гло́булы

(лац. globulus = шарык)

1) астр. невялікія цёмныя ўтварэнні ўнутры светлых туманнасцей Млечнага шляху;

2) хім. калоідныя часцінкі сферычнай формы або макрамалекулы, згорнутыя ў клубок.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

і́нахадзь, ‑і, ж.

Адзін са спосабаў конскага бегу, пры якім конь адначасова выкідвае і апускае то абедзве правыя нагі, то абедзве левыя. Коні шпаркай інахаддзю прамчаліся па матава-зялёным лузе, пакінуўшы на роснай траве дзве цёмныя дарожкі, пераплылі з ходу рэчку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., што.

1. Зрабіць белым, пакрыўшы бяліламі, мелам і пад. Забяліць цёмныя палосы. // Зрабіць белым, пакрыўшы сабой. Першая пароша забяліла прасторы. Сабаленка.

2. Прыправіць страву малаком, смятанай. Забяліць булён. □ — Капуста посная. Пачакай, я смятанаю забялю ды малака прынясу. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНТАЦЭ́РАС (Anthoceros),

род антацэротавых імхоў сям. антацэротавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некаторыя ва ўмераных шыротах. На Беларусі на аблогах, каля дарог, па канавах, берагах рэк трапляецца антацэрас кропкавы (A. punctatus).

Слаявіна цёмна-зялёная, разеткападобная, дыям. 2—5 см, шчыльна прылягае да субстрату, з рассечанымі лопасцепадобнымі вырастамі, унізе з слізевымі поласцямі, якія пазней запаўняюцца калоніямі водарасцяў з роду насток. Прымацоўваецца да субстрату аднаклетачнымі рызоідамі. Спарагон цыліндрычны, з калонкай і стэрыльнымі ніткамі (элатэрамі), якія служаць для разрыхлення спораў, прамастойны, даўж. 1—10 см, зялёны, потым бурэе і раскрываецца на 2 створкі. Споры тэтраэдрычныя, цёмныя, з шчытападобнымі вырастамі. Спараносіць летам і ўвосень.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Антацэрас кропкавы.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАЗУ́Б (Rutilus frisii),

рыба сям. карпавых падатр. карпападобных. Пашыраны ў бас. Чорнага і Азоўскага мораў, у Каспійскім м. (пераважна паўд. ч.) жыве падвід выразуба — кутум (Rutilus frisii kutum). Паўпрахадны від. На Беларусі трапляўся ў Дняпры і буйных яго прытоках да 1940-х г.

Даўж. цела да 75 см, маса да 8 кг. Будовай цела падобны на плотку, адрозніваецца большымі памерамі, хваставым плаўніком, дробнай луской. Спіна цёмная з зеленаватым адценнем, бакі светла-серабрыстыя, бруха белае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія шараватыя. Пасля нерасту ў рэках вяртаецца ў мора, маляўкі жывуць у рацэ да восені. Моладзь корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, дарослыя — пераважна малюскамі. Прамысл. від.

Выразуб.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮРЗА́ (Vipera lebetina),

змяя сям. гадзюкавых. Пашырана ў Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на некат. астравах Міжземнага м. Жыве ў сухіх перадгор’ях, цяснінах, па схілах гор і далінах рэк, у вінаградніках, садах. Падвід (V.l. schweizeri), які жыве на а-вах Эгейскага м., занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 1,6 м. Афарбоўка зверху шаравата-пясчаная або карычнявата-чырвоная, уздоўж спіны папярочна выцягнутыя цёмна-бурыя або аранжавыя плямы. Па баках цела больш дробныя цёмныя плямы. Галава аднатонная. Бруха светлае, у дробных цёмных плямках. Яйцажывародная, адкладвае да 43 яец. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, дробнымі птушкамі. Укус гюрзы можа быць смяротным. Яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

Гюрза.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЯЕ́Д (Circaetus gallicus або С. ferox),

птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўд.-Зах. Сібіры, Паўн. Манголіі. Жыве ў мясцінах, дзе лясныя масівы перамяжоўваюцца адкрытымі прасторамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, пераважна на Палессі і Паазер’і; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 73 см, маса да 2 кг, размах крылаў да 1,95 м. Зверху шаравата-буры, знізу — белы з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Гнёзды на высокіх дрэвах, скалах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна змеямі (адсюль назва), вужамі, яшчаркамі, жабамі. Зімуе ў Паўд.-Зах. Азіі, Афрыцы.

Змеяед.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picus viridis),

птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на Палессі; занесены ў Чырв. кнігу. Нар. назвы зялёная жаўна, жаўна.

Даўж. да 37 см, маса да 250 г. Афарбоўка жаўтавата-зеленаватая. спіна ярка-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Ад дзюбы па баках галавы і шыі ідуць чорныя «вусы», у самцоў яны з чырвонымі стракацінамі. Брушка бледна-зеленаватае, зрэдку з цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя. Гнёзды ў дуплах дрэў. Нясе 5—9 яец. Корміцца мурашкамі, жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш.

Зялёны дзяцел.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАВІЦЫПІТА́ЛЬНЫЯ, спарыннёвыя (Clavicipitales),

парадак сумчатых грыбоў. 23 роды. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі каля 10 відаў з родаў клавіцэпс, кордыцэпс, эпіхлёэ і інш. Паразітуюць на кветкавых раслінах, пераважна злакавых і асаковых, а таксама на грыбах, насякомых, павуках, некат. — на глебе або драўніне.

Стромы цёмныя ці светлыя, распасцёртыя або галоўчатыя, дыферэнцыраваны на стэрыльную ножку і расшыраную ч. з пладовымі целамі (перытэцыі) выш. ад 1—2 мм да 10—15 (30) см. Перытэцыі паглыблены ў строму ці знаходзяцца на яе паверхні. Сумкі цыліндрычныя, маюць 8 ніткападобных спор з папярочнымі перагародкамі. Спелыя споры выкідваюцца з сумкі праз пору. У цыкле развіцця ёсць сумчатая і канідыяльная стадыі.

С.​І.​Бельская.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДАЖЭ́РКІ (Laspeyresiini),

трыба (шэраг родаў) матылёў сям. ліставёртак. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, асабліва шматлікія ў лясах Еўразіі. Многія віды — шкоднікі. На Беларусі каля 30 відаў; найб. шкодныя слівавая пладажэрка, яблыневая пладажэрка, П. арэхавыя (Laspeyresia amplana, L. splendana), гарохавая (L. nigricana), гарошкавая (Grapholitha dorsana).

Размах крылаў да 25 мм; пярэднія цёмныя са стракатым малюнкам, заднія больш светлыя, аднатонныя. Вусені ад чырванавата-ружовага да светлага колеру, з цёмнай галавой; развіваюцца ў пладах (адсюль назва), насенні, кары, парастках і каранях раслін. Часам да П. адносяць матылёў трыбы кахіліны, асобныя віды агнёвак і некат. інш. матылёў.

С.​Л.​Максімава.

Пладажэрка гарохавая: 1 — імага; 2 — вусень; 3 — пашкоджаная расліна.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)