СТАШЭ́ЎСКІ Аляксандр Восіпавіч (Сташэўскі-Стасевіч; 24.3.1889, в. Думічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.12.1938),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Мінскі Бел. пед. ін-т (1920). У 1911—14 выкладаў у Рэчыцкім прыходскім вучылішчы. З 1916 у рас. арміі. З 1918 удзельнік бел. нац. руху, чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». Удзельнік антыпольскага падп. і партыз. руху на Міншчыне, у студз. 1920 адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай камуністычнай арганізацыі, чл. яе ЦК. У жн. 1920 кааптаваны ў склад КП(б)Б. У 1921 абраны сакратаром ЦВК і СНК БССР. З 1924 старшыня Полацкага акр. выканкома, спрыяў правядзенню палітыкі беларусізацыі. З 1926 нарком унутр. спраў БССР, з 1928 нарком юстыцыі і пракурор БССР. Чл. ЦВК БССР у 1921—31 і яго Прэзідыума ў 1921—24 і 1927—31. Чл. Рэвіз. камісіі КП(б)Б у 1924—25, чл. ЦКК КП(б)Б у 1929—31. 28.1.1931 абвінавачаны ва ўдзеле ў «антыпартыйнай групе Ігнатоўскага—Жылуновіча», зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкома, 18.2.1931 выведзены са складу ЦКК КП(б)Б. З восені 1931 заг. рабфака БДУ, са снеж. 1931 дырэктар Гомельскага с.-г. пед. ін-та. 27.4.1937 арыштаваны, 29.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АУ́Н САН СУ ЧЖЫ (н. 19.6.1945, г. Янгон, М’янма),

палітычны дзеяч М’янмы (б. Бірмы). Дачка Аун Сана. Вучылася ў Дэлійскім і Оксфардскім ун-тах. Працавала ў Лонданскім ун-це (1968), сакратаром ААН (1969—71), Мін-ва замежных спраў Непала (1970-я г.) і інш. З 1988 на радзіме. Заснавальніца і ген. сакратар ЦВК партыі Нац. ліга за дэмакратыю, якая перамагла на парламенцкіх выбарах 1990. За выступленні супраць ваен. рэжыму краіны арыштавана ў 1989. Нобелеўская прэмія міру 1991.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НЬЕЎ Анатоль Андрэевіч (1900—25.5.1942),

дзярж. і парт. дзеяч БССР. У 1918—33 у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны. У 1934 на Паўн. Каўказе. З 1935 1-ы сакратар Мазырскага акр. к-та КП(б)Б. У 1937—38 нам. Старшыні СНК БССР, 2-і сакратар ЦК КП(б)Б. Чл. ЦК (1936—38) і Бюро ЦК КП(б)Б (1937—38). Чл. ЦВК БССР (1935—38). У 1940 рэпрэсіраваны, асуджаны на 20 гадоў зняволення. Рэабілітаваны ў 1954.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,

орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Аляксандр Васілевіч (22.12.1880, г. Адэса, Украіна — 14.8.1937),

савецкі военачальнік, камдыў (1935). Беларус. Скончыў школу прапаршчыкаў у Адэсе (1915). На ваен. службе з 1914. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі: камандзір палка, брыгады, 27-й стралк. дывізіі на Усх. фронце, каманд. войскамі Зах. і Прыволжскай ваен. акруг. З 1930 пам. інспектара пяхоты РСЧА, нач. ф-та і пам. нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Чл. ЦВК БССР у 1924—25. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ КАМУ́НА, Саюз камун Паўночнай вобласці,

аб’яднанне паўн. і паўн.-зах. губерняў Сав. Расіі ў 1918—19. Уключала Петраградскую, Наўгародскую, Пскоўскую, Алонецкую, Валагодскую, Архангельскую губ.; пазней увайшлі і зноў утвораныя Северадзвінская і Чарапавецкая губ. Цэнтр — г. Петраград. Канстытуіравана на 1-м з’ездзе Саветаў Паўн. вобласці ў Петраградзе 26—29.4.1918 (абраны ЦВК, зацверджаны ўрад — Савет камісараў на чале з Р.Я.Зіноўевым). З умацаваннем цэнтр. органаў сав. улады існаванне П.к. прызнана немэтазгодным. Скасавана 24.2.1919 рашэннем 3-га з’езда Саветаў Паўн. вобласці.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФСО́Н Сямён Якаўлевіч (8.6.1894, г. Бабруйск — 1941),

бел. філосаф. Акад. АН Беларусі (1928), праф. (1921). Скончыў Кіеўскі ун-т (1919). З 1921 праф. БДУ, з 1931 дырэктар Ін-та філасофіі і права, акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Даследаваў пытанні гісторыі філасофіі, праблемы сям’і і шлюбу, навукі і культуры. Асн. працы «Інтэлігенцыя як сацыяльна-эканамічная катэгорыя» (1926), «Сучасная рэлігійнасць» (1930), «Супраць расавых тэорый» (1935), «Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці» (1937) і інш. Чл. ЦВК БССР у 1929—38.

С.Я.Вальфсон.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУ́РА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

адзіная цэнтралізаваная сістэма дзярж. органаў, якія ажыццяўляюць пракурорскі нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. органамі кіравання мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, юрыд. і службовымі асобамі, грамадзянамі. Сістэму органаў П.Р.Б. узначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. У сістэму ўваходзяць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам, пракуратуры абласцей і г. Мінска, раёнаў (гарадоў), ваен., транспартныя і інш. спецыялізаваныя пракуратуры. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. заканадаўчымі актамі. Органы П.Р.Б. ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы незалежна ад органаў дзярж. улады і кіравання. Пракурорскія работнікі не могуць займацца паліт. дзейнасцю.

На Беларусі пракуратура засн. пастановай ЦВК БССР ад 26.6.1922 з адначасовым прыняццем Палажэння аб пракурорскім наглядзе. Напачатку яна існавала на правах аддзела Наркамата юстыцыі і яе ўзначальваў нар. камісар юстыцыі, адказны перад Прэзідыумам ЦВК БССР і падсправаздачны яму. Са снеж. 1922 да 1936 ішоў працэс цэнтралізацыі органаў пракуратуры, ператварэння іх ва ўсесаюзны орган. Канстытуцыя СССР 1936 замацавала новую сістэму органаў пракуратуры, канкрэтызавала задачы і асновы дзейнасці пракурорскага нагляду. Канстытуцыя БССР 1937 аднавіла і ўдакладніла гэтыя палажэнні адносна да Пракуратуры БССР, якая стала састаўной часткай Пракуратуры СССР. З распадам СССР (1991) Пракуратура СССР перастала існаваць. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь на базе існуючых на Беларусі органаў пракуратуры ўтварыў іх адзіную сістэму — П.Р.Б.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),

спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВК БССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНК БССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУ СССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУ СССР.

Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр. Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВК БССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУС БССР.

А.​А.​Тозік.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНАТО́ЎСКІ Усевалад Макаравіч (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),

бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад. Бел. АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл. ВРК БССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел. АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф. БДУ. Чл. ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВК СССР у 1924, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел. АН, 16.1.1931 пастановай ЦК КП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.

Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.

Тв.:

Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;

Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд. Мн., 1928;

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991.

Літ.:

Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. Мн., 1991;

У.​М.​Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.​М.​Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.

А.​С.​Караль.

У.М.Ігнатоўскі.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)