КАЮ́МАЎ (Малік Каюмавіч) (н. 22.4.1912, Ташкент),

узбекскі аператар і рэжысёр дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1967). Герой Сац. Працы (1990). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Пачынаў як акцёр. З 1933 працаваў на Ташкенцкай студыі кінахронікі, карэспандэнтам «Саюзкінахронікі» ў Сярэдняй Азіі, на ўзб. студыі маст. фільмаў, у 1961—79 дырэктар, маст. кіраўнік Студыі навук.-папулярных і дакумент. фільмаў Узбекістана. Рэж.-аператар фільма «Прыязджайце да нас ва Узбекістан» (1959, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. Зняў фільмы: «Раніца Індыі» (1956), «В’етнам — краіна мая» (1960), «Ад вясны да вясны» (1963, Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964), «Ташкент, землетрасенне» (1967), «Залатая Бенгалія» (1973), «Зямельная рэформа» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Хто страляе ў рэспубліку» (1984) і інш.

Літ.:

Караджев Б. Малик Каюмов // Режиссеры советского документального кино. М., 1983.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.

Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.​Фёяда пра Фантамаса, рэж В.​Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».

У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прадзю́сар

(англ. producer, ад лац. producere = вырабляць)

уладальнік кінастудыі, давераная асоба кінакампаніі ў радзе краін, якая ажыццяўляе ідэйна-мастацкі і арганізацыйна-фінансавы кантроль над пастаноўкай фільмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэтраспекты́ўны

(фр. retrospectif, ад лац. retro = назад + spectare = глядзець)

звернуты назад, да мінулага; прысвечаны разгляду мінулага (напр. р. паказ фільмаў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ЛЯЎЧУ́К (Цімафей Васілевіч) (19.1.1912, с. Быстроўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 14.12.1998),

украінскі кінарэжысёр, педагог. Нар. артыст Украіны (1969). Нар. арт. СССР (1972). Скончыў Кіеўскі кінаінстытут (1935). Працаваў на Кіеўскай кінастудыі маст. фільмаў імя Даўжэнкі. У 1962—85 выкладаў у Кіеўскім ін-це тэатр. мастацтва імя І.​Карпенкі-Карага (з 1974 праф.). Дэбютаваў навукова-папулярным фільмам «Зара над Карпатамі» (1949). Зняў дакумент. фільмы «Кіеў» (1950), «М.​В.​Гогаль» (1951), фільмы-спектаклі па п’есах А.​Карнейчука «У стэпах Украіны» (1952) і «Калінавы гай» (1953), першы ўкр. шырокафарматны фільм «Закон Антарктыды» (1963). Яго работам уласціва імкненне да маштабных тэм, эпічных форм апавядання. Сярод фільмаў: «Кіяўлянка» (3 серыі, 1958—60), «Сям’я Кацюбінскіх» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1971), трылогія «Дума пра Каўпака» (1973—76), «Калі вораг не здаецца...» (1982), «Мы абвінавачваем» (1985) і інш.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фестыва́ль

(фр. festival, ад лац. festivus = святочны)

грамадская ўрачыстасць, масавае свята з паказам лепшых твораў музычнага, тэатральнага, эстраднага, цыркавога або іншага віду мастацтва (напр. ф. мастацкіх фільмаў).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Мікола) (Мікалай Аляксеевіч; 28.3.1910, г. Гомель — 17.3.1986),

бел. пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1932—33). Працаваў у прэсе, у 1952—67 нам. гал. рэдактара час. «Сельская гаспадарка Беларусі». Друкаваўся з 1933. Аўтар зб. апавяданняў «Скарб зямлі» (1951), прысвечанага людзям пасляваен. калгаснай вёскі, нарысаў, сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БЕРГАЎЗЕН (Oberhausen),

горад на З Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Каля 250 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Рэйн-Герне і р. Эмшэр. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, цяжкае машынабудаванне, котлабудаванне, хім., шкляная. Здабыча кам. вугалю. Адм.-гасп. акадэмія. Штогадовы міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (з 1951).

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прадзю́сар

(англ. producer, ад лац. producere = вырабляць)

давераная асоба кінакампаніі, якая ажыццяўляе ідэйна-мастацкі і арганізацыйна-фінансавы кантроль над пастаноўкай фільмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БО́НДАРАВА (Ефрасіння Леанідаўна) (н. 25.11.1922, в. Гапонава Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. Кіназнавец, кінакрытык. Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Д-р філал. н. (1977), праф. (1980). Скончыла БДУ (1949). Працавала ў друку і на радыё (1943—47). Рэдактар-кансультант Мін-ва кінематаграфіі БССР (1948—50). Гал. рэдактар па вытв-сці фільмаў Мін-ва культуры БССР (1951—61), адначасова з 1953 выкладчык БДУ. Даследуе праблемы бел. кінамастацтва і публіцыстыкі, выступае як кінакрытык. Аўтар сцэнарыяў шэрагу дакумент. фільмаў, спец. выпускаў кінахронікі, творчых партрэтаў дзеячаў кіно.

Тв.:

В.​В.​Корш-Саблин. Мн., 1960;

Очерк на экране. Мн., 1969 (разам з Л.​Шылавай);

В кадре и за кадром. Мн., 1973;

Время, экран, критика. Мн., 1975;

Кино Советской Белоруссии. М., 1975 (у сааўт.);

Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980;

Экран в разных измерениях. Мн., 1983;

Кінематограф і літаратура: Тв. бел. пісьменнікаў на экране. Мн., 1993.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)