танцава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да танца (танцаў). Танцавальнае мастацтва. □ З рэпрадуктара лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Хор праспяваў .. некалькі народных песень, а потым танцавалі «Лявоніху», «Крыжачок». Большасць было танцавальных нумароў. Сабаленка. // Прызначаны для танцаў. Разгалісты платан купчастым голлем прыкрываў усю танцавальную пляцоўку. Хомчанка.
2. Які мае адносіны да танцора (танцораў), звязаны з навучаннем танцораў. Танцавальная група. Танцавальны ансамбль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. угруз, ‑ла; зак.
Глыбока ўвязнуць (у гразі, снезе і пад.). Марыя выйшла людзям насустрач, саступіла з грудка і раптам правалілася ў багну. Паспрабавала вылазіць і ўгрузла яшчэ глыбей. У яе ўжо не было сілы выцягнуць ногі з балота. Кулакоўскі. // Асесці, уехаць у зямлю. А вось і бацькава хата. Яна як бы трошкі ўгрузла ў зямлю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмакрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Стаць мокрым (звычайна ад поту). Блукалі [хлопчыкі], як мне здалося, вельмі доўга, аж узмакрэлі, калі, нарэшце, нейкім цудам выйшлі проста да смалярні. Ваданосаў. Ад напружанасці ў .. [Кастуся] узмакрэлі далоні, і ад гэтага ён яшчэ больш бянтэжыўся. Гаўрылкін. Але як змерклася, калі ўсе паснулі, Галя дала волю слязам, яна амаль да раніцы прахліпала ў падушку, аж навалачка ўзмакрэла. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усмакта́ць, усмакчу, усмокчаш, усмокча; зак., што.
Увабраць у сябе, паглынуць. У нізінах на лузе жывым срэбрам паблісквае вада: зямля яшчэ яе ўсю не ўсмактала. Сабаленка. // Засмактаць. Гадзіну таму назад нас хацелі затрымаць у лесе нанач зыбучыя пяскі, якія патрапілі ўсмактаць у сябе колы машыны амаль дарэшты. Пестрак. Мокрая зямля ўсмактала ў сябе скрыню, і тая аніяк не паддавалася з месца. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фалангі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Воін фалангі 1 (у 1 знач.).
2. Член фалангі 1 (у 3 знач.). Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі — дзед чытаў Фур’е. Караткевіч.
3. Член фалангі 1 (у 4 знач.). Ва ўсім свеце быў непакой: з Іспаніі ішлі весткі, што фалангісты перамагаюць рэспубліканцаў. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
феерве́рк, ‑у, м.
1. Каляровыя агні ў паветры, якія атрымліваюцца пры спальванні разнастайных парахавых сумесей у час урачыстасцей, свят і пад. У гэты самы момант над паркам усё неба занялася агнямі святочнага феерверку. Сабаленка.
2. перан. Суцэльны паток чаго‑н. Магчыма, каб не такая .. ўсмешка [Славіка], усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў і .. патух. Шамякін.
[Ням. Feuerwerk.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаўпці́ся, ‑пецца; незак.
Разм.
1. Не выходзіць з галавы, пастаянна напамінаць пра сябе. Нейкая мелодыя чаўплася ў галаве і вярцелася на языку. Сабаленка. Вяртаўся дамоў, а надакучлівая думка зноў чаўпецца ў галаве: працуюць.. [Алена і Генка] ці ўжо скончылі? Б. Стральцоў.
2. Рабіцца, адбывацца (пра што‑н. тлумнае, бязладнае). А з дзвярэй вакзала валіў натоўп барадатых і безбародых мужчын, каб паглядзець, што там чаўпецца. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
этыке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Наклейка, ярлык на чым‑н. (тавары, упакоўцы і пад.) з абазначэннем назвы тавару, цаны, сорту і інш. Усцім ласа глядзеў на Андрэя, які ўзяў з Усцімавых рук пляшку і ўголас прачытаў на этыкетцы: «Каньяк». Сабаленка. На карабку.. [Валік] убачыў незнаёмую этыкетку: на зялёным полі белы кружок, а ў гм нейкі малюнак. Жычка.
[Фр. étiquette.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
баравы́, ‑ая, ‑ое.
Які расце або знаходзіцца ў бары. Захісталася сасонка баравая. Багдановіч. Воз скакаў па карэнні, якім была знітавана ўся баравая дарога. Сабаленка. // Уласцівы бору. Песня ўдалеч плыве, Адгукаецца ціш, баравая. Гілевіч. Ходзіць месяц дазорам па цёплай расе, Баравое жыццё аглядае. А. Александровіч. // Багаты на бары. Вясна ўжо настала, прынесла турботы, Узрушыла птушак і край баравы. Ляпёшкін.
•••
І не шум баравы гл. шум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
барахло́, ‑а, н., зб.
1. Разм. Разнастайныя старыя рэчы, дамашні скарб. [Макар:] — Нас толькі што абмундзіравалі. Мы ішлі строем да казармы, дык я от папрасіўся аднесці дадому барахло сваё. Сабаленка. // Непрыгодныя рэчы, старызна, хлам. // Пра што‑н. дробязнае, нязначнае. [Клім:] — Аглоблі робім, драбінкі для калёс, барахло рознае, як кажуць... Галавач.
2. перан. Пра што‑н. дрэннае, паганае. Сляпыя акенцы, пабітае шкло — Не хаты, а так — барахло. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)