ПЛАЗМО́ДЫЙ (ад плазма + грэч. eidos форма, выгляд),

вегетатыўнае цела слізевікоў, якое мае шмат’ядзерную, пазбаўленую абалонкі пратаплазму, звычайна сеткаватай структуры. Памеры ад некалькіх мм2 да 1,5 м². Здольны да амёбападобнага перамяшчэння з дапамогай псеўдаподый. У фазе росту валодае адмоўным фотатаксісам і станоўчым гідратаксісам (запаўзае ў цёмныя і вільготныя месцы — пад кару, мох і інш.). Спелы П. ператвараецца ў орган споранашэння — эталій.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),

цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв. храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЙСТАСЕ́ЙСТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ (ад грэч. pleistos найбольшы + seistos страсянуты),

вобласць зямной паверхні, у межах якой пры землетрасеннях бываюць макс. разбурэнні. Найчасцей размешчана ў эпіцэнтры ці непадалёку ад яго (напр., плошча П.в. ташкенцкага землетрасення ў 1966 роўна 20 км²). Плошча і форма П.в. залежаць ад інтэнсіўнасці землетрасення, глыбіні гіпацэнтра, характару і кірунку сіл, якія дзейнічаюць у гіпацэнтры, ад геал. будовы мясцовасці і інш.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТЭНХІ́МА (ад грэч. plectos сплецены + enchyma што напаўняе, тут: тканка) несапраўдная тканка грыбоў, утвораная спляценнем гіфаў. Гіфы складаюцца з клетак, якія дзеляцца толькі папярочнымі перагародкамі (у сапраўднай тканцы клеткі дзеляцца ва ўсіх напрамках). З П. фарміруюцца пладовыя целы і некат. вегетатыўныя ўтварэнні грыбоў (напр., склероцыі) для выжывання ў неспрыяльных умовах. У выглядзе П. таксама можа быць грыбная састаўная лішайнікаў — мікабіёнт.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБЛЕ́МА (ад грэч. problema задача, заданне),

у шырокім сэнсе — складаная тэарэт. або практычная задача, якая патрабуе вывучэння, вырашэння; у навуцы — супярэчлівая сітуацыя, якая выступае ў выглядзе процілеглых пазіцый у тлумачэнні якіх-н. з’яў, аб’ектаў, працэсаў і патрабуе адэкватнай тэорыі для яе вырашэння. Фармулюецца ў розных формах лагічнай структуры ведаў: суджэння, пытання, гіпотэзы. Калі П. ставіцца без дастатковай падставы, яна становіцца псеўдапраблемай.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФІЛА́КТЫКА,

(грэч. prophylaktikos засцерагальны) у тэхніцы, мерапрыемствы планава-папераджальнага характару для падтрымкі ў спраўным стане з зададзеным узроўнем надзейнасці тэхн. прыстасаванняў, механізмаў і вырабаў. Заключаецца ў абследаванні вырабу, замене ці рамонце асобных яго дэталей і вузлоў, у чыстцы, змазцы, рэгуліроўцы і інш. Папярэджвае магчымасць нечаканага спынення работы прыстасавання з прычыны зносу яго элементаў, забруджвання эл. кантактаў і інш. Ажыццяўляецца ў прадугледжаныя тэрміны.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАЛТЭ́РЫУМ (ад грэч. psalterium перабіраю струны),

агульная назва старажытных і сярэдневяковых шматструнных шчыпковых інструментаў (пераважна тыпу цытры). Мелі плоскі трох- ці чатырохвугольны, часцей трапецападобны корпус. Гукі здабывалі пальцамі ці плектрам. П. — інструменты ўсх. паходжання: канун у арабаў, сантур у персаў і інш. У Еўропе П. выйшаў з ужытку ў канцы 16 ст. Сучасныя інструменты, роднасныя П., — гуслі, цымбалы, кантэле і інш.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕРО́ЙД (ад лац. ruber чырвоны + грэч. eidos выгляд),

рулонны дахавы і гідраізаляцыйны матэрыял. Робіцца з дахавага кардону, які насычаецца мяккімі нафтавымі бітумамі і пакрываецца цяжкаплаўкімі бітумамі з напаўняльнікамі. З аднаго боку Р. пакрываюць дробнай ці пылападобнай мінер. пасыпкай, з другога — буйназярністай ці лускаватай. Мае высокую эластычнасць, трываласць, воданепранікальнасць. Мацуецца на даху гарачымі ці халоднымі масцікамі. На Беларусі Р. вырабляе Асіповіцкі кардонна-руберойдавы завод.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМБ (англ. rhumb, ад грэч. rhombos юла, кругавы рух, ромб),

напрамак да пунктаў бачнага гарызонту адносна кірункаў свету або вугал паміж двума такімі напрамкамі. У геадэзіі — вугал паміж мерыдыянам і дадзеным напрамкам, які адлічваецца ад мерыдыяна ў 2 бакі ад 0 да 90°. У марской навігацыі — мера вугла акружнасці гарызонту, падзеленага на 32 Р. (у метэаралогіі — на 16).

Адлік румба ў геадэзіі.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ана́фема царк.; ст.-рус. анаѳема, анатема праз ст.-слав. з грэч. ἀνάθεμα (Фасмер, 1, 77; Рудніцкі, 1, 23). Пераход значэння ад ’пракляцця (царкоўнага)’ да ’пракляты чалавек’ (анахимъ, анахима, анахимикаНас. 6) вядомы ўжо Бярындзе, 176. Форма з ‑х‑ замест грэч. ‑θ‑ узнікла ў выніку фанетычнай субстытуцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)