ВАЛЕ́НТНАЯ ЗО́НА,
энергетычная вобласць дазволеных электронных станаў у цвёрдым целе. Пры т-ры абсалютнага нуля цалкам запоўнена валентнымі электронамі (гл. Зонная тэорыя). Пад уплывам цеплавога руху, знешніх уздзеянняў (асвятленне, апрамяненне, увядзенне прымесяў і інш.) невял. частка электронаў пераходзіць з валентнай зоны ў зону праводнасці ці на прымесныя ўзроўні ў забароненай зоне. У выніку ў валентнай зоне з’яўляюцца незапоўненыя электронныя станы (дзіркі) і электроны валентнай зоны могуць удзельнічаць у электраправоднасці.
т. 3, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,
тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.
т. 11, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эксіто́н
[ад лац. excitare = узбуджаць + (электр)он]
узбуджаны стан сістэмы электронаў у паўправадніках і дыэлектрыках, звязаны з утварэннем пары электрон — дзірка.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АКСІДАРЭДУКТА́ЗЫ,
клас ферментаў, якія каталізуюць акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Трапляюцца ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў забеспячэнні іх энергіяй. У залежнасці ад характару акісляльнай групы аксідарэдуктазы падзяляюць на падкласы, якія дзейнічаюць на спіртавую, альдэгідную або кетонную, этыльную і інш. групы. Акцэптарамі электронаў і пратонаў з’яўляюцца НАД, НАФД, цытахромы, хіноны і інш. злучэнні. Вядома больш за 200 аксідарэдуктазаў, найбольш значныя: дэгідрагеназы (пераносяць вадарод і электроны пры дыханні і фотасінтэзе), аксідазы, пераксідазы, гідраксідазы, аксігеназы.
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА ПРАВО́ДНАСЦІ,
часткова запоўненая або пустая (пры абсалютным нулі т-ры) энергетычная зона ў электронным спектры крышт. цвёрдага цела (гл. Зонная тэорыя). Электроны, што знаходзяцца ў З.п., разам з дзіркамі валентнай зоны вызначаюць электраправоднасць і ўдзельнічаюць у інш. працэсах пераносу ў цвёрдых целах. Наяўнасць электронаў у З.п. пры т-ры абс. нуля адрознівае металы ад паўправаднікоў і дыэлектрыкаў. У некат. цвёрдых цел З.п. можа перакрывацца (паўметалы) або судакранацца (бясшчылінныя паўправаднікі) з валентнай зонай.
т. 7, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЦМАНА СТАТЫ́СТЫКА,
раздзел статыстычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм неўзаемадзейных часціц (электронаў, атамаў, малекул), што рухаюцца паводле законаў класічнай механікі.
Распрацавана ў 2-й пал. 19 ст. Дж.К.Максвелам і Л.Больцманам. Ва ўмовах цеплавой раўнавагі стан ідэальнага газу апісваецца функцыяй размеркавання 𝑓 = Cexp(-E/kT), дзе C — нарміровачная канстанта, E — поўная мех. энергія (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергія часціцы), k — Больцмана пастаянная, T — абс. тэмпература. Функцыя 𝑓 наз. размеркаваннем Максвела—Больцмана, з якога вынікае закон раўнамернага размеркавання кінетычнай энергіі па ступенях свабоды малекул: на кожную ступень свабоды прыпадае ў сярэднім энергія 1/2 kT. Больцмана статыстыкай карыстаюцца ў тых выпадках, калі квантавыя эфекты ў руху часціц можна не ўлічваць. Крытэрый яе дастасавальнасці (2ΠmkT)3/2/nh>1, дзе m — маса часціцы, n — канцэнтрацыя часціц, h — Планка пастаянная. Гэты крытэрый практычна выконваецца для малекул звычайных газаў і электронаў праводнасці ў паўправадніках. Для мікрачасціц Больцмана статыстыка недакладная і заменьваецца статыстыкай Бозе—Эйнштэйна або Фермі—Дзірака (гл. Квантавая статыстыка).
Больцмана статыстыка шырока карыстаецца ў кінетычнай тэорыі газаў, фізіцы паўправаднікоў, фізіцы плазмы, тэорыі эл. і магн. з’яў у рэчыве і інш. галінах фізікі.
