ІАА́Н III Дука Ватац
(Iōannēs; 1193, Дыдымотыка, цяпер Дымотыка, Грэцыя — 3.11.1254),
імператар Нікейскай імперыі [1222—54], Значна пашырыў тэр. сваёй дзяржавы: адваяваў у лацінян амаль усе ўладанні ў М. Азіі, а-вы Самас, Лесбас і інш., у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі, у 1252 зрабіў сваім васалам правіцеля Эпіра. Спрыяў эканам. развіццю і інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў. Пры ім узмацнілася свабоднае сялянства. Апекаваўся навукамі і мастацтвамі, імкнуўся да адраджэння элінскай культуры. Нікейская імперыя ў гэты час стала самай моцнай дзяржавай у бас. Эгейскага мора.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),
турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).
т. 10, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́НКЕН ((Oncken) Герман) (16.11.1869, г. Ольдэнбург, Германія — 28.12.1945),
нямецкі гісторык. Праф. новай гісторыі Чыкагскага (ЗША, 1905—06), Гісенскага (1906), Гайдэльбергскага (з 1907), Мюнхенскага (з 1923) і Берлінскага (з 1928) ун-таў. У сваіх гіст. поглядах прытрымліваўся ідэй Л. фон Ранке. У 1935 звольнены з пасады нацыстамі. Аўтар прац «Ласаль» (1904), «Рудольф Бенігсен» (т. 1—2, 1910), «Рэйнская палітыка імператара Напалеона III, 1863—70» (т. 1—3, 1926), «Германская імперыя і перадгісторыя сусветнай вайны» (т. 1—2, 1933), «Кромвель», «Нацыя і гісторыя: Прамовы і артыкулы, 1919—1935» (абедзве 1935) і інш.
т. 11, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»
(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),
экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст. — пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл. Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).
Літ.:
Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;
«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг. М., 1977.
т. 6, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ МАГО́ЛЫ,
дынастыя правіцеляў у Індыі ў 1526—1858. Засн. Бабурам
[1526—30],
які паходзіў з Магалістана (адсюль назва «Маголы», Вялікімі Маголамі іх называлі еўрап. падарожнікі 17 ст.) і ўтварыў дзяржаву Магольская імперыя. Найб. значныя прадстаўнікі: Акбар [1556—1605], Джахангір [1605—27], Шах-Джахан [1627—58], Аўрангзеб [1658—1707]. Дзяржава Вялікіх Маголаў была цэнтралізаванай феад. манархіяй. У 17 ст. займала б.ч. Індыі і Паўд.-Усх. Афганістан. Пасля смерці Аўрангзеба (1707) распалася на шэраг асобных дзяржаў, і Вялікія Маголы валодалі фактычна толькі г. Дэлі і суседнімі раёнамі. У 1803 Дэлі захапілі англічане. Фармальна Вялікімі Маголамі лічыліся правіцелямі Індыі да скасавання дынастыі ў 1858 англ. ўладамі.
т. 4, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАКХА́ЛЕ (Гапал Крышна) (9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),
дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл. заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр. заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКІТА́ЯЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава (імперыя) у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (тэр. сучасных Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, часткова Афганістана, Казахстана і Кітая) каля 1140—1213. Сталіца — г. Хусыардо (Баласагун; цяпер тэр. Кыргызстана). Заснавальнік — Елюй Дашы з роду правіцеляў разгромленай чжурчжэнямі ў 1125 імперыі кіданяў, якіх сярэдневяковыя аўтары называлі каракітаямі (адсюль назва дзяржавы). У 1140—41 ён на чале кіданяў і воінаў інш. плямён заваяваў увесь Туркестан і абвясціў сябе імператарам (гурханам). Гурханы чаканілі ўласную манету, збіралі падаткі і даніну з васальных дзяржаў (Харэзм і інш.). Распалася пасля паланення ў 1211 збеглым ад манголаў племем найманаў апошняга гурхана (п. у 1213). У 1218—21 тэр. былой К. дз. заваявана Чынгісханам.
т. 8, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫО ((Berio) Лучана) (н. 24.10.1925, г. Імперыя, Італія),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Дж.Ф.Гедыні, у Л.Далапікалы (у Танглвудзе, ЗША). Арганізатар (з Б.Мадэрна) «Студыі фаналогіі» ў Мілане (1955). У 1965—71 выкладаў у Джульярдскай муз. школе ў Нью-Йорку. З 1976 маст. кіраўнік Рымскай філарманічнай акадэміі. Творчасць звязана з рознымі авангардысцкімі кірункамі: пошукамі новага акустычнага асяроддзя і муз. тэкстуры, выкарыстаннем электроннай музыкі, санарыстыкі, серыйнай тэхнікі і інш. Сярод твораў: сцэнічныя — «Опера» (1970), «Праўдзівая гісторыя» (1982); сімфонія для 8 галасоў і арк. (1968); вак.-інструментальныя — «Перспектывы» (1956), «Траекторыі» (1—4, 1965—75), «Знайсці пункты на крывой...» (1974); арк. п’есы; цыкл «Песні народаў свету» для голасу і арк.; камерна-інстр. ансамблі.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце I
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах. ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
т. 5, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́НІ, кітаі,
саюз манголамоўных плямён, якія ў сярэднія вякі качавалі на тэр. Манголіі і Маньчжурыі. Вядомы з 4 ст. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, рэлігія — шаманізм. У 907 К. ўзначаліў Елюй Абаоцзы, які заснаваў імперыю Ляо (916—1125). У 926 К. заваявалі дзяржаву Бахай, пазней пакарылі Паўн. Кітай і дзяржаву чжурчжэняў. Развіваліся горадабудаўніцтва, рамёствы, навука, л-ра, вынайдзены пісьменнасць і кнігадрукаванне (ксілаграфія). У пач. 12 ст. імперыя Ляо разгромлена чжурчжэнямі і ў 1125 спыніла існаванне. Частка К. на чале з Елюй Дашы ў 1124 адкачавала ва ўсх. Туркестан і Сярэднюю Азію, дзе стварыла Каракітаяў дзяржаву.
Літ.:
Е Лун-ли. История государства киданей: Пер. с кит. М., 1979;
Пиков Г.Г. Западные кидани. Новосибирск, 1989.
т. 8, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)