны, летам вільготны; рэдкалессі і вял. балоты ўздоўж рэк. На Пд клімат трапічны, раўнамерны, вільготны; светлыя лясы, прэрыі і стэп. Земляробства. жывёлагадоўля.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СІЦА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ласіца (цячэ праз возера), за 33 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,46 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 108 км². Схілы катлавіны выш. 11—15 м, пад хмызняком, на У, ПдУ і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. У цэнтры — востраў пл. 0,2 га.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНКАРА́НСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПдУ Каўказа, у Азербайджане, паміж Талышскімі гарамі і Каспійскім м. Шыр. 5—6 км на Пд, 25—30 км на Пн. Нізіна спадзіста нахілена да мора. Складзена з марскіх і рачных адкладаў, на У забалочаная, шмат дробных азёр. Клімат субтрапічны. Зберагліся лясы з каштаналістага дубу, жал. дрэва, гледычый, вольхі. Раён вырошчвання субтрапічных культур (чай, рыс, тунг, тытунь, інжыр і інш.) і шаўкаводства. Каля ўзбярэжжа мора — Гызылагаджскі запаведнік з багатай фаунай птушак.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)