В.І.Кузьміч.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,
з’ява скачкападобнага знікнення эл. супраціўлення ў некаторых праводзячых матэрыялах пры ахаладжэнні іх ніжэй за т.зв. крытычную тэмпературу. Адкрыта нідэрл. фізікам Г.Камерлінг-Онесам (1911).
Крытычныя т-ры Tk традыцыйных звышправаднікоў знаходзяцца ў інтэрвале 0,1—23 К. Вынікам адсутнасці супраціўлення з’яўляецца існаванне незатухальных токаў: у замкнутым току, наведзеным у кольцы са звышправадніка, доўгі час адсутнічаюць прыкметы затухання. З. суправаджаецца ідэальным дыямагнетызмам: магн. поле не пранікае ў тоўшчу звышправадніка, калі напружанасць поля не перавышае некаторае крытычнае значэнне (эфект Майснера). Адваротны пераход са звышправоднага стану ў нармальны (з канечным значэннем эл. супраціўлення) адбываецца пры павелічэнні т-ры або пры накладанні магутнага магн. поля. З. абумоўлена звышцякучасцю электронаў праводнасці, якая ўзнікае пры нізкіх т-рах дзякуючы ўтварэнню звязаных пар электронаў з процілеглымі спінамі — купераўскіх пар. Такія пары маюць нулявы спін і падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Пры T<Tk адбываецца т.зв. бозе-кандэнсацыя купераўскіх пар. Гл. таксама Высокатэмпературная звышправоднасць, Купера эфект.
Літ.:
Буккель В. Сверхпроводимость: Пер. с нем. М., 1975;
Вонсовский С.В., Изюмов Ю.А., Курмаев Э.З. Сверхпроводимость переходных металлов, их сплавов и соединений. М., 1977;
Дмитренко И.М. В мире сверхпроводимости. Киев, 1981.
Л.І.Камароў.
т. 7, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАА́ТАМ,
атам, у якім адзін з электронаў абалонкі заменены адмоўнымі мюонам (μ–) ці адронам (π–-, K−-мезонамі ці інш.). Існаванне М. прадказаў амер. фізік Дж.Уілер у 1949 (эксперыментальна даказана ў 1970).
Утвараюцца пры тармажэнні пучкоў зараджаных часціц у рэчыве і захопе іх кулонаўскім полем ядра на мезаатамныя ўзроўні энергіі. Пры гэтым М. знаходзіцца ў высокаўзбуджаным стане, з якога ён пераходзіць у асн. стан з выпрамяненнем гама-квантаў або электронаў. У М. мезоны знаходзяцца ў сотні разоў бліжэй да ядра, чым электроны, напр., радыус бліжэйшай да ядра арбіты μ– у М. свінцу амаль удвая меншы за радыус ядра, г. зн., што ў такім М. μ асн. частку часу праводзіць унутры ядра атама. Найб. вывучаны М., якія складаюцца з пратона і μ-, π–- ці K−-мезона. Такія М. могуць пранікаць унутр электронных абалонак атамаў, набліжацца да іх ядраў і выклікаць шматлікія працэсы: утварэнне мезамалекул, каталіз ядз. рэакцый, перахоп мезонаў ядрамі інш. атамаў. Спецыфіка захопу і выпрамянення мезонаў дазваляе вывучаць хім. структуру малекул, памеры і форму ядраў, размеркаванне пратонаў і нейтронаў у ядрах.
Літ.:
Ким Е.М. Мезонные атомы и ядерная структура: Пер. с англ. М., 1975.
С.Сацункевіч.
т. 10, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
катодалюмінесцэ́нцыя
(ад катод + люмінесцэнцыя)
свячэнне рэчыва (люмінафораў) пад дзеяннем катодных прамянёў (струменю электронаў ад катода); выкарыстоўваецца ў асцылографах, тэлевізійных трубках і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
шрот-эфе́кт
(ад шрот + эфект)
невялікія выпадковыя ваганні электрычнага току ў электронных лямпах, якія ўзнікаюць у выніку нераўнамернасці выпускання электронаў напаленым катодам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)