РАМАНЕ́НКА (Пракоп) (Пётр) Логвінавіч (25.2.1897, хутар Раманенкі Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.3.1949),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-палк. (1944). Скончыў ваен.акадэміі імя Фрунзе (1933), Генштаба (1948). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік войнаў: 1-й сусв., грамадз. 1918—20, у Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Зах., Бранскім, Паўд.-Зах., 1-м Бел. франтах: камандуючы арміямі, нам. камандуючага фронтам. У час вызвалення Беларусі камандуючы 48-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Бабруйскай аперацыі 1944, Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1945—47 камандуючы Усх.-Сібірскай ваен. акругай. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТШТЭ́ЙН (Фёдар Аронавіч) (26.2.1871, г. Каўнас, Літва — 30.8.1953),
савецкі гісторык, дыпламат.Акад.АНСССР (1939). У 1890—1920 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. З 1895 чл.англ.С.-д. федэрацыі, з 1911 адзін з лідэраў левага крыла Брыт.сацыяліст. партыі. Удзельнічаў у стварэнні кампартыі Вялікабрытаніі (1920). У 1920—23 паўнамоцны прадстаўнік РСФСР у Іране. У 1922—26 правадз.чл. Сацыялістычнай (з 1924 — Камуніст.) акадэміі. У 1923—30 адказны рэд.час. «Международная жизнь». У 1924—25 дырэктар Ін-та сусв. гаспадаркі і сусв. палітыкі. У 1927—45 чл.гал. рэдакцыі Вял.Сав. Энцыклапедыі. Працы па гісторыі рабочага руху, каланіяльнай палітыкі і міжнар. адносін: «З гісторыі пруска-германскай імперыі» (1948), «Захоп і закабаленне Егіпта» (2-е выд. 1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЯЎЛЕ́ВІЧ (Яўлевіч) Ігнацій
(26.9.1619, г. Магілёў — каля 1686),
бел. педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царк. дзеяч. Першапачатковую адукацыю атрымаў у г. Шклоў. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча). Працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам гэтай калегіі С.Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адкрыта ў 1640). У 1647 пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, Ярославе (у Галіцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш. З 1655 у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага манастыра, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. З 1660 таксама архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. Апекаваўся мясц. паэтамі Ф.Утчыцкім і Сімяонам Полацкім, падтрымліваў прыязныя адносіны з рус.дзярж. і культ дзеячамі Ф.Рцішчавым і А.Ардын-Нашчокіным. У час прыезду ў Полацк цара Аляксея Міхайлавіча (1656) выступіў з прамовай. Удзельнік Маскоўскага царк. сабора 1660 па справе патрыярха Нікана. Апошнія звесткі пра І. ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студз.—сак. 1686. З літ. спадчыны І. дайшла яго аўтабіягр. запіска (на польск. мове, апубл. С.Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гар. адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культ. і пед. узаемасувязі бел. і ўкр. народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэліг. і паліт. падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі І. яскрава выяўлены рысы сілабізму.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С 363—364.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ (Максім Нічыпаравіч) (6.8.1787, г. Пскоў, Расія — 29.8.1855),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1798—1809) і выкладаў у ёй (праф. з 1823). У складзе рус. арміі быў у Германіі і Францыі (1813—14), вандраваў па Б. Усходзе (1820—21), па Балканах (1828) і Італіі (1844—45). Некаторыя карціны пісаў па пуцявых замалёўках. Выканаў шэраг відаў Пецярбурга і Масквы. Дакладнасць арх. перспектывы спалучаў з узнёсла-эмацыянальным успрыманнем прыроды, выкарыстаннем разнастайных эфектаў асвятлення («Від на Маскоўскі Крэмль», 1815, «Восеньская ноч у Пецярбургу», «Узбярэжжа Нявы са сфінксамі каля Акадэміі мастацтваў», абедзве 1835, «Алея ў Альбана», 1845, і інш.). У яго пейзажах упершыню ў рус. мастацтве з’явіліся рысы рамант. бачання вобраза.
М.Вараб’ёў. Алея ў Альбана. 1845. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКШТЫНО́ВІЧ (Міхаіл Фаміч) (1892, в. Жомайдзь Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1950),
савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945). Скончыў Віленскае камерцыйнае вучылішча (1912), Ташкенцкую школу прапаршчыкаў (1916), курсы «Выстрал» (1924) і ўдасканалення вышэйшага камсаставу пры Ваен.акадэміі імя Фрунзе (1927, 1931). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—23 ваяваў на Усх. фронце, супраць басмачоў у Ферганскай вобл. У 1924—25 нач. Ташкенцкай ваен. школы, з 1931 нам. камандзіра, камандзір дывізіі, корпуса. У Вял.Айч. вайну на Калінінскім, 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах; часці і злучэнні пад яго камандаваннем вызначыліся ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай (1945) аперацыях. Пасля вайны ў Генштабе Узбр. Сіл СССР. Яго імем названа вуліца ў г. Валожын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл.Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ (Аляксей Інакенцьевіч) (27.9.1896, г. Гродна — 18.6.1962),
ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Скончыў ваен.акадэміі імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1937). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 на выкладчыцкай рабоце. У Вял.Айч. вайну са жн. 1941 нач. штаба Паўд., Паўн.-Каўказскага і Закаўказскага франтоў, Чарнаморскай групы войскаў. З 1942 1-ы нам.нач. Генштаба і нач. Аператыўнага ўпраўлення, удзельнік распрацоўкі плана Беларускай аперацыі 1944, інш. важных аперацый. З лют. 1945 нач. Генштаба, удзельнік Крымскай і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцый. У 1946—48 і з 1954 1-ы нам.нач. Генштаба, з 1955 адначасова нач. Штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага Дагавора. Дэп. ВС СССР з 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел.акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. Вайны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Пампей Мікалаевіч) (26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),
рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.
Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І.Пятрова, М.І.Гарадзецкага і І.І.Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).