ГАЎДЗІ́, Гаўдзі-і-Карнет (Gaudi y Cornet) Антоніо (25.6.1852, г. Рэўс, Іспанія — 10.6.1926), іспанскі архітэктар. З 1868 жыў у Барселоне, вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе архітэктуры. У яго мудрагелістых па форме пабудовах (пераважна ў Барселоне) — у царкве Саграда Фамілія (1884—1926, не закончана), дзе ў містычным духу пераасэнсавана кампазіцыя гатычнага сабора, і ў дамах стылю мадэрн (Каса Батло, 1904—07; Каса Міла, 1905—10) пластычна сагнутыя аб’ёмы і смелыя канструкцыйныя новаўвядзенні (парабалічныя аркі, нахіленыя апоры, палегчаныя скляпенні) ствараюць уражанне фантастычных, быццам вылепленых ад рукі арганічных крывалінейных формаў.
А.Гаўдзі. Жылы дом Каса Батло ў Барселоне. 1904—07.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБЕ́ЛА (Isabel; 22.4.1451, г. Мадрыгал-дэ-лас-Альтас-Торэс, Іспанія — 26.11.1504),
каралева Кастыліі з 1474, каралева Іспаніі з 1479—1504. Дачка караля Хуана II. Шлюб І. ў 1469 з Фердынандам (з 1479 кароль Арагона) прывёў да дынастычнай уніі Кастыліі з Арагонам і фактычнага аб’яднання Іспаніі. У гады яе праўлення буйныя феадалы страцілі паліт. самастойнасць, картэсы — былое значэнне, абмежаваны правы гар. камун; паліт. лад у Іспаніі наблізіўся да абс. манархіі. Пры І. завершана Рэканкіста, праводзіліся экспедыцыі Х.Калумба. Рэліг. палітыка І. вызначалася фанатызмам і нецярпімасцю (заснаванне інквізіцыі ў 1480, выгнанне іудзеяў у 1492 і арабаў-мусульман у 1502 і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІЕТЫ́ЗМ (франц. quiétisme ад лац. quietus спакойны, ціхамірны),
рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе містычна-пасіўныя адносіны да свету, абыякавасць да ўласнага выратавання, безумоўнае падпарадкаванне божай волі. Узнік у канцы 17 ст. як апазіцыйнае вучэнне ўнутры каталіцызму. Уяўляе сабой асаблівую разнавіднасць фаталізму і маральнага нігілізму. Афіц. кіраўніцтва каталіцкай царквы асуджала К., а яго 68 палажэнняў былі аб’яўлены ерассю. Асн. яго прадстаўнікі М.Малінас (Іспанія) і Ж.-М.Гюён (Францыя) правялі частку свайго жыцця ў зняволенні. Ідэі бяздзейнасці і абыякавасці да пакут развіў у сваім вучэнні А.Шапенгаўэр. У пераносным сэнсе К. — пасіўнасць, непраціўленне, бяздзейнасць, сузіральніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ВІЧ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 28.7.1961, г. Гродна),
бел. спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Беларусі (1992). Скончыў Гродзенскі ун-т (1983). З 1997 трэнер абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і XXV (1992, г. Барселона, Іспанія) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1987, г. Острава, Чэхаславакія; 1989, Афіны; 1991, г. Донаўэшынген, Германія; 1994, г. Стамбул, Турцыя) і сярэбраны прызёр (1983, Масква) чэмпіянатаў свету. Чэмпіён Еўропы (1989—90). Чэмпіён СССР (1983, 1989, 1991—92). 12-разовы рэкардсмен свету (1983—84, 1987, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАЧ (Марына Вікенцьеўна) (н. 26.6. 1970, г. Смалявічы Мінскай вобл),
бел. спартсменка (маст. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1988). Суддзя міжнар. катэгорыі (1991). Скончыла Бел.ін-тфіз. культуры і спорту (1991). З 1994 трэнер-харэограф Рэсп. вучылішча алімп. рэзерву. Абс. чэмпіёнка Алімп. гульняў па маст. гімнастыцы (1988, Сеул). Чэмпіёнка свету (1987, г. Варна, Балгарыя; сярэбраны прызёр у 1985, г. Вальядалід, Іспанія), Еўропы (1988, Хельсінкі; сярэбраны прызёр у асобных відах практыкаванняў), СССР (1985, 1987—88), IX летняй Спартакіяды народаў СССР (1986) у асобных відах практыкаванняў. Уладальніца Кубка СССР (1985, 1987, 1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЕ́ЙКАУ (Аляксандр Анатолевіч) (н. 26.7.1971, г. Магілёў),
бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1992). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1994). Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія) на каноэ-двойцы. Чэмпіён свету (1987 сярод юніёраў на каноэ-чацвёрцы; 1989, 1994 на каноэ-двойцы; 1997 на каноэ-чацвёрцы). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997 на каноэ-адзіночцы). Чэмпіён СССР на каноэ-двойцы (1989, 1991), СНГ (1992), сярэбраны прызёр (1990). На каноэ-двойцы выступаў у пары з Дз.Даўгалёнкам. З 1999 спартсмен-інструктар нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ДА-І-РУ́ІС ((Machado y Ruiz) Антоніо) (26.5.1875, г. Севілья, Іспанія — 21.2.1939),
іспанскі паэт.Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1927). Вучыўся ў Свабодным ін-це асветы ў Мадрыдзе. Аўтар паэт. зб-каў «Тамленні» (1903), «Палі Кастыліі» (1912), у т. л. паэмы ў манеры нар. раманса «Зямля Альваргансалеса», п’ес у вершах («Дон Хуан дэ Маньяра», 1927; «Алеандры», 1930, і інш., усе з А.Мачада-і-Руісам), эсэ, артыкулаў. Яго паэзія адметная гуманізмам і грамадзянскасцю. На бел. мову асобныя вершы М. пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1975.
Літ.:
Григорьев В.П. Антонио Мачадо (1875—1939). М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСНІКО́Ў (Віктар Мікалаевіч) (н. 3.9.1948, г. Чыстапаль, Татарстан, Расія),
бел. спартсмен і трэнер (лёгкая атлетыка, бар’ерны бег). Майстар спорту СССРміжнар. класа (1972). Засл. трэнер Беларусі (1991). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1973). З 1973 на трэнерскай рабоце. Чэмпіён Еўропы ў закрытым памяшканні (1976, г. Мюнхен, Германія), сярэбраны прызёр зімовага чэмпіянату Еўропы (1977, г. Сан-Себасцьян, Іспанія) у бегу на 60 м з бар’ерамі. Чэмпіён СССР у бегу на 60 м з бар’ерамі ў закрытым памяшканні (1972, 1974, 1975, 1976, 1980), у бегу на 110 м з бар’ерамі (1972, 1974, 1975, 1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1814,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 6-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй і Прусіяй) з аднаго боку і пераможанай Францыяй з другога, падпісаны 30 мая ў Парыжы. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор захоўваў за Францыяй тэрыторыю ў межах на 1.1.1792. Лёс тэрыторый, якія адыходзілі ад Францыі, падлягаў вырашэнню на міжнар. кангрэсе (гл.Венскі кангрэс 1814—15). Дагавор прадугледжваў аднаўленне незалежнасці Галандыі, Швейцарыі, герм. княстваў і італьян. дзяржаў (акрамя зямель, што адыходзілі да Аўстрыі). Абвяшчалася свабода суднаходства па рэках Рэйн і Шэльда. Францыі вярталася б.ч.калан. уладанняў, страчаных ёю ў час Напалеонаўскіх войнаў.