ФОТАЛІТАГРА́ФІЯ (ад фота... + літаграфія),

1) спосаб літаграфіі, пры якім друкарскія формы для плоскага друку вырабляюцца на паверхні літаграфскага каменю, метал. або інш. пласціны з дапамогай фотакапіравання, таксама адбітак, атрыманы ад такой формы.

2) У планарнай тэхналогіі — спосаб утварэння на паверхні паўправадніковага крышталя (падложкі) маскі з «вокнамі» пэўнай формы і памераў для далейшага фарміравання элементаў інтэгральных схем і інш. электронных прылад. Ажыццяўляецца фотакапіраваннем відарыса маскі на слой фотарэзіста (покрыўны крышталь), які пасля адпаведнай хім. апрацоўкі (ускрыцця «вокнаў») становіцца такой маскай.

т. 16, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПЕЧ,

плавільная ці награвальная печ, у якой цеплавы эфект дасягаецца з дапамогай электрычнага току. Паводле спосабу пераўтварэння эл. энергіі ў цеплавую існуюць дугавыя печы (у т. л. рудааднаўляльныя печы і плазменна-дугавыя печы), індукцыйныя печы, электронна-прамянёвыя печы, Э.п. супраціўлення (цяпло вылучаецца пры праходжанні эл. току праз праваднік з актыўным электрычным супраціўленнем; бываюць ускоснага дзеяння — эл. ток цячэ праз награвальны элемент і прамога — ідзе непасрэдна па матэрыяле; выкарыстоўваюць пры электрашлакавым пераплаве, тэрмічнай апрацоўцы і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДДЗЯ́,

старажытнае рачное і марское судна ўсх. славян. Шырока бытавала на тэр. Беларусі. Вядома з 7 ст., калі на іх перавозілі грузы па шляху «з варагаў у грэкі». Аднадрэвы човен, найчасцей з дашчанымі набоямі па баках для павелічэння памераў. З 12 ст. мела палубу. Кіравалася рулявымі вёсламі на карме і носе, рухалася з дапамогай грабных вёслаў і ветразя. Вял. Л. змяшчала 40—60 і нават 100 чал. Тэрмін «Л.» выйшаў з ужытку ў 14 ст. ў сувязі са з’яўленнем тэрміна «судна».

Н.​І.​Буракоўская.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЫНТЫЛЯЦЫ́ЙНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

адзін з дэтэктараў ядзерных часціц, асн. элементы якога — сцынтылятар і фотаэлектронны памнажальнік (ФЭП). Для змяншэння страт святла сцынтылятар прыклейваюць да катода ФЭП ці злучаюць з ім з дапамогай святлаводаў.

Зараджаная часціца, што праходзіць праз сцынтылятар, разам з іанізацыяй узбуджае атамы і малекулы рэчыва, якія пры вяртанні ў асн. стан выпрамяняюць фатоны. Фатоны выбіваюць электроны з катода ФЭП, у выніку чаго ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца лічыльнікам. Нейтральныя часціцы (нейтроны, гама-кванты і інш.) рэгіструюцца за кошт другасных зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пры іх узаемадзеянні з атамамі сцынтылятара.

т. 15, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

амартыза́цыя

(с.-лац. amortisatio = аслабленне)

1) паступовае зношванне машын, абсталявання, збудаванняў і перанясенне іх вартасці на прадукцыю;

2) паступовае пагашэнне доўгу асобай або арганізацыяй перыядычнымі ўзносамі;

3) змякчэнне штуршкоў, удараў пры руху машын, пасадцы самалётаў з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),

1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.

2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎСТО́РЫІ (ад лац. haustor чарпальны, паглынальны) у біялогіі, 1) прысоскі, з дапамогай якіх расліны-паразіты высмоктваюць пажыўныя рэчывы з раслін-гаспадароў.

2) Спец. часткі гіфаў паразітычнага фітапатагеннага грыба, што месцяцца ўнутры жывой клеткі расліны-гаспадара і праз якія пажыўныя рэчывы клетак арганізма-гаспадара трапляюць у цела грыба.

3) Шматклетачныя цяжы або асобныя клеткі, якія служаць для высмоктвання пажыўных рэчываў з нуцэлуса і покрыва семязавязі і перамяшчэння іх да зародка і эндасперму пакрытанасенных раслін.

4) Ніжняя частка ножкі імхоў, што ўкараняецца ў тканку гаметафіта.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,

схема радаводу ў выглядзе дрэва; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Імя родапачынальніка змяшчаюць у аснове генеалагічнага дрэва, а на ствале і галінах — імёны, біягр. звесткі, часам партрэты і гербы яго нашчадкаў. Дадатковая інфармацыя даецца з дапамогай колераў: медальёны з імёнамі замужніх жанчын прынята пазначаць ліловым колерам, дзяўчат — сінім, мужчын, якія мелі нашчадкаў, — жоўтым, без нашчадкаў — чырвоным. Жывых членаў роду пазначаюць зялёным колерам. У выглядзе генеалагічнага дрэва падаецца радавод Ісуса Хрыста (у т. л. ў «Псалтыры» 1517 Ф.​Скарыны).

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.

В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЬРОЙТЭР (Kölreuter) Іозеф Готліб (27.4.1733, г. Зульц, Германія — 12.11.1806),

нямецкі батанік. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1755). У 1756—61 у Пецярб. АН (з 1766 ганаровы чл.), у 1763—69 дырэктар бат. саду ў г. Карлсруэ (Германія). Адзін з заснавальнікаў метаду штучнай гібрыдызацыі раслін. Увёў у селекцыйную практыку метад рэцыпрокных (узаемных) скрыжаванняў, адкрыў з’явы гетэрозісу і самастэрыльнасці, апісаў апыленне з дапамогай насякомых, дыхагамію, высветліў ролю нектару, назіраў раздражняльнасць тычынак.

Тв.:

Рус. пер. — Учение о поле и гибридизации растений. М.; Л., 1940.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